epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Бунт у Бірулях

На маёй Краснапольшчыне ёсць старая вёска Бірулі, якая мяжуе з бранскімі сёламі — Кібіршчынай, Перагонаўкай, Латакамі, Чыграямі... У Бірулях некалі былі крывыя, увосень і ўвесну гразкія вулачкі, хаты цесна стуленыя; на гародах адрыны, гумны... Праз вёску праклала сабе шлях звілістая і бруістая ад крыніц рэчка з ракітамі і кучаравымі лазнякамі па мурожных берагах. Ад колішніх Біруляў цяпер засталося толькі, можа, дзесятка паўтара хат. У дваццатыя гады некаторыя бірулёўцы, выбаўляючыся ад беззямелля, перасяліліся на хутары, а хто-кольвек падаўся з абжытага кута ў свет на вольныя землі. Вакол Біруляў узніклі новыя паселішчы — Вяшняцкія, Сярэдні, Гароднае...

Людзі, што пасля гэтай вайны засталіся ў Бірулях, адбудаваліся, жывуць у новых дамах. На ўскраіне будынак пачатковай школы.

Каржакаватыя яблыні, грушы, адзінокія бярозы, ліпы і рабіны — знак таго, што будаваліся на старых котлішчах. Усё тая ж Свініца-рачулка віецца агародамі, між лугавін і крутаяраў.

З Біруляў, з пагорка, далёка відаць купчастыя ліпы і вербы ў вёсцы Горы, дзе раней быў маёнтак. А ў нізіне, цяпер цэнтры ўзбуйненага калгаса, чырвоная камяніца — былы панскі бровар, які мясцовыя жыхары называюць вінакурняй, а старыя яшчэ інакш, па-свойму — піпа.

Гэта, мусіць, ад слова «піпка». Комін бровара некалі ўвесь час дыміўся...

Камяніца ўрасла ў зямлю, частку яе сяляне пасля вайны разабралі, а ў той палавіне, што ацалела, цяпер сельмаг. Зарослая ўлетку дзядоўнікам і бадылём, камяніца здаецца нейкім дзіўным прывідам, а зімою сваёй чырванню ажыўляе вясковы краявід.

Калі я бываю ў Бірулях, іду міма гэтай камяніцы, то нагадваю далёкую гісторыю, сведкам якой даўно ўжо, больш як паўстагоддзя, былі гэтыя маўклівыя чырвоныя муры. Мне яе расказвала маці.

Рэха падзей 1905 года, што пачаліся ў Піцеры, даносілася да самых глухіх закуткаў царскай імперыі. У родныя хаты з клункамі за плячыма вярталіся шахцёры — тутэйшыя сяляне, якіх загнала ў руднікі галеча. У клунках і хатульках яны прыносілі падарункі маткам і жонкам, а ў галовах — рэвалюцыйныя думкі.

У Бірулях быў шынок, дзе па вечарах збіраліся прыезджыя шахцёры, за чаркай манаполькі ціха і таемна дзяліліся неспакойнымі думкамі. Завадатарам у іх быў Андрэй Кабанёнак, здаравяка, плечы — сажань ушыркі. Ён быў ужо жанаты, хоць і малады, меў траіх дзяцей. Кабанёнкі жылі вельмі бедна, хата стаяла куранём, па вокны ўрасла ў зямлю, нават кароўкі сваёй не мелі.

Андрэй, казалі, пагаварыць умеў з сябрукамі. Бывала, збяруцца хлопцы-шахцёры, часцей Панас Міхалькоў, Якаў Усянок, Мікіта Гурскі. І сядзяць у шынку аж да глыбокай ночы, пакуль у газоўцы стае газы...

Каб хто прыслухаўся, пра што яны гаварылі, то пачуў бы, што яны рашыліся на нешта важнае і рызыкоўнае.

«Разаб’ём піпу,— гаварыў хлопцам Андрэй, які быў у таварышаў як бы за атамана.— Галоўнае — пачаць, а людзі падхопяць. Народ наш бедны і прыгнечаны, ненавідзіць Стошу-крывасмока. Ударым па маёнтку!..»

«Ударым»,— згаджаліся яго таварышы.

Насталі цёплыя дні. Блізілася вясна. Але яшчэ снег трымаўся моцна, уранні ціснулі маразы. Неяк марозным ранкам па вёсцы пранеслася: «Піпу забастоўшчыкі разбілі...»

Мужчыны, жанчыны, падлеткі з Біруляў пабеглі ў маёнтак. А сёй-той, найбольш смелы і рызыкоўны, запрог каня ў санкі: можа, што ямчэйшае з маёнтка ўдасца ўхапіць...

Неўзабаве бірулёўцы вярталіся дадому з дабром: адны везлі на вазах сена, другія набралі сухіх дроў-аблетнікаў з паленніцы; жанчыны неслі сувоі палатна, палойкі кужалю...

Яшчэ расказвалі, як забастоўшчыкі пайшлі ў маёнтак пана Стошы. Яны хацелі, вядома, Стошу прыстукнуць. Але яго дома не засталі, аказаўся, гад, шчаслівы на той раз.

У спальні захапілі Стошыху. Дручкамі ўдарылі па вокнах — дзынкнула шкло, пасыпаліся шыбы. Трэснула, упала на падлогу рама.

— Што робіцца? — падхапілася ўтрапёная пані.— Ёсць аканом. Дасць вам тлумачэнне...

— Не трэба ваша тлумачэнне,— бліснуў шалёнымі вачамі Андрэй-атаман і да сваіх хлопцаў: — Братцы, а няхай жа пані сваімі белымі ручкамі свінням сняданак падрыхтуе.

Яе падхапілі і — да свінарніка. Умомант паявілася карыта. Пры ўсіх дваровых і пад рогат паўстанцаў-шахцёраў перапалоханая пані пэцкаецца, дрыжачымі рукамі перацірае бульбу-паранку...

Затым падахвочаныя шахцёрамі людзі з дручкамі і віламі кінуліся да свірна, расчынілі дзверы, пачалі выкідваць мяхі са збожжам.

— Чырвонага пеўня пад страху! — крыкнуў Андрэй-атаман, але дварня залямантавала, пані павалілася ў ногі, пачала хрысціцца.

Мужчыны падхапілі Андрэя пад пашкі, павялі да бровара, дзе ўжо кіпела народная ярасць.

...А праз дзень у Бірулі наехалі драгуны з шашкамі «нагала». У руках — бізуны. Драгуны ўехалі з Кібіршчанскай дарогі, а з-за рэчкі ім насустрач выбег сівабароды стары — бацька Якава Гурскага, аднаго з зачыншчыкаў бунту, грукаў палкай у вокны, склікаў суседзяў:

— Чаго сядзіцё, ёлупні! Бярыце вілы і качэргі. Не ўпусцім у вёску супастатаў!..

Падбег стараста Ларывон Дзядок, схапіў загрудкі старога і ўпіхнуў у бліжэйшую хату.

Засвісталі бізуны, бліснулі на зыркім сонцы казацкія шаблі. Драгуны занялі ўсе канцы вёскі, сабралі мужчын па пляцы.

— Дзе падбухторшчыкі? — падступіў вусаты афіцэр да старасты, наязджаючы на яго канём: — Выдайце бунтаўшчыкоў, бо самі паплоціцеся...

— У нас іх няма,— упаў на калені стараста, выпусціў ад страху з рук шапку-кучомку.— Гэта не мы... Богам клянуся, што іх у нас няма!..

З-за спіны старасты высунуўся рыжабароды мужычок загаварыў смела, але пачціва:

— Паны, за што мы будзем цярпець, калі мы нічога не бралі?..

— Узяць яго! — скамандаваў афіцэр.— Гэта і ёсць самы галоўны зачыншчык!..

Мужычок шмыгнуў у натоўп, сігануўшы, як заяц, на агароды, знік за гумнамі.

Драгуны схапілі першага, хто трапіў ім пад руку з натоўпу. Гэта быў ужо немалады ціхманы мужык Ладымер Карэцін. Ён не быў у маёнтку, нічога не браў, то надта не спяшаўся ўцякаць. Ды ўсё роўна яго схапілі.

— Ваша воля, паны! — паспеў крыкнуць Ладымер, і тут на яго наваліліся два казакі, павалілі на снег. Засвісталі бізуны; афіцэр, назіраючы экзекуцыю, прагаварыў з ухмылкай:

— Наша не воля, а наша ўласць!..

Драгуны запалілі гумно старасты. Тады пайшлі па хатах. Не мінулі, вядома, Андрэя, Міколы, Панаса і Якава. Перапаролі ўсё штыкамі, але нічога не знайшлі — іх бацькі нічога панскага не бралі. Не знайшлі і таго дабра, што мужыкі прыхапілі з маёнтка.

Самі ж завадатары ўцяклі своечасова, схаваліся ў зарэчных стагах, пажылі тайна крыху ў Кібіршчыне, а пазней з’ехалі ў Сібір, а можа, зноў на шахты.

У тыя гады ў Бірулі часта наведваўся сам валасны прыстаў. Усё да нечага прынюхваўся, вывіжоўваў, мусіць, хацеў дазнацца пра завадатараў, якія падбілі вясковых людзей на той самы бунт. Але бірулеўцы, што разам з усім людам Расіі ўзняліся супраць прыгнятальнікаў, нікога не выдалі. Іх бунтарная душа не магла змірыцца з бяспраўем, чакала больш зручнага моманту, каб зноў узняцца на змаганне.


1975?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан