epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Чалавек у вымярэнні паэзіяй

Як само жыццё, бессмяротна паэзія, выказніца дум і спадзяванняў народных. Яна жывіцца і п’е з вечнай ракі па імені народ, аддана яму служыць, дапамагае ў бядзе і горы, у радасці і шчасці. Узнёслае і праўдзівае паэтычнае слова заўсёды з народам, з людзьмі працы, крыніцы працвітання чалавецтва.

Беларуская паэзія, якую вывелі на арбіту ўсечалавечай славы Янка Купала, Якуб Колас, Францішак Багушэвіч, Максім Багдановіч, Цётка, за савецкі час набыла сусветнае гучанне і ўжо магутнай, шырокаю плынню ўліваецца ў рэчышча многанацыянальнай савецкай літаратуры, развіваецца і расце пад жыватворным сонцам братэрства і дружбы вялікай сям’і народаў СССР, з’яднаных адзінствам мэты, супольнасцю жыцця і змагання за светлыя ідэалы чалавецтва.

Сёння галоўную паэтычную службу нясуць побач са старэйшынамі паэтычнага цэха — народнымі паэтамі БССР Максімам Танкам, Піменам Панчанкам, разам з паэтамі, голас якіх загучаў у час Вялікай Айчыннай вайны і асаблівую моц набраў у пасляваенныя гады — Аляксеем Русецкім, Міколам Аўрамчыкам, Анатолем Вялюгіным, Максімам Лужаніным, Кастусём Кірэенкам, паэты сярэдняга і малодшага пакалення — Анатоль Вярцінскі, Анатоль Грачанікаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Генадзь Пашкоў, Уладзімір Паўлаў, Юрась Свірка, Янка Сіпакоў, Сяргей Законнікаў, Васіль Зуёнак, Алег Лойка, Кастусь Цвірка, Юрка Голуб, Мікола Маляўка, Яўгенія Янішчыц і многія іншыя.

У суквецці адметных, усё мацнеючых паэтычных дараванняў — Пятрусь Макаль, адзін з цікавых і сапраўды таленавітых паэтаў, якія ўзбагачаюць і жывяць беларускую паэзію, паэзію стварэння і змагання за абнаўленне свету, за ўсталяванне справядлівасці, дружбы між народамі і міру на зямлі.

Пятрусь Макаль паходзіць з сялянскай сям’і. Нарадзіўся ён у 1932 годзе ў вёсцы Крушыняны, на Беласточчыне. У сваіх аўтабіяграфічных нататках П. Макаль піша: «У вёсцы была пачатковая школа, і, калі мне споўнілася шэсць гадоў, я стаў яе вучнем. Навучалі ў школе галоўным чынам закону божаму і польскай мове».

З роднай паэзіяй будучы паэт пазнаёміўся дома, у хатнім «універсітэце культуры». Маці чытала яму вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Міхася Васілька, Міхася Машары. Яны, як кніга народнай памяці, перадаваліся вусна, бо родная мова пры ўрадзе Пілсудскага была забаронена.

Натуральна, што як толькі ў верасні 1939 года савецкія войскі вызвалілі з-пад белапанскага прыгнёту Заходнія вобласці, і Пятрусь Макаль, як і ўсе дзеці вызваленых беларусаў, атрымаў магчымасць вучыцца ў школе на роднай мове, чытаць кнігі беларускіх пісьменнікаў.

У 1949 годзе П. Макаль стаў студэнтам Гродзенскага педінстытута, і хутка ў друку з’явіліся першыя яго вершы. Потым працаваў у рэдакцыі «Гродзенскай праўды», служыў у Савецкай Арміі. Дэмабілізаваўшыся, ён у 1957 годзе прыязджае ў Мінск, супрацоўнічае ў часопісе «Маладосць», пачынае стала займацца літаратурнай працай.

«Першы след» — так назваў П. Макаль сваю першую кніжку, якая выйшла ў 1955 годзе. Яму пашанцавала: яе ў друк блаславіў як рэдактар Пімен Панчанка, і гэта натхніла маладога аўтара, урокі магістра пайшлі яму на карысць, можна сказаць, акрылілі яго ўзлёт. Юначы імпэт, упэўненасць і вера ў сваё прызванне выразна праявіліся на пачатку паэтычнай дарогі. У вершы, які даў назву першаму зборніку, П. Макаль піша:

 

Калі ты на досвітку ўзараў

Прасцяг вялізны поля веснавога,

Тады твой след і сонцу і сябрам —

Зайздросная, прывабная дарога.

 

Паэтычнае слова мужнее з кожным новым творам, з кожнай наступнай кніжкай. Вучоба на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве дала паэту багата і ў сэнсе прафесійнага росту, і ў сэнсе развіцця агульнай культуры. На фармаванне яго грамадзянскай сталасці і разуменне высокага прызначэння зброі слова, адказнасці мастака перад часам, перад народам станоўча паўплывалі сустрэчы з людзьмі легендарнага лёсу, такімі, як Юры Гагарын, Сяргей Канёнкаў, Назым Хікмет...

Адна за другой выходзяць новыя кнігі паэзіі — «Вятрам насустрач» (1958), «Вечны агонь» (1960), «Круглы стол» (1964). Плённа выступае П. Макаль і ў драматургіі. На сцэне Рэспубліканскага тэатра юнага гледача пастаўлены яго п’есы «Адчыніце, казляняткі!», «Дай вады, калодзеж», «На ўсіх адна бяда». У Маскве на рускай мове выходзіць кніга вершаў «Твое имя» (1964).

Цікава перачытаць цяпер хаця адну з тых кніжак, скажам, зборнік «Круглы стол». Мы бачым, як закладваюцца падваліны і ўзводзіцца будынак таго, я сказаў бы, макалёўскага паэтычнага збудавання, у якім шчасліва абжывецца і адчувае сябе ўпэўнена высокая духоўная муза — паэзія. Яе лепшыя рысы і асаблівасці — і гэта аднадушна адзначала крытыка — грамадзянскасць, яркая вобразнасць, філасофская заглыбленасць інтымнай лірыкі, якая ў творчых пошуках усё больш стала праяўляецца.

 

Мае радкі — не лесвіца ў вякі,

Што недзе за туманнай рысай неба.

Мае радкі — працяг маёй рукі,

Якой мне столькі рук паціснуць трэба.

 

П. Макаль ашчадна ставіцца да таго, што створана ў паэзіі папярэднікамі, старанна вучыцца ў класікаў. Яго духоўнымі настаўнікамі з’яўляюцца Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Уладзімір Маякоўскі. Грунтуючыся на іх спадчыне, паэт упэўнена ідзе наперад, пракладвае сваю баразну на ніве паэзіі. Тэматыка вершаў, паэтычны свет лірычнага героя пашыраецца, паэт выводзіць яго за межы асабістых перажыванняў аўтара. Смела бярэцца П. Макаль за публіцыстычна-грамадзянскую тэму, тэму барацьбы за мір і дружбу паміж народамі. Дастаткова прачытаць такія вершы, як «Круглы стол», «Ля абеліска Перамогі», «Сікейрас», «Кубінскі танец», «Сябру-паэту», каб пераканацца, што для паэта грамадзянскае — найпершы абавязак, голас сумлення. Паэт-змагар, баец ідэалагічнага фронту, і месца яго на пярэднім краі жыцця. Звяртаючыся да сябра-паэта, П. Макаль гаворыць:

 

А мог бы ты, як Галілей,

                        планету

Спіхнуць з усёмагутных трох кітоў?

Ты маўчыш?

Тады выкінь сваё пяро!

 

Вось крэда паэта, якое паўторыцца ў розных аспектах не раз; вось максімалізм лірычнага героя, якога хвалюе лёс усёй планеты; ён марыць, каб за стол села ўся людская сям’я і ў застоллі была «маці — самы мудры старшыня».

І ўжо ў наступным зборніку, які мае такую простую, але арыгінальную назву «Акно» (1967), паэт заклікае людзей разарваць дзірваны варожасці, бо:

 

Мы — людзі! Мы павінны парадніцца,

Крануць пласты адвечнай цаліны...

Планету падпяража не граніца,

А млечны пояс роснай збажыны.

 

Стваральная місія чалавека, яго грамадзянская адказнасць за ўсё, што адбываецца на свеце,— галоўны клопат паэта, пафас лірычнага героя, які ўжо тут, у зборніку «Акно», выступае ў розных вымярэннях — грамадзянскім, лірычным і філасофскім. Ён, лірычны герой, вырас, ён задумваецца над тым, хто ён і для чаго жыве; яго душа прагне — «яснасці, яснасці, яснасці». «Яснасці ў спазнаным, яснасці ў тым, што зведаем».

Пачэснае месца ў лірыцы П. Макаля займае тэма, якая сёння гучыць як адна з самых надзённых і турботных — чалавек і прырода; адносіны чалавека да усяго, чым адарыла яго маці-зямля. Як ён, чалавек, ставіцца да ўсяго жывога, што вакол яго і дае яму, чалавеку, радасць існавання. Здаецца, тыя ж вобразы — так званая прыродаапісальная лірыка (вершы «Мой лес», «Поле, поле», «Асеннія барвы», «Прыпяць», «Вілія», «Берагі», «Нафта») П. Макаля набываюць новыя адценні і праявы. І галоўнае — выклікаюць пачуцці суперажывання, уздзейнічаюць на розум і сэрца чытача. Маляўнічасць, нечаканы паварот тэмы, свежыя паэтычныя дэталі, выяўленчыя сродкі — усё ўсхвалюе чытача ў паэзіі П. Макаля. Вось хаця б адна з макалёўскіх паэтычных знаходак. У вершы «Запрашэнне к здароўю»: «як скальпель, прамень сонца нацэлены на вас» ці ў вершы «Прыпяць» — пра палескую раку:

 

Здалася ты мне з вышыні трапяткой,

З глухой самалётнай шыбы

Сасновай галінкаю,

                да якой,

Як гнёзды, прыліплі сялібы.

 

У свеце дзейнічаюць яшчэ сілы, якія ніяк не ўціхамірацца: падпальшчыкі, якія прагнуць новай вайны, душыцелі свабоды. Іх паэт асуджае смела, з абурэннем і гневам, з усёй нянавісцю чалавека працы, хлебасея і каваля.

 

Рукой ружовы шар пакратаю,

І зноўку думка апячэ:

Што перакрэсленыя кратамі

На свеце вокны ёсць яшчэ.

 

У паэзіі П. Макаля ёсць адна, вельмі цікавая і, здаецца, вельмі каштоўная якасць — тонкая іронія, яе зіхатлівыя пералівы. Светлая ўсмешка, гумар асвятляюць ягоную паэзію, як сонца асвятляе аблачынкі на небасхіле — спадыспаду, знутры, высвечваючы кожную пярынку, кожную гурбачку-аблачынку. Такія вершы ёсць ва ўсіх кнігах, якія выйшлі больш як за дваццаць пяць гадоў актыўнай і плённай творчасці. Для прыкладу можна ўзяць хоць бы верш «Няма часу», дзе высмейваецца мітуслівасць, чэрствасць і абыякавасць. Бюракрат, «канцылярская сошка», «гатовы адчытаць нават сонца, што ўваліла ў кабінет без дакладу». У зборніку «Акно» такіх вершаў цэлы раздзел. «Душ», «Сябру, які спяшаецца», «Бот», «Антэна», «Святло і гук», «Робаты», «Ода горлу», «Скарга цвіка» — усе яны дасціпныя, па-макалёўску вострыя і мудрыя. Іх выбуховая сіла моцная, іх можна лічыць сапраўднай зброяй, з якой можна ісці ў самую жорсткую атаку на мяшчанства, змагацца з раўнадушшам — хваробай, якую, аказваецца, можна лячыць і вершамі.

 

Можа, я аб гэтым робаце

І апошні верш пішу.

Робаты, няўжо вы ўгробіце

Чалавечую душу?

 

Як бачым, дрэва нашай паэзіі расце, вяцвіцца, харашэе яго крона, глыбеюць яго карані. Мужнее і набірае ўсё большай моцы голас Петруся Макаля ў хоры сучасных савецкіх паэтаў. Паэта натхняюць мужнасць, працавітасць і аптымізм свайго народа. Лірычны герой — наш сучаснік, працаўнік і змагар за мір, яго паэтычнае крэда — «чалавечнасць, як вечнасць», зямная радасць — «дотык да чалавека»! Чалавечае ў чалавеку, якому падначальваюцца жалезныя робаты, рацыяналістычнасць і тэхніцызм НТР хвалюе паэта ўсё больш, і ён не спяшае схавацца ад трывог і турбот веку, а рашуча і адважна адстойвае гуманізм, чалавечнасць, не стамляецца заклікаць людзей берагчы не многае, усяго адно — «Зямлю, і ваду, і паветра, і траву».

Наступны зборнік, які выйшаў з друку ў 1975 годзе і прыхільна сустрэты крытыкай, стаў ужо ўласнасцю чытачоў. Паэт не выпадкова назваў яго «Дотык да зямлі». У анатацыі да кніжкі сказана: «Лірычны герой паэта — наш сучаснік, які жыве трывогамі і хваляваннямі дваццатага веку».

Якія ж гэта трывогі, што хвалююць сёння паэта-грамадзяніна ў бурны, ядзерны век і абвастрэння барацьбы чалавецтва за пераўтварэнне свету, за ўсталяванне праўды і міру на зямлі?

Яны, трывогі і хваляванні, яскрава і канкрэтна выказаны ў вершы «Ёсць словы, што прасцей, чым двойчы два». Ім адкрываецца кніжка:

 

Зямля —

Прытулак зла і дабраты.

Клубок расчараванняў і надзей,

Няма вышэйшай радасці людзей,—

Як адчуваць, што пад нагамі ты.

 

Вершы гэтыя, без перабольшання, можна чытаць і перачытваць — гэта глыбіня думкі і эмоцый, плён роздуму і перажыванняў паэта, якога па-чалавечы хвалюе ўсё, што адбываецца вакол, у жыцці; нішто не пакідае раўнадушным, абыякавым. Аднолькава яго цікавіць і тое, што цяпер усё часцей «бацькі дзяцей дамоў гукаюць, а дзеці ў гульнях несвядома з двара бацькоўскага ўцякаюць», што па зямлі «множацца страшныя «без» — «мора без рыбы, дом без людзей», што, «забіўшы бога, чалавек сам уссеў на трон валадара свету», каб не забыў ён — разумны валадар, пра тое, што яшчэ «піруюць піраты, і ад іх няма ратунку нідзе», што ёсць яшчэ краі, дзе «мірам завуць вайну, поле аруць штыкамі», што «ў травы забіраюць правы, і кладзецца сцяблінка травы пад асфальт, як пад танк радавы»...

Вока паэта пранікнёнае, сэрца паэта прагне ўмясціць увесь свет. Дыяпазон паэтычнага багацця шырокі, неабдымны. П. Макаль не спыніўся на дасягнутым у паэтычным праламленні ўбачанага: у поле яго зроку трапляюць, здавалася б, самыя звычайныя з’явы жыцця, праявы рэчаіснасці. Ён раскоўвае думку, дае прастор сваёй фантазіі. Толькі здаецца, што ў некаторых вершах лірычны герой ад зямных турбот, ад мітусні і таўкатні спрабуе схавацца то ў вышыні, на самалёце, то спяшаецца да росных мурагоў, да дрэў і птушак, дзе «ласкава дражніцца і колас, і травінка вострая, як нож». Усюды з ім трывога і боль, клопат пра лёс будучыні, трывога за зямное неўладкаванне. Усюды, дзе ён ступае, памятае: «Маё мінуўшае за мной — з надзеяй і дзіцячым плачам».

Агульнавядома, што паэзія моцная сваім патрыятычным пафасам. Але і тэму патрыятызму, любві да роднага краю, да бацькаўшчыны П. Макаль вырашае свежа, па-свойму. Не перапяваючы раней сказанае, ён упарта шукае і знаходзіць новыя грані, «пункты» дотыку да роднай зямлі, да яе спадчыны, як запаветнага скарбу. Паэт сціплы ў сваіх пачуццях, як сын, які любіць сваю маці, не клянецца ёй у сваёй любві, а носіць заўсёды з сабою ў сэрцы. Яму дарагая родная зямля, агнём хрышчоная. З ёю ён заўсёды і ў шчасці, і ў журбе,— куды і сам пясчынкаю аднойчы вернецца, як у родны дом.

У адным з лепшых вершаў такога плану «Лёс народа — Купала» П. Макаль сцвярджае:

 

Сёння зноў на вялікай штодзённай сяўбе

Слова-зерне, што ў сэрца запала,

Мы нясём пакаленням наступным цябе,

Скарб народа — Купала.

 

Наш сучаснік у хвалюючых паэтычных радках выступае як грамадзянін новага, гарманічнага свету, вестуном якога некалі быў наш Купала са сваімі афарыстычнымі словамі: «А хто там ідзе?», як наследнік, які зберажэ скарб народны, «любоўю сыноўняй атуліць», перадасць сваім наступнікам. Вобраз Купалы атаесамляецца з вобразам Радзімы, бацькаўшчыны, здабытай у жорсткай барацьбе за волю і долю.

Савецкая паэзія развіваецца ў рэчышчы творчага асэнсавання рэальнага жыцця, тых вялікіх змен, якія здзейсніў і здзяйсняе сучаснік. Абавязак паэта — глыбей спазнаць яго, выявіць сваёй мерай — паэзіяй.

З упартасцю нястомнага шукальніка запаветнага паэтычнага слова працуе Пятрусь Макаль, не шкадуе сіл і здольнасцей для глыбокага асэнсавання жыццёвых з’яў і падзей, каб уславіць лепшыя рысы характару сучасніка, чалавека светлай будучыні.

Сваё пяцідзесяцігоддзе Пятрусь Макаль адзначаў у росквіце творчых сіл. На стале — новыя вершы, у планах — вялікія задумы. Паэт шмат працуе і як перакладчык з рускай, украінскай, польскай, славацкай, чэшскай і іншых моваў, і як рэдактар і ўкладальнік анталогій беларускай паэзіі на мовы народаў СССР і мовы замежных краін. Шчыра і нястомна дапамагае стаць на крыло новаму паэтычнаму выраю.

Свой нядаўні зборнік паэзіі П. Макаль назваў «Азбука бегу». Яна, тая азбука, напэўна, у тым, каб не спыняцца на дасягнутым, быць упоравень з часам, з нашым дынамічным векам, нястомна працаваць дзеля ўсталявання перамогі самых лепшых ідэалаў чалавецтва.

Час паказаў, што П. Макаль — паэт высокага грамадзянскага напалу і чыстага лірычнага струменю, заваёўвае новыя вышыні ў паэзіі. Вершы, сабраныя ў чарговай кнізе «Смак яблыка», якая выйшла з друку ў 1983 годзе, найлепшым чынам пацвярджаюць высокую грамадзянскасць паэзіі П. Макаля — лаўрэата літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова. Паэт жыве трывогамі за лёс планеты і мужным, гарачым словам змагаецца за мір ва ўсім свеце. Зборнік вершаў «Калыска долі» (1984) бліскуча пацвярджае творчую актыўнасць і нязменнасць грамадзянскай пазіцыі. Пятрусь Макаль атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР імя Янкі Купалы.


1984?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан