epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Цяпло на поле

Многія важныя пытанні і праблемы, закранутыя ў нарысе, ужо вырашаны. Выраслі новыя людзі, якія ўпэўнена крочаць наперад, узброеныя вопытам і практыкай папярэднікаў. Але як усё тое, здабытае і дасягнутае, пачыналася, да прыкладу, у саўгасе Леніна, што ў шасцідзесятыя гады толькі ўтварыўся з дробных і запушчаных гаспадарак! Дапамаглі выкіраваць саўгас на шлях інтэнсіўнасці і ўздыму маладыя энтузіясты, выпускнікі Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі — чатыры Міколы: Мікола Вяршыла, дырэктар саўгаса, Мікола Голасаў, галоўны заатэхнік, Мікола Дудко, галоўны інжынер, і Мікола Юркоў, галоўны аграном,— піянеры, як іх называлі тут. Будні і выпрабаванні, пройдзеныя на пачатку самастойнай працоўнай дарогі,— добрая школа для тых, хто прыйшоў ім на змену.

 

Стаялі цёплыя дні «бабінага лета». Раніцамі ўвесь пасёлак купаўся па стрэхі ў сівых хвалях туману, а ўдзень, калі ўзнімалася сонца, усё аж свяцілася; у вішнёвых прысадах плавала серабрыстае павуцінне; пах яблык, змешаны з хлебным водарам, стаяў увесь дзень у паветры. Увечары, калі сціхаў дзённы тлум, пасёлак абмывала надзіва ціхая і празрыстая свежасць. Непрыкметна цямнела, і неба спрэс засейвалася буйнымі, матава-светлымі зорамі.

Перад імі як бы выхваляліся электрычныя ліхтары, развешаныя на слупах уздоўж вуліцы, забудаванай новымі дамамі. Іх было не багата, але яны ў вечаровым святле выглядалі зухавата між хат з саламянымі стрэхамі.

...Надвячоркам, кіруючыся на адкрыты партыйны сход, я пазнаёміўся з пасёлкам, затрымаўся ля помніка ў цэнтры. На граніце золатам ззялі словы: «Польскім воінам 1-й дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі, якія загінулі ў баях з нямецкім фашызмам за свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы, вечная слава!» Ад помніка дарога крута спадала ўніз, праз масток, а потым зноў узбіралася на пагорак, дзе кантора, клуб, майстэрні і новыя жылыя домікі.

Якраз аб’явілі перапынак, калі я зайшоў у клуб. Мужчыны, маладыя і пажылыя, выходзілі асвяжыцца, дымілі цыгаркамі. Сярод іх быў і Мікола Вяршыла, дырэктар саўгаса. Рослы, танклявы, ён імпэтна, аж падскоквала густая рыжаватая чупрына, размаўляў з мужчынамі. Мы пазнаёміліся.

— Вяршыла,— суха сказаў дырэктар і працягнуў мне вузкую, жылістую руку. Пасля няёмкай паўзы загаварыў больш мякка: — Застаньцеся ў нас, калі ласка. Мы абмяркоўваем вынікі года...

Члены прэзідыума занялі свае месцы за сталом на сцэне; з краю прыладзіўся і дырэктар. Пасля даклада галоўнага агранома Міколы Юркова пачалі выступаць прамоўцы. Галоўны заатэхнік Мікола Голасаў, з выгляду яшчэ хлопец, ціхім голасам расказваў пра жывёлагадоўлю. За ім выступіла Алеся Анюхоўская — кіраўнік клімавіцкага аддзялення. За ёй зноў жа кіраўнікі аддзяленняў: са Стараселля — Лазечны, невысокага росту, ужо ў гадах мужчына; са Старыны — Леў Таптуноў, чырванатвары малады чалавек у кароткай скуранцы, у галіфэ, запраўленых у хромавыя боты, нядаўні партыйны работнік. Усе расказвалі пра гаспадарчыя справы, называлі людзей, і лепшых, і тых, што часамі падленьваюцца, не праяўляючы сябе ў працы.

Аддзяленне Старына, дзе пад вясну справы прыняў камуніст Леў Таптуноў, займае першае месца па ўсіх паказчыках. Расказаўшы пра тое, што зроблена і якія задачы трэба рашаць, Таптуноў зазначыў, націснуўшы на апошнія словы:

— Усё, што мы робім,— гэта для нашага грамадства, для савецкіх людзей. І пра іх трэба клапаціцца...

— Канкрэтней! — крыкнуў нехта з месца.

— Я і кажу,— рэзка махнуў шырокай далонню Таптуноў, кінуў быстры позірк у залу: — Калі вы, таварыш Буры, закончыце лазню ў Старыне?

Вузкаплечы, у сцёганцы, чалавек падхапіўся, узняў руку:

— Даю рэпліку. Затрымка з-за шыферу. А печку вы і самі можаце зрабіць.

— Сельскі Савет узяўся,— сказаў Таптуноў з запалам,— а цяпер і забыўся пра свой аб'ект,— і сышоў з трыбуны.

Адразу ж за Таптуновым слова ўзяў старшыня выканкома сельскага Савета Буры, загаварыў пра задачы, якія трэба вырашаць саўгасу. Напаследак прамовы ўспомніў пра лазню ў Старыне.

— Канечне,— пацягнуўся ён рукою да патыліцы,— нам, сельсавету, цяпер трэба займацца і абразаваннем, і здраваахраненнем, і благасастаяннем... А гэта, як яго, благасастаянне, трэба падумаць, як яго вырашыць...

— На лазню ж грошы адпушчаны, Феакціставіч,— выкрыкнуў з месца Таптуноў.— А вы ўсё цягнеце!..

— Самі можаце зрабіць, не зломкі! — злосна абазваўся Буры і пайшоў, ссутулены, на месца.

Мікола Вяршыла ўвесь час слухаў моўчкі, схіліўшы галаву, аж валасы закрывалі амаль увесь лоб і вочы. Тады пяцярнёй адкідваў іх назад і пільна прыслухоўваўся, што гаварылі прамоўцы. Ні разу нікога не перапыніў; за ўвесь час адно кінуў рэпліку Льву Таптунову, калі той расказваў пра ўборку.

— Дрэнна ў вас, Леў Паўлавіч, убіраюць,— сказаў дырэктар і зноў урупіўся ў нейкія свае, мабыць, запісы ў маленькай кніжачцы, з якою ён праз аднаго прамоўцу і ўзяў слова.

Адчувалася, што дырэктар хваляваўся, але гэтае хваляванне было амаль няўлоўным і надавала яго словам нейкую асаблівую важкасць. Энергічнасць, нават гарачнасць, з якой ён гаварыў, нібы токам праходзіла праз сэрцы ўсіх, хто быў у зале, хто яго слухаў.

— Я сам з вёскі, ведаю працу сялянскую,— страсна, нават гнеўна кідаў Мікола фразу за фразай.— Проста душа балела, калі я глядзеў, як убіралі бульбу ў брыгадзе таварыша Каласоўскага. Гэта ж сорам і ганьба! Пазбіраюць буйнейшыя бульбіны зверху, а што ў зямлі — усё ляжыць, як ляжала. Закасаўшы рукавы, я перакапаў баразну. Колькі, думаеце, яшчэ было бульбы? Амаль столькі ж, колькі выбралі, калі не больш. Правільна я кажу, Андрэй Гаўрылавіч?

— Правільна! — сцепануў плячом Старынскі брыгадзір Каласоўскі, густа пачырванеўшы.

Далей дырэктар падкрэсліў, што абавязак камуністаў і камсамольцаў — агітатараў расказаць у брыгадах, што будзе выдана сёлета людзям, што яны атрымаюць за сваю працу.

— Адносіны да людзей трэба мяняць, таварышы,— закончыў ён.— Усім нам, пачынаючы ад дырэктара і канчаючы брыгадзірамі. Тады не будзе такога, што цэлае лета не маглі дабудаваць лазню, на якую ёсць і матэрыял, і грошы. Нарэшце, і людзі там, у Старыне, ёсць. Так я гавару, Леў Паўлавіч?

— Зробім,— азваўся Таптуноў.— Толькі вот з бульбай управімся і зробім. Там і работы тае на які тыдзень засталося...

На гэтым сходзе, як і на кожным, былі прамовы, рэзалюцыя і спрэчкі. Адны з яго ішлі імяніннікамі, як галоўны інжынер Мікола Дудко, самы малады са спецыялістаў, які толькі што вясною прыйшоў сюды з акадэміі, а сёння яго прымалі кандыдатам у члены партыі; другія, як той жа Апанас Феакціставіч, якому яшчэ раз нагадалі, што метад накачак мінуў, і, калі хочаш паспець за жыццём, трэба перабудоўвацца. І ўсім сход быў добрай зарадкаю на заўтрашні дзень. І радавым камуністам, і самому дырэктару, які быў тут такім жа, як і ўсе, удзельнікам і членам аднаго працоўнага калектыву.

...Мы вячэралі ў Міколы Юркова, галоўнага агранома. Пакуль гатавалася вячэра, мы паспелі добра нагаварыцца. Мікола Юркоў — тыповы паляшук, выглядае куды маладзей сваіх дваццаці васьмі гадоў. Ён разам вучыўся з Міколам Вяршылам, на адзін год пазней скончыў сельскагаспадарчую акадэмію. Калі даведаўся, што Вяршыла паехаў у Леніна, адразу за ім падаўся і Юркоў. А за Юрковым і Голасаў, які цяпер за галоўнага заатэхніка.

Мікола — галоўны аграном — усміхаецца, старанна праціраючы акуляры; у вачах, сур'ёзных і вострых,— чорцікі-смяшынкі; чысты, смуглявы твар задумны. Рухі нетаропкія, спакойныя. Ён усміхаецца, памагае жонцы, шчуплай чарнаўцы, падаць на стол вячэру — крамяныя салёныя агуркі, вараную бульбу, якая яшчэ дыміцца парай...

— Давайце, хлопцы, павіншуем нашага дырэктара.

— З чым? — прастадушна пытае жонка Юркова і ставіць на стол традыцыйную ежу — яечню-глазунню да смажанай бульбы.

Юркоў па-змоўніцку падміргвае:

— У нашага дырэктара сын радзіўся. І мне, бачыш, нічога не сказаў. Вось табе, называецца, друг...

Мікола-дырэктар стараецца зрабіць сур’ёзную міну, але твар яго расплываецца ва ўсмешцы. І вось ужо хлопцы абодва рагочуць, ляпаюць адзін аднаго па плячах. Як доказ, што ў яго сапраўды нарадзіўся сын, Мікола дастае з кішэні ў дзве столкі складзеную тэлеграму, чытае: «Віншуем сынам. Здароўе жонкі і сына добрае».

З пакоя, які адвёў мне дырэктар нанач, я пачуў тарахценне электрабрытвы. Мікола ўжо канчаў галіцца. У гэты час зазваніў тэлефон.

— Я слухаю. Добрай раніцы,— адказваючы па тэлефоне, Мікола заканчваў ранішні туалет.— Камбайн на ўборку бульбы? Добра, зараз на пяцімінутцы вырашым.

На хаду размінаючыся, Мікола тлумачыць мне: «Гэта ўжо Леў Паўлавіч. Маторны хлопец. Спяшаецца, каб яму вызначылі бульбаўборачны камбайн. Малайчына. За якіх восем месяцаў ён у Старыне зрабіў сапраўдны пераварот. Праўда, гэта ў нас цяжкія брыгады: Старына, Гарадзец. Усё было вайною знішчана. Ні кала ні двара. А бязлесіца. Трэба было пабудавацца, а во прайшло столькі гадоў: у аднаго хата падгніла, у другога прыбудоўка-хляўчук састарыўся. А лес вунь аж пад Магілёвам, за Оршаю. І работа, бачыш... Пагодлівыя дні. Хочацца бульбу выхапіць, і лён гатовы, і буракі з зямлі просяцца...

Мікола заходзіць у рабочы кабінет, уключае лямпачку-сотку, і ўсё аж зіхаціць; у вокны ўжо цэдзіцца ранне. Глядзіць, жмурачыся ад яркага святла, на наручны гадзіннік і гаворыць:

— Яшчэ хвілін дваццаць ёсць, пачытаю пошту,— і разбірае паперы. Чытаючы, тут жа ўстаўляе заўвагі, нібы разважаючы сам з сабою: — Вось загад Горацкага вытворчага ўпраўлення. У ім ёсць і карысныя разлікі, рэкамендацыі. Але трэба сказаць, шмат яшчэ ідзе з раёна і з вобласці папер. Мы і самі ведаем, што памяшканні да зімы трэба ўцяпліць, што бульбянішча трэба пераараць, а лепш, калі і двойчы. Я вот што скажу: кіраўнік акажацца ў вельмі цяжкім становішчы, калі не здолее сам разабрацца са справамі на месцы і тут жа прыняць найбольш рацыянальнае рашэнне. Праўда, ёсць такія пытанні, што самім, без дапамогі, як гаворыцца, зверху, ніяк не вырашыць. Скажам, будаўніцтва, забеспячэнне гаспадаркі матэрыяламі, машынамі, угнаеннем і г. д. Але на гэты конт якраз і менш за ўсё ўказанняў і дырэктыў...

Наша размова абарвалася — пачалі заходзіць спецыялісты: Мікола Юркоў — галоўны аграном; прараб Васіль Мацвееў, галоўны інжынер Мікола Дудко, загадчык майстэрняў Сяргей Пахомаў, галоўны заатэхнік Мікола Голасаў, загадчык гаража Мікола Захаркін і выконваючы абавязкі кіраўніка цэнтральнага аддзялення Мікола Карпіцкі. Між іх, можа, толькі прараб Мацвееў ды ветурач Патапаў з выгляду — сталыя мужчыны. Усе ж астатнія, нават сам дырэктар, выглядаюць зусім хлопцамі. Можа, таму яны, як кажуць, для большай саліднасці, падкрэслена адзін аднаго называюць: Фёдаравіч, Піліпавіч, Іванавіч...

Акінуўшы позіркам прысутных, дырэктар звярнуўся да загадчыка гаража, які ўжо сядзеў напагатове з журналам:

— Колькі ў нас на хаду аўтамашын?

— Дванаццаць,— сказаў той, адкашляўшыся.

— Так,— задумаўся дырэктар, паглядзеў на каляндар, што ляжаў перад ім на стале.— У Касцюшкава трэба дзве... У Старыну — дзве, у Стараселле — дзве...

— Мне таксама дзве машыны, Піліпавіч,— сказаў Мікола Карпіцкі.— Адну па трасту, другую — бульбу адвозіць...

— Можа, яму адной хопіць? — уставіў Мікола Юркоў у роздуме.— Карпіцкаму тут блізка. Калі спатрэбіцца, можна і на конях падкінуць. Потым жа аўтакалона абяцала даць машын дзесяць. Як там, не ведаеш?

— Абяцалі, ды няма. Абяцаць усе ўмеюць,— зласліва кінуў Мікола, бліснуўшы сінімі вачмі, і ўжо спакойней: — Што ж зробім? Карпіцкі, кажаце, адной на сёння абыдзецца. Тады запісвай, Елісеевіч.

Удакладнілі заданне прарабу, загадчыку майстэрняў, вызначылі, хто куды паедзе, на які ўчастак трэба кінуць лятучку, каму ў першую чаргу патрэбна дапамога.

— Вот яшчэ ледзьве не забыў,— Мікола ткнуў пальцам у каляндар.— Да мяне тут ужо разы два прыходзіла жанчына з Канюхоў. Трэба ёй машыну выдзеліць. Хату раскідала, і трэба тэрмінова падвезці бярвенне. Нельга ж, каб сям’я была пад адкрытым небам!..

— Дык як жа, Піліпавіч? — было заікнуўся загадчык гаража.— Нявыкрутка з гэтымі машынамі. Можа, дні праз два...

— Нічога, як-небудзь выкруцішся,— рашуча адрэзаў дырэктар.— Жанчыне гэтай машыну выдзелі. Яна тут, у калідоры чакае. Яе прозвішча Серафімовіч.

— Тады, можа, лесавоз адарвём адзін?

— Калі ласка, можна лесавоз,— згаджаецца дырэктар.

І раптам тэлефон. Званілі з Касцюшкава. Там трактары-дызелі прастаялі ўчора ўвесь дзень.

— Якая прычына? — дырэктар нахмурыў бровы.— Трактарысты не ведаюць, што ім рабіць? Лухта! Пераключыце на зябліва. Зразумела? Ну, добра.

Ужо на парозе дырэктар наказваў галоўнаму інжынеру Міколу Дудко, каб ён тэрмінова з’ездзіў у Касцюшкава, разабраўся, чаму прастаялі два трактары ў той час, калі там яшчэ не закончана зябліва.

— А вы, значыць, паедзеце ў Андзеклава? — дырэктар звярнуўся да Юркова.— Там паглядзіце, як працуе новы камбайн.

— Добра,— захінаючыся ў плашч, адказаў Юркоў.

 

Раніцай куртаты газік імчаў нас праз пасёлак. За рулём сядзеў Мікола-дырэктар, каўнер яго лёгкага палітона быў узняты, кепка ссунута на патыліцу. Моцныя, жылістыя рукі прывычна ляжалі на рулі. Любіць Мікола хуткую язду. І дарога з Леніна на Горкі — добрая. Шасейка. Леніна — вядомае сяло. Тут была славутая бітва, у якой удзельнічалі польскія воіны.

Мікола маўчыць. Лоб у зморшчынах. Вочы скіраваны ў адну кропку, чуйна ловяць кожнае імгненне дарогі. Мы дагналі фурманку, на ёй талака дзяўчат. Мікола як бы і не заўважыў яе, але нешта на яго твары адбылося, нейкае трапяткое хваляванне кранула, хоць на твары, здаецца, ні адзін мускул не ўздрыгнуў. Я азірнуўся. Адна з дзяўчат, у чырвонай хусцінцы, махала рукою. Усміхалася. Ці заўважыў гэта Мікола?

Маўчанне зацягвалася. І я сказаў, каб не маўчаць.

— А гэтыя палі ўжо не вашага саўгаса?

— Так,— нібы ачнуўся Мікола.— У гэты бок ужо... Вось, між іншым, направа землі калгаса «Звязда», дзе цяпер старшынёю Пятро Мяжэнін, адзін з нашай тройкі. Адзін з нашых піянераў, як нас тады называлі.

— Дык пра сваё раскажыце!..

Мікола ўсміхнуўся.

— Ды вот прыехаў я сюды дырэктарам,— як бы неахвотна пачаў ён.— Амаль такою ж парою, увосень. На ўсё жыццё запомніўся мне гэты дзень — першае кастрычніка тысяча дзевяцьсот шэсцьдзесят другога года. Дождж, слякатна. Прыняў стол з паперамі ад Новікавай, Ганны Аляксееўны. Што ж рабіць? Выйшаў з канторы. Пастаяў. На вуліцы — групкі мужчын. Тлум, таўкатня. На работу не ўсе выходзяць, зарплата больш як за два месяцы не плачана. Што людзям скажаш? Як падступіцца да іх?

Сабраў сходку ў Клімацічах. На ферме. А гразі — не пралезці, каровы, ну, проста плаваюць у брудзе. Даяркі злуюцца. Ды як жа ім быць вясёлымі, калі ўсё бурыцца, кармоў некаму падвезці...

Мікола ўздыхнуў, і яго рукі яшчэ мацней, аж забялеліся пальцы, сціснулі руль; ён працягваў:

— Ведаеце, тады я пусціўся ў рамантыку. Пачаў расказваць ім, як людзі ішлі на подзвіг у вайну, нагадаў, як яны ж тут, на гэтай пакутнай зямлі, збудавалі сабе хаты пасля вайны, засявалі палі. Вы ж, гаварыў я ім, выйшлі жывыя з агню. Дык няўжо вы, моцныя і мужныя, дапусціце, каб гінула ваша праца, зараслі быльнікам вашы палі! І, ведаеце, што я ім прапанаваў перш за ўсё,— новага кіраўніка ўчастка, а таксама новага загадчыка фермы.

— Дык каго ж ты нам, дзіцятка, ужо прывязеш? — змерыла мяне насмешлівым позіркам кашчавая кабета.— Можа, такога, як сам, піянера?

— Так, цётка,— цвёрда сказаў я.— Такога. З райкома камсамола. Акадэмію заканчвае. Такі ж, як і я, аграном-эканаміст.— Я меў на ўвазе Валодзю Механікава. І скажу шчыра, я не памыліўся. Валодзя, як і я, ночы не спаў. У яго такі характар: скажа слова, як адрэжа. Мы як-небудзь з’ездзім да яго ў госці. Ён за старшыню ўжо сам. Цягавіты хлопец...

Насустрач нам рухаўся чырвоны трактарок з цялежкай. Калі параўнаўся з газікам, Мікола раптам затармазіў, выскачыў на дол і да трактарыста:

— Віктар, ты трасту адвозіў?

— Адвозіў. Здалі,— адказаў трактарыст.— Але... нізкім нумарам...

— Адзінка? — на твары дырэктара адбілася трывога.

— Не, палавіна. Прыёмшчык нейкі... Да ўсяго чапляецца...

— Ну што ж. Едзьце!

За рулём Мікола зноў маўчыць. Відаць, заклапочаны тым, што няўдалы пачатак са здачай ільнотрасты. Летась увесь лён здалі ўдала. Самае меншае — поўным нумарам. А была і паўтарачка. А гэта, бачыш, палавіна толькі...

Трэба мне і на льнозавод заглянуць,— вырашыў раптам дырэктар.— Гэта ж усюды сам не паспееш. Ды што зробіш, такая ўжо наша доля. Трэба паспяваць усюды, і самому быць у курсе... Цяпер з нашым галоўным інжынерам стараемся, каб займець свой станок. Зварка свая ёсць. І станок, думаю, здабудзем,— і засмяяўся іранічна: — Заўважце, не купім станок, як трэба было сказаць, а здабудзем!..

Перад пасёлкам нам сустрэлася лятучка. Высунуўшыся з кабіны, загадчык гаража Мікола Захаркін шчасліва ўсміхаўся. Ясна: ён зараз прывязе аж дзесяць рэсор. І заўтра ўжо сама меней чатыры машыны стануць у строй...

У той дзень Мікола паспеў пабыць у дзвюх брыгадах, гутарыў з жанчынамі, якія падбіралі са сцелішча лён; яшчэ раз заглянуў на поле да Каласоўскага, каб упэўніцца, як на таго ўздзейнічала ўчарашняя крытыка.

У цэнтральным гарадку, побач з двухрадным кароўнікам, які ўжо збудаваны, выведзены сцены цаглянага цялятніка, пастаўлены кроквы. На будоўлі разам з цеслярамі і мулярамі старанна працавалі студэнты-практыканты з акадэміі.

— Добрыя хлопцы,— коратка зазначыў брыгадзір будаўнікоў Васіль Карпіцкі.— Разам з намі і кладку вялі, і з сякерай завіхаліся, бы сапраўдныя цесляры.

— А што ж, можа, вясковыя, дык да ўсякай работы прывычныя змалку,— уставіў стары цясляр Аляксей Сілавіч.

— Нічога, цяпер і гарадскіх прывучаюць,— мімаходзь кінуў Мікола, пазіраючы асабліва пільна на сцены, і раптам да брыгадзіра: — Як вы думаеце, Васіль Кірылавіч, можа, сцены знадворку патынкаваць лепей? Зусім іншы выгляд будзе, і трываласць інакшая. Га?..

Васіль недаўменна пазірае на дырэктара, маўчыць у одуме, а потым, муляючыся, прамаўляе:

— Яно, канечне, было б, як той казаў... Але ж праект, адхіленне ж будзе. Ды і вапны няма. Расход цэменту... Можа, не варта?

— Думаеш, не варта,— імгненна наморшчвае высокі лоб Мікола, нешта прыкідвае, а потым упэўнена кідае: — Не. Будзем атынкоўваць. Знойдзем цэмент, вапну. Будуем надоўга. Тут жа гарадок. Парайся з прарабам і тынкуйце.

— Добра,— згадзіўся брыгадзір, характэрным рухам падшмаргнуў порткі, сеў.

Можа, адчуўшы, што дырэктар ужо збіраецца, дзядзька Карпіцкі неяк падхапіўся, затупаў у нерашучасці. Мікола як бы заўважыў гэта і спытаў, звяртаючыся да прысутных:

— Можа, таварышы, да мяне ёсць якія асабістыя справы?

— Я ўжо не ведаю, ці асабістае гэта дзела,— шаргануў па вусах дзядзька Карпіцкі.— Гэта ж я хацеў тутака вам сказаць пра нашага майсееўскага брыгадзіра. Пра Мішульскага. З учотам у нас, у Майсееўцы, няладна. У тым месяцы я дзень пры дні хадзіў, а ў яго некалькі пропускаў. Чатыры дні падрад прапусціў, хаця б капейка, а ў яго толькі прочаркі. Забывае, напэўна...

— Ат, кінь, ты, Дзямянавіч, чаўпеш абы-што,— смяюцца мужчыны.— Сапраўды, можа, забыў чалавек.

— Не, таварышы, гэта сур'ёзная справа,— перапыняе іх дырэктар і гаворыць: — Перадайце Мішульскаму, каб выправіў усё як трэба. А калі што якое — зайдзіце тады да мяне,— і пачаў развітвацца з цеслярамі. А потым усклікнуў: — Ледзь не забыў! Аляксей Сілавіч, як квартэт цымбалістаў. Да свята рыхтуецеся?

— А як жа, Піліпавіч? — шчупленькі дзядзька прыняў важнецкую паставу.— Уся наша капэля ў зборы. І Міхаль Карпіцкі, і Валодзя Раемскі, і Ціхан Калычэўскі. Як гаворыцца, скрыпка, цымбалы, гармонік і бубен... Усе напагатове. Думаю, што не падкачаем, як тады, на маёўцы. А можа, яшчэ нас на агляд у Горкі ці Магілёў пашліцё? Прывязём яшчэ саўгасу дыплом.

— А што ж, пашлём!

...Паплылі волкія прыцемкі, калі Мікола, з усіх бакоў агледзеўшы газік, задам упіхнуў яго ў гараж. На колькі хвілін рашыў заскочыць у кантору. Там за дзень вунь колькі набралася папер. Вядомая рэч, яго спынілі яшчэ на ганку.

— Таварыш дырэктар, мы прыехалі, каб дамовіцца наконт насення кармавых буракоў...

— Піліпавіч, мы ўжо збіраемся да ад’езду,— плячысты хлопец з рукзаком і ў зацухмоленых штоніках гаварыў хутка, як бы заікаючыся.— Дык мы, Піліпавіч, рашылі вечар зрабіць. Ну, разумееце, на ад’езд, на развітанне. Мы хочам, як належыць, з канцэртам. Уся наша група. Мы са сваім факультэцкім ансамблем. На суботу. Ці можна?

— Го! — узрадаваўся Мікола.— З радасцю, з вялікім задавальненнем. Ідзіце да Туркова, загадчыка клуба, няхай наша камсамолія падключаецца, і дзейнічайце. Ну, вядома, і нас запрашайце!..

— Абавязкова, Піліпавіч.

 

На хаду ўжо не дванаццаць, а чатырнаццаць аўтамашын. Па тэлефоне пазванілі з Горак, што прыбудзе з аўтакалоны яшчэ дзесяць. Затое сёння — новыя клопаты. Як выявілася, бульбакамбайн у Касцюшкаве стаіць з тае прычыны, што кіраўнік аддзялення баіцца пускаць яго на палетак. У Старыне таксама непаладкі — бульбакамбайн сапсаваўся.

— А ў Луках? — пытае дырэктар.— Там жа гавораць, што ўжо тры дні працуе. Не ведаеш, Іванавіч?

Мікола — галоўны інжынер, гарачы па натуры хлопец, аж прытопнуў нагою ад хвалявання: твар у яго чырвоны, вочы ліхаманкавыя.

— Гэта ж такая машына, ліха на яе!..— Мікола заікаецца, хвалюецца.— Такі камбайн. У рабоце ён эфектыўны, чыста ўбірае, але часта выходзіць са строю. На дні трэба разоў колькі пасылаць зварку!..

Вырашылі — у першую чаргу разабрацца з камбайнамі, пабыць у кожнай брыгадзе, праверыць, як складваецца льнотраста. Прапанавалі галоўнаму аграному, каб адправіўся ў Андзеклава, дзе асабліва дрэнна складвалася траста ў стажкі.

— Гэтыя стажкі,— падкрэсліў дырэктар,— у мяне выклікаюць трывогу. Разбярыся, Фёдаравіч.

— А вы куды паедзеце? — у сваю чаргу запытаў галоўны аграном.

— У Стараселле, Лукі... І вы з намі, Мікалай Змітравіч?

— Так, паедзем,— сказаў галоўны заатэхнік і дадаў: — Мы думаем удвух з Анатолем Якаўлевічам, галоўным урачом. Трэба паглядзець статак у Стараселлі.

— Тады збірайцеся.

 

За рулём — дырэктар. Ехалі палявой дарогай, якая то гублялася ў нізінах, то стужкай шарэла на пагорках. Справа — рудыя, зрытыя акопы і траншэі на пагорку. Самая вяршыня яго ў мінулую вайну называлася «Вышыня 215». Тут праходзіла агнявая паласа. І праз гады, дзе ні капянеш, скрозь гранаты, снарады, міны. Так і пустуе зямля. Днямі сюды прыйдзе каманда сапёраў, і яшчэ гектараў пяцьдзесят зямлі вызваліцца ад слядоў вайны.

— А яшчэ ж і балота,— заўважае ветурач Патапаў.— Таксама праз гэтыя міны нельга паткнуцца. А наша якая была б. Пяцьсот гектараў!

— Таксама без сапёраў нічога не зробіш,— задумаўся дырэктар.— Але ўжо будзем брацца за асушку. Настаў час...

Загаварылі пра тое, што рупіла сёння, пра жывёлагадоўлю. Блізілася зіма. Жывёлы шмат, кароў каля тысячы чатырохсот, а цёлкі, нецелі, бычкі — звыш трох тысяч галоў ды амаль столькі ж свіней. Кармоў сёлета для іх хопіць. Але трэба па-гаспадарску ўсё ўпарадкаваць. Цікава, што кукурузы сеялі амаль на палавіну менш, а сіласу — У тры разы больш. Прыгадаліся словы галоўнага агранома Міколы Юркова, які сказаў, што кукурузу вырасцілі і ўпарадкавалі без ручной працы, механізмамі. І ў выніку — дзяшовы сілас.

— Баюся я, хлопцы,— трывожліва звярнуўся Мікола да сяброў,— каб нам хаця з буракамі ўправіцца. Сёлета такія ўрадзілі, што сваім вачам не верыш. А плошча вунь якая — больш за трыста гектараў!

— Па чатырыста цэнтнераў кармавых, напэўна, будзе? — пусціліся ў разлікі спецыялісты.

— У Клімацічах і па шесцьсот цэнтнераў будзе,— заўважыў дырэктар.— Я глядзеў на тыя буракі — золата, незамянімая культура ў кармавым балансе. Не дзіўна, што такое дарагое насенне. Сёлета за яго выручым добрыя грошы!..

У Стараселлі спыніліся ля канторы. З дзвярэй выйшаў рухавы мужчына ў пінжаку і збітай на патыліцу кепцы, паздароўкаўся з кожным за руку. Гэта быў кіраўнік старасельскага аддзялення Іван Аляксеевіч Лазечны. Агледзелі кароўнік. Потым усе ўціснуліся ў газік і ўзялі кірунак на поле, дзе за ўзгоркам пасвіўся статак. У дарозе галоўны заатэхнік Мікола Голасаў расказваў, што ў саўгасе вядзецца работа па паляпшэнню пароднасці жывёлы. Саўгасцам дапамагае кафедра развядзення жывёлы сельскагаспадарчай акадэміі.

— Малайцы,— коратка кінуў дырэктар.

— Паглядзім яшчэ што будзе,— недаверліва заўважае Мікола Голасаў.— Мы хочам паступова перайсці на жырэйскую пароду кароў, выведзеную ў Даніі. Гэта вельмі тлустамалочныя каровы. У нас ужо вясною іх будзе дваццаць пяць...

Галоўны заатэхнік і ветурач засталіся ля статка, а дырэктар з кіраўніком аддзялення накіраваліся ў Гарадзец. І таксама адразу да фермы.

— Паглядзім, як забуртаваны сілас, Іван Аляксеевіч,— дырэктар выскачыў з газіка, ускарабкаўся на штабель, пахадзіў туды-сюды і раптоўна засунуў руку ў сечанку.— Эх, чорт вашу... Што ж вы нарабілі! Сілас як мае быць не прыкаталі. Эх!..

Лазечны разгублена лыпаў вачамі.

— Ды не, Піліпавіч, прыкаталі. Сам быў. Можа, апошні рэйс толькі. Не можа ж гэтага быць...

— Канечне, не прыкаталі,— аж збялеў Мікола.— Паедзем да Прыёмкі!..

Спыніліся ля хаты брыгадзіра. Выйшаў з хаты Прыёмка. Стаў у чаканні, што скажа начальства. На заўвагу дырэктара, што чатырыста дваццаць тон сіласу можа сапсавацца, ён гаварыў:

— Нічога я не ведаю. Я ж даваў нарад... Мне во хапае работы, пакуль усё пазапісваю і падлічу...

— Ерунда! — узлаваўся Мікола: — Якаў Антонавіч, вы ж гаспадар. Сотні гектараў зямлі, людзі, фермы. Як некалі, дык гэта цэлы калгас быў. За колькі крокаў гэты бурт, і вы не схадзілі, не паглядзелі. Скажыце, што ў вас сёння больш важнае ёсць, каб не пабыць ля бурта. А вы са сваімі запісамі. Ды на гэта і ўчотчык ёсць. Скажыце, а траста складзена ў стажкі?

— Складзена,— паныла сказаў брыгадзір, трушчачы папяросіну ў руках.

— Едзем, паглядзім,— Мікола ўжо сядзеў у машыне, уключыў скорасць і раптам перадумаў: — Не, Антонавіч, ідзіце да трактарыста, няхай заводзіць трактар. А мы як-небудзь разбяромся.

— Разбяромся,— пацягнуўся рукою да шапкі Лазечны.— Праедзем тут, узрэччам...

Праз паўгадзіны дырэктар зноў даваў праборку брыгадзіру, а з ім заадно і Лазечнаму за тыя стажкі. Дырэктар і ў дарозе не мог супакоіцца, калі вярталіся з Гарадца.

— Іван Аляксеевіч! Як не сорамна,— ушчуваў дырэктар Лазечнага, які на добрага паўтара дзесятка гадоў старэй за яго.— Лён! Гэта ж столькі на яго патрачана! І праз нядбайства аднаго-двух чалавек усё можа загінуць. Стажок — якая тут патрэбна навука? Забі калок. Кладзі роўненька, снапок да снапка, завяршы як мае быць. І ўся мудрасць. Не такія рэчы асвойваем, а тое, што дзяды нашы рабілі, мы не ўмеем зрабіць. Ганьба!

Лазечны — чалавек ціхі і чэсны — не ведаў, куды дзецца ад сораму. Пот заліваў яго загарэлы, з белым ілбом твар; ён аціраў яго і ўсё прыгаворваў:

— Не даглядзеў, падправім. Калі ўсё з бульбай гэтай. Пагода. Кідаешся як угарэлы...

— Не трэба кідацца без толку,— ужо супакоіўся дырэктар, адкінуўшыся на спінку сядзення, руляваў, нібы запраўскі шафёр.— У цябе ж ёсць брыгадзіры, учотчыкі, камуністы расстаўлены на ўчастках, камсамольцы. Сход брыгадны быў у Гарадцы? Не. Бачыш. Падрыхтуйце, пагаварыце. Я думаю, што трэба наладзіць прачуханку Прыёмку. Нічога, дапаможа!..

У Стараселлі ў газік паселі Голасаў і Патапаў. Размова вялася зноў вакол жывёлагадоўлі. Асеменатарская справа. Колькі яшчэ цяжкасці з ёю!

— Новае заўсёды даецца нялёгка,— разважае дырэктар у роздуме.— Нават, калі гэта новае і нязначнае, яно заўсёды патрабуе ўпартасці і волі. А ведаеце, хлопцы, што каб на асеменатараў падгаварыць дзвюх дзяўчатак? Скажам, з даярак. Пашлём іх на курсы, добрую аплату дадзім... У Стараселлі ёсць дзве такія дзяўчыны — Люба Мірончанка і Таня Цімашкова. З іх і трэба пачынаць.

Яны калектыўна развівалі сваю думку далей. Машын шмат, тэхнічнае ўзбраенне гаспадаркі расце. У гарачую пару здараецца, што не хапае мужчын, каб пасадзіць на трактар, на аўтамашыну. І тут выхад ёсць. Трэба прыахвочваць да гэтай справы дзяўчат. Кожны год са сцен мясцовай школы ў саўгасную сям’ю ўліваецца папаўненне. Невялікае, але ж папаўненне. Трэба дапамагчы моладзі знайсці сваё месца ў калектыве, выбраць ім спецыяльнасць, якая адпавядала б іх марам і прызванню.

...Гарыць святло ў крайнім акне канторы. Значыць, дырэктар працуе. Да яго можна зайсці ў любы час. І ён не скажа: мне няма часу ці зайдзіце ў другі раз. Абавязкова пасадзіць на канапе, пагаворыць і, самае важнае, справу вырашыць сам, не перакладаючы на чужыя плечы. Мікола разбірае паперы, што набраліся за дзень. Сярод іх знаходзіць тэлеграму: «Заўтра пленум парткома. Ваша яўка абавязковая». Ну, нічога. Папрацуем крыху пазней, а з раніцы ўсё ўпарадкуем на наступны дзень.

...Як заўсёды, раніцай пяцімінутка. Размеркавалі, хто куды паедзе, хто са спецыялістаў прысутнічае на сходах у брыгадах.

— Фёдаравіч,— звярнуўся дырэктар да галоўнага агранома Міколы Юркова,— вы будзеце ў Гарадцы. Пагаварыце там з людзьмі. Калі што якое, дык з Прыёмкам трэба вырашаць цвёрда. Замену знойдзем. Так... Брыгадзіры, брыгадзіры,— Мікола кудлаціў чупрыну, уздыхаў.— З іх трэба пачынаць у першую чаргу, калі мы хочам падняць аўтарытэт кіраўніка!..

— Не ведаю, можа, і сёння правядзём там сход,— азваўся Юркоў.— Мне здаецца, што Прыёмка яшчэ можа там трымацца, калі яго добранька ўстрахнуць. А на перспектыву, канечне, трэба шукаць туды чалавека...

Пачалі разыходзіцца. З пачкам газет пад пахай усё яшчэ стаяў сярод кабінета Емяльянавіч, каранасты, шырокі ў плячах мужчына. Яго пастава нечым нагадвала каржакаваты дуб, які рос сярод поля на адкрытых вятрах. Патупаўшы на месцы, Емяльянавіч крактануў і магутным басам загаварыў:

— Дык што ж гэта такое, Піліпавіч? Што гэта закрыты мой гэты кабінет? Мяне ж, ведаеце, вобласць ставіла...

— Дык хто ж закрыў ваш кабінет? — стрымліваючыся, каб не рассмяяцца, спытаў Мікола, скеміўшы, пра што пытаўся стары. Ён ведаў, што на дзвярах кабінета палітасветы, якім Емяльянавіч загадвае на грамадскіх пачатках, усё лета вісеў вялізны замок. Як вядома, час быў гарачы, і туды мала хто заходзіў. А цяпер, вядома, нельга, каб замок гэтак вісеў. Але што ж зробіш, стары чалавек, семдзесят гадоў! Емяльянавіч сам павесіў гэты замок і забыўся пра яго. Але ж ён яшчэ дзябёлы, ні аднаго сходу не прапусціць. Ахвотна выступае перад моладдзю. На святочных вечарах — яму ганаровае месца. З характарам стары, але яго трэба берагчы.

Развітваючыся з Емяльянавічам, Мікола сказаў:

— Хутка пачне заняткі універсітэт сельскагаспадарчых ведаў, і, канечне, замок з кабінета трэба зняць!..

— Дык як жа, Піліпавіч, там жа ў мяне падшыўкі, кніжкі... Парасцягваюць, шалахвосты!

— Правільна, яны патрэбны для слухачоў.

— Дык я ўжо пайду, Піліпавіч,— падаў дырэктару стары шырокую, як лапата, руку.— З настаўнікамі там правяду ўжо сход.

Газік стаяў на прывычным месцы — перад канторай. Ля яго дзелавіта паходжваў Ілья — шафёр. Падцягнуты, нібы салдат, нетаропкі, як селянін.

— У Горкі? — пацікавіўся ён, калі Мікола падышоў да машыны.

— Так, адвязеш мяне, а потым я пазваню. Мы яшчэ паспеем схадзіць на зерняток.

Новы зерняток — гонар саўгаса. Гэта будоўля, якую дырэктар трымае пад асабістым сваім кантролем. Вяршылаўская ініцыятыва.

Кіруючыся праз дарогу на пагорак, дзе ўзвышаецца гэтае новае збудаванне, Мікола расказвае, што зерняток дасць магчымасць завяршыць механізацыю ў земляробстве. Як вядома, усе працэсы вырошчвання зерня механізаваны. А вось з гатовым зернем — колькі яшчэ клопату!

Трэба яго ссыпаць ды пералапачваць, вазіць ад тока на склад, са склада зноў на склад, на фермы. Адразу сабекошт збожжа павышаецца. Нават тыя нарыхтоўчыя цэны, што цяпер дзейнічаюць, не аплочваюць усіх затрат. З увядзеннем у строй новага механізаванага зернятока рэзка падзешавее сабекошт збожжа. Як расказвае Мікола, рашылі зерняток збудаваць. Але гэта яшчэ не ўсё. Як жа ажыццявіць задуму? Аказалася, што на шляху яе цэлыя завалы перашкод: банк патрабуе праект зернятока, каб асігнаваць на яго абсталяванне грошы, а праектныя арганізацыі не даюць без грошай праекта. Не здзіўляйцеся! Гэта было не так проста, аж да Масквы давялося дырэктару дайсці.

Цяпер засталося зусім мала — зрабіць загародкі з бакоў ды сякую-такую дробязь унутры, і ток гатовы. Калі ласка, новы ўраджай пойдзе адразу ад камбайна на транспарцёр, дзе зерне пройдзе ачыстку, сушку і вернецца ў склад, які тут жа.

— За гадзіну дзесяць тон збожжа! — захапляецца Мікола.— Між іншым, гэта такая зручная рэч, што не адразу зможаш яе ацаніць. Як кажуць, не пакаштаваўшы, не адчуеш смаку...

Ілья, шафёр, уключае хуткасць. Мікола кідае ў задок кепку, бо горача, прычэсвае валасы. «Выступаць, напэўна, не буду,— рашае ён, а ў галаве роем кружацца думкі: — Учора глядзеў зводку ў раённай газеце. Па мясу — на трэцім месцы, малаку — на першым сярод саўгасаў. За няпоўныя дзевяць месяцаў здадзена тысяча дзевяцьсот тон. І яшчэ будзе пяцьсот пяцьдзесят тон. Цэлае возера! Па надоях ленінцаў апярэджвае толькі калгас «Звязда», дзе старшынёю, між іншым, Міколаў сябар Пятро Мяжэнін. Гэта цяпер, а ўлетку ўвесь час першае месца было за саўгасам. З бульбай, з буракамі сёлета выйшлі ўдала. Бульбы столькі, што можна дзяржаве здаць чатыры планы. Былі б толькі машыны, каб своечасова яе вывезці. А то Гусеў абяцаў дзесяць машын, а прыйшлі толькі дзве...»

Газік абганяе адну машыну, другую. Поўныя кузавы трасты. А вось грузавік з бульбай, яшчэ грузавік з яблыкамі. У кабінах — знаёмыя твары. Вясёлыя ўсмешкі. «Цісніце, хлопцы. Спяшайцеся». І раптам сустрэлася трохтонка з ільнотрастой — паклажа збілася на бок, сям-там тырчаць вехці. Адкуль гэта? А, ясна. З Жаўлакоўкі. Вось расцяпа-брыгадзір, ды і кіраўнік аддзялення — таксама гаспадар! Усё ж дрэнна яшчэ сартыруюць трасту, а потым наракаюць на прыёмшчыкаў.

З парткома Мікола вярнуўся ўвечары, прыцемкам. Як звычайна, стройны, парывісты, але стомленасць адчувалася і на твары, і ва ўсёй паставе. Мікола быў на здзіўленне маўклівы, хмурны. Ці не здарылася што?

— Не, усё добра,— нехаця сказаў ён.— Не крытыкавалі. І ўсё ж давялося выступіць...

Селі за вячэру.

— А хлеба ты зноў не прывёз, Коля? — дакараў яго Вяршыла-малодшы, студэнт сельскагаспадарчай акадэміі, ставячы на стол талерку з духмяным супам.

— От, чорт, забыў зноў жа! — спахапіўся Мікола. Яму ўспомнілася, як Сівакоў упхнуў у машыну сетку боханаў, а яму і ў галаву не прыйшла такая думка. Услых жа сказаў: — Нічога, суп густы. Вот, праўда, скваркі... Але нічога, з’ядзім...

— А скваркі добрыя? — пажартаваў Вяршыла-малодшы, беручыся і сам за лыжку.— На складзе выпісаў, па сабекошту. Удалая свініна...

— Кажаш, па сабекошту,— падхапіў Вяршыла-старэйшы, хукаючы ў лыжку.— У нас усе рабочыя выпісваюць па сабекошту, а настаўнікам — па сельпоўскай цане. Вот, чорт, глядзі, якая негоцыя?.. А жывуць у адным пасёлку, дзяцей нашых вучаць...

...Мы выйшлі на двор. Позні вечар. На нас глядзіць круглы зыркі месяц. У небе трымцяць буйныя, па яблыку, зоркі. Ад Узрэчча наплываюць сівыя, цёплыя хвалі туману. Бярозкі, ліпы перад домікам нейкія прыціхлыя ў салодкай дрымоце, як абсыпаныя серабром.

— Якое хараство! — Мікола расхінуў пінжачок, падставіў грудзі гаючай свежасці, закінуў галаву ўгару і прагаварыў: — Вялікі загадкавы свет быцця! А чалавек — уладар сусвету — пранікне ў яго таямніцы. Чалавек ужо там. І, пэўне, скора будзе на Месяцы. Чуеш, ганарысты Месяц! — і ён раптам пачаў чытаць ціха, летуценна:

 

Вот уж вечер. Роса

Блестит на крапиве.

Я стою у дороги,

Прислонившись к иве.

От луны свет большой

Прямо на нашу крышу...

 

Гэта — Ясенін. Мікола, аказваецца, многія вершы Сяргея Ясеніна ведае на памяць.

Загусцелася чароўная ціша. Месяц падсвечваў пасёлак ужо з другога боку, ад старасельскай дарогі. А ён усё расказваў. І пра свайго бацьку-нябожчыка, які змалку прыахвоціў сына да касы і плуга, і пра свае юначыя захапленні, пра мудрую навуку жыцця, якую выкладаў яму самавук-старшыня ў калгасе «Чырвоны бераг» на мяжы Браншчыны і Магілёўшчыны, дзе ён у дзевятнаццаць гадоў стаў за старшыню. І самае цікавае — пра сенакосныя нядзельнікі, якія з яго прыходам укараніліся ў пасёлку.

— Я нейкі дзівак,— памаўчаўшы, загаварыў Мікола. — Напэўна, не прывык бы ў горадзе. Вот не люблю, і ўсё! Ніякія там камфорты не змяняю на гэтую месячную цішу. Дзіўная рэч! Вот і мама мая. Паклікаў я яе сюды, каб са мной жыла. Адзін жа быў. Днямі цягаешся, а прыйдзеш — халадэча, сум. Дык яна пажыла-пажыла і сказала мне: «Адвязі мяне, сынок, у родную нашу Пясчанку, бо тутака я памру. Яшчэ, можа, каб хата была як хата, а то нейкія чатыры каморкі, як клеткі ўсё роўна. Завязі, і ўсё». І мусіў адвезці.

Між іншым, памятаеце фурманку на шасейцы? Гэта ехалі студэнты з акадэміі. І сярод іх тая, у чырвонай хусцінцы. З ёю я сябраваў. Нашы дарогі разышліся, бо яна сказала, што ніколі не паехала б са мной у вёску.

 

Заліты ранішняй імглістасцю луг. Шырокі-шырокі, аж да неба. І на ім постаці касцоў. Наперадзе ў белай, пад паяском, кашулі, расхлістаны і загарэлы, сігае Мікола Вяршыла. Роўна, на шырокі захват шыбае касой, аж цаўё рыпіць, а каса спявае: «Жж-ык, жж-ык!» Трава кладзецца, а ў пракосах кветкі цвітуць, як жывыя. За ім спяшаецца доўгі, у акулярах і ў гумавых ботах, Мікола Юркоў. Тут жа сакратар парткома Васіль Уласенка і камсорг Мікола Мяцеліца, і ўсе мужчыны, нават таўсташчокі прараб. І настаўнікі, і кааператары, і медыцынскія работнікі. Ад касцоў аж бялее ўвесь луг. І над усімі ўладны і басавіты голас старога Емяльянавіча-Васькоўскага: «Ану вас з вашым рэгламентам! Слухайце, калі вам гавораць. Уся рэспубліка ведае, хто такі Васькоўскі, а вы рэгламент!»

А ўсцяж пракосы, пракосы. Духмяным водарам прапахла ўсё навокал. І на вачах растуць, растуць стагі. Крутабокія, вострымі пікамі праткнулі сіняе покрыва неба.

...Мікола, мыючыся, пырскае сцюдзёнай вадою, захліпаецца ад смеху, калі я яму расказваю пра гэты сон.

— Дык гэта ж праўда! Ужо два гады, як сенакос у пасёлку — сапраўднае свята. Па сто касцоў набіралася талака...

У нядзелю быў аб’яўлены рабочы дзень, бо на дварэ стаяла цяплынь, а работы вунь колькі. І пяцімінутка была, як звычайна. У некаторых брыгадах прайшлі сходы. І Мікола Юркоў правёў сход у Гарадцы. Ён расказваў:

— Ого, як заварушыўся Прыёмка. Даў слова перад усімі, што справіцца. Паглядзім. За лён як мае быць узяліся. Сам бачыў, як сартыравалі. І Прыёмка, выходзіць, не такі ўжо няўмека. Ведае, як і стажкі тыя рабіць. Лянота-матухна адалела. Праз яе ўсе грахі!..

— Добра,— заключае дырэктар і зноў пытае: — Яшчэ ёсць што ў каго?

— Трэба было выявіць дакладна, што нам праектуецца на наступны год,— падае голас прараб Васіль Лаўрэнавіч.— Бо нешта Кашуба, старшы інжынер упраўлення, казаў, што нам яшчэ адзін шаснаццацікватэрны дом замнога...

— Нічога не ведае ваш гэты Кашуба,— абрывае яго дырэктар, нахмурыўшыся.— Нам хоць дзесяць такіх дамоў і то было б мала. Між іншым, як там у Гарадцы тыя сёстры Жураўскія, што столь у іх падпёрта жэрдкай, будуць браць новы зруб? Не ведаеш, Фёдаравіч?

— Чаму ж, ведаю,— адгукваецца Мікола Юркоў.— І пра гэта між іншым ішла гаворка на сходзе. Трэба Жураўскім абавязкова памагчы. У той хаце ўжо ніяк жыць нельга...

— Вось бачыш, Васіль Лаўрэнавіч,— дакорліва ківае дырэктар,— такія сем’і ёсць амаль у кожнай вёсцы. Іх хутчэй трэба перасяляць. А ты кажаш, што гэтыя пытанні можна вырашыць за пятнаццаць хвілін. Мне трэба сабрацца з думкамі. І ты таксама падумай!..

— Ды што думаць! — махнуў прараб кепкаю, якую трымаў у руцэ.— Кашубу я ведаю, скажа — будуйце сваімі сіламі...

— Сваімі сіламі,— іранічна ўсміхаецца дырэктар.— Гэта мы і без яго ведаем. Але ж мы не будзем клеткі гарадзіць. У нас жа праекты ёсць. Нам трэба будавацца, каб людзі пасля не сказалі, што тут былі безгаловыя гаспадары.

Прараб моўчкі, з кепкай у руцэ, тупаў на месцы.

— Мікалай Змітравіч,— звярнуўся дырэктар да галоўнага заатэхніка.— На свінаферме паглядзіце, як там кормяць, што свінням даюць цяпер.

— Бацвінне, буракі,— пачулася ў адказ.

— Ведаю. Але кідаюць буракі адразу з воза, не здрабняюць, не мыюць. У Касцюшкаве буракі сякуць тапаром, рэжуць нажом, а карнярэзка стаіць побач...

— І скажыце, што гэта такое? — падхопліваецца Мікола Юркоў, рашуча хапаецца за акуляры.— Вось жа машына! Націсці кнопку і глядзі, як сыплецца сечка. Дык не, будзе стругаць той бурак нажом, мазалі натрэ па шапцы, а калі скажаш, чаму не ўключае сячкарню, пачне выдумваць, што святла не было ці яшчэ што-небудзь... Памятаеце, і з сіласам, калі задумалі механізаваную разгрузку, было такое. Прыдумалі зусім няхітрае прыстасаванне. На дно кузава пад груз паклалі такую лёгкую рашотку з тросікам, і адзін шафёр лёгка ўпраўляўся на разгрузцы. Дык вы думаеце, першы дзень на разгрузцы стаялі самі: і галоўны інжынер, і галоўны аграном. Усе хвалілі і рабілі так, як паказвалі ім, а як адышліся, то шафёры адразу ўзяліся за вілы. Адзін шафёр дык яшчэ доўга ўпарціўся. Дык скажыце, што гэта такое?..

— А гэта, дарагі мой,— дырэктар весела жмурыцца, размінаецца,— гэта, як пішуць газеты, укараненне новага. А табе, гарачаму прыхільніку славутага Дакучаева, вядома, што ўсё новае, маладое нараджаецца ў муках, а старое не здаецца без бою. Ваша ж прыстасаванне для разгрузкі сіласу — не вілы, якімі карысталіся нашы прадзеды і дзяды, а нешта ўжо новае!..

— І яго, выходзіць, трэба ўкараняць з боем,— смяецца Юркоў.

— Не смейся, Фёдаравіч,— перахоплівае дырэктар.— Я абсалютна ўпэўнены, што самае цяжкае для кіраўніка — гэта ўкараненне новага, хоць яно, гэтае новае, і зусім нязначнае. Тут многае будзе залежаць ад нашай волі і ўпэўненасці.

— Упэўненасць ёсць,— пачулася ў адказ.

— Тады парадак.

...У Стэфанова да жывёлаводаў Мікола Вяршыла рашыў з’ездзіць неадкладна. Выспела думка — перавесці стэфаноўскую ферму ў Стараселле, дзе новыя памяшканні, ёсць сякая-такая механізацыя. А тут — стары, з падгнілымі шуламі кароўнік! Ваду жанчыны цягаюць жураўлём, кармы разносяць посцілкамі. Ды якая гэта ферма — 53 каровы!

З другога боку — там жа людзі: чатыры даяркі, падвозчык, вартаўнік. Нягледзячы на тое, што людзі робяць усё ўручную, ферма па надоях займае адно з першых месц па калгасу. Па пуду малака на карову ўлетку надойвалі стэфаноўскія даяркі. І ўсё рукамі! Ад цямна да цямна на кароўніку.

Калі дырэктарскі газік, развярнуўшыся, стаў на мурагу ля кароўніка, сюды хутка сабраліся жанчыны. З варот выглянула адна, выцерла рукі аб фартух і падышла да машыны, павітаўшыся з дырэктарам за руку. І стала сціпла, схаваўшы рукі за той жа фартух. Праз хвіліну падышла другая — бойкая дзяўчына, усміхнулася, здароўкаючыся. З канца вуліцы спяшался і трэцяя, пажылая кабеціна. У ватоўцы, у цёмнай, абшытай стужкамі ўнізе, спадніцы. Сціпла стала зводдалі. Няёмкае маўчанне. Жанчыны чакаюць, што скажа дырэктар, а ён да іх з пытаннем:

— Дык што будзем рабіць, жанчыны?

Наперад выступіла тая, што першай падышла да машыны — Марыя Шафранская. У сваю чаргу з няпэўнай усмешкаю на твары спытала:

— Гэта вы ўжо нашых «люсек» забіраеце, Піліпавіч?

Дырэктар маўчаў, задумаўшыся. А потым рашуча загаварыў пра тое, што кароў тут няма сэнсу трымаць далей. Але ўсё ж ён хацеў бы паслухаць, што скажуць самі жывёлаводы. Усё ж, як ні кажы, ім давядзецца хадзіць на работу ў Стараселле, за тры кіламетры. Наперадзе зіма, халадэча.

— Пераводзьце, чаго тут думаць,— махнула рукою дзяўчына ў квяцістай хустцы.— Надакучыла ўжо... Толькі знаеш адно, гэты кароўнік!..

— Табе што, Таня, клуб ды кіно,— выступіла наперад тая кабеціна ў стужкастай спадніцы.— А як жа я тады буду, калі каровак ад нас забяруць? Мне тады ўжо хоць кідай гэту ферму. Як я з вамі, маладымі, спраўлюся?

Марыя Шафранская была за тое, каб усё засталося, як раней. Таня Цімашкова, камсамолка, рашуча заявіла, што далей у такіх умовах працаваць нельга. Пажылая кабета моўчкі ўздыхала. Тады, выгаварыўшыся, Шафранская згадзілася:

— Ну, што ж з вамі зробіш: забірайце ўжо...

— Я ж ведаў,— усміхнуўся Мікола,— што згодзіцеся. Зімой можна будзе ездзіць на фурманцы, а хто хоча — можна кватэру знайсці...

Як здавалася, кожны добры кіраўнік, калі ён хоча карыстацца павагай і даверам людзей, павінен мець зусім пэўныя рысы характару, такія, як цвёрдасць слова і паслядоўнасць дзеянняў, абвостранае пачуццё адказнасці і ўменне трымаць сябе пад жорсткім унутраным кантролем.

Думалася, што гэтыя якасці ў сваім характары выкоўвае і Мікола. Сапраўды, трэба было мець мужнасць і цвёрдасць волі, каб зламаць недавер'е і абыякавасць, што былі пасеяны ў мінулым. Не, тыя, што тут сядзелі за плячамі добрай цёткі-дырэктара, не здаліся без бою. Яны спрабавалі новаму дырэктару навязаць свае, прывычныя метады кіраўніцтва, схіліць яго пайсці за імі. І, дзіўная рэч, калі гэта ім не ўдалося, яны разышліся, хто куды. Няма ўжо ні аднаго спецыяліста, які працаваў пры Ганне Аляксееўне. Адны пайшлі адразу, другія крыху пазней. На іх месца заступілі новыя — піянеры, як іх называлі спачатку. Міколавы сябры. Паплечнікі. Сябры ў тым сэнсе, што яны падзяляюць яго думкі наконт стратэгіі, наконт сваёй ролі, як арганізатараў вытворчасці. Яны часта спрачаюцца, нават рэзка, але ўсё ж прыходзяць да таго варыянта, які найбольш эфектыўны, найбольш зручны. Яны разам думаюць над тым, за якое звяно ўхапіцца, каб выцягнуць гаспадарку з прарыву.

Мне ўсё карцела нагадаць Міколу, што ён абяцаў з’ездзіць да сяброў. І ён сказаў:

— Я і сам хачу пабыць у Валодзі, паглядзець.

...З Горак па шасейцы на Оршу ёсць вёска з дзіўнай назвай — Сава. Гэта цэнтр калгаса імя Мічурына, куды мы неўзабаве прыехалі. Каб знайсці старшыню, нам давялося з’ездзіць і ў сад, дзе ён толькі што быў, і ў суседнюю вёску, дзе сказалі, што ён паехаў толькі што палявой дарогай. Мы нагналі Уладзіміра Механікава пры ўездзе ў вёску. Выхапіўся з грузавіка рослы, з агністымі вачамі і кучаравай шавялюрай малады мужчына, шырока раскінуў рукі:

— Здароў, Мікалай Піліпавіч, добра, што прыехаў, добра!..

Пагаварылі, перакінуліся жартамі.

— Дык што, паглядзім, як гуляюць вяселле? — і Уладзімір растлумачыў:— Дзяўчына наша адна выходзіць замуж. Між іншым, у Макараўку. Даём, так сказаць, нашаму другу Пятру Мяжэніну падмацаванне...

Вырашылі паглядзець вяселле. Якраз гулянка перакінулася з хаты ў клуб, які стаяў на аселіцы. Невялічкая зала была набіта бітком. Расчырванелая кабеціна пад гармонік адбівала «барыню». Праз колькі хвілін яна пачала заўзята прытупваць перад Уладзімірам. Ён колькі хвілін вагаўся, потым рашуча скінуў з плячэй плашч. І пайшоў, пайшоў упрысядку, у наступ на танцорку.

— Малайчына. Вот гэта старшыня! — з усіх бакоў несліся воплескі і вясёлыя воклічы.

Уладзімір хусцінкай выціраў спацелы твар.

Потым нявеста і сваты пачалі запрашаць усіх у хату. Колькі ні прасілі, Уладзімір наадрэз адмовіўся. Калі ехалі, ён і нас пераконваў:

— Можа, я і няправільна зрабіў, што адмовіўся. Але ж не, думаю, што правільна. Яны не пакрыўдзяцца, зразумеюць...

Доўга гутарылі сябры. Толькі і чулася: «А памятаеш, як мы дзяўчат у Клімацічах на ферму ўгаворвалі?» «А сход у Майсееўцы?» «А вечар, калі хлопцы ў камсамол уступалі?» «А нядзельнік у Касцюшкаве?» «І ў мяне, Мікола, тут было такое, што на кароўніку і дняваў і начаваў, пакуль парадак навялі, як належыць...»

...Увечары мы былі ў клубе саўгаса, дзе з канцэртам выступалі студэнты эканамічнага факультэта сельскагаспадарчай акадэміі, якія праходзяць тут вытворчую практыку. Са сцэны гучалі і старыя народныя і сучасныя маладзёжныя песні, галасы дэкламатараў. Добра, натхнёна чыталіся вершы, гумарэскі. Студэнцкі джазавы аркестр не скупіўся на тое, каб павесяліць людзей. Іх на вечары было — не прабіцца, як кажуць, яблыку недзе ўпасці. Колькі разоў на сцэну выклікалі Олю Буйко, якая ўсіх зачаравала сваім прыгожым голасам! Хораша спявала і Люда Дарожка. А потым былі танцы...

У кругу, дзе гулялі госці і гаспадары, быў і дырэктар. Яго запрасіла на вальс тая студэнтка, што спявала на сцэне. Разгуляўшыся, Мікола пайшоў яшчэ і яшчэ ў круг, толькі мільгала яго рыжая чупрына. Ён, аказваецца, любіць патанцаваць. Праўда, яму цяпер не заўсёды гэта ўдаецца: то няма часу, то, не смейцеся, трошкі і ніякавата, а раптам скажуць: глядзі, які наш дырэктар, з шалахвостамі забаўляецца. А так, калі бываюць святочныя вечары, то і ён удзельнічае, са сцэны вершы чытае. Як некалі ў акадэміі.

— З камсамольцамі сябруеце ж? — неяк вырвалася ў мяне.

— Ды як вам сказаць,— задумваецца Мікола і, памаўчаўшы, прызнаецца:— Як было год назад, дык усё ў нас аж кіпела. І вечары, і нядзельнікі, і спартыўныя баталіі. Гэтае лета першынство раёна па валейболу ўзялі. А цяпер трохі папрыціхлі. Камсамольцы! Хацелася б, каб яны былі больш баявітыя, больш актыўна ўмешваліся ў жыццё. Можа, гэта ад таго, што наш камсамольскі важак Мікола Мяцеліца дужа ўжо стаў старанным службістам, забыўшыся, што работа ў камсамоле — асаблівая работа...

— Можа, і дырэктар — камуніст і былы камсамольскі работнік — трохі вінен?

— Як вам сказаць, канечне,— упушчэнне...

Панядзелак — прыёмны дзень у дырэктара. Афіцыйна. Але, напэўна, усе ведаюць, што да яго можна зайсці ў любы час, абы кабінет быў адчынены. Дырэктар прымае людзей на хаду, у калідоры, ля канторы, калі справа не церпіць адкладу. Можа, таму за ўвесь тыдзень не было бачна, каб каля яго кабінета сабіралася талака наведвальнікаў.

Традыцыйная лятучка-пяцімінутка закончана, і Мікола сказаў:

— Пойдзем пасярбаем гарачы суп.

Раптам дзверы адчыніліся, і на парозе паявіліся хлопцы-студэнты. І той чарнявы, у расхрыстанай гімнасцёрцы, што перад гэтым дамаўляўся з дырэктарам наконт канцэрта, і белачубы баяніст, і ўчарашні вясёлы канферансье.

— Дык мы ўжо ад’язджаем, Мікалай Піліпавіч,— пераступае з нагі на нагу чарнявы. Гэта стараста групы Васіль Гарошка.— Во тут нашы нарады. Што мы рабілі...

— Ну, што ж,— Мікола садзіцца за стол, разглядае паперы, і цёплая ўсмешка зрываецца з вуснаў:— Харошы канцэрт учора далі. Ад душы...

Чытае паперы, падпісвае. І зноў:

— Добра. Дык вы, значыць, адбылі ў нас сваё. Ну, глядзіце, калі трэба характарыстыка — дадзім. Заслугоўваеце. З гэтай паперай ідзіце да Віктара Рыгоравіча, нашага галоўбуха. Ён выпіша, што вам належыць. Няхай разлічыць поўнасцю.

Хлопцы, узрушаныя, дзякуюць, топчуцца на месцы. Чарнявы пачынае, хвалюючыся:

— Мікалай Піліпавіч, нам пра сваю практыку трэба пісаць справаздачу. І думаем у сваёй газеце напісаць, хочам усё асвятліць.

— Дык што, вам трэба інтэрв’ю? — усміхаецца дырэктар і сур’ёзна:— Так, упушчэнне. Гэта трэба было з усёй групай пагаварыць. Дык вы ж неяк нечакана. Раптоўна. Ну, задавайце пытанні.

— Ды нам пра асноўны напрамак гаспадаркі,— абзываецца стараста Васіль Гарошка.

— І пра тое, якім будзе саўгас праз некалькі год,— дадаюць разам яго сябры.

Мікола колькі хвілін маўчыць, нібы збіраецца з думкамі. Трэ скроню ў роздуме. Лоб, як заўсёды, калі Мікола збіраецца выступаць, наморшчаны. Вочы строгія, як бы недзе далёка-далёка адсюль. У вачах, ва ўсёй істоце нейкая смелая думка. І вось ён загаварыў, спачатку спакойна, але ўсё больш горача, натхняючыся. Перад будучымі аграномамі-эканамістамі ён рабіў адну выкладку за другой, абгрунтоўваючы іх на блізкіх і канкрэтных фактах.

— Адным словам, работы многа,— заключыў дырэктар.— І работа цікавая, хлопцы. Для маладых спецыялістаў у нас — шырокая прастора. Нам і сёння спатрэбілася б чалавек пяць брыгадзіраў. Калі хто надумаецца, прыязджайце...

З дзвярэй пачуўся жаночы голас:

— Піліпавіч, там нейкае начальства.

Мікола развітваецца са студэнтамі, выходзіць у калідор. Заглянуў у пакой галоўнага агранома Юркова, насустрач машыне, што спынілася ля канторы.

З дзверцаў паказаўся знаёмы твар начальніка вытворчага ўпраўлення. Мікола паціснуў яму руку, на прапанову праехацца з ім па ўчастках прамаўчаў.

— Ну, тады паеду адзін,— буркнуў Гурый Сяргеевіч і, зачыняючы дзверцы, дадаў:— Я хутка вярнуся. Потым разбяромся.

— Добра, я буду чакаць, Гурый Сяргеевіч.

Мікола пакрочыў у напрамку дома-кватэры. Маўчаў, насупіўшыся. А ён жа во толькі са студэнтамі быў у добрым настроі! Неўзабаве загаварыў:

— Я ўжо ведаю, пра што ён будзе балакаць. Скажа: таварыш Вяршыла, націскайце на льнотрасту. Там, дзе ёсць крытыя такі, звозьце, а дзе няма, складвайце ў стажкі. І бульбу здавайце як хутчэй. А калі яму напомніць пра абяцаныя дзесяць машын, дык паморшчыцца. І паедзе. З усведамленнем выкананага абавязку.

...Паездка на льнозавод была вельмі своечасовай. Дырэктар сам убачыў усё ў дэталях: і як праводзілася прыёмка, і якую прадукцыю прывозілі суседзі. Яму адкрыліся ўсе сакрэты, якіх ніколі ён не дазнаўся б, каб сам не пабыў на месцы.

Калі потым, на тым жа месцы ля канторы Гурый Сяргеевіч даваў дырэктару ўказанні, ён моўчкі, хітра ўсміхаючыся, ківаў галавою.

Ці шмат карысці ад такога лятучага візіту, якім быў прыезд начальніка вытворчага ўпраўлення ў саўгас?

— Можа, для яго гэта паездка і патрэбная,— гаварыў Мікола пасля, калі мы закранулі гэтую тэму.— Для нас жа яна нічога не дае. Усё гэта, як вы бачылі, я ўжо ведаў. І думаем, як лепш зрабіць. Падсцёжка? Дык яна нам непатрэбна...

Я нагадаў Міколу жарт, які пачуў ад студэнтаў-практыкантаў. Яны расказвалі, што адзін іх калега на пытанне выкладчыка аб інспектарах-арганізатарах вытворчага ўпраўлення адказаў, што ад іх карысць такая, як ад нарзану...

— Гэта, вядома, жарт,— заўважыў Мікола, задумліва памаўчаў.— Нашы спецыялісты вытворчага ўпраўлення — пісьменныя, талковыя хлопцы. З нашай жа акадэміі. Але яны адарваліся ад жыцця, ад жывой справы. Пагрузлі ў паперах. Я ўпэўнены, што рана ці позна іх рабочым месцам стануць палі і фермы якой-небудзь гаспадаркі, дзе яны змогуць прадэманстраваць навінкі навукі і практыкі. І мы будзем перад сабой бачыць не паперкі, а жывы прыклад, яркую карціну.

Спецыялісты саўгаса, з якімі даводзілася гутарыць на гэту тэму, трымаюцца такой жа думкі. Месца спецыяліста — у яго стыхіі, на практыцы, якая жывіць самую смелую ідэю.

...І ўвечары на кватэры дырэктара чуліся частыя званкі. Ён з газетай, якую наважыў прачытаць, бегаў раз-пораз да століка з тэлефонам. Некаму адказваў, штосьці запісваў у сваёй кніжачцы-памінальніцы, якая была заўсёды ў яго пад рукамі.

Я збоку гляджу на Міколу. За тыдзень ён неяк нібы пастарэў крыху. Ускудлаціліся хвалістыя каштанавыя валасы. Пад вачамі — сетачка зморшчын. Упарта сціснуты вусны. А вочы? Жывыя. Глыбокія. Пырскаюць сінім агнём. А можа, яны так блішчаць ад яркага святла?

— А мне ўсё гэта падабаецца! — чую я раскацісты Міколаў голас.

— Што падабаецца?

— Ну, усё гэта... Увесь гэты тлум. Увесь калаўрот жыцця!..

...Са сваёй «рэзідэнцыі» мне чутна, як Мікола яшчэ доўга варочаецца на ложку, шалясціць газетай. Я таксама яшчэ не сплю — вельмі спрыяюць думкам-роздуму месячнае святло і буйныя, як падсіненыя, вераснёўскія зоры, якія, нібы жывыя, пераміргваюцца, заклікаюць палюбавацца на іх...

 

 

* * *

Аўтару прыемна, што героі з саўгаса Леніна, «чатыры Міколы», выраслі і сталі кіраўнікамі і арганізатарамі сельскагаспадарчай вытворчасці — усе на кіруючых пасадах у розных гаспадарках у раёне і вобласці. Іх завадатар — Мікалай Піліпавіч Вяршыла — на працягу дзесяці гадоў працаваў першым сакратаром Круглянскага райкома партыі на Магілёўшчыне.


1986?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан