epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Галасы памяці

ДОМІК НАД СВІСЛАЧЧУ
СКАРБ, ДАСТУПНЫ УСІМ
УРОКІ МУЖНАСЦІ
ЛЯ СЦЕН СЛАЎНАЙ ЦЫТАДЭЛІ


ДОМІК НАД СВІСЛАЧЧУ

...Няспынна плыве жывая рака Ленінскага праспекта беларускай сталіцы. І адзін з яе ручаёў імкне да берага Свіслачы, дзе ў засені маладога саду — зялёны дамок. На сцяне перад уваходам мемарыяльная дошка: «Тут 13—15 (1—3) сакавіка 1898 года праходзіў І з'езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП)».

У тыя ўжо далёкія змрочныя часы прадстаўнікі шасці буйных сацыял-дэмакратычных арганізацый і рабочых саюзаў з Масквы, Пецярбурга, Кіева і Екацярынаслава з’ехаліся на свой першы — адзіны, які пры царызме праходзіў у Расіі,— з’езд. Ціхі губернскі Мінск быў абраны не выпадкова. Тут дзейнічала сацыял-дэмакратычная арганізацыя, якая мела цесную сувязь з Пецярбургам і Кіевам. Дом № 135 па Захар’еўскай вуліцы знаходзіўся на самай ускраіне, амаль на ўзлессі, і пры выпадку нападу дэлегаты маглі ўцячы — побач быў лес...

У Мінск дэлегаты (іх было дзевяць: С. І. Радчанка — ад Пецярбурга, А. А. Ванноўскі — ад Масквы, П. Л. Тучапскі — ад Кіева, Б. Л. Эйдэльман і М. А. Вігдорчык — ад «Рабочай газеты», К. А. Петрусевіч — ад Екацярынаслава, А. І. Крэмер, А. Мутнік і Ш. Кац — ад Бунда) з’ехаліся патаемна, і праводзіўся з’езд пад выглядам вечарыны — імянінаў жонкі гаспадара кватэры Румянцава. Там у пакоі, дзе адбываліся пасяджэнні, стаяў па-святочнаму накрыты стол, быў напагатове самавар...

Дэлегаты працавалі тры дні. Праведзена шэсць пасяджэнняў. Запісваліся толькі рэзалюцыі. Самая першая з іх гаварыла аб аб’яднанні ўсіх сацыял-дэмакратычных саюзаў і гурткоў у адзіную марксісцкую рабочую партыю...

Так нарадзілася Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя.

У двух пакоях музея сабраны багаты ілюстрацыйны і дакументальны матэрыял аб развіцці марксізма ў Расіі, росце сацыял-дэмакратычнага руху ў Беларусі. Перад вачамі наведвальнікаў дакументы — сведчанне гістарычнага шляху, які прайшла наша ленінская партыя,— шляху суровых класавых баёў і небывалых перамог.

А пачыналася ўсё тут, у гэтым невялікім пакоі. Стол засланы белай настольніцай. Над сталом — лямпа. На сцяне — гадзіннік. Самавар... Здаецца, чуеш словы гаспадара кватэры Пятра Васільевіча Румянцава, якія ён сказаў на развітанне: «Няхай дзіця, народжанае ў гэтым доме, будзе такой сілы і моцы, як Геркулес». Вядомы рэвалюцыянер П. М. Лепяшынскі, які разам з Леніным быў у Шушанскім у ссылцы, успамінаў, што Уладзімір Ільіч, дазнаўшыся пра з’езд, радаваўся, як дзіця...

...Штодзень музей прымае тысячы гасцей. Дэлегацыі і экскурсанты з усіх куткоў неабсяжнай савецкай краіны, дэлегацыі і турысты з сацыялістычных краін і ўсіх пяці кантынентаў.

Экспанаты Дома-музея І з’езда РСДРП даюць магчымасць зрокава ўявіць пачатак баявога рэвалюцыйнага шляху нашай партыі, створанай і выпеставанай Уладзімірам Ільічом Леніным.

Дом-музей І з’езда РСДРП за год наведала 350 тысяч чалавек. Сярод іх 48 тысяч — з-за мяжы.

Былі наведвальнікі з В’етнама, Кубы, Аргенціны, Канады, афрыканскіх краін, Аўстраліі... Партугальцы падаравалі музею першы нумар камуністычнай газеты «Авантэ», які выйшаў легальна.

Тут былі прафсаюзныя дзеячы з Нігерыі, турысты з Англіі, ЗША, Японіі, Аўстрыі, Бельгіі, Іспаніі, Швейцарыі, Швецыі, Фінляндыі, Галандыі; студэнты з многіх краін, што вучацца ў Мінску.

Сярод высокіх гасцей, якія аддалі сваю пашану месцу І з’езда РСДРП,— выдатныя дзеячы камуністычнага і рабочага руху Марыс Тарэз, Хо Шы Мін, Тодар Жыўкаў, Янаш Кадар, Густаў Гусак, Вальтар Ульбрыхт, Юмжагійн Цэдэнбал...

Ад імя партыйна-ўрадавай дэлегацыі Балгарыі, якая гасцявала ў Мінску ў 1961 годзе, Тодар Жыўкаў зрабіў запіс, які заканчваецца словамі: «Слава Кампартыі Савецкага Саюза — выпрабаванаму ленінскаму настаўніку, на вечнае братэрства камуністычных і рабочых партый».

Выказваючы свае пачуцці і ўражанні ад наведвання Дома-музея І з’езда РСДРП, генеральны сакратар Французскай камуністычнай партыі Мары Тарэз 5 верасня 1962 года ў Кнізе ганаровых наведвальнікаў пісаў: «У гэтым сціплым доме, дзе адбыўся І з’езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, кожны пралетарый перажывае глыбокае хваляванне. Тут былі закладзены асновы партыі, якую выхаваў і прывёў да слаўнай Кастрычніцкай рэвалюцыі Ленін».

«З глыбокім рэвалюцыйным хваляваннем мы наведвалі гэты дом, дзе адбыўся І з’езд РСДРП,— пісаў у Кнізе ганаровых гасцей у 1972 годзе Фідэль Кастра.— Дзевяць чалавек сабраліся тут, каб правесці гэты з’езд. Хто б мог уявіць у той час, што бачым мы цяпер — Савецкі Саюз, які стаў першай савецкай дзяржавай, магутнай і квітнеючай — авангард сусветнага рэвалюцыйнага руху. Вось доказ велічы ідэй Уладзіміра Ільіча Леніна, праяўленых з нарастаючай сілай, іх прагрэсіўнага ўплыву на рабочы клас. Сёння, калі гэтыя ідэі перамагаюць і трыумфальна крочаць па ўсім свеце, ад імя Кубінскай рэвалюцыі і ад першай сацыялістычнай дзяржавы, якая размешчана на другім баку Атлантычнага акіяна, мы выказваем нашы самыя глыбокія пачуцці павагі і захаплення».

Дэлегацыя Кампартыі Кубы наведала Мінск і зімой 1974 года. Кубінскія таварышы ў Кнізе водгукаў пісалі: «Дэлегацыя Кампартыі Кубы схіляецца перад мужнасцю рэвалюцыянераў, якія сабраліся ў гэтым доме, каб абвясціць заснаванне Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі».

Партыя камуністаў, аб якой марыў вялікі Ленін, стала палітычным арганізатарам, ідэйным натхніцелем усіх перамог Савецкага Саюза, пуцяводнай зоркай усяго працоўнага чалавецтва. Ідэі партыі натхняюць мільёны ў барацьбе за свабоду і шчасце. Тут, у Доме-музеі, бы чуеш, як ідэі партыі, запаветы Леніна крочаць па планеце...

«Мы заўсёды з вялікай цікавасцю наведваем месцы, дзе пачыналі піянеры,— напісалі, пабыўшы ў музеі, госці з Танзаніі, якая ў барацьбе здабыла незалежнасць.— Гэтае месца выклікае яшчэ большае хваляванне. Адзін з прысутных на з’ездзе сказаў: «Дзіця, якое нарадзілася ў гэтым доме, будзе дужым, як Геркулес». Мы пераканаліся, што гэта апраўдалася. Наша дэлегацыя, якая находзіцца ў СССР, убачыла, якіх поспехаў дасягнула ваша краіна пад кіраўніцтвам партыі, якая нарадзілася тут каля сямідзесяці гадоў назад».

Словы ўдзячнасці і захаплення грандыёзнымі, сапраўды тытанічнымі здзяйсненнямі і планамі КПСС пакінулі ў сваіх водгуках члены Кампартыі Фінляндыі, дэлегацыі Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, перуанскія камуністы, парламентарыі з Бразіліі...

Напярэдадні XXV з’езда КПСС у нашай краіне знаходзілася партыйна-ўрадавая дэлегацыя ЧССР на чале з генеральным сакратаром ЦК КПЧ, прэзідэнтам Чэхаславацкай рэспублікі Густавам Гусакам.

Чэхаславацкія таварышы былі гасцямі Мінска. Перад ад’ездам члены партыйна-ўрадавай дэлегацыі Чэхаславакіі на чале з Густавам Гусакам наведалі Дом-музей І з’езда РСДРП. Высокія госці агледзелі экспазіцыю і ў Кнізе ганаровых наведвальнікаў пакінулі запіс: «Глыбокае ўражанне зрабіла на нас наведванне месца, дзе адбыўся І з’езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, якая пад кіраўніцтвам вечна жывога У. І. Леніна ператварылася ў сапраўды марксісцкую партыю новага тыпу.

Камуністычная партыя Савецкага Саюза прайшла цяжкі, але слаўны шлях у барацьбе за здзяйсненне ідэй Маркса, Энгельса, Леніна. Пад яе кіраўніцтвам рабочы клас Расіі атрымаў перамогу, ажыццявіўшы Вялікую Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю. Савецкі народ першы ў свеце пабудаваў сацыялістычны грамадскі лад, абараніў яго ў барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў і ўступіў на шлях будаўніцтва камуністычнага грамадства.

Савецкі Саюз з'яўляецца надзейнай абаронай і апорай усёй сацыялістычнай садружнасці, народнага вызваленчага руху, усіх дэмакратычных і прагрэсіўных сіл свету.

Мы вучымся на багатым вопыце ленінскай партыі, які з’яўляецца для нас натхняючым прыкладам у будаўніцтве развітага сацыялістычнага грамадства ў ЧССР».

Запісы... Водгукі... Іх нельга чытаць без хвалявання. Гэта — галасы мільёнаў людзей з усіх краін свету, якія з надзеяй глядзяць на Савецкі Саюз, краіну роўнасці і братэрства, захапляюцца вялікім міжнародным аўтарытэтам нашай партыі, якая вывераным ленінскім курсам вядзе савецкі народ да камунізма...

Гусцее вячэрні змрок. У залатым святле горад, і домік над Свіслаччу, асветлены пражэктарамі, нібы плыве ў густой, яркай чырвані.

 

 

СКАРБ, ДАСТУПНЫ УСІМ

Гэта — кнігі. Скарб, даражэйшы за дыяменты і золата. Багацце, створанае чалавечымі рукамі і розумам.

З таго часу, як было вынайдзена друкаванне, скрутак замяніўся кнігай. Кніга — сшытыя ў адзін пераплёт аркушы паперы ці пергаменту і ўсё, што на іх надрукавана.

Мудрэйшыя на зямлі людзі самыя лепшыя словы прысвяцілі ёй. З маленства мы памятаем загадку пра яе: «Без языка, а гаворыць...»

«Сапраўдны універсітэт нашых дзён,— пісаў англійскі гісторык Томас Карлейль,— гэта збор кніг».

Наша беларуская кніга была імянінніцай. Ёй споўнілася чатырыста пяцьдзесят гадоў. З гэтай нагоды мы наведалі Дзяржаўны музей БССР, дзе сабраны кнігі ад сівой даўніны да нашых дзён.

Прасторны пакой. Высачэзныя шафы, застаўленыя кнігамі. Тут і старадрукаваныя помнікі, выдадзеныя ў беларускіх друкарнях, і першыя выданні з Расіі, і першыя кнігі, выдадзеныя пасля Вялікага Кастрычніка, і кнігі-рукапісы.

Наша кніга пачалася з 1517 года, калі палачанін Францыск Скарына ў Празе выпусціў «Псалтыр» — першынца, у якім на вякі пакінуў роднае слова. Потым пайшлі наступныя.

Старшы навуковы супрацоўнік Лявон Змітравіч Клок, аўтарытэтны спецыяліст па кнігах, асцярожна кладзе на стол кнігі-помнікі. «Лексікон Памвы Бярынды». Адзін з нямногіх экземпляраў тлумачальнага слоўніка, які быў у 1653 годзе надрукаваны ў друкарні Куцейнскага манастыра пад Оршай. Кнігу друкаваў магіляўчанін Спірыдон Собаль, які пераехаў сюды з Кіева.

Яшчэ больш рэдкая кніга «Новы завет» з друкарні рускага першаасветніка Івана Фёдарава, выдадзеная ў 1580 годзе на Украіне ў горадзе Астрозе. Кніга мае 356 лістоў.

— Бачыце, фарбы не паблеклі,— гаворыць Лявон Змітравіч.— Добрая папера. Застаўкі чырвоныя. Шрыфт прыгожы, выразны...

Не верыш, што кнізе блізка 400 гадоў. Колькі яна бачыла на сваім вяку! Хто чытаў яе? Каму належала яна?

Як вядома, кнігадрукаванне на Беларусі ў другой палове XVI і на пачатку XVII стагоддзя адыграла вялікую ролю ў культурным жыцці. Захоўваючы традыцыі Скарыны, беларускія асветнікі і друкары падтрымлівалі культурныя сувязі рускага, беларускага і ўкраінскага народаў.

У 1566 годзе Іван Фёдараў разам са сваім аднадумцам беларусам Пятром Мсціслаўцам пераязджае ў Беларусь. У Заблудаве на сродкі Рыгора Хадкевіча яны адкрываюць друкарню. Тут было надрукавана «Евангелле вучыцельнае», 814 старонак. Надрукаваная на стараславянскай мове, якая была блізкая і зразумелая для беларусаў, кніга з’явілася змагаром супраць каталіцызму.

Нядоўга праіснавала друкарня ў Заблудаве. Аднак яе роля вялікая. Іван Фёдараў і Пятро Мсціславец, якія пераехалі ў Вільню ў друкарню братоў Мамонічаў, прывезлі з сабою новыя шрыфты і новыя спосабы друкавання. Выданне кніг у Беларусі рушыла наперад. Адна за другой узнікаюць друкарні ў Буйнічах, Цяпіне, Нясвіжы, Магілёве, крыху пазней — у Ашмянах, Слоніме, Бялынічах. У XVII стагоддзі друкарні былі ў Мінску, Полацку, Пінску, Заслаўлі Пасля Скарыны яго справу прадаўжалі такія энтузіясты, як Пятро Мсціславец, Васіль Цяпінскі, Сымон Будны, браты Кузьма і Лукаш Мамонічы.

Кнігі, што выдаваліся ў беларускіх друкарнях, мелі добрае мастацкае і тэхнічнае афармленне, яны былі не горшыя за тыя, што друкаваліся ў іншых краінах. Вось хоць бы «Лексікон Памвы Бярынды», выдадзены ў Куцейне: ціснены скураны пераплёт, выразны шрыфт, добрая папера, удала, з густам падабраныя застаўкі, арнаменты-канцоўкі.

Не горшыя кнігі, выдадзеныя ў друкарні Сымона Буднага: «Рыторыка К. Соарыя», «Выбраныя пісьмы» Цыцэрона. «Неба» — новы твор архімандрыта Галятоўскага, «Актоіх» — выданні магілёўскай друкарні Максіма Вашчанкі. «Катэхізіс» Лаўрэнція Зізанія, выдадзены ў Гродна. «Евангелле вучыцельнае», выдадзенае ў 1616 годзе ў Еўі.

— Між іншым,— заўважае Лявон Змітравіч,— «Евангелле вучыцельнае» — кніга з цікавай біяграфіяй. Яна была ў даваенным гісторыка-краязнаўчым музеі ў Мінску. У часе вайны кнігу вывезлі ў Германію. Савецкія воіны сярод іншых каштоўнасцей вярнулі «Евангелле» з палону...

Першыя кнігі, выдадзеныя ў старым Мінску: паэма Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Гапон» (1856), «Мінея святочная, належачая Мінскай епархіі».

Кнігі-рукапісы, летапісы, службоўнікі, слоўнікі, падручнікі, статуты... Усё гэта — галасы гісторыі. Нібы чуеш, як крочыць эпоха за эпохай. Уяўляеш, як з глыбінь народных ірвалася на волю роднае слова, бо яно было ў загоне.

Кніжак на беларускай мове амаль не было. І калі якая-небудзь кніжачка і з’яўлялася на свет, то было вялікай падзеяй. Пра гэта вельмі хораша сказаў Максім Багдановіч, якому ўдалося ўбачыць надрукаванымі свае вершы: «У краіне светлай, дзе я ўміраю, у белым доме ля сіняй бухты, я не самотны, я кнігу маю з друкарні пана Марціна Кухты».

Сціплыя, простыя кніжкі, выдадзеныя ў дарэвалюцыйны час у Вільні, кранаюць і хвалююць.

Песня Я. Купалы «А хто там ідзе?». Музыка Л. М. Рагоўскага. 1910 год.

Пятро Беларус. «Якім бяздольны». 1914 год.

Змітрок Бядуля. «Абразкі».

К. Буйла. «Курганная кветка»...

Тыя, хто сеяў першыя зярняты роднай культуры, верылі, што настане светлы час і беларусы атрымаюць сваю пісьменнасць. «Загляне сонца і ў наша ваконца»,— чытаем на першай старонцы першага зборніка вершаў Янкі Купалы «Жалейка», які быў выдадзены ў 1908 годзе ў Пецярбургу ў друкарні К. Пянткоўскага. Тут жа, у Пецярбургу, яшчэ раней, у 1903 годзе, Янка Лучына (Іван Неслухоўскі) выдаў маленечкі зборнік вершаў «Вязанка» — усяго 24 старонкі.

Сэрцы беларусаў сагравала святло блізкай па духу рускай культуры, якая ішла з Пецярбурга і Масквы. У самыя, здавалася б, глухія куткі даходзілі кнігі, што выдаваліся ў Расіі.

На паліцы — чатыры важкія тамы. Карл Маркс «Капітал. Крытыка палітычнай эканоміі». Гэта — поўны пераклад з 5-га, праверанага Фрыдрыхам Энгельсам, выдання, пад рэдакцыяй В. Базарава і І. Сцяпанава, Масква, 1909 год. Яшчэ ранейшае (1899) пецярбургскае выданне «Капітала» пад рэдакцыяй П. Струве; Карл Маркс «Убоства філасофіі», Санкт-Пецярбург, 1906 год; Н. Ленін «Даклад пра аб’яднаны з'ёзд РСДРП. Пісьмы да пецярбургскіх рабочых», 1906 год.

Яшчэ адна кніжка. Дата выдання: 1917 год. Мінская губернская друкарня...

На вокладцы: «Камітэт заходняга фронту. Вялікая расійская рэвалюцыя. Акты і падзеі рэвалюцыйнага перыяду». У змесце брашуры — кароткі агляд падзей на фронце. Лёс дынастыі. Дзеянні Часовага выканаўчага камітэта Дзяржаўнай думы. Загады галоўнакамандуючага арміяй.

З першых дзён Вялікага Кастрычніка беларускае кнігадрукаванне стала на дзяржаўны шлях развіцця і за гады Савецкай улады дасягнула сапраўднага росквіту. Кніга, якой мы бачым яе сёння на прылаўках магазінаў, на сваіх кніжных паліцах, стала такой не адразу. Яна прайшла доўгі і складаны шлях.

На стале — стос кніжак і брашур, якімі толькі што папоўнілася калекцыя музея. Вельмі каштоўныя кнігі — першыя выданні ў Беларусі пры Савецкай уладзе. Сапраўдны скарб!

Увесь дзень я праглядаў гэтыя кніжкі і брашуры. Яны з адной бібліятэкі. Іх збіраў наш зямляк, член партыі з 1917 года, персанальны пенсіянер Л. І. Стронгін, які жыве ў Маскве. У першыя гады савецкага ладу Леў Ізраілевіч жыў у Мінску і быў звязаны з паліграфічнай вытворчасцю, з’яўляўся адным з першых прафсаюзных работнікаў. Гэта бачна і па кнігах, якія ён падараваў сваім землякам.

Кніжак не багата — каля двух дзесяткаў. Але кожная вартая таго, каб заняць месца ў калекцыі. Зборнікі першых прафсаюзных з’ездаў, даведнікі — адрасна-даведачная кніга і каляндар на 1923 год (Белтрэстдрук. Мінск), «Беларуская ССР 1922—1923 гг. да 5-га ўсебеларускага з'езда Саветаў. Мінск. 1924 г.», «Уся Беларусь на 1925 год», «Беларуская Савецкая сацыялістычная рэспубліка. Выдавецтва СНК БССР. Менск — 1927 г.», слоўнік М. Байкова і М. Гарэцкага, выдадзены ў 1924 годзе, альбомы, зборнікі нарысаў пра будні беларускіх паліграфістаў, камплекты газет «Всероссийский печатник» за 1919 год, «Известия» Цэнтральнага бюро КП(б) Беларусі за 1921 год, «Голас» — орган Савета прафсаюзаў Беларусі.

Нельга не ўспомніць яшчэ пра дзве рэчы, падараваныя Л. Стронгіным музею. Першая—«1905 год у Беларусі», зборнік архіўных дакументаў: даносы жандарскіх улад і розных губернскіх канцылярый дэпартаменту паліцыі пра забастоўку ў Мінску, Пінску, Дзвінску, Віцебску і іншых месцах. І другая — «Справаздача народнага камісарыяту сацыяльнай апекі», выдадзеная да 5-га з’езда Саветаў БССР. У ім цікавыя матэрыялы пра зверствы акупантаў на Беларусі і клопаты маладой рэспублікі Саветаў аб інвалідах, беспрытульных і дзецях-сіротах.

Сярод мастацкіх кніг з бібліятэкі Л. Стронгіна зборнік К. Крапівы «Крапіва» — выданне 1925 года; паэма Я. Коласа «Сымон-музыка» (1925). На першай старонцы радкі: «Беларускай моладзі сваю паэму прысвячаю. Аўтар». Кніжка была выдадзена чатырохтысячным тыражом. «Цішка Гартны, Сокі цаліны. Раман у 3-х квадрах. ІІ-я квадра. На перагібе. 1926 год. Менск». Падарунак мае аўтограф: «Паважанаму і шаноўнаму т. Л. Стронгіну ў адзнаку сумеснае таварыскае працы па выдавецтву на працягу доўгага часу аддае прыязны аўтар на ўспамін. Цішка Гартны. Масква, 29.V.26.»

Кнігі, якія перадаюцца ў падарунак музею,— шчодрая крыніца папаўнення музейнай кніжнай калекцыі. Многія беларускія пісьменнікі, беларускія вучоныя, старыя камуністы, удзельнікі грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, героі пяцігодак, землякі, якія жывуць за межамі рэспублікі, прысылаюць музею свае кнігі з аўтарскімі дарункавымі надпісамі.

Скарбніца музея ўвесь час папаўняецца. Для яго папаўнення многа сіл прыклалі Лявон Клок, Рэгіна Доўнар-Запольская, Васіль Марутка, Пятро Лавецкі, Генадзь Баркун, Алена Заклінская, Аляксандр Савельеў і іншыя энтузіясты...

У абноўленых залах Дзяржаўнага музея БССР між іншых духоўных каштоўнасцей мы бачым жывую гісторыю беларускай кнігі, даступнай сёння ўсім.

 

 

УРОКІ МУЖНАСЦІ

На Цэнтральнай плошчы Мінска ўзвышаецца светлы, лёгкі будынак. У ім — Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Тут заўсёды людна. Турысты, школьнікі, маладыя воіны...

Якраз пачыналася экскурсія, і мы далучыліся да яе. Старэйшая супрацоўніца музея экскурсавод Вера Альфонсаўна Крывічаніна — былая партызанка, расказвае пра першыя дні вайны, пра тое, як змагаліся воіны Чырвонай Арміі, абараняючы родную зямлю ад вераломных фашысцкіх полчышчаў.

— Паглядзіце,— запрашае наведвальнікаў Вера Альфонсаўна.— Вось гэтую гімнасцёрку і камсамольскі білет лейтэнанта Аляксея Наганава знайшлі пры раскопках руін Брэсцкай крэпасці. А гэта зброя, сабраная ў крэпасці...

Нямеркнучай славай пакрылі сябе нашы воіны пры абароне Мінска, Магілёва, Ленінграда, Масквы, Севастопаля, Адэсы і іншых гарадоў Савецкай краіны. У новай экспазіцыі — матэрыялы пра подзвігі воінаў-беларусаў, якія ўдзельнічалі ў гераічнай абароне Масквы і Ленінграда.

33-я армія, якая перагарадзіла дарогу фашыстам на подступах да Масквы, трапіла ў акружэнне. Дзякуючы гераізму такіх воінаў, як лётчык-беларус Іван Казлоўскі, які зрабіў 48 баявых вылетаў, з акружэння былі вывезены раненыя, для арміі былі дастаўлены зброя, боепрыпасы, харчаванне. Яго подзвіг запісаны ў гераічны летапіс Айчыннай вайны. З партрэта на вас пазірае просты беларускі хлопец-лётчык — Герой Савецкага Саюза Іван Казлоўскі. Пад шклом яго ўзнагароды — ордэн Леніна, зорка Героя, чатыры ордэны Чырвонага Сцяга, ордэн Чырвонай Зоркі, медалі «За адвагу», «За баявыя заслугі». Побач партрэты іншых сыноў беларускага народа, якія ўдзельнічалі ў абароне сталіцы нашай Радзімы і ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза — генерал-маёра А. Барэйкі з Віцебшчыны, генерал-лейтэнанта Е. Дабравольскага і палкоўніка І. Хруцкага з Магілёўшчыны, генерал-палкоўніка І. Камеры з Гродзеншчыны...

Сярод беларусаў, якія змагаліся за абарону Ленінграда, вядомы снайпер Фёдар Смалячкоў. За тры месяцы баёў ён знішчыў 120 фашыстаў! Выяўлена імя новага снайпера-беларуса з Аршаншчыны Пятра Кузьмянкова, які ў баях на Ленінградскім фронце знішчыў звыш 200 фашыстаў.

Новыя, каштоўныя матэрыялы ў экспазіцыі пра абаронцаў Мінска ў першыя дні вайны. Наведвальнікі з цікавасцю аглядаюць матор, выстаўлены ў першай зале. Гэта — рэшткі самалёта, на якім капітан Гастэла са сваімі двума сябрамі здзейсніў легендарны подзвіг у першыя дні вайны. Матор быў знойдзены па полі недалёка ад Радашковіч і здадзены ў музей.

Беларусь — рэспубліка, якая прыняла на сябе першы ўдар ваеннай браніраванай машыны гітлераўскай Германіі.

Фашысты, акупіраваўшы Беларусь, прынеслі з сабою «новы парадак» — рэжым тэрору, разбою і рабства. За час акупацыі знішчана 209 гарадоў, 9200 сёл і вёсак, І 200 000 будынкаў. А чалавечыя жыцці! Ніколі не забудуцца страшныя лічбы: у лагерах смерці па тэрыторыі Беларусі замучана і знішчана 1 мільён 400 тысяч чалавек грамадзянскага насельніцтва і 800 тысяч ваеннапалонных.

Натуральна, што савецкія людзі не маглі мірыцца з фашысцкім «новым парадкам». Пад нагамі акупантаў гарэла зямля — ім не было спакою ні ўдзень, ні ўночы, ні ў гарадах, ні ў вёсках...

Беларусь стала краінай класічнага партызанскага руху. Аглядаючы матэрыялы, выстаўленыя ў трох залах, мы маем магчымасць прасачыць, як на беларускай зямлі нараджаўся, рос і шырыўся рух народнага гневу, як разгарэлася і зашугала полымя партызанскай барацьбы.

Славуты Дзед Талаш — партызан дзвюх войнаў, Ціхан Бумажкоў — першы з беларускіх партызан,— удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Мінай Шмыроў (Бацька Мінай) — камандзір Першай беларускай партызанскай брыгады на Віцебшчыне, Канстанцін Заслонаў — славуты камандзір аршанскіх партызан-чыгуначнікаў, Васіль Корж — адзін з першых палескіх народных мсціўцаў, які стаў камандзірам партызанскага злучэння на Піншчыне, Васіль Казлоў — сакратар Мінскага падпольнага абкома партыі і кіраўнік партызанскага злучэння на Міншчыне, Пятро Машэраў — камандзір партызанскага атрада на Полаччыне, Фёдар Маркаў — камандзір Вілейскай партызанскай брыгады, Кірыла Арлоўскі — камандзір партызанскага атрада ў Баранавіцкім злучэнні... Толькі некалькі прозвішчаў з галерэі герояў усенароднай партызанскай барацьбы ў Беларусі.

Выстаўлены новыя экспанаты, знойдзеныя і сабраныя ў апошнія гады: тут і асабістыя рэчы многіх славутых герояў-партызан і партызанскіх кіраўнікоў, і прадметы партызанскага побыту, і партызанская зброя.

Гармата на колах. Яе знялі з пабітага танка партызаны атрада «Іскра», у кузні паставілі на колы ад сеялкі, і гармата добра служыла партызанскім артылерыстам.

Снарады. Бомбы. З іх партызанскія падрыўнікі выплаўлялі тол і рабілі міны, якімі падрывалі эшалоны, розныя ваенныя аб’екты.

У партызан былі свае майстэрні па рамонту зброі, вырабу амуніцыі. Дэманструецца набор інструментаў і абсталявання майстэрняў мінскай брыгады «Разгром» і пінскага атрада імя Катоўскага.

Шырока прадстаўлена дзейнасць камуністычнага падполля. Паказваюцца экземпляры першых нумароў газеты «Звязда», што былі выдадзены камуністамі-падпольшчыкамі ў 1942 годзе ў Мінску. На здымку мы бачым домік, дзе рыхтаваліся гэтыя нумары, і партрэт гаспадыні доміка Таццяны Якавенка.

Друк — вострая зброя. Яна добра служыла агульнанароднай справе барацьбы ў гады вайны. Карта камуністычнага падпольнага друку на часова акупіраванай фашыстамі Беларусі паказвае, дзе выдаваліся падпольныя газеты. У той час выходзілі сто шэсцьдзесят дзве газеты, у тым ліку тры рэспубліканскія, чатырнаццаць абласных, сто сорак пяць міжраённых і раённых.

Партызанская знаходлівасць не ведала межаў. У звычайнай сумачцы-рыдыкюлі мінчанка Алена Мазанік прынесла міну, якою быў знішчаны кат беларускага народа гітлераўскі генеральны камісар у Беларусі Вільгельм Кубэ. Гэта сумачка стала рэліквіяй.

Звычайны стары насценны гадзіннік. У ім падпольшчыкі хавалі камуністычную літаратуру. Звычайная хустка-канаплянка. У ёй партызанская сувязная Марыя, адна з шасці сясцёр-падпольшчыц Хаўранковых з Магілёва, пераносіла партызанскія лістоўкі. Маток тэлефоннага шнура. З яго дапамогай Аляксандр Азончык, бясстрашны партызан з атрада «Патрыёт», што дзейнічаў на Вілейшчыне, са сваімі сябрамі-падрыўнікамі пусціў пад адхон 47 эшалонаў праціўніка.

Драбавік, з якім пачаў партызаніць стары селянін з вёскі Бастынь Барыс Нікандравіч Цяльпук. Уся яго сям’я — адзінаццаць чалавек — таксама была ў партызанах.

Кажушок падлетка-партызана Ігара Слімбарскага; палявая сумка, з якой партызаніў падлетак Іван Стасевіч; жорны, якімі карысталіся барысаўскія партызаны,— усё гэта цяпер рэліквіі, што даюць адчуць абстаноўку тых агнявых векапомных дзён.

Сцягі. Іх многа, слаўных, авеяных героікай партызанскіх сцягоў. Ад сцяга 1-й беларускай брыгады Бацькі Міная і да аксамітнага палотнішча, на якім золатам вышыты словы: «Пераходны Чырвоны сцяг ЦК ВЛКСМ лепшай камсамольскай партызанскай брыгадзе»...

Як сімфонія народнага гневу, гучаць лічбы на стэндзе ў трэцяй партызанскай зале: на тэрыторыі Беларусі дзейнічала 1108 партызанскіх атрадаў, аб'яднаных у 199 брыгад — звыш 370 000 партызан. У гарадах і райцэнтрах вялі работу 70 000 падпольшчыкаў. Акрамя таго, амаль 400 000 чалавек, што жылі ў вёсках і лясных лагерах,— магутны партызанскі рэзерв, сіла гневу і помсты, якая памагала лясным байцам.

Яшчэ ў трох залах шырока і грунтоўна асвятляецца роля савецкага тылу, які забяспечваў усім неабходным Савецкую Армію; подзвігі воінаў-беларусаў на франтах у гады Айчыннай вайны; вызваленне Савецкай Арміяй Беларусі з-пад ярма акупантаў; вызваленчы паход савецкіх войск па краінах Заходняй Еўропы; іх пераможнае шэсце, якое закончылася поўнай капітуляцыяй фашысцкай Германіі.

У вызваленні Беларусі ўдзельнічалі воіны шмат якіх нацыянальнасцей. Яны змагаліся, як адна дружная сям’я савецкіх патрыётаў.

На відным месцы — партрэты нашых выдатных савецкіх палкаводцаў, пад шклом асабістыя рэчы, узнагароды тых, хто загінуў, вызваляючы беларускую зямлю.

Асобныя стэнды прысвечаны героям вызвалення Віцебска, Магілёва, Мінска, Гомеля... Генерал-маёр танкавых войск Бахараў, які змагаўся за многія беларускія гарады, генерал-палкоўнік Глаголеў, генерал-лейтэнант Пулка-Дзмітрыеў — актыўныя ўдзельнікі вызваленчага паходу па зямлі Беларусі.

Усё новыя і новыя імёны герояў Айчыннай вайны, нашых слаўных землякоў. Аляксандр Гурын — контр-адмірал, удзельнік абароны Запаляр’я; Сцяпан Шутаў — двойчы Герой Савецкага Саюза, камандзір 20-й гвардзейскай танкавай брыгады, якая вызваляла Кіеў; Міхаіл Батракоў — старшы лейтэнант, Герой Савецкага Саюза, які ўдзельнічаў у вызваленні Прыбалтыкі; Аляксандр Гаравец — Герой Савецкага Саюза, адзіны лётчык у свеце, які ў адным баі на Курскай дузе збіў дзевяць варожых самалётаў; старшы лейтэнант Пятро Гучок, лётчык, які ўдзельнічаў у штурме Берліна; Пятро Бандарэнка — контр-адмірал, начальнік палітупраўлення Чарнаморскага флоту; Сяргей Гарадовіч, старшына, што за гераізм і адвагу ў баях на Одэры атрымаў высокую ўзнагароду — ордэн Багдана Хмяльніцкага...

Пералік яшчэ можна доўжыць. Яркія біяграфіі герояў-патрыётаў з’яўляюцца прыкладам таго, як трэба жыць, каб стаць верным сынам сваёй Айчыны.

Савецкая Армія — дзецішча сацыялістычнай дзяржавы — гартавалася ў цяжкіх баях, дужэла ў полымі вайны. Мы захапляемся яе грознай тэхнікай, магутнай зброяй.

Славутая «кацюша» — гвардзейскі рэактыўны мінамёт, які наводзіў страх на гітлераўцаў. Экскурсавод расказвае пра подзвіг гарматнага разліку ў складзе Барадуліна, Святлічнага і Назаранкі. Хлопцы каля вёскі Кажамякі засланілі шлях нямецкай дывізіі, якая выбіралася з віцебскага «катла». Воіны загінулі як героі, але вораг не прайшоў.

Пачэснае месца ў музеі займае гаўбіца № 12667, якой камандаваў капітан Іван Самбук — родам з Мазыршчыны.

Ён пачаў ваяваць гэтай гарматай у 1941 годзе пад Масквой. Быў спачатку зараджаючым, наводчыкам, а потым стаў камандзірам. У баях за Дняпро і Прыпяць атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. Удзельнічаў у вызваленні Прагі і закончыў вайну на Эльбе. Надпіс на шчыце гарматы паведамляе, што яна знішчыла 7 фашысцкіх танкаў, 18 бронетранспарцёраў, 89 кулямётаў, 39 дзотаў, 29 агнявых кропак. Даведаўшыся, што старая гаўбіца мае такую баявую біяграфію, воіны перадалі яе ў музей. Яе былы камандзір Іван Елісеевіч Самбук — выкладчык Мінскага радыётэхнікума — наведваецца ў музей, дзеліцца ўспамінамі.

...Зала Перамогі. Яна выглядае велічна і строга. Злева — вялікая, амаль на ўсю сцяну, копія карціны мастакоў Кукрыніксаў «Падпісанне акта пра безагаворачную капітуляцыю Германіі». Пад ёй на шыльдачцы словы: «Чырвоная Армія дабіла ворага і прымусіла яго скласці зброю». На падлозе — сцягі і штандары гітлераўскай Германіі, перад імі грудок трафейнай зброі, касак.

А направа, як сімвал нашай слаўнай перамогі, урачыста развяваюцца чырвоныя сцягі ўсіх саюзных рэспублік. Дружная сям’я савецкага народа разграміла германскі фашызм, які ўяўляў смяртэльную небяспеку для ўсяго чалавецтва.

Людзі, будзьце пільныя!

Кожны, выходзячы з музея, прачытае гэтыя словы, што на транспаранце перад выхадам. І ў думках скажа: «Будзем берагчы мір. Праклён вайне!»

...У кнізе водгукаў, што ляжыць на століку,— поўна ўсхваляваных запісаў: «Дзякуем вам, дарагія таварышы з музея», «У памяць аб героях абяцаем добра вучыцца», «Мы ганарымся подзвігамі свайго народа», «Дарагія браты-беларусы, ленінградцы заўсёды з вамі», «Ад душы дзякуем усім, хто пабудаваў музей», «Будзем заўсёды берагчы мір», «Няхай заўжды будзе сонца!»

Подпісы турыстаў з Алтая, Краснаярска, воінаў з Поўначы, вучняў з Харкава, студэнтаў з Мінска, калгаснікаў з Палесся...

 

 

ЛЯ СЦЕН СЛАЎНАЙ ЦЫТАДЭЛІ

Брэсцкая крэпасць-герой. Хто не ведае сёння цытадэль на заходнім рубяжы, дзе ў першыя дні Айчыннай вайны змагаліся з фашыстамі воіны бессмяротнага гарнізона, праявілі масавы гераізм і стойкасць.

Кожны, каму выпадае трапіць у Брэст, стараецца пабыць у крэпасці, наведаць славутыя мясціны гераічнай баталіі, ваенны музей, у якім сабраны багаты матэрыял пра герояў-абаронцаў. Уся крэпасць стала запаведнікам, куды адкрыта свабоднае наведванне.

У прасторных залах выстаўлены мастацкія карціны, скульптуры, узоры зброі і амуніцыі, асабістыя рэчы ўдзельнікаў абароны, сцягі-рэліквіі.

...На стале — свежыя пісьмы, здымкі. С. Бабронак з Львова паведаміў, што адшукаў і высылае рэдкія фотаздымкі сваіх баявых сяброў-пагранічнікаў, якія змагаліся ў крэпасці; А. Сакян з Масквы прыслаў сваю франтавую запісную кніжку і кінжал, з якім змагаўся ў крэпасці.

Музей-крэпасць адкрыт круглы год. Наведваюць крэпасць і групамі, і ў адзіночку, моладзь і людзі пажылыя, што на сваіх плячах перанеслі цяжар і жахі мінулай вайны. Прыходзяць маладыя воіны, якім усё здаецца казкай-легендай, прыходзяць ветэраны, якія самі перажылі ўсё гэта. Ідуць піянеры, якім подзвігі толькі сняцца...

У суровай маўклівасці людзі ходзяць па залах, глядзяць здымкі герояў-абаронцаў крэпасці, аглядаюць шматлікія рэчы іх воінскага побыту, і ў іх душы нараджаюцца пачуцці вялікага захаплення іх подзвігам.

Людзі чытаюць дакументы, якія расказваюць аб зверствах фашыстаў, глядзяць здымкі нямецкай кінахронікі, слухаюць хвалюючыя расказы экскурсаводаў, і з душы іх ірвуцца словы абурэння: «Не дапусцім больш такое, перагародзім дарогу вайне!»

Людзі ходзяць па зарослых травою, здзічэлых руінах, заглядваюць у маўклівыя казематы і бастыёны, аглядаюць разбурэнні і выбоіны на сценах, мацаюць скамянелыя ад агню цагляныя скляпенні і нібы чытаюць радкі суровай кнігі аб гераічным подзвігу ў першыя дні вайны.

Камні гавораць пра тое, што тут адбылося.

«Нас было трое масквічоў — Іваноў, Сцяпанчыкаў, Жунцяеў. Мы далі клятву, што не адыдзем адсюль. Ліпень, 1941».

«Я паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма. 20.VІІ.1941 года».

«Таварышы, адпомсціце за нас!»

З гэтымі надпісамі-споведзямі, якія зроблены ў цяжкія хвіліны на сценах казематаў, нібы пераклікаюцца цяперашнія запісы ў кнізе водгукаў, якія пакідаюць госці і наведвальнікі. Запісы гучаць, як клятва, як прысяга на вернасць любімай савецкай Айчыне.

«Мы ганарымся подзвігам нашых бацькоў і братоў,— піша камсамолец А. Белаконь.— І шкада, што мы спазніліся нарадзіцца, каб хоць крыху аблегчыць іх лёс».

Сяржант Дзевяткаў, наведаўшы са сваімі сябрамі-воінамі музей, запісаў:

«Мы таксама, як і яны, калі спатрэбіцца для Радзімы, будзем стаяць насмерць!»

«Дзякуй вам, родныя. Вы далі нам жыццё. Няхай мае дзеці будуць падобныя на вас. М. Гарошка (маці)».

Сярод шматлікіх водгукаў, якія нам давялося чытаць, кідаецца ў вочы запіс старога камуніста М. І. Какавіхіна, былога салдата, які некалі служыў у гэтай крэпасці і ўдзельнічаў у паўстанні 1905—1906 гадоў:

«...гэта добрая кузня па выхаванню... пакаленняў у гарачай любві да Радзімы і стойкасці да абароны нашай свяшчэннай і недатыкальнай зямлі».

Запісаў вельмі многа. Выказваюць свае пачуцці і савецкія людзі, і нашы зарубежныя госці, што пабылі ў музеі-крэпасці. Тут пакінулі свае подпісы і кубінскі патрыёт-камуніст Ласар Пенья, і грэчаскі паэт Алексіс Парніс, і славуты мастак Рокуэл Кэнт...

У Брэсце і на Брэстчыне жывуць тыя, хто змагаўся ў крэпасці. Яны — жывыя сведкі таго, што адбылося ў іх на вачах у цяжкія дні выпрабавання. Многае робяць ветэраны, каб увекавечыць памяць сваіх сяброў-паплечнікаў.

...Цёплы сонечны дзень. Дрэмлюць над ракою старыя вербы, звесіўшы ў задуменні над вадою вузлаватыя касмылі — голле. І яны — маўклівыя вартавыя — пад шчодрай ласкай сонца павесялелі. Апрануўшыся ў зялёную абнову, красуюцца-глядзяцца ў люстра ракі. З абодвух бакоў абрывістыя берагі абляпілі з вудамі рыбакі-аматары. Здаецца, яны сабраліся на нейкую сваю рыбацкую сходку. Але цішыня, незвычайная цішыня навокал. Не верыцца нават, што некалі кіпелі ад агню і выбухаў гэтыя сонныя хвалі.

Была нядзеля. І на раку, і ў крэпасць зранку пацягнуліся людзі. І гаражане, і прыезджыя. На зялёнай пляцоўцы, адкуль добра відаць чырвоныя сцены параненай цытадэлі і яе прыгожае адлюстраванне на зеленаватых хвалях,— раскінулі сваё начынне мастакі-студыйцы. Ля мальбертаў схіліліся і малады салдат, і школьнік, і пажылы рабочы. Над усім — яркае, ласкавае сонца. Высокае, чыстае неба.

Праз Кобрынскія вароты наведвальнікі заходзяць у крэпасць. У цэнтры цытадэлі нейкай грамадай выглядаюць руіны былой царквы, дзе перад вайною змяшчаўся гарнізонны клуб. Ад былога Белага палаца, дзе быў падпісаны ў 1918 годзе вядомы Брэсцкі мір, засталіся толькі падмуркі ды груды бітай цэглы. Направа з зялёнага мурагу выглядаюць белыя сцены бастыёнаў Усходняга форта, дзе стаялі насмерць гераічныя воіны пад камандай маёра Гаўрылава. Налева — вялізнай падковай цягнуцца двухпавярховыя казармы з Холмскімі і Цярэспальскімі варотамі, куды вораг абрушыў першыя штурмавыя ўдары.

...Ля Цярэспальскіх варот сабраўся натоўп. У цесным коле — невялікага росту смуглявы чалавек з указкай у руках. Гэта няштатны экскурсавод Уладзімір Піліпавіч Гаўрасаў.

Экскурсанты пабылі ўжо ў многіх памятных месцах і цяпер прыйшлі да сцен цытадэлі. Гаворка вялася пра гісторыю крэпасці, якая была збудавана сто год таму назад рускімі ваеннымі інжынерамі на самай граніцы ля рэк Мухавец і Заходні Буг.

— Ужо к пачатку нашага стагоддзя,— гаварыў Уладзімір Піліпавіч,— крэпасць не з’яўлялася сур’ёзным ваенным аб’ектам, яна страціла сваё ранейшае значэнне. Перад мінулай вайною яна была проста месцам, дзе размяшчаліся войскі, а ў казармах і падвалах знаходзіліся ваенныя склады. У першы дзень вайны тут змяшчаўся зусім невялікі гарнізон — меней двух палкоў пяхоты. На заходнім востраве былі пагранзаставы. Да крэпасці прымыкалі шпіталь і будынкі, дзе жылі сем’і ваеннаслужачых.

На золку 22 чэрвеня 1941 года фашысты рынуліся на граніцу, абрушылі тысячы тон снарадаў і бомбаў на крэпасць. Запалала былая царква, ірваліся склады. У крэпасць кінуліся хворыя са шпіталю, жанчыны і дзеці — сем’і воінаў. Неўзабаве праз мост ля Холмскіх варот прарваліся немцы. Яны надумалі захапіць крэпасць з ходу. Згрупаваўшыся, воіны крэпасці і пагранічнікі ўдарылі дружным агнём з акон і байніц... З першага дня абарону крэпасці ўзначалілі капітан Зубачоў, начальнік пагранзаставы лейтэнант Кіжаватаў, палкавы камісар Фамін. Беручы прыклад са сваіх бясстрашных камандзіраў, у першыя ж дні вызначыліся адважныя героі змагання — лейтэнант Наганаў, радавыя браты Дарохіны... Гераічна змагаліся на Заходнім востраве пагранічнікі. Яны біліся да апошняга патрона і загінулі як героі.

— Не ўдалося ворагу ўзяць крэпасць ні на першы, ні на другі, ні на трэці дзень,— гучыць усхвалявана голас экскурсавода.— Фашысты хадзілі па некалькі разоў за дзень на штурм, але адкатваліся, гінулі ля сцен, падалі ў раку. І тады яны надумалі нечуваную подласць: сабралі палонных медыцынскіх сясцёр і пагналі іх перад сабою. Нашы воіны, вядома, не сталі страляць па сваіх.

І раптам адна з жанчын з натоўпу крыкнула: «Страляйце, ну, не марудзьце!..» Гэты крык падхапілі ўсе жанчыны, і ён гучаў, як загад.

З казарм, праз вокны на выратаванне жанчынам кінуліся нашы байцы. З акон верхняга паверха па фашыстах ударылі кулямёты.

Тут жа, непадалёку ад моста раз’юшаныя гітлераўцы пачалі расстрэльваць безабаронных жанчын...

...Гнеўнай помстай гараць вочы ў людзей, калі экскурсавод расказвае пра гераічныя подзвігі палкавога камісара Яфіма Фаміна. Усе моўчкі схіляюць галовы ля сцяны, дзе на мемарыяльнай дошцы золатам блішчаць словы: «Тут, ля Холмскіх варот, быў расстраляны фашысцкімі захопнікамі адзін з кіраўнікоў абароны Брэсцкай крэпасці, палкавы камісар Фамін Яфім Майсеевіч».

Жанчына з заўчасна пасівелымі скронямі падышла да сцяны і беражна палажыла букет сініх пралесак.

— Я асабіста ведала Яфіма Майсеевіча,— ціха сказала жанчына, змахнуўшы з вачэй слязу.— Цудоўнай душы быў чалавек!..

Праскоўя Аляксееўна Гарэлава — так завуць гэтую жанчыну — служыла ў шпіталі і ў першы дзень вайны трапіла ў палон. Сярод тых нямногіх, каму ўдалося застацца жывымі, была і Праскоўя Аляксееўна. З ёй знаходзілася шасцігадовая пляменніца Валя. Успамінаючы тыя жахлівыя дні, Праскоўя Аляксееўна гаворыць:

— Ніколі не забуду, як мы выносілі дзяцей з агню, не забуду водбліскаў злавеснага агню ў іх чыстых вачах. Ніколі і нідзе не забывайце, людзі, тых, хто загінуў ля гэтых сцен, пад гэтымі мурамі, ратуючы ваша юнацтва!..

Экскурсанты праз Холмскія вароты выходзяць зноў у цытадэль. Спыняюцца ля зруйнаванага будынка, дзе змяшчалася школа шафёраў пагранвойск. Ад будынка засталася груда цэглы і глыбокія скляпенні падвала.

Экскурсавод расказвае:

— У гэтых падвалах воіны пакляліся абараняць крэпасць да канца,— стаяць насмерць. Немцы кідалі бомбы, білі з гармат. Потым у вокны шуганула полымя з агнямётаў. Плавілася цэгла, абвальваліся двухметровыя сцены, але абаронцы трымаліся. Забітых і параненых байцоў змянялі жанчыны, падлеткі. У атакі разам з усімі хадзіў семнаццацігадовы выхаванец 333-га палка Пеця Васільеў. Аднойчы, калі закончылася атака на гарнізонны клуб, Пеця замяніў параненага кулямётчыка. Яго кулямёт бязлітасна касіў ворага. У час аднаго з артылерыйскіх налётаў Пеця быў сам смяртэльна паранены. Калі сюды на дапамогу падаспелі байцы разам са старшым лейтэнантам Патапавым, Пеця быў яшчэ жывы. Ён ляжаў на разбітым кулямёце, нібы абараняючы яго...

— Гэта правільна,— пачулася з натоўпу.— Я тады быў там. Калі схіліўся над Пецем, ён прашаптаў апошнія словы: «Родным... у Сталінград... сталінградцам перадайце...»

Гэта гаварыў пажылы мужчына, былы старшына 333-га палка Міхаіл Ігнатавіч Ігнацюк, што ўдзельнічаў у абароне крэпасці. З ім стаяў маладжавы з твару, хударлявы чалавек і пільна ўслухоўваўся ў тое, што расказваў экскурсавод.

— Як добра, што вы прыйшлі, Рыгор Сяргеевіч,— раптам выгукнуў экскурсавод.— Раскажыце пра абарону Усходняга форта, вы ж там былі, трымалі апошнюю абарону...

Усе з захапленнем і ўдзячнасцю паглядзелі на гэтага сціплага чалавека — былога фельчара транспартнай роты 333-га палка Рыгора Сяргеевіча Макарава. А ён, узрушаны, разглядаў казематы і скляпенні форта, доўга маўчаў, узіраючыся і аб нечым думаючы, а потым задумліва прыгадваў:

— Во тут мы збіраліся... Тут кватаравала наша рота... А гэта сталовая... Вунь далей была канюшня... Як пачалася вайна, мы занялі абарону на ўмацаваннях, а потым перабраліся ў казематы. Баямі кіравалі спачатку камандзір роты Маркаў і камандзір 393-га артылерыйскага дывізіёна Шрамко. На трэція суткі да нас з Заходняга форта прыбыў маёр Гаўрылаў, прыняў на сябе камандаванне. Адбыўся партыйны сход, на якім прынялі рашэнне — абараняць крэпасць да апошняга дыхання.

Гітлераўцы абстрэльвалі форт з кулямётаў, з танкаў, з гармат, трымалі ўвесь час пад кулямётным абстрэлам, але нічога не дамагліся. У нас не было харчу: елі камбікорм і авёс, які знаходзілі ў казематах, не было вады — выкапалі калодзеж і пілі ржавую ваду...

Пасля таго як на ўмацаванні паляцелі бомбы вагою паўтары — дзве тоны, ворагу ўдалося прарвацца ў форт. Памятаючы загад камандзіра, малодшы сяржант Радзівон Семянюк, якому было даручана ахоўваць сцяг, паклаў у вядро чырвонае палотнішча і закапаў у надзейным месцы.

Праз пятнаццаць год Семянюк прыехаў у крэпасць, адшукаў тое месца і перадаў сцяг у музей.

На дзесятыя суткі нас, параненых і кантужаных, захапілі ў палон. Тут было шмат дзяцей і жанчын, і яны дзялілі з намі ўсе пакуты асады...

Рыгор Сяргеевіч Макараў, як і многія іншыя абаронцы крэпасці, што параненыя і кантужаныя трапілі ў палон, уцёк з лагера, і працягваў змаганне ў партызанскім атрадзе.

...На мяккім мурагу, ля сцен старой цытадэлі паселі ў цесны гурток былыя ветэраны — удзельнікі славутай, незабыўнай абароны. Прыгадваюць тыя цяжкія пякельныя дні, былыя паходы. Ёсць што ўспомніць, ёсць што расказаць дзецям — нашым сучаснікам, за шчасце якіх яны змагаліся. Байцы-ветэраны завяшчаюць моладзі: «Свята беражыце і памнажайце традыцыі сваіх бацькоў-камуністаў, любіце сваю маці-Радзіму такой сыноўняй любоўю, як тыя маладыя героі, што палеглі назаўсёды ля гэтых свяшчэнных муроў!»


1986?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан