epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

«І ўсё ж я шчаслівы...»

Кажуць, што прывычка — другая натура. Мне, як правіла, перш чым нешта пісаць, даводзіцца нямала памэнчыцца над загалоўкам. Здаецца, што загаловак неяк вызначае кірунак, адводзіць межы, якіх трымаешся ў хадзе думкі. Гэтак і абдумванне юбілейнага слова пра Уладзіміра Навумавіча Мяжэвіча, якому цёплым маёвым днём споўнілася семдзесят пяць (аж не верыцца, што такі салідны ўзрост у чалавека, а ён быў жвавы, напоўнены прагаю жыцця і аптымізму!), пачалося з пошуку загалоўка. Думаў, каб ужо сам загаловак акрэсліваў тое, што хочацца сказаць пра сціплага, сумленнага і мужнага чалавека, які ўжо больш як пяцьдзесят гадоў знаходзіўся ў баявых парадках ідэалагічных байцоў.

Пасля таго як мы сустрэліся з Уладзімірам Навумавічам (ён быў у бальніцы, але зусім не скардзіўся на свае немачы), я адчуў, што загаловак мне падкажа сам юбіляр. Мы доўга гаварылі, і ён зноў вяртаўся ў сваю маладосць, расказваў, як пачыналіся тыя першыя, незабыўныя крокі ў ягоным жыцці, як «захварэў» газетай і як яна, газета «Беднота», заступніца і дарадца ўчарашніх галетнікаў, надрукавала яго першы допіс. То была гнеўная нататка пра кулака-захрыбетніка, які знясільваў бядняцкага падлетка Хведзьку Стрыгуна. Камсамолец Уладзімір Мяжэвіч смела выступіў у абарону свайго таварыша, не збаяўся, што за такі ўчынак мог заплаціць маладым жыццём.

Уладзімір Мяжэвіч нарадзіўся ў 1907 годзе ў вёсцы Крывуша, што на Аршаншчыне. Сям’я была мнагадзетная, а зямлі зусім мала. Бацька вярнуўся з імперыялістычнай вайны хворы, паранены і неўзабаве памёр. Валодзя стаў за гаспадара і кармільца. У дванаццаць гадоў трэба было і араць, і баранаваць, і абмалочваць сабраны ўраджай — сваім мазалём здабываць кавалак хлеба. Вучыцца давялося толькі дзве зімы. Як толькі наставала вясна, яго кнігамі былі поле і луг, яго школай — барана, плуг, сявенька...

Мяжэвіч рана прыахвоціўся да грамадскіх спраў — ён прагна чытаў газеты і часопісы, уліўся ў шэрагі актывістаў, а неўзабаве стаў загадчыкам хаты-чытальні. Як актывіста яго вылучаюць на камсамольскую работу.

У той жа час Уладзімір Мяжэвіч стаў актыўным селькорам. З 1929 года ён працуе ў рэдакцыі газеты «Звязда». То быў час рэвалюцыйнай рамантыкі, абуджэння працоўных нізоў, учарашніх батракоў і беднякоў, час небывалага энтузіязму вясковай моладзі, якой адкрыла ўсе дарогі ў свет савецкая ўлада. Як толькі пачалася калектывізацыя, малады журналіст цэлымі месяцамі жыве ў вёсцы, дапамагае партыі натхнёным словам ствараць першыя калгасы. Усю зіму 1931 года ён знаходзіцца на Случчыне, удзельнічае ў стварэнні аднаго з першых калгасаў — «Камбайн». Вясной таго ж года выходзіць і першая кніжка яго нарысаў «Крок у будучыню». Многае з таго, што ён тады ўбачыў і захаваў у памяці, ярка і вобразна ўзноўлена ў кніжцы «Спатканне на дарогах», якую аўтар сціпла назваў запіскамі карэспандэнта.

Хвалююча чытаюцца нарысы і замалёўкі, у якіх аўтар расказвае аб сваіх сустрэчах з А. Р. Чарвяковым і М. М. Галадзедам, з іншымі вядомымі людзьмі. Усё лепшае з напісанага У. Мяжэвічам — з жыцця, з перажытага. Адзін з раздзелаў кнігі «Спатканне на дарогах» названы «З блакнотам па Беларусі». У ім — адрасы тых мясцін, дзе пабываў Мяжэвіч-журналіст. А пабываць яму давялося шмат дзе: і на будаўніцтве Бабруйскага дрэваапрацоўчага камбіната, і Крычаўскага цэментнага завода, і Магілёўскай шаўковай фабрыкі... Напісана пра ўсё гэта цёпла і шчыра. Яго памяць захавала не толькі падзеі і факты, але і вобразы мужных людзей, творцаў новага жыцця, новага грамадства.

Уладзімір Мяжэвіч многа гадоў працаваў за межамі Беларусі. Але і там, у Сібіры, у тайзе, быў у думках з родным краем, жыў падзеямі, якія хвалявалі землякоў.

Прыехаўшы ў Мінск, У. Мяжэвіч заняўся любімай справай — журналістыкай. «Беларусы ў Сібіры» — была яго першая карэспандэнцыя, якую ў 1956 годзе надрукаваў у часопісе «Маладосць».

Крытычныя выступленні, артыкулы, фельетоны, якія друкаваліся за подпісам У. Мяжэвіча, вартыя таго, каб іх чыталі і перачытвалі. Маладым не сорам павучыцца.

І найперш — смеласці і мужнасці, якія так неабходныя публіцысту.

...Як мы тады гутарылі з Уладзімірам Навумавічам, на развітанне ён сказаў: «Нягледзячы на ўсе «превратности» лёсу, усё ж я шчаслівы...» Вось чаму ўсе мае загалоўкі, хаця яны і адпавядалі маёй задуме, давялося адкінуць.

Памёр У. Н. Мяжэвіч у 1982 годзе, 1 ліпеня.


1986?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан