epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Яначка

Янка Раманоўскі ўвосень 1959 года прыняў пасаду мастацкага рэдактара «Маладосці». Штодзень да яго ішлі маладыя і вядомыя графікі і жывапісцы, фотааматары і фотакарэспандэнты. У большасці сваёй учарашнія выпускнікі і студэнты старшых курсаў Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Няўрымслівыя і вясёлыя хлопцы.

Вяртаючыся ў думках у той час, бачу стол, за якім шчыраваў засяроджана Янка. Вакол шумліва-гаманкая талака — Мікола Залозны, Арлен Кашкурэвіч, Ілья Немагай, Рыгор Віткоўскі, Георгі Паплаўскі, Юры Выхадцаў, Юзэф Пучынскі, Барыс Аракчэеў, Людвіг Асецкі, Леанід Шчэмелеў... Уводдалі заўсёды маўклівы, з мяккай стоенай усмешкай на бледнаватым твары Фёдар Бараноўскі. Маўчыць-маўчыць, тады непрыкметна падкіне які жарт ці рэпліку, і адразу ўсе весялеюць. Пагамоняць і зноў за работу. Хлопцы ўпыняліся, не шкадуючы ні часу, ні сіл. Часцяком заглядаў Міхась Савіцкі. І на просьбу Янкі заўсёды адгукаўся ахвотна. Сябрамі часопіса крыху пазней сталі Лявон Баразна, Васіль Шаранговіч, Георгі Скамарохаў, Леанід Дубар, Віктар Шрамякоў, Пятро Драчоў, Пятро Лысенка... З усімі Янка ўмеў паразумецца.

Я толькі пазней даведаўся, што асаблівая дружба ў Янкі была з Рыгорам Віткоўскім, які за Янку быў старэйшы на пяць гадоў — самому Віткоўскаму было васемнаццаць год, калі яны пасябравалі, і сваю дружбу яны пранеслі праз гады. Разам вучыліся ў мастацкім вучылішчы, а пасля і ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Згадвае Рыгор Антонавіч Віткоўскі:

— З Янкам заўсёды можна было пагаварыць пра тое, што цябе хвалюе. Не кожнаму адкрыешся, а Янку можна было. З ім і памаўчаць, ведаеце, прыемна...

Чалавечнасць і дабрата — якасці, якія ў Янку спалучаліся надзіва гарманічна і натуральна.

Успамінаю нашы рэдакцыйныя лятучкі і планёркі. У кабінет галоўнага рэдактара Янка звычайна прыносіў ужо гатовыя вокладкі, малюнкі. Адышоўшыся, моўчкі чакаў, што скажа галоўны. Слушныя заўвагі прымаў без агаворак, а калі трэба было, то ўмеў тактоўна і доказна адстаяць свой погляд. Да яго думкі ўважліва ставіліся і Пімен Панчанка, які прыйшоў пасля Аляксея Кулакоўская, і Алесь Асіпенка, што працаваў на гэтай пасадзе потым. Асіпенка сам часта заходзіў у аддзел мастацкага афармлення і любіў падыскусіраваць з мастакамі. Было і такое, што Алесь, не ўдаючыся ў дэталі, адхіляў тую ці іншую прапанову аддзела, але, паслухаўшы, як умела і канкрэтна даводзіў Янка свае меркаванні, згаджаўся. А на лятучках Янка часцей маўчаў. Бывала, рэдактар аддзела паэзіі Мікола Аўрамчык скажа: «А цяпер — новае імя!» Значыць, новы паэт у чарговы нумар. А Янка, які сядзеў побач, прамовіць ціха: «Бачыш, аддзел паэзіі, як заўсёды, на кані, а нас — пад агонь крытыкі...»

Янка вельмі любіў гумар, разумеў жарт, але сам паводзіў сябе вельмі стрымана. Не любіў, калі хто пры ім пачынаў расказваць пра некага нейкія «дэталькі» ці падкідваць які-небудзь жарцік. Янка тады хмурнеў і стараўся быць далей. Затое як радасна свяціліся яго вочы, калі заходзіла размова пра літаратуру, пра маладых паэтаў і празаікаў, якія тады смела і напорыста ішлі ў літаратуру. Памятаецца, што многія маладыя, учарашнія студэнты-філолагі БДУ імя У. І. Леніна, сталі частымі гасцямі рэдакцыі. Ужо тады падружыліся з Янкам, як і з іншымі маладосцеўцамі Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Анатоль Сербантовіч, Іван Ласкоў, Юрась Свірка, Уладзімір Паўлаў. З празаікаў — Міхась Стральцоў, Вячаслаў Адамчык, Іван Пташнікаў, якія таксама ў свой час сталі маладосцеўцамі.

Надзіва цесны і плённы кантакт меў Янка з сакратарыятам, які ўзначальваў Уладзімір Міхайлавіч Юрэвіч. У 1963 годзе адбылося знешняе абнаўленне часопіса. Доўга і плённа працаваў тады Янка, раячыся з мастакамі.

Захапляла мяне Янкава ўменне працаваць з аўтарамі. Сёе-тое і мне — ужо з немалым стажам журналісту — прыдалося ад той яго чалавечай педагогікі, якую Вера Палтаран у сваіх нататках пра Янку Раманоўскага назвала высокай прастатой. Атрымаўшы той ці іншы «заказ» ад мастака, Янка перш за ўсё ўсаджваў аўтара побач, доўга і засяроджана разглядаў яго работу — няхай гэта была вокладка ці франтыспіс, ілюстрацыя да апавядання ці звычайны малюнак-загаловак. Калі выяўляліся нейкія нязначныя недаробкі, Янка, цёпла ўсміхнуўшыся, гаварыў: «Добра, пойдзе!» І дзякаваў за зробленае. Мастак ішоў, а Янка браў у рукі аловак ці скрабок і пачынаў даводзіць работу «да кандыцыі». Працавітасць Янкі здзіўляла.

Як звычайна, другую палову нумара займала публіцыстыка. Артыкулы, нарысы, нататкі і рэпартажы афармляліся ў асноўным фотаздымкамі. Паступова найбольш буйныя і важкія рэчы дакументалістыкі пачалі афармляць і графікай. А чаму б не паспрабаваць і мастаку паехаць у камандзіроўку з журналістам ці пісьменнікам? Такую прапанову першымі падтрымалі Фёдар Бараноўскі і тэхнічны рэдактар Ігар Краўчанка. Яны паехалі на Палессе, і неўзабаве іх замалёўкі з’явіліся на старонках «Маладосці». Дарогі, сустрэчы з сейбітамі і будаўнікамі, адноўленыя гарады і вёскі сталі зместам цікавых эсэ і нарысаў, якія тады друкаваліся часта. Неўзабаве выйшла кніжка «Людзі пярэдняга краю». Яе напісалі самі мастакі і хораша, з любоўю праілюстравалі малюнкамі, зробленымі ў камандзіроўках.

Янка, я потым дазнаўся, даўно выношваў такую ж ідэю. Кажуць, што ён яшчэ студэнтам на летніх практыках у Кісялях, Гасцілавічах, Палачанах і іншых мясцінах Міншчыны праяўляў асаблівую цікавасць да людзей, быў гарачым прыхільнікам рэалістычнага, праўдзівага асэнсавання жыцця і стварэння партрэтаў рэальных людзей. І мы адправіліся ў камандзіроўку. Такіх камандзіровак і паездак потым было нямала. Усе па-свойму цікавыя. Адна менш удачная, другая больш, але кожная — след нялёгкай творчай дарогі.

Па натуры Янка быў чалавек спакойны, нават як бы крыху флегматык, але толькі знешне. На самой жа справе выключна тэмпераментная, тонкая натура, чалавек, які прагнуў творчага пошуку. Памяркоўнасць і далікатнасць выдавалі ў ім прыроднага інтэлігента. Розныя па характару, мы ніколі не пасварыліся — а ў творчай жывой справе здараецца ўсякае.

Я адшукаў некалькі старых блакнотаў. Адзін з іх, мабыць, ці не ад першай нашай агульнай паездкі ў калгас «Рассвет», да К. П. Арлоўскага.

Перад гэтым Янка ездзіў на лячэнне ў Цхалтубу і ў дарозе сустрэўся са старшынёй славутага калгаса. Яны і жылі там разам і ехалі ў адным вагоне дамоў. Кірылу Пракопавічу спадабаўся малады сціплы чалавек. Карацей кажучы, Арлоўскі запрасіў Янку Раманоўскага ў госці.

— Паедзем,— сказаў мне Янка.— Ты ж, здаецца, не быў у такім славутым калгасе?..

Пачыналася вясна, было самае разводдзе, але мы сабраліся ў дарогу. Гасцінна прыняў нас К. П. Арлоўскі, даў поўную магчымасць пазнаёміцца з людзьмі, сам, іншы раз разгаварыўшыся, расказваў пра сябе, нават згадзіўся пазіраваць. Янка зрабіў серыю партрэтаў, якую назваў «Рассветаўцы».

Бывала, я гутару з чалавекам, а Янка, затуліўшыся дзе-небудзь збоку, водзіць сабе алоўкам у блакноце ды ўважліва слухае. А ўвечары, калі вернемся ў хату для прыезджых, куды пасяліў нас старшыня, Янка будзе і казаць: «Во ты гутарыў з Нінай Цэд, дзяўчынай, якая стала тут першай трактарысткай, то не забудзь, як яна расказвала пра сябе — «як убачу трактар дзе, то гатова хоць бегчы ўслед...».

Янка заўсёды браў з сабою фотаапарат, рабіў здымкі, якія, мабыць, памагалі ў рабоце над партрэтамі. Усімі сіламі стараўся ў вобліку чалавека знайсці галоўнае — «улавіць» характар.

Шкада, што ў тых маіх блакнотах — найчасцей звычайныя карэспандэнцкія запісы: прозвішчы, лічбы, эканамічныя выкладкі... І мала таго, што цяпер вунь як спатрэбілася б. А ў тых жа вандроўках аб чым мы толькі не гаварылі! Янка, праўда, скупа, але расказваў пра сябе, пра сваё жыццё. Былі такія хвіліны, што і ён, негаваркі чалавек, расчульваўся...

Мне, вядома, карцела больш даведацца пра Купалу — Янка Раманоўскі быў пляменнікам вялікага песняра, і маленства будучага мастака прайшло ў дзядзькі Янкі і цёткі Уладзі — Уладзіславы Францаўны Луцэвіч, якая да апошніх дзён раднілася і любіла свайго Яначку...

Было светлае, поўнае радасцяў і захапленняў маленства, былі і цяжкія чорныя дні, калі Янку з маці напаткала вайна на Купалавай дачы ў Ляўках. Яны не паспелі выбрацца на ўсход; давялося жыць у вёсцы, хаваючыся ў людзей, якія дапамаглі ім уратавацца. Пасля было бежанства — іх вывезлі ў Літву.

Помніцца наша паездка ў Літвінавічы, на Кармяншчыну. Быў пачатак верасня — залатая восень стаяла над Сожам. Нам спадабаліся надрэчныя мясціны, але самае цікавае, што пакінула добры ўспамін,— людзі, з якімі мы гутарылі, у якіх жылі амаль тыдзень. Янка захапляўся гаворкай літвінавіцкіх жыхароў, з натхненнем маляваў партрэты нашчадкаў тых камунараў, якіх згуртоўваў саратнік, друг і паплечнік У. І. Леніна — «дзядзька Панцей», як тут называлі свайго славутага земляка П. М. Лепяшынскага. Янка вельмі радаваўся знаёмству з перадавым літвінавіцкім трактарыстам Леанідам Сарокіным, які доўга і цікава расказваў нам пра сваё бясхлебнае маленства, апаленае вайною, аб сваіх сцежках у жыццё. «І мне ж такое ўсё давялося вайною перажыць», уздыхаў Янка.

Калі мы прыцягліся неяк пад вечар з поля на кватэру, гаспадыня пачала расказваць пра сваё бядацтва. Янка шапнуў мне: «Чуеш, якая мова. Абавязкова запішы сабе. Прыдасца». Жанчына апавядала пра свайго назолу-кавалера: «Ета ж нямыслімае дзела. Праз яго не магу на вуліцу выйсці. Бо калі ўжо рашуся, то пахмялю яго як след... За тое, што ён маю долю з’еў. Я — адзінокая жанчына, мае вы хлопчыкі. Ён усё ходзіць і рве маё жыццё. З Казімірава, з вёскі тутака. Я яго пахмялю калі-небудзь...»

Сам Янка нічога не запісваў, а мне наказаў: «Пішы. На памяць не спадзявайся. У майго дзядзькі Купалы была заўсёды з сабою кніжачка. Як толькі пачуе якое новае слоўка, адразу запісвае сабе. Канечне ж, падзякуе таму чалавеку. Ды яшчэ і пачастуе пры нагодзе».

У блакноце з паездкі ў вёску Карпаўцы, на Гродзеншчыне (1963 год), дзе тады старшыняваў у калгасе «Бальшавік» былы камсамольскі работнік Раман Алізаровіч, ёсць такі запіс: «Шчаслівы той, хто пазнаў прычыну рэчаў. Вергілій». Я пачаў прыгадваць, адкуль з’явіўся такі запіс, і ўспомніў, што гэта Янка чытаў кніжку і звярнуў увагу на гэтыя словы. Ён і ў дарозе шмат чытаў. Прыйдзем стомленыя, запыленыя ў гасцініцу ці ў вясковую хату, а Янка адразу за кніжку. З сабою вазіў таўшчэзны том вершаў Купалы. Купалаўская тэма была яго жыццём, натхненнем. Ён і пачынаў з партрэтаў Я. Купалы, і дыпломную работу сваю назваў «А хто там ідзе?» — серыя аўталітаграфій па матывах твораў песняра. Як і апошнія яго работы. Янка сам працаваў натхнёна і памагаў усім, хто браўся за купалаўскую тэму ў мастацтве.

— Мы былі аднакурснікамі,— успамінае вядомы беларусы жывапісец Юзеф Пучынскі.— Дружба ў нас з Янкам была моцная, на ўсё жыццё. Я ўзяў сабе дыпломную работу «Купала з народам». Каб лепш ужыцца ў матэрыял, Янка прапанаваў мне паехаць у Палачаны, дзе Купала працаваў на бровары. Мы там сустрэлі людзей, якія памятаюць той час. Янка мне падказаў такія «дробязі», якія прыдаліся для работы над карцінай...

Вядомы майстар кніжнай і станковай графікі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Арлен Кашкурэвіч таксама дзеліцца ўспамінамі пра свайго блізкага сябра-аднакурсніка.

— Галоўнае, што мяне здзіўляла ў Янку,— ягоная выключная шчырасць і прамата. Шчырасць і ў жыцці, і ў мастацтве. І мне, дзякуючы расказам Янкі, многае адкрылася ў складаным і нялёгкім жыцці Купалы, калі я ўзяўся за купалаўскую тэму. З дапамогай Янкі мне ўдалося ў сваіх работах дасягнуць таго, чаго я не дасягнуў бы, абмяжоўваючыся толькі прачытаннем купалаўскіх твораў...

У Янкі было багата сяброў, і яны назаўсёды збераглі ў сэрцы памяць аб ім, як аб шчырым чалавеку і паплечніку.

Але вернемся ў вёску Карпаўцы, да Рамана Алізаровіча. Наш герой спадабаўся нам. Назіраючы за яго работай, Янка неяк сказаў: «Камсамольская хватка».

— Дык гэта ж добры загаловак для нарыса!

— Бяры, дарую,— жартаўліва сказаў Янка.

Пасля паездкі ў Карпаўцы нас угаварылі выступіць па тэлебачанні. Мы доўга аднекваліся, потым усё ж згадзіліся. Сядзім перад «юпітэрамі» і дрыжым.

— Што хвалюешся? — пытаюся.

— Вельмі ж страшна,— адказвае Янка і выцірае спацелы лоб.

Тады неяк разгаварыліся. Янка паказваў свае малюнкі і коратка, але выразна іх каменціраваў. Нават прыгадаў такія дэталі з будняў маладога старшыні, якія сведчылі, што ён — чалавек вялікай назіральнасці.

Потым у нас была камандзіроўка на Любаншчыну. Мы наважылі праехаць па Купалавым маршруце. Паездка была адной з плённых, асабліва для Янкі. Партрэты камунараў першай камуны на Палессі, якіх уславіў вялікі пясняр у паэме «Над ракой Арэсай», займаюць віднае месца ў творчай спадчыне мастака. Многа новага адкрыў тады для сябе Янка, бо мы адшукалі былых камунараў і мелі з імі адкрытыя, шчырыя гутаркі.

І ад паездкі ў калгасе імя Кірава на Шклоўшчыне таксама засталіся яркія ўражанні. Гэта была наша з Янкам апошняя вандроўка. Стаяла спякотлівае, прапахлае асмяглымі травамі і пылам лета 1971 года.

Янка, як заўсёды, цягавіта і па-сялянску ўпарта працаваў. На кватэры мы пасяліліся ў бабулі Матроны Храмцовай. Пра сваіх людзей яна расказвала столькі і такое, чаго не ўведаў бы ніводзін карэспандэнт, які гутарыў бы з ёю, раскрыўшы блакнот.

— Так і трэба збіраць матэрыял, калі мы хочам, каб нашыя творы чыталіся,— гаварыў Янка, захоплены досціпамі гаспадыні.

Мы выканалі заданне рэдакцыі, і Янка прапанаваў:

— З’ездзім да Вялічкі, старшыні калгаса імя Я. Купалы. Гэта недалёчка, за Амерыкай,— ён стрымана ўсміхнуўся, пазіраючы то на старшыню калгаса Васіля Пархоменку, то на мяне.

Амерыка — невялікая вёсачка, за полем якой пачынаюцца землі аршанскага калгаса імя Янкі Купалы. А Уладзімір Вялічка, старшыня калгаса — равеснік Янкі. Яны сябравалі, калі ў перадваенныя гады Янка жыў у дзядзькі на дачы ў Ляўках.

Ім было што ўспомніць. А мне цікава было назіраць, як між сабою старшыні-суседзі то жартавалі, то сур’ёзна абмяркоўвалі свае клопаты і праблемы. Пасля Янка раіў мне: «Прыглядайся. Цікавая, па-мойму, тэма. Дружба двух старшыняў: адзін беларус, другі — украінец. І абодва талковыя гаспадары».

...Як ужо было сказана, Янка шмат і плённа працаваў. Яго натхняла ўдзячная тэма, якую падараваў яму лёс. Партрэты вялікага песняра зямлі беларускай, зробленыя Я. Раманоўскім, вызначаюцца каларытнасцю малюнка, глыбінёй пранікнення ў характар і індывідуальнасць вобраза.

У апошнія гады ім зроблены выдатны альбом — літаграфіі з жыцця Я. Купалы. У прадмове да альбома Янка піша: «Яшчэ малы я любіў маляваць, і дзядзька Янка быў першым маім крытыкам, дарадчыкам. І так да апошняга майго развітання з дзядзькам, якое было ў сорак першым у Ляўках, калі ён, выгнаны вайною з роднай хаты, пакідаў Беларусь...»

Думаецца, каб Янка Раманоўскі зрабіў толькі гэтыя літаграфіі, то і таго дастаткова, каб не быць забытым.

Да апошніх дзён Янка не выпускаў з рук алоўка. Ужо ў бальніцы рабіў накіды задуманай работы «Сустрэча Я. Коласа з Я. Купалам у Смольні» (на радзіме Я. Коласа). Вельмі хваляваўся за свой часопіс. Тады «Маладосць» рыхтавалася да новага фармату, і мы паказвалі варыянты новай вокладкі, эскізы афармлення часопіса, і Янка ажываў — здавалася, што хвароба ад яго адступіцца.

Янка нарадзіўся ў жніўні, у дні спелага лета, калі даспяваючымі каласамі звінела жыта, крамянасцю наліваліся сады...

Чатыры гады ён не дажыў да пяцідзесяці...

Засталася добрая памяць — яго праца. Жнівень яго жыцця.


1986?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан