epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Калодзеж на здзічэлым дворышчы

На доўгай, выгінастай вуліцы Роўнага Поля гэтае старое здзічэлае дворышча зеўрае прагалай-шчарбінай, палавінячы вёску на дзве амаль што роўныя дзялкі. Усяго і засталося ад некалі дагледжанай і вясёлай сядзібы — з пяток пакалечаных яблынь, падапрэлая ў камлі і ўсохлая ў галінах слівіна і зусім здзічэлая груша-рагач. Яшчэ застаўся ўвогуле прыстойны паграбок, змудраваны з надта ж смярдзючых чыгуначных шпалаў, што некалі служылі свой век. Здзічэлая, закінутая сядзіба ўлетку аж буяе ад лапушыстага, у рост чалавека дзядоўніку і густой масляніста-тлустай крапівы. З-за непралазнага зарасніку амаль не відно калодзежа, прытуленага да суседскага плота, адно толькі бялее падноўлены каптурок з габляваных шалёвак і далёка блішчыць на лавачцы ацынкаваны цабэрак. Калодзеж зусім блізка ад вуліцы, але паўз яго наўскасяк па сотках пракладзена выслізганая, бы ток, сцяжына, якая не гуляе ні ўлетку, ні зімою.

Усе, хто спяшае на электрычку з Роўнага Поля ці з зарэчнага Прывалля, прастуюць гэтай сцяжынай, каб скараціць сабе шлях, а хто-кольвек і спыніцца, найчасцей, вядома, асвяжыцца вадой з гэтага нічыйнага калодзежа — вада ў ім сцюдзёная ва ўсякую пару года. Калодзеж глыбокі, метраў на дваццаць ці болей, і вада ў ім заўсёды халодная і вельмі смачная. Кажуць, скальная...

Людзі пажылыя, ды і моладзь, называюць гэты калодзеж Матруніным, але падлеткі ўжо не ведаюць Матруны, бо яе ўжо няма даўно, можа, гадоў дзесяць ці болей. Маладыя не ведаюць, якое Матруна пражыла жыццё, як пакутавала яна і ў пару сваёй маладосці, якая прыйшлася на ліхія гады вайны, і пасля, калі праз гэты калодзеж яна захварэла. Ляжала яна гадамі, пазірала з надворнага акна на свой калодзеж з болем і надзеяй. Ён, гэты калодзеж, як касой падкасіў яе, ён жа яе потым і выручаў, калі назусім адняліся ногі і Матруна лежма ляжала ў ложку, чакаючы, калі хто прыйдзе з вядром набраць вады, а тады, можа, успомніць і пра яе, пакутніцу...

Як і для ўсіх раўнапольцаў, тая вясна памятнага сорак пятага, калі на ўвесь свет прагучала вестка аб нашай вялікай перамозе, для Матруны была як вялікае свята. Здаровая, маладая — яна ў меру высокая, станістая, чорныя бровы на круглаватым чыстым твары падкоўкамі хвалявала і чаравала хлопцаў. На яе заглядаліся і свае, раўнапольскія, і чужыя, залёткі...

Гадоў колькі да вайны памёр заўчасна, а больш дакладна — загінуў ад рукі злосніка, яе бацька, а ў ліхалецце, у чорныя дні акупацыі, змаглася і маці. Матруна, лічы, засталася адна на бацькавым котлішчы. Старэйшыя сёстры жылі асобна, у сваіх сем'ях. Можа, таму, што жыла яна адна, і выбралі яе хату партызаны, наведваліся часцяком. Можа, Матруна і не значыцца ў спісах партызанскіх сувязных, але знаёмыя хлопцы і з Роўнага Поля, і з навакольных вёсак, што пайшлі пры акупантах у партызаны, смела спыняліся ў хаце Матруны і мелі тут хоць на якую гадзіну і цёплую печ, і кубак малака ці хаця якога яблычнага або малінавага ўзвару, наталяючы смагу і ратуючыся ад прастуды.

Думаеце, гэта было так звычайна і проста — падняцца сярод ночы, упусціць у хату незнаёмага чалавека і пры завешанай капцілцы згатаваць вячэру, даць прытулак. А хаця б і сваіх хлопцаў, з якімі во яшчэ нядаўна, у мірнае лета, і спявалі разам, і вадзілі карагоды на беразе роднай Свіслачы... За адзін такі начлег можна было атрымаць кулю.

Матруна асцерагалася, старанна завешвала вокны, капцілку тую ставіла на пяколачак, але ж агеньчык, мабыць, і пранікаў праз шыбіны. Яшчэ досвіткам Матруна, бывала, выйдзе на ганак пасыпаць чаго курам, а суседка ўжо кешкаецца ля калодзежа. І глядзіць неяк здзіўлена і таямніча: «Што гэта, Моця, гэтай ноччу нешта свяціліся ў тваёй хаце вокны?.. Нешта ж здарылася, мабыць?!.»

— Ат, нічога асобіннага,— аднеквалася Матруна.— Разбалеўся мне жывот, дык запаліла капцілку, адшукала буякоў ды пажавала трохі, і боль аціх, суняўся...

А ў самой пад сэрца кальнула — падумалася, каб хаця не ўдала суседка. Кругом жа такое творыцца, што, не давядзі бог, за нішто можаш загінуць, як казяўка якая, абы толькі хто на цябе плявузгнуў. Ведала добра, што і ў Роўным Полі былі свае ненавіснікі і хіжакі. А там, у Дудзінску, у камендатуры не надта будуць разбірацца: у кутузку ды бізуноў колькі ўлезе дадуць — ды гэта яшчэ нішто! А найбольш у роў, на Аршаўку, і бывай, жытка! Ніхто не ўспомніць, ніхто не знойдзе нават і знаку таго, не тое што магілы... Такое было ў акупацыю жыццё.

Матруна перахвалюецца заўсёды, калі прыйдуць хлопцы. Але ж і не ўпусціць нельга — яны ж пакутуюць і мерзнуць на марозе і гібеюць у завеі. Не толькі за сябе.

Неяк жа ўсё тое мінулася, як праходзіць жудасны сон, і хата Матруны ацалела, і сама жывая-здаровая, радасна сустрэла вялікую, на ўвесь свет велічную Перамогу.

У тое ж лета да Матруны прыбіўся партызанік з атрада, дзе ваяваў і яе стрыечны брат Хведар Бладзікаў; яна прыняла яго спачатку проста на кватэру... Быў партызанік нейкі нецікавы, чарнамазенькі, чыста варанёнак, і ў росце Матруне па плячо. Але гэта нішто, усё ж мужчына ў хаце, гаспадыні апірышча. Ды бяда, што Яфімка Беленькі — так звалі прымака, відаць, з гарадскіх, да сялянскае працы не меў здатнасці ані. Адно што быў надта весяльчак і на гармоніку ўмеў іграць. І набытку ў Яфімкі было адно што баян у зацухмоленым мяшэчку. Мабыць, і ў партызанах ён з тым баянам ваяваў.

Як бы там ні было, а Матруна прыняла да сябе Яфіма Беленькага ў прымы. Жылі б яны, магчыма, у згодзе, бо абое былі памяркоўныя і давер мелі адно да аднаго. Магчыма, і жыццё ў Матруны пайшло б ладам з Яфімкам, каб не той выпадак, які адчужыў іх, а пасля і разлучыў назаўсёды.

Матруна лічыла, што віною ўсё той жа калодзеж, які пасля стаў і яе выратавальнікам на доўгія пакутніцкія гады.

Ад саменькага першага лета, калі пачалася вайна, калодзеж не чысціўся: заплылі, забіліся мулам і глеем тыя крынічкі, што жывілі яго, і вада стала ўжо зусім нясмачная, каламутная.

У вайну, у ліхалецце, было не да калодзежа, а галоўнае, абы ўратаваць сябе і жытло, бо побач была бойкая чыгунка — каляя пагрозліва серабрылася за агародамі. Калі пачалася «рэйкавая вайна», чыгуначны ўчастак Мінск — Асіповічы — Магілёў зрабіўся ўдарным месцам масавых партызанскіх налётаў.

Карацей кажучы, пра свой калодзеж Матруна ўспомніла, калі настала першая мірная вясна.

Яшчэ было халаднавата, але суха і сонечна, і Матруна загаварыла са сваім прымаком пра тое, што не шкодзіла б пачысціць студню.

— Фіма,— сказала неяк абачліва Матруна, ладкуючы сняданак,— трэба было б узяцца ды пачысціць калодзеж... Бо ўжо вада зусім нясмачная, нейкая як мылкая ўсё адно...

— Што ты, Моця! — замахаў пухлымі ручкамі Яфімка.— Які яшчэ ты хочаш, каб вада смак мела!.. Вада ну й вада, абы мокрая!..

Прысаджваючыся да стала, Яфімка пажартаваў:

— Моця, чуеш, я табе лепей кадрылю сыграю. Тую, чуеш, што ў партызанах любілі... Мяне за ўменне граць ледзь не на руках насілі. Нават на падрывы не пасылалі, шкадавалі вунь як!..

Матруна адхінула руку, якой хацеў абняць яе за крутое плячо Яфімка, і зажурана паглядзела, мабыць, упершыню, не на кватаранта — прымака: не, мусіць, не быць тут Яфімку за гаспадара.

У той жа дзень на Матрунін двор сабраліся суседзі, амаль усё адны старыя, на якіх была малая надзея, што нехта з іх палезе ў халодную студню.

— Што ж, мабыць, ужэ мне трэба ў калодзеж,— сказала Матруна, калі ваду ўжо вычарпалі вёдрамі і на дне засталася адна гушчэча — мокры глей і пясок.

— Мо я палезу,— памыляў вуснамі стары па прозвішчу Міхал Скрыпка.— Мо я маладзейшы?..

Думалі, гадалі, але так і не далі рады, хто з дзядоў спрытнейшы, каму з іх трэба ў балеі спусціцца на халоднае жвірыстае дно калодзежа.

— Ану вас, дзяды! — засмяялася Матруна.— Прывязвайце балейку. Палезу. Хіба я зломак? Даў бог здароўе — не скарджуся!..

У бахілах на босыя ногі Матруна шчыравала ў студні, і праз якую гадзіну-дзве пасачылася ў калодзеж зноў чысцюткая сцюдзёная вадзіца: піце на добрае здароўе, людзі!..

Была здаровая, моцная, як камялёк, Матруна. А праз колькі дзён зніякавела, пачалі ёй балець спачатку ногі, а пасля і рукі. І праз якія год-два занядужала. Ездзіла да дактароў і ў Дудзінск, і ў Чэрвень, а пасля і ў Мінск. Сказалі — поліартрыт і параілі класціся ў бальніцу, на стацыянарнае лячэнне. Далі пенсію.

Легчы ў бальніцу — няхітрая рэч. А як жа дом, у яе ж нейкая гаспадарка: куры, свінчо, карова. Хто будзе ўсё гэта ўпыняць? Каму патрэбен такі клопат?.. А Яфімка? Ён у тое ж лета лахі пад пахі, баян свой на плячо і знік!.. Праўда, наведваўся яшчэ раз. «Моця, а дзе мае тыя шмоткі?!» — спытаў пра свае абноскі і знік назаўсёды.

Прыязджалі дактары на дом, выпісалі лекі, раілі ехаць на курорт, нават сказалі, што пуцёўку будуць «выбіваць», але Матруна не пагадзілася, не паслухала нават роднай старэйшай сястры і суседзяў, якія абяцалі глядзець гаспадарку. Нават пажартавалі: «Хата не воўк, у лес не ўцячэ...»

А хвароба не адступала. Брала яе ў свае жорсткія абцугі. Матруна аднойчы, войкнуўшы, абсунулася на ложак і не здолела ўстаць. Пачалося жыццё сумнае, невясёлае. Так бы як і здаровая, і апетыт ёсць, а ногі як ватныя, не слухаюць. Паспрабавала ўстаць, але ўсю, да апошняй костачкі, працяў такі боль, што яна аж войкнула і доўга не магла апрытомнець, ачомацца.

Пачала крычаць, але ніхто не азваўся. Матруна заплакала наўзрыд, кусала губы: «Што ж гэта, няўжо так і давядзецца ляжаць? Не, лепей смерць!»

Прыйшла старэйшая сястра, паплакала, яшчэ больш разжалілася Матруна. Паразважаўшы, параіла: трэба ў дом інвалідаў.

«Не крыўдуй, сястрыца,— паплакаўшы, сказала старэйшая.— За столькі вёрст да цябе хадзіць не змагу. А табе трэба помач кажнадзённая...»

Мабыць, з год ці болей праляжала Матруна ў доме інвалідаў. Там і догляд быў, і лячэнне, але Матруна занудзілася і настаяла, каб вярнулі яе ў сваю хату.

Сваяк, сястрын муж, прывёз яе дамоў. На гэты раз назаўсёды. Яна больш нікуды не паехала. Ляжала ў сваёй хаце, прыкутая да ложка. У такім стане яна ўсё ж не скарылася, умудрылася жыць. Прыладзіла сабе да ложка стужкі, па іх сяк-так падцягвалася на руках, магла нешта рабіць. Рукі яе крыху слухаліся, і яна магла гатаваць сабе ежу і тады чакала, пакуль нехта зойдзе ў хату і паможа ёй паставіць чыгунок на пяколак... Ёй прыносілі і ваду, і харч, і гэтак яна жыла. Жыла яшчэ многа год.

Памерла Матруна нечакана, спакутаваная, змяніўшыся да непазнавальнасці. Апошнія дні яе былі асабліва балескія, пакутныя. Яна колькі дзён нічога не ўзяла ў рот.

Застаўся ў Роўным Полі яе след на яе сядзібе — калодзеж, за які яна заплаціла сваім маладым жыццём.

Сёння, бадай, мала хто помніць з маладых яе, цёмнавалосую прыгажуню Моцю-Матруну. Але не знікла ў Роўным Полі бацькава сядзіба, яе дворышча. І гэты калодзеж жыве, поіць людзей і ў летнюю спёку, і ў зімовую сцюжу сцюдзёнай, смачнай вадою. Здаецца, што гэта сама Моця-Матруна жыве ў сям’і раўнапольцаў і змагаецца за лепшае жыццё і шчасце.

...Калі я іду міма Матрунінага дворышча, абавязкова спынюся, набяру з ацынкованага цабэрка вады, праганю дарожную смагу і падумаю, што такія людзі, як Моця-Матруна, пражыўшы адпушчанае, застаюцца ў бруі крыніц, у квецені красак, у пошуме жыта...


1981?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан