epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Ляўкі, Аршаншчына...

Ёсць на беларускай зямлі мясціны, якія блізкія кожнаму. Сярод гэтых дарагіх народнай памяці мясцін — Ляўкі на Аршаншчыне, звязаныя з імем Янкі Купалы.

У 1935 годзе Я. Купала разам з групай беларускіх пісьменнікаў ездзіў у творчую камандзіроўку на БелДРЭС і ў калгасы Аршаншчыны. Наведаўшы калгас «10-ты з’езд Саветаў» у Ляўках, народны паэт з захапленнем сказаў:

— Цудоўныя людзі. І жывуць на ўлонні не менш цудоўнай прыроды. Я меў бы за шчасце сярод іх пасяліцца!..

Ляўкоўцы з радасцю падтрымалі думку госця. На прадлецці таго ж 1935 года на дняпроўскай кручы збудавалі паэту домік-дачу, які стаў улюбёным яго куточкам, калыханкай творчага натхнення.

Дом Купалы ў Ляўках стаяў на крутым беразе Дняпра, па суседству са стромкімі соснамі. Бераг зарос арэшнікам і лясной чаромхаю. З яго адкрываўся зроку цудоўны краявід: шырокая, серабрыстая стужка ракі, зарэчны луг і абсягі палёў па даляглядзе...

Янка Купала палюбіў гэтыя мясціны. Шэсць год запар прыязджаў у Ляўкі. Тут напісаў ён свае цудоўныя, поўныя радасці і святла вершы пра калгаснае жыццё, пра моладзь, з якой парадніўся ўсім сэрцам.

Лета 1935 года — бадай, самае плённае ў творчай працы паэта ў Ляўках. Такія цудоўныя вершы, як «Лён», «Вечарынка ў калгасе», «Сыны», «Як у госці сын прыехаў», «Сосны», «Дарогі», «Госці» і шмат іншых, напісаны пад уражаннем усяго, што ўбачыў пясняр сваімі вачыма, сустракаючыся з гасціннымі суседзямі.

Жывучы ў Ляўках, Я. Купала актыўна ўдзельнічаў у тых будзённых справах, якімі былі заняты ляўкоўцы, прымаў блізка да сэрца ўсё, што рабілася на яго вачах, уваходзіў ва ўсе дробязі арцельнага жыцця. Часта яго вершы былі своеасаблівым паэтычным водгукам на падзеі калгаснай рэчаіснасці. Ляўкоўцы, іх гарачыя калгасныя будні з’яўляліся крыніцай натхнення, творчым імпульсам...

Пабываў Я. Купала на дажынках у брыгадзе, і неўзабаве напісаўся верш «Вечарынка ў калгасе»; прайшоўся росным ранкам на вуліцы — і склаўся новы верш «Маё мне сонца правадыр», павандраваў па ўзбярэжжы Дняпра з сябрамі-пісьменнікамі, што завіталі да «дзядзькі Янкі», і зноў новы твор — «Старыя акопы».

У Ляўках многія пажылыя людзі памятаюць, як Янка Купала выступаў на пасяджэнні праўлення, прыгадваюць яго цёплыя сустрэчы з дзецьмі ў яслях, якія былі адкрыты ў калгасе па яго ініцыятыве, выступленні ў школе, у клубе, у вясковай бібліятэцы. Садоўнікі памятаюць яго задушэўныя гутаркі ў садзе і на агародзе. На сядзібе Міхала Старавойтава расце груша-бэра, што падараваў яму паэт са свайго маладога саду, які быў завёў на дачы.

Калі заходзіць гутарка пра жыццё паэта ў Ляўках, старажылы абавязкова прыгадваюць, як група актывістаў: старшыня, брыгадзіры, даяркі, конюхі — хадзілі да Купалы ў госці.

— Гэта дакладны факт,— расказваў Андрэй Лаўрэнавіч Вайцахоўскі, які тады быў у Ляўках за старшыню.— Надумаліся мы неяк дажынкі справіць і рашылі Янку паклікаць. Сабраліся групай, набралі яблыкаў, мёду, сноп жытні ўзялі і пайшлі. Ну, і пагасцявалі ж мы тады, памятаю, аж да рання прагаварылі... А Янка Купала і верш нам потым чытаў... Пра тое, як мы ў Янкі гасцявалі. І пачынаецца ён вельмі проста і хораша:

 

Ка мне ў госці з прывітаннем шчырым

І з песнямі калгаснікі прыйшлі.

Сам старшыня прыйшоў і брыгадзіры,

Настаўніца, даяркі й пастухі.

 

Другі пажылы калгаснік Андрэй Антонаў успамінаў:

— Мы аднойчы аралі пад жыта. Бачым: ідзе да нас Купала. Спыніўся, пачаставаў усіх аратых папяросамі. Доўга гутарыў. І на развітанне сказаў: «Дзякуй, хлопцы». А мы ў адзін голас: «За што, дзядзька Янка?» А ён усміхнуўся: «За натхненне. Гэта ж я, ліха на яго, натхненне згубіў. Дык вось пагутарыў з вамі і натхненне знайшоў...»

...Даўно гэта ўжо было. Цяпер цяжка згадаць, дзе тут выдумка, а дзе дакладны факт. Але важна, што ў Ляўках жыве памяць пра выдатнага песняра беларускай зямлі, што яго добры чалавечы след на беразе Дняпра застаўся вечна. Неўміручым помнікам жыве і сёння ў Ляўках, як і па ўсёй беларускай зямлі, Купалава слава, Купалава імя, Купалава песня.

Купалаўскі домік-дачу ў 1941 годзе ў першыя дні баёў за Копысь спалілі фашысты. На тым месцы, дзе шумелі меднастволыя прыгажуні-сосны, засталіся адны пні ды чыстая палянка ў вянку арэшніку і лясной чаромхі.

Унізе гамоніць хвалямі сівы Дняпро, а за ракою — зелянеюць разлівы ярыны і сінява льноў. З надрэчных лугоў нясецца песня, чуцён рокат трактараў... Жыццё, якое так любіў і з велічнай сілай апяваў у сваіх творах Я. Купала, расквітнела здабыткамі нашых слаўных дзён. Ляўкоўская моладзь, дзеці тых калгаснікаў, з якімі любіў пагаварыць аб будучыні дзядзька Купала,— сёння гаспадары і будаўнікі свайго калектыўнага шчасця.

Цяпер над Дняпром на тым месцы збудаваны новы домік-дача, дзе знаходзіцца філіял музея Янкі Купалы. Да Купалы ідуць і ідуць людзі, каб аддаць пашану свайму вялікаму песняру.


1986?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан