epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Летапісец з Дукоры

Чалавека, пра якога хочацца расказаць, я ведаю даўно. Калі Васіль Савіч Гарбацэвіч працаваў настаўнікам у Дукоры, выкладаў родную мову і літаратуру, мне даводзілася яго сустракаць не адзін раз. На настаўніцкай канферэнцыі я слухаў яго палымянае выступленне, разам з усімі ў зале захапляўся яго ўменнем «словам запальваць сэрцы людзей». Потым бачыў, як яго, натхнёнага, з бліскучымі сінімі-сінімі вачыма, акружылі маладыя калегі і вялі гаворку аб прафесіянальных справах. А ён, усміхаючыся, усё гаварыў і гаварыў, адчуваючы якоесьці радаснае задавальненне ад таго, што мае яшчэ адну магчымасць адзычыць таго, чым перапоўнена душа...

І яшчэ бачыў яго неяк вясной у Дукорскай пушчы, на традыцыйным мітынгу, прысвечаным памяці шаснаццаці дукорскіх партызан. Таксама — на трыбуне. Васіль Савіч быў сведкам тых далёкіх падзей, ён напісаў пра дукорскіх герояў-барацьбітоў за маладую савецкую ўладу п’есу «Чырвоныя кветкі Беларусі», якая ў свой час ішла ў многіх тэатрах. Як ніхто іншы, ён мог гаварыць аб юных героях Дукоры: словы, узвышаныя і рамантычныя, ліліся ў яго, як песня. І голас у прамоўцы — зычны, моцны, з адценнем мяккасці і пяшчоты. Слухаеш і не можаш наслухацца...

Васілю Савічу за восемдзесят. З іх каля пяцідзесяці ён працаваў у школе. Хто ў сваім жыцці хоць раз стаяў сам-насам з класам, з вучнямі, інакш — хто даў хоць адзін урок, той зразумее, што гэта такое: паўстагоддзя ў школе. Гэта — подзвіг, даўжынёй у паўвека!..

У семдзесят гадоў Васіль Савіч пайшоў на заслужаны адпачынак. Яму назначылі добрую пенсію, у яго ў роднай вёсцы Дукарка ўтульны домік з садзікам, імя яго ў пашане ў землякоў. У Васіля Савіча і яго жонкі Вольгі Дзмітраўны трое дзяцей. Старшы сын Георгій, марскі афіцэр, загінуў у мінулую вайну пад Севастопалем, сярэдні — Аркадзь — таксама ўдзельнічаў у мінулай вайне, партызаніў, настаўнік, выкладаў геаграфію ў Жораўскай васьмігадовай школе, недалёка ад роднай Дукоры. Самая малодшая, дачка, пасля дзесяцігодкі працуе выхавацельніцай у дзіцячым садзе.

— Што табе цяпер, Васіль Савіч,— гавораць яму, жартуючы, аднавяскоўцы.— У цябе — пенсія, і табе ніякіх клопатаў!..

— Пенсіянер?.. Дзядуля?.. Не, гэта не ў маім характары. У мяне работы хоць адбаўляй, толькі паспявай упраўляйся!..

І Васіль Савіч, просячы прабачэння, што яго чакаюць на школьнай сядзібе дзеці, заспяшаўся, на хаду папраўляючы гальштук. Ля ўваходу ў новы школьны будынак Гарбацэвіч сустрэўся з дырэктарам школы Коханавым, маладжавым, светлавалосым чалавекам. Прывітаўшыся, адразу загаварылі аб тым, што хвалявала абодвух. Васіль Савіч піша гісторыю Дукорскай школы, якой споўнілася сто гадоў, і дырэктару хочацца, каб гэта патрэбная работа была закончана найхутчэй.

— Не прыспешвай, Мікалай Лаўрэнцьевіч,— усміхаючыся, гаворыць Васіль Савіч.— Я толькі ўзяў разгон. Багацейшы матэрыял! Такая слаўная гісторыя! Проста не ведаю, як усё ахапіць адразу...

Васіль Савіч задумаўся, памаўчаў, потым, ахоплены парывам успамінаў, пачаў расказваць тое-сёе з таго, што ўвойдзе ў яго будучую кнігу.

У Дукоры ў 1866 годзе адкрылася школа. У ёй быў адзін настаўнік, потым — два: Лявон Міхайлавіч Астапеня і яго жонка — Надзея Сцяпанаўна.

— Цудоўныя людзі! — ускліквае Васіль Савіч, успамінаючы сваіх першых настаўнікаў.— Яны ўмелі захапляць!..

Усё больш ажыўляючыся, Васіль Савіч выказвае свае думкі аб сучасным настаўніку, аб яго духоўным абліччы, аб яго ролі ў фарміраванні характару моладзі.

Сённяшнія настаўнікі Дукоры, а іх больш чым трыццаць — амаль усе былыя вучні Васіля Савіча. Ён іх вучыў, калі яны былі дзецьмі, абуджаючы ў іх прагу да ведаў, любоў да роднай мовы, да лепшых твораў рускай класікі і савецкай літаратуры.

Да яго падышлі дзве маладыя жанчыны, настаўніцы, якія рыхтуюць да пастаноўкі п'есу аб сваіх земляках-партызанах «Чырвоныя кветкі Беларусі». Саромеючыся і перабіваючы адна адну, яны просяць парады ў Васіля Савіча адносна вобразаў Надзі і Ганны ў п’есе.

— Вольга Дзянісаўна,— звяртаецца Васіль Савіч да адной з настаўніц.— Вам, вядома, падыдзе роля Надзі. Гэта смелая, валявая дзяўчына, якая душой цягнецца да ўсяго новага, светлага ў жыцці. Вось глядзіце, як Надзя трымаецца сярод сябровак, як яна вымаўляе гэтыя словы...

Калі здзейснілася Кастрычніцкая рэвалюцыя, Васіль Гарбацэвіч ужо быў вопытны настаўнік, за яго плячыма сем гадоў работы з дзецьмі. У 1918 годзе Дукорская школа становіцца вышэйшым пачатковым вучылішчам. Настаўнікі атрымалі выдатны школьны будынак — палац дукорскага памешчыка Гартэнга. Але неўзабаве прыйшлі акупанты, і Гартэнг вярнуўся, забраў у дукорцаў школу, зямлю, пачаў распраўляцца з сялянамі. Зразумела, што людзі, якія пазналі радасць свабоды, не мірыліся з гэтым, уступілі ў барацьбу з ворагамі.

— Уся абстаноўка таго часу, усе хлопцы і дзяўчаты, што апісаны ў «Чырвоных кветках Беларусі»,— гаворыць Васіль Савіч,— усё ўзята з жыцця, з падзей, якія я назіраў, у якіх прымалі ўдзел мае землякі...

...Васіль Савіч развітаўся з настаўніцамі, скончыў справы з аператарамі (якраз да яго прыязджалі госці з Мінскай тэлестудыі) і, узрадаваўшыся, сказаў мне, хітравата жмурачыся:

— Ну вось, цяпер мы пойдзем куды-небудзь у зацішак, пасядзім...

Аднак нам адасобіцца не ўдалося. Да нас валіла гурба дзяцей з чырвонымі гальштукамі і з рукзакамі за плячыма.

— Скажыце, як знайсці Васіля Савіча?

— А навошта? — усміхнуўся Васіль Савіч, прыжмурыўшы вочы.

— Бачыце, у нас такі маршрут,— адказала настаўніца.— Мы з Мінска і маем намер пабываць на магіле дукорскіх партызан. А Васіль Савіч ведае ўсё пра іх.

— Вось і пасядзелі,— Васіль Савіч паказаў на вучняў і, як мне здалося, задаволены дадаў: — Ужо восьмая экскурсія...

Васіль Савіч вярнуўся дамоў толькі пад вечар. Стомлены, але задаволены.

У той вечар мы заседзеліся з ім позна. Васіль Савіч — цудоўны субяседнік, выдатны апавядальнік, які шмат ведае. У яго ясная, багатая памяць.

— Да вайны,— уздыхае Васіль Савіч,— у мяне была вялікая бібліятэка. Уся прапала разам з домам у агні...

Як толькі вораг падыходзіў да Мінска, Васіль Савіч пайшоў на ўсход, уліўся добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Прымаў удзел у баях. Разам з калегамі ён аднаўляў у роднай Дукоры школу, і ўжо 1 верасня 1944 года пачаліся заняткі. Цяжкасці, як вядома, былі вялікія — яшчэ ішла вайна, школьны будынак быў паўразбураны, не хапала падручнікаў і школьных дапаможнікаў. Але такія энтузіясты, як Васіль Савіч, не пасавалі. Настаўнікі майстравалі лаўкі, сталы, рамантавалі класныя пакоі. Васіль Савіч падбадзёрваў людзей жартам і вясёлым словам. А потым пачыналіся ўрокі, і настаўнік чытаў на памяць вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, дыктаваў радкі са свежых зводак Савецкага Інфармбюро.

Ён доўгі час быў завучам у Дукорскай школе. І настаўнікі, вопытныя і маладыя, заўсёды адчувалі яго плячо. Калі ў 1948 годзе Васілю Савічу Гарбацэвічу ў ліку першых педагогаў рэспублікі было прысвоена званне заслужанага настаўніка школы БССР, калегі і таварышы ўзрадаваліся і горача павіншавалі яго. У тым жа годзе ён атрымаў высокую ўрадавую ўзнагароду — ордэн Працоўнага Чырвонага сцяга.

Мы загаварылі аб сённяшняй школе, яе сувязі з калгасам, і Васіль Савіч з захапленнем расказаў, як ён — старшыня бытавой камісіі сельсавета — разам з актывістамі заняўся прывядзеннем у парадак калодзежаў, двароў; дапамог абсадзіць у Дукоры вуліцы і дарогі дрэвамі, прывесці ў парадак сельскія могілкі.

— Асабліва я люблю,— гаворыць Васіль Савіч, сенакосную пару. Не бывае таго дня, каб я не схадзіў на луг. Пагутарыш з людзьмі, з моладдзю, навіны ім раскажаш, артыкул прачытаеш, а то і проста пра жыццё-быццё пагаворыш, і як быццам да лекавай крыніцы прыпадзеш — сіл прыбаўляецца.

...Я прачнуўся на досвітку. У расчыненае акно хлынула настоеная на кветках ранішняя свежасць.

— Што, магчыма, прадоўжым нашу гутарку? — сказаў Васіль Савіч.

— Так, нядрэнна б,— сказаў я і, гледзячы на яго спартыўную постаць, спытаў: — А што, зарадку раніцай не робіце, Васіль Савіч?

— А гэта што — не зарадка? — нахмурыўся ён і засмяяўся: — Вось вёдраў дваццаць выцягнуў з калодзежа, дык увесь комплекс і выканаў. Грыбы люблю збіраць. У нас тут за Дукоркай ёсць лясок. Ведаю цудоўныя грыбныя мясціны. Прыязджайце!..

Вельмі шкада, што сустрэцца зноў не давялося. Васіль Савіч нечакана памёр...


1986?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан