epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Маладыя гады, маладыя жаданні...

Кожны, як сказаў паэт, мае «свае Ушачы»,— той запаветны куточак, гняздоўе, адкуль ён, бы птушаня, вылецеўшы ў свет, крыляе над зямлёй бацькоў. У першых паэтычных радках Васіль Зуёнак дае дакладны адрас вытоку сваёй творчасці, калыскі натхнення. «Мачулішча... Відаць, і пры Ярыле ільны ў нас сеялі, вымочвалі ў мачыле...»

Нарадзіўся Васіль Зуёнак у 1935 годзе ў вёсцы Мачулішча Крупскага раёна ў сялянскай сям’і. Яму было шэсць гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Яна была не дзесьці далёка, за лясамі і гарамі, а вакол — з крывёю, слязамі, і голадам і холадам. Будучы паэт успамінаў: «Жудасці і нянавісці да яе столькі запала ў сэрца, што хапіла б на некалькі жыццяў».

У 1951 годзе В. Зуёнак паступіў у Барысаўскае педвучылішча, якое скончыў на «выдатна» і быў прыняты без уступных экзаменаў у Белдзяржуніверсітэт імя У. І. Леніна Зуёнак выбраў аддзяленне журналістыкі і, відаць, не выпадкова, бо ўжо ў школе спрабаваў пісаць, а навучэнцам педвучылішча надрукаваў першыя вершы у раённай газеце.

Для яго пакалення — звычайная біяграфія: школа, універсітэт.

Працоўная біяграфія пачалася ў рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі». В. Зуёнак шэсць гадоў быў рэдактарам часопіса «Бярозка», пасля галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць». Скончыў завочна аспірантуру, атрымаў званне кандыдата філалагічных навук.

Васіль Зуёнак — адзін з сакратароў праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

Як адзначае паэт у аўтабіяграфічнай нататцы, ужо ва ўніверсітэце яму, пачаткоўцу, які друкаваўся і быў у ліку аўтараў «звыклага агульнапісу», адчыніліся вочы на сапраўдную паэзію. Ён дае сабе зарок: «Чым такая, хай лепш ніякай не будзе».

Маўчанне было пакутлівае, як прызнаецца сам паэт, але, мабыць, не бескарыснае. Першыя вершы В. Зуёнка з’явіліся ў рэспубліканскім друку ў 1954 годзе, а першы зборнік «дарослай» паэзіі — «Крэсіва» — убачыў свет у 1966 годзе.

Праўда, за гэты час пісаліся творы для дзяцей. У 1962 годзе выйшла з друку кніжка нарысаў і замалёвак «Любіць прыроду — любіць Радзіму», праз год — нарысы «Працай славіцца чалавек», у 1965 годзе зборнік вершаў «Вясёлы калаўрот».

Як бачым, маўчанне В. Зуёнка было своеасаблівае: ён плённа працаваў як журналіст. Разам з тым сцвярджаў сябе як паэт — у душы нараджалася, расла і прасіла выйсця свая песня.

 

Ніхто не пачуў:

Яблык упаў дасвеццем

Ля Халопеніч, на Беларусі.

Ніхто не пачуў...

Ніхто.

А шар зямны

Здрыгануўся...

 

Гэта — са зборніка «Крэсіва». Вершы, як бачна, напісаны на пачатку паэтычнай дарогі, яны яскрава раскрываюць унутраны стан паэтавай душы, адметнасць паэтычнага зроку і слыху: чуйнасць да ўсяго, што наўкола, пільная ўвага да жыцця. Паэтава сэрца акрытае да болю і турбот людзей.

Смелае, вобразнае асэнсаванне рэчаіснасці, пошукі існасці-праўды, выяўлення сябе як асобы — чалавека актыўнага, дзейснага і, галоўнае — чулага да людскіх клопатаў, радасцяў і гора, чыстага і светлага ў сваіх марах і памкненнях. Лірычны герой паэта, захапляючыся подзвігамі і здзяйсненнямі свайго народа, прыгажосцю роднага краю, імкнецца пазнаць глыбіню «акіянаў і сэрцаў людскіх». Ён малады, поўны мар і летуценняў; яго душа прагне героікі і рамантыкі, але ён не легкадумны, яму хочацца «думаць і пакутваць». У размове-дыялогу з жыццём ён шчыра выказвае свае маладыя жаданні:

 

Дай, жыццё,

        мне ўзняцца

                        ў высі

Дарогай ракетнай, прамой,

Дай на зорных красалах высеч

След вогненны свой.

 

І касмічныя хуткасці, і «дарога ракетная, прамая», і хмельнасць ад вясновага ранку — усё гэта ад маладосці, вядома, ад перапоўненасці пачуццямі ўлюбёнасці ў зямлі красаванне. Летуценнік, якому хочацца «на зорных красалах высеч след вогненны свой», але дзе гэты след — у завоблачных высях і касмічных далях ці на зямлі? І наогул, што такое жыццё? Чаго ты, чалавек, прыйшоў — свет здзівіць ці сам здзівіцца гэтым дзіўным светам? Паэт змушае свайго героя задумацца, даючы яму добры ўрок развагі і роздуму.

У зборніку ёсць такія вершы, як «Успамін», «Добры прыезд», «Час абнаўлення, час вяртання», «Дзесяты год прыходжу да цябе (памяці бацькі)», «Тры вышыні»... Яны ярка выяўляюць В. Зуёнка — паэта-лірыка, схільнага да філасофскага заглыблення ў жыццё. Паэт не толькі захапляецца з’явамі рэчаіснасці, але стараецца спасцігнуць іх сэнс, імкнецца да абагульненняў, рашуча пазбаўляецца ад легкадумнасці і сузіральнасці, што былі ўласцівыя для ранніх публікацый. Паэт эксперыментуе, і ў выніку з’яўляюцца радкі і вобразы, якія пашыраюць яго свет, акрэсліваюць новыя абсягі паэтычнага бачання. У лірыку віхурна ўрываецца публіцыстычнасць з яе адкрытасцю, грамадзянскай страснасцю.

Паэт робіць выснову свайго грамадзянскага прызначэння:

 

— Ралля — аснова,

Зерня ўток няспынна

Кідаю я рукою агрубелай,—

І тчэцца,

        тчэцца мудрая тканіна,—

Жыцце.

 

Жыццё — «мудрая тканіна». Каб спасцігнуць глыбіні ісціны, трэба было прайсці няторную дарогу пошукаў, узважыць былое і наступнае, а пасля, праз гады і ростані, сказаць: «Я іду не свет здзіўляць. Я сам іду здзіўляцца гэтым дзіўным светам».

Васіль Зуёнак — паэт шчаслівага лёсу. І, мабыць, не толькі таму, што яшчэ студэнтам даўмеўся: пісаць пасрэдна, задавальняцца фіксацыяй убачанага, таго, што на паверхні, перапяваць спетае — не для яго. Думаецца, ранняе пасталенне паэта не толькі знак «боскай іскры», яно і ад таго, што ён належыць да пакалення дзяцей мінулай вайны, маленства якіх абпалена вайною і жудасцю акупацыйнага рэжыму ў час ліхалецця.

Збылося жаданне, запаветнае: пісалася лёгка і радасна. Сказана гэта паэтам, відаць, пра час, калі пісаліся вершы, сабраныя ў зборніку «Крэсіва». На грамадскіх пачатках кніжку адрэдагаваў паэт Рыгор Барадулін. Кажуць, што В. Зуёнак пэўным чынам вучыўся ў Барадуліна і на яго паэзіі водсветы барадулінскага «духу». Магчыма, у нечым яны блізкія, і іх паэтычныя палі суседнічаюць. Важна іншае, паэт пракладвае свой след, на сваім полі кідае «зерня ўток», дбайна ўрабляе ніву, імя якой — жывая, сапраўдная паэзія, са сваімі гукамі і фарбамі, глыбокім жыццёвым напаўненнем.

Як расце яго паэтычны ўраджай, бачым у наступных збоніках — «Крутаяр» (1969), «Сяліба» (1973). Голас паэта ўзмужнеў, хаця ў інтанацыях тая стрыманасць і ўраўнанаважанасць, уласцівая яго лірыцы, гарызонты бачання пашырыліся, найбольш поўна і высока загучэлі грамадзянскія і сацыяльныя матывы як сведчанне паэтычнага таленту, самавыяўлення і творчай індывідуальнасці. Паўнакроўная, сапраўдная мастацкасць — заўсёды адкрыццё, навізна і арыгінальнасць думкі, энергія пачуцця, яркасць і рэльефнасць вобраза, свежасць і першароднасць слова. Знітаванне формы і зместу — адметная рыса лірыкі Васіля Зуёнка, спалучэнне традыцыйнага з наватарскім, плённае «ўжыўленне» фальклору — крыніцы, з якой чэрпалі класікі і чэрпаюць сучасныя паэты. Думаецца, яна жывіць і будзе доўга, калі не вечна, жывіць беларускую паэзію.

У вершах, якія ўвайшлі ў зборнікі «Крутаяр», «Сяліба», паэт не зніжае патрабавальнасці да сябе, бо адчувае адказнасць «за сціло», нястомна, з цягавітасцю сейбіта захоўвае вернасць сваёй тэме, свайму ідэалу — чалавечнасці ў чалавеку, служэння свайму народу. Дабро і справядлівасць, трывогі неспакойнага нашага веку — паэтавы турботы. Крутаяр — крутыя перавалы часу. Як і раней, паэта трывожыць суровая памяць вайны, але тут ужо ўражанні маленства, абпаленага вайною, набываюць пад паэтычным зрокам новую якасць — яны становяцца часткаю нашага духоўнага быцця, нашым вопытам. Паэт адчувае сваю ўпэўненасць, усведамляе сваю адказнасць перад сабою і часам, бо «палыхаюць паходні гісторыі». Паэт у шарэнзе правафланговых, і «пяро, як дзіда, успыхвае сталлю...».

Лірычны герой В. Зуёнка, як і дагэтуль, жыве ў сучасным рэальным свеце; ён верыць «у хлеб, як у людзей». Але ў яго на сэрцы — «неспакою камень».

У полі зроку паэта — трывога, неспакой за свет, за планету, за родную зямлю, за ўсё, што здабыта ў цяжкай барацьбе і мазольнай працы. «Неспакою камень», які заўсёды трывожыць паэта,— каштоўная рыса ўсёй нашай сучаснай паэзіі. В. Зуёнак у гэтай праблематыстыцы, мабыць, не адкрывае нешта новае, нязведанае, але ён, як грамадзянін і патрыёт, не можа не пісаць пра тое, чым жыве час, што хвалюе сучасніка,— свет жа не пазбавіўся ад варожых сіл і небяспекі пажару новых войнаў.

Тэма міру, цішыні, праблемы беражлівых адносін да прыроды, шанавання плёну працы, здабытага рукамі і розумам чалавека, заклапочанасці зямнымі, будзённымі справамі паслядоўна і глыбока распрацоўваецца ў вершах кнігі «Сяліба» (1973); асабліва майстэрства паэта-лірыка, паэта-філосафа праявіліся ў аднайменнай паэме, якая мае падзагаловак «Дыялог праз гады і ростані».

Лірычная ўсхваляванасць, яркасць фарбаў і мелодыя гукаў, выражаныя ў арыгінальных прыёмах, сваіх поглядах на рэчы і з’явы герояў — усё гэта дае падставу меркаваць, што паэма «Сяліба» — дасягненне паэта і з’ява ў беларускай паэзіі. Сацыяльная вартасць яе ў актуальнасці і надзённасці важнейшай жыццёвай праблемы — абароны і захавання роднай прыроды, навакольнага асяроддзя.

Крытыка адзначала, што паэма «Сяліба» сваёй формай у нечым судакранаецца з куляшоўскай паэмай «Дарога да акіяна»; і ў ёй скразны вобраз-сімвал дарогі, вандроўка па родным краі. Але тут, як і ва ўсёй паэзіі В. Зуёнка, свой свет, свая філасофія і сваё светаадчуванне, народжаныя ў карпатлівай працы над словам. Адметна выказвае паэт і сваю ідэю, якая пульсуе ў радках:

 

Мы, камуністы,

                з бою,

Як салдаты —

Выносім на руках сваю планету,

Мы раны забінтуем ёй, загоім,

Перададзім, блакітную, нашчадкам...

 

У паэзіі В. Зуёнка, як сказаў балгарскі крытык і даследчык Георгі Вылчаў, калі што і ёсць агульнае з іншымі паэтамі яго пакалення, дык гэта першародства і чысціня пачуццяў, гукаў, фарбаў, паэтычных асацыяцый. Яшчэ ён сказаў: «У вершах В. Зуёнка глыбіня думкі, лірычная ўсхваляванасць і сапраўдны грамадзянскі пафас, які хацелася б назваць пафасам мужнасці».

Пафас мужнасці. Вельмі дакладна сказана! Пра што б ні пісаў паэт, ён заўсёды памятае, для чаго ўсё робіцца, каму адрасаваны яго радок. У новых вершах лірычны герой, не перастаючы здзіўляцца светам, выступае ўжо не як рамантык-сузіральнік, а як працаўнік, ён лічыць сябе «штодзённым драбільшчыкам каменя». Паэт — змагар за чалавека, стваральніка і каваля будучыні для чалавецтва, для сябе. Зброя паэта — слова: «Яго бунтарская выснова вастрэй адточаных штыкоў».

Як і ў кожнага сапраўднага паэта, у вершах В. Зуёнка ёсць і «вечная» тэма — тэма кахання. Яна распрацоўваецца, здаецца, у традыцыйным ключы, але маем не простае наследаванне, а лагічны ўток і працяг таго, што ўжо выспелена на ніве нашай паэзіі. Каханне — пачуццё, якое не выстаўляецца напаказ, якое жыве з табою, як тваё здзіўленне і абнаўленне, як песня без слоў. Лірычны герой стрыманы, але пад знешняй стрыманасцю — страснасць і шчырасць. Чысціня пачуццяў, гарачае сцверджанне прыгажосці чалавечых пачуццяў, вернасць выбранніцы на ўсё жыццё — скарбы сапраўднага кахання, якія ўзбагачаюць дух і змест паэтыкі В. Зуёнка. Нічога не трэба яму, паэту, ад каханай — «дастаткова і слязінкі адной, якая ў сэрцы журбою зазвініць, а ранкам сон яго абудзіць». Хваляванні і перажыванні паэта чыстым струменем уліваюцца ў сэрца чытача, і ён разам з паэтам вандруе у той непаўторны свет, калі кожны дзень — галубінае крыло, а позірк каханай «з глыбінь крыніц, з нябёс, што палі верасамі ў бор».

Гэта — з паэмы «Сяліба», там шмат цудоўных радкоў пра каханне. Там жа і хваляванні, і неспакой за родны край, за крыніцы Крутаяра, за лёс роднай Начы, што «серабрыцца між імшарын». Хочацца сказаць за паэтам: «Квітней, мая Зямля, мая Сяліба!»

Багатая мастацкая палітра паэта. В. Зуёнак — індывідуальнасць, талент своеасаблівы, самастойны. У лепшых паэтычных творах — яркае слова, спалучэнне лірычнага «я» з агульначалавечым «мы». Лепшыя вершы часта ўспрымаюцца як споведзь, як шчырая гутарка з чытачом, урэшце, як запавет сабе і людзям.

В. Зуёнак — паэт мяккага лірызму і актыўнай грамадзянскасці, у ім цесна спалучаюцца думка і пачуцці, утвараючы цудоўны свет дабраты і чалавечнасці, лірызму і чуласці.

Колькі радкоў з кнігі «Нача»:

 

Вылятаюць

        сорак выраяў,

Сонца сорак стрэл пасылае,

Чараўніцы з надзеяй шчыраю

Аж пад неба

        вясну люляюць.

 

У каго не затрымціць сэрца, не зашчыміць шчымлівым успамінам пра маленства, пра юнацтва, усплываюць забытыя саракі — вясновае свята з гайданнем на арэлях, песні-вяснянкі...

Гаворачы пра паэзію В. Зуёнка, нельга абмінуць яго вершаў для дзяцей і юнацтва. У іх — сапраўднае, непаддзельнае пачуццё захаплення і здзіўлення перад прыродаю, перад чалавекам — самым выдатным яе тварэннем. У творах для маленькіх — шчырасць і непасрэднасць, веданне дзіцячай псіхалогіі і своеасаблівае мудрае бачанне навакольнага свету, адкрыццё цікавых і непасрэдных з’яў і рэалій быцця.

Няма мажлівасці тут назваць усе, па-свойму цікавыя і змястоўныя, падсвечаныя і цёплай усмешкай, і зычлівым досціпам вершы, без перабольшання, залацінкі зуёнкаўскай паэзіі. Чытачоў, асабліва маладых бацькоў, хацелася б адрасаваць да яго дзіцячых кніжак «Вясёлы калаўрот», «Жылі-былі пад вадой» і «Сонечны клубочак». Кнігу добра аформіў мастак Яўген Кулік.

Працуе паэт і ў жанры гумару. У серыі «Бібліятэка «Вожыка» ў 1973 годзе выйшла кніжка «Качан на п’едэстале», якая не загубілася ў патоку гумарыстычных вершаў, напісаных іншымі паэтамі.

Васіль Зуёнак — у няспынным пошуку, на паласе высокага творчага ўзлёту.

Ёсць талент і ёсць натхненне. А вакол — багата некранутых пластоў і на ўзбярэжжы так жа любімай Начы, і на абветраных прасторах зямлі беларускай, у краіне паэтаў, якая нарадзіла і якую нястомна і хораша апявае Васіль Зуёнак, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі.

Гады, якія прайшлі з часу напісання артыкула, былі надзвычай плённымі і шчодрымі на творчыя набыткі ў Васіля Зуёнка. Выдадзены новыя кнігі паэзіі, зборнік літаратурных артыкулаў і выступленняў. Выйшла асобнай кнігай паэма «Маўчанне травы». Яе вартасць заслужана адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы за 1982 год. Кніга паэзіі «Лукам’е» (1984) — сведчанне сталасці шматграннага таленту В. Зуёнка.

Няхай спраўдзіцца запаветнае — дайсці сваёй песняй, сваім радком да кожнага сэрца, у кожную хату вялікай Сялібы — роднай краіны.


1977?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан