epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

На пульсе часу

З Алесем Асіпенкам мы равеснікі. Во і наша пакаленне, што перад вайною толькі аперылася і рабіла першыя крокі ў жыццё, акрыленае рамантыкай і марамі, выходзіць, як кажуць, на фінішную прамую... А нам здаецца, што мы ўсё маладзёны, і сапраўды, мы ж яшчэ не зрабілі багата з таго, што сабе намерылі ў планах і задумах.

З далечыні пройдзеных і зведаных дарог, азірнуўшыся назад, мы можам сказаць — пражыта нямала, а зведана яшчэ больш. Наша юнацтва апалена вайною, наша маладосць гартавалася ў полымі ваеннага ліхалецця. А. Асіпенка напрадвесні 1942 года пайшоў у партызаны. Фашысты спалілі бацькоўскую хату. Маці і дзве сястры вымушаны былі хавацца па людзях, ратуючыся ад расстрэлу. Узімку пачалася блакада, бесперапынныя атакі карнікаў, і Сашка-партызан быў на пярэдняй лініі агню. Блакадная зіма зрабіла сваё — адкрыліся ранейшыя раны, і Асіпенка перапраўляецца цераз лінію фронту. Пачаліся шпітальныя будні. Зноў, як і ў маленстве, абудзілася жаданне пісаць. Яму пашэнціла, як нікому іншаму, на першага літаратурнага настаўніка. У партызанскім доме адпачынку, у Пушкіне, А. Асіпенка пазнаёміўся з Кузьмой Чорным, якому і чыталіся першыя старонкі задуманага твора. Вядомы беларускі празаік сказаў: «Не кідайце свае гэтае працы».

Наша знаёмства адбылося якраз тады, калі Алесь, нядаўні партызан, у зношаным шыняльку, цыбаты, вяснушкаваты хлопец, хадзіў увосень 1943 года па вёсках маёй, толькі што вызваленай Краснапольшчыны, камсамольскі важак, першы сакратар райкома камсамола. Лінія фронту была недалёка, за Проняй і Сажом. Зімовай раніцай я спяшаўся на адведкі да маці ў вёску з вайсковай часці, што стаяла недалёка ад Слаўгарада, і ў суседняй вёсцы Гніліца сустрэў Алеся.

Пасля вайны нам давялося ў першыя дні 1946 года сустрэцца ў рэдакцыі «Чырвонай змены». Алесь Асіпенка ўжо слыў заўзятым газетчыкам — ён загадваў аддзелам камсамольскага жыцця. Вядома, многія дробязі, дэталі сцерліся, але галоўнае, што вызначае чалавека, першае ўражанне ад сустрэчы, асабліва калі чалавек з табою звязаны агульнай справай,— застаюцца надоўга, бадай на ўсё жыццё.

То былі цяжкія бясхлебныя гады пасляваеннага аднаўлення. Мы ўсе тады жылі бедна, бо горад ляжаў у руінах; сціпла апраналіся, ездзілі ў камандзіроўкі ў перапоўненых халодных вагонах, а часта і на таварняках. З вёскі ў вёску дабіраліся пехатою, у лепшым выпадку нас падвозілі на фурманцы (гэта ўжо лічылася раскошай), але мы былі поўныя энергіі і энтузіязму. Усіх нас, як і Алеся Асіпенку, натхняў і даваў нам добры зарад настрою Іван Аляксандравіч Матыль, рэдактар «Чырвонай змены», адкрытай, шчодрай душы чалавек, які сам мужна прайшоў агнявую школу партызанскай барацьбы і змагання.

Пасля выпуску газеты мы хадзілі на ачыстку руінаў, удзельнічалі ў практычным выкананні тых заклікаў, якія толькі што самі давалі ў газету:. «Мы адбудуем цябе, родны Мінск!» У рэдакцыйным пакоі ў Доме друку стаяла печка-буржуйка, ля якой зімовымі вечарамі грэліся супрацоўнікі. Тут жа складаліся планы чарговых нумароў, кіпелі размовы, спрэчкі... Туды, у адзіны цёплы пакой, прыходзілі пісьменнікі, што прыязджалі ў вызвалены Мінск з фронту і тылу, а таксама маладыя, што жылі ў горадзе і працавалі ў рэдакцыях. Пазней пры «Чырвонай змене» было створана літаратурнае аб’яднанне. Вядома, у ім удзельнічаў і Алесь Асіпенка.

Я памятаю Алеся Асіпенку падчас работы ў «Чырвонай змене» — гарачага энтузіяста і ініцыятара, нястомнага ў прыдумках ідэй і рэдакцыйных знаходак. У яго надзіва добра спалучаліся прызванне камсамольскага работніка і няўрымслівасць газетчыка.

Першыя пасляваенныя пакаленні камсамоліі — былі, па сутнасці, дзеці вайны, сведкі жахаў і пакут фашысцкай няволі. Яны дачасна сталелі і смела бралі на сябе ношку дарослых. Юнакі і дзяўчаты вызваленых раёнаў поруч са старэйшымі станавіліся на рыштаванні будоўляў, браліся за поручні плуга і серп... Усё новае, што нараджалася ў адноўленых камсамольскіх ячэйках, шматлікія пачыны і ініцыятывы, а іх было вельмі багата, знаходзілі аператыўнае асвятленне на старонках камсамольскага друку. Алесь Асіпенка, нягледзячы на хваробы і дрэнны стан здароўя, часта ездзіў у камандзіроўкі, арганізоўваў канферэнцыі чытачоў, завочныя школы камсамольскіх важакоў, выступаў з нарысамі і карэспандэнцыямі. Як і наш нястомны рэдактар «бацька Матыль», ён умеў шчыра радавацца, калі каму з нас удалося знайсці цікавую, надзённую тэму, асвятліць і падтрымаць каштоўную маладзёжную ініцыятыву. Любіў Алесь Асіпенка вострыя крытычныя матэрыялы, смела адстойваў праўду, справядлівасць, змагаўся з усім тым, што перашкаджала нашай імклівай хадзе наперад. Думаецца, што гэта не толькі ўласцівасць характару, гэта пазіцыя камсамольца, а затым камуніста.

Каля пяці гадоў мы працавалі разам з Алесем у «Чырвонцы», і я не памятаю, каб ён гаварыў пра тое, што нешта піша «для сябе», працуе над сваімі творамі. Такая магчымасць надарылася для яго ў бальніцы.

Першыя апавяданні Алеся Асіпенкі з’явіліся ў друку на пачатку 50-х гадоў. У 1953 годзе ён перамяніў пасаду рэдактара «Чырвонай змены» на пасаду загадчыка аддзела ў часопісе «Маладосць».

На старонках часопіса была надрукавана аповесць «Паплавы», у якой А. Асіпенка паказаў сябе аўтарам сучаснай тэмы. Ён рашуча ўрываўся ў жыццё, адлюстроўваючы падзеі і з’явы, якія вызначаюць тое, што мы называем буднямі рэчаіснасці. Адна з галоўных, вызначальных рысаў творчасці А. Асіпенкі — адкрытая, яскравая публіцыстычнасць, якая не зніжае вартасці ягонай прозы, што сталела, набіраючы сілы і сокаў з жывых крыніц і шматгалосся жыцця. Чорнаўскае «мова — жывая істота, яна жыве, а не існуе» паступова, з набыццём вопыту і прафесіяналізму, становіцца вышынёй, якая падуладна празаіку. Ужо ў аповесцях «Сыну майго сына», «Жыта», «Абжыты кут» зроблены ўпэўнены крок наперад; аўтар дбае і аб мове, як жывой істоце, і сюжэце як кроквы ўсякага твора. Мы бачым, як умацоўваецца і пісьменніцкая адказнасць за сваё слова.

Аднойчы Алесь Асіпенка, ужо наш галоўны рэдактар «Маладосці», прынёс стос кніжак. То быў першы раман «Вогненны азімут».

Алесь Асіпенка — адзін з пладавітых нашых празаікаў, якія ўваскрасілі подзвіг і мужнасць свайго народа ў час найвышэйшага выпрабавання лёсу — у векапомныя дні Вялікай Айчыннай вайны. Крытыка станоўча прыняла «Вогненны азімут». У рамане праўдзіва паказаны цяжкасці партызанскай барацьбы на пачатку Айчыннай вайны. У цэнтры твора — пяцёра падпольшчыкаў-камуністаў. Ім выпала ва ўмовах страшэннага тэрору і гестапаўскіх правакацый, ахвяруючы сабой, ствараць партызанскую стратэгію і тактыку, якімі і дасюль здзіўляецца свет. «Тут, як і ва ўсякай вялікай і складанай справе,— гаворыць Алесь Асіпенка,— мае героі не пазбеглі памылак, але не памылкі характарызуюць іх. Проста гэта былі звычайныя людзі ў незвычайных умовах і абставінах...»

І сапраўды, дастаткова хоць бы пазнаёміцца з біяграфіяй аднаго з персанажаў — Стася Каршукова. Лёс кінуў яго ў такі пераплёт, з якога, здавалася, не выбавіцца. Але ён знаходзіць дарогу, якая і прывяла яго ў партызаны.

Праз цяжкасці і перашкоды, выбіўшыся з пакут і пекла, людзі ішлі па вогненным азімуту. Поўныя рашучасці, яны верылі ў перамогу і таму ішлі ў агонь змагання і нішчылі ворага бязлітасна.

Рашучасць да змагання, вера ў канчатковую перамогу, няскоранасць — азімут, па якім ідуць героі А. Асіпенкі. Наперадзе — барацьба і выпрабаванні. Разам з імі мы верым, што і «на вызваленым Падзвінні, як і да вайны, будзе цвісці чабор на ўгрэве па ўзлессях, а надзвінскія паплавы будуць вабіць вока раздоллем, цудоўнай стрыманасцю колераў і фарбаў».

У рэдакцыі часопіса «Маладосць» Алесь Асіпенка прайшоў тыя ж ступені ўзыходжання, што і ў газеце: пачаў працу загадчыкам аддзела, быў сакратаром і намеснікам рэдактара, а затым больш як шэсць гадоў узначальваў рэдакцыйны калектыў. Яго заўсёды характарызавалі неўтаймаванасць, творчы неспакой, падтрымка ўсяго новага, перадавога ў буднях камсамольскіх, маладзёжных калектываў. За гэтыя гады многа было зроблена для таго, каб часопіс для моладзі заўсёды адчуваў пульс часу, паспяваў за жыццем, кіраваўся наперадзе жыцця.

Былі ў нас і спрэчкі, і рэзкія размовы — у рабоце ўсякае бывае. Але ў Асіпенкі мне імпануе адна вельмі каштоўная рыса, якая, думаецца, неабходная кожнаму кіраўніку ў калектыве,— гэта чэснасць і справядлівасць, патрабавальнасць, памножаная па чуласць і любоў да людзей. Ён часта падаваў ідэі і сам з усімі шчыраваў, каб іх ажыццявіць, нярэдка беручы на сябе тое, што не ўдавалася іншым.

Разам з тым, як заўсёды, Алесь Асіпенка ахвотна і з азартам браў на сябе вялікія грамадскія нагрузкі і ў рэдакцыйным калектыве, і ў Саюзе пісьменнікаў. Памятаю, што ў «Маладосці» ён быў і сакратаром пярвічнай журналісцкай арганізацыі, і старшынёй мясцкома. Грамадская праца, тэмперамент завадатара — ягоная жыццёвая патрэбнасць, прызванне і абавязак, якія зусім, як бачым, не перашкаджалі творчаму росту і развіццю здольнасцей.

Можна было б сёе-тое прыгадаць з тых многіх нашых размоў, з гутарак, якія нітаваліся праз доўгія гады сумеснай працы. Але важна, што ва ўсіх праявах жыцця, пра што ні была б гаворка ў таварыстве ці ў звычайных рабочых буднях, заўсёды А. Асіпенка ўмеў быць аўтарытэтам, вылучыць галоўнае, бачыць за фактамі думку, запаліць іскрынкай іншых, бо сам душой аддаваўся грамадскай справе. Ягоныя энергія і энтузіязм перадаваліся ўсім, хто быў з ім побач; ён умеў вучыцца сам, вучыў і іншых працаваць, бачыць у рабоце, у руху думкі шчасце і радасць ад працы.

А. Асіпенка не дзяліў сваю творчасць і сваю работу ў рэдакцыі — для яго гэта было адзінае, чаму ён прысвяціў сваё жыццё і свае здольнасці. У час яго рэдактарства на старонках «Маладосці» з’явіліся першыя апавяданні і аповесці Васіля Быкава, Івана Навуменкі, Аляксея Карпюка, Уладзіміра Дамашэвіча, Алеся Адамовіча, Уладзіміра Караткевіча, Івана Пташнікава, Барыся Сачанкі... Трэба было бачыць, з якім маладым бляскам у вачах Алесь хадзіў па пакоях рэдакцыі, ахоплены ўзрушанасцю ад цалінных вершаў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна!.. Гэта ён ухваліў першыя крокі ў паэзію і Еўдакіі Лось, і Веры Вярбы, і многіх маладзейшых паэтэс і паэтаў.

Сярод тых буйных твораў, што ўпершыню друкаваліся на старонках «Маладосці», можна прыгадаць цяпер шырока вядомыя раманы Івана Чыгрынава. Як прызнае крытыка, першы раман І. Чыгрынава «Плач перапёлкі» быў наватарскі і востра, па-новаму высвятляў некаторыя істотныя старонкі мінулай вайны. Патрэбны былі і рэдактарская смеласць, і разумная дапамога аўтару, які ўзяўся за такое вялікае палатно. Усё гэта тады малады аўтар атрымаў ад сваіх старэйшых таварышаў па пяру.

Пасля «Маладосці» Алесь Асіпенка не перастаў быць пісьменнікам маладзёжнай, камсамольскай тэмы. Чытачы знаёмыя з яго аповесцямі «Канец бабінага лета», «Два дні і дзве ночы», якія найперш убачылі свет на старонках «Маладосці», з раманам «Непрыкаяны маладзік», які друкаваўся ў «Полымі». За раман «Непрыкаяны маладзік» А. Х. Асіпенку прысуджана літаратурная прэмія імя Івана Мележа.

Творы выйшлі асобнымі кнігамі. Яны — ад перажытага, выпакутаванага самім аўтарам. Па ягоных творах можна вучыцца і героіцы, і ўменню жыць з карысцю для людзей, для ўзвелічэння славы і шчасця сваёй савецкай Айчыны.

Алесь Асіпенка — лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, нястомны ў сваіх пошуках і новых тэм, і значных характараў.


1986?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан