epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

На радзіме Якуба Коласа

Акінчыцы. Ласток. Смольня. Мікалаеўшчына... Родныя мясціны народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, калыска яго натхнення.

У Акінчыцах шырокая, як праспект, вуліца. Новыя, са светлымі вокнамі хаты. Зялёныя купчастыя прысады. Тут цэнтр калгаса «Чырвоны Кастрычнік». А некалі была толькі леснічоўка. Недалёка ад дарогі звычайная сялянская хата, якая будавалася даўней, ужо старэнькая. На сцяне перад уваходам мемарыяльная дошка: «Тут 3.ХІ.1882 г. нарадзіўся народны паэт Беларусі Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)».

У Акінчыцах бацька Коласа служыў лесніком. Сям’я Міхала Міцкевіча пражыла тут два гады. З панскае ласкі Міхалу давялося перабірацца на новае месца — ва ўрочышча Камора, недалёка ад Мікалаеўшчыны, дзе жылі бацькі і родныя — малазямельныя сяляне.

Праз два гады былі новыя пярэбары. На гэты раз бліжэй да Стаўбцоў, на леснічоўку Ласток (другая назва — Сухоншчына). У Ластку Міцкевічы жылі з 1885 па 1890 год. З Сухоншчыны сям’я перабралася ў леснічоўку Альбуць. Як успамінаў сам Колас, Альбуць запомнілася найбольш яскрава.

...Нечакана лес расступіўся, і вачам адкрылася зялёная паляна. Лугавіна. Кусты алешніку. Добра прыгледзеўшыся, убачыш між алешніку і кустоў невялічкую рачулку і праз яе дашчаты масток, па якім можна прайсці да леснічоўкі. Хата, хлевушок, студня, невялічкі гародчык.

На сцяне хаты зноў жа мемарыяльная дошка, з якой відаць, што ў гэтай хаце жыў Я. Колас з 1891 па 1903 год.

Вакол паляны вячысты лес. Справа магутны, разгалісты дуб. Пад гэтым дубам гулялі Кастусь, яго браты Уладзя, Алесь і Юзік. Альбуць — непаўторны Коласаў свет, які, дзякуючы таленту мастака, стаў нам блізкім і родным.

Кажуць, паэт — дзіця прыроды. Калі гэта так, то менавіта Наднямонне нарадзіла Коласа. Ходзіш па гэтых, здаецца, даўно знаёмых табе альбуцкіх сцежках, удыхаеш лясны водар і, як зачараваны, услед за паэтам паўтараеш:

 

Чым жа прыкованы я

К вам, мае ўзгоркі роднага поля,

Рэчкі, курганы, лясы,

Поўныя смутку, красы?

 

Дванаццацігадовым паэтам у Альбуці быў напісаны першы верш «Вясна» на беларускай мове. Кастусь прачытаў яго сваім родным, і ўражаны бацька пахваліў сына, даў яму гасцінец — рубель на кніжкі.

«Ну, а чаму першы верш лёгка напісаўся? — гаварыў Я. Колас праз многа-многа гадоў.— Матчына мова за руку павяла...»

У Смольні, побач з Мікалаеўшчынай, з чэрвеня 1967 года дзейнічае філіял літаратурнага музея Якуба Коласа. На бацькавай сядзібе жыў Язэп Міхайлавіч Міцкевіч, брат Коласа, рухавы, бадзёры стары (памёр у 1980 г.), якога ўсе называлі дзядзька Юзік. Ён працаваў у музеі і ахвотна, не горш за іншага артыста, чытаў на памяць вершы і паэмы Я. Коласа.

Тут, у Смольні, у жніўні 1912 года адбылася першая

сустрэча двух будучых вялікіх паэтаў, класікаў беларускай літаратуры.

Пра гэту сустрэчу наведвальнікам Смольні загадчык філіяла Уладзімір Іванавіч Міцкевіч, пляменнік паэта, расказвае:

— Во бачыце, на сядзібе ліпы. Іх пасадзіў Якуб Колас, які наязджаў у Смольню. Колас марыў яшчэ пасадзіць на сядзібе садок. Цяпер мы, яго нашчадкі, пасадзілі ў памяць аб песняру сад, каля пяцідзесяці яблынь і груш...

— Кажуць, што гэтыя ліпы Колас пасадзіў на памяць аб сустрэчы з Янкам Купалам? — запытаў нехта з экскурсантаў.

— Можа, і так, дакладна мы не ведаем,— адказаў Уладзімір Іванавіч.— Але ліпы пасаджаны той вясною... Колас наогул вельмі любіў садзіць дрэвы. Нават у Мінску на невялічкай сядзібе каля Акадэміі навук ён пасадзіў тры дубкі на памяць аб сваіх сынах — Данілу, Міхасю і Юрку.

Тую сустрэчу Я. Коласа з Я. Купалам памятае і малодшая сястра Коласа Марыя Міхайлаўна Бруй. Ёй тады было дванаццаць гадоў. Яна і бегала па Кастуся, які ў той час быў у некага з мікалаеўскіх хлопцаў.

— Колас і Купала,— расказвае Марыя Міхайлаўна,— вельмі рады былі, сустрэўшыся. Доўга гаварылі. Спачатку быў і дзядзька Антось. Тады пайшоў, можа, каб не замінаць ім у гаворцы. Сядзелі яны позна. На ноч пайшлі ў гумно. Маці давала ім пасцель, але Купала адмовіўся. Усю ноч, мабыць, яны і прагаварылі. А раніцою пайшлі ў Свержань...

Марыя Міхайлаўна расказала, што Кастусь любіў касьбу, лета, жніво. Ахвотна дапамагаў па гаспадарцы. Калі настаўнічаў, то ўлетку ў Смольпі збіраліся настаўнікі. Спявалі песні. Кастусь добра іграў на скрыпцы. Выконвалі нават такія песні, як «Вихри враждебные», якія тады спяваць забаранялася.

Як і дзядзька Юзік, Марыя Міхайлаўна ведае на памяць шмат вершаў, чытае іх па-майстэрску і цікава расказвае пра даўнейшых мікалаеўцаў, што сталі героямі і прататыпамі коласаўскіх твораў.

Калі Канстанцін Міхайлавіч вучыўся ў Нясвіжы ў семінарыі, то, прыехаўшы на пабыўку, быў сведкаю, як ураднік у беднай удавы Сынклеты за няўплату падатку намерваўся забраць апошнюю карову. За ўдаву ўступіўся семінарыст Адам Мілюк, сабраў грошы, і бедная ўдава выратавалася ад няшчасця.

— Кастусь,— гаворыць Марыя Міхайлаўна,— таксама дапамагаў. А пасля верш склаў.

— «Удовіна хата», можа?

— Можа быць. Колас вельмі спачуваў бедным,— успамінае Марыя Міхайлаўна далей.— Праз гэта і ў турме адсядзеў. Я і сама аднойчы з маці хадзіла ў турму, на спатканне да Кастуся. Ён усё хваліў маму нашу, што яна не паказвала слёз. Пра тое больш можа расказаць Міхаліна, старэйшая наша з сясцёр. Міхаліна хадзіла да Кастуся ў турму часта...

...Старэйшая Коласава сястра Міхаліна Міхайлаўна, якой тады, калі мы гутарылі, было 87 гадоў, таксама прыгадала колькі дэталяў з жыцця маладога Якуба Коласа.

— Я хадзіла часта ў турму да Кастуся,— расказвала бабуля Міхаліна.— Я жыла тады ў Мінску, у Аксіні Сянкевіч, удавы ляснічага, які памёр у Альбуці. І Сянкевічыха насіла Кастусю перадачы, не баялася, што бяду на сябе накліча. А маці наша была цвёрдая, ніколі не заплакала на тых спатканнях. За гэта Кастусь хваліў яе: «Я люблю сваю маму, што яна не плача...»

Успомнілі настаўніцу Марыю Дзмітраўну Міцкевіч, жонку Я. Коласа. Яе вельмі любілі ў сям'і Міцкевічаў. Марыя нейкі час жыла ў Смольні ў іх, калі Канстанціна Міхайлавіча ў 1915 годзе прызвалі на вайсковую службу. Марусю ведалі і паважалі мікалаеўцы.

Калі 21 мая 1945 года ў Маскве памерла Марыя Дзмітраўна, Якуб Колас у пісьме да дзядзькі Ігнася — Ігната Юр’евіча Міцкевіча, тады дырэктара Мікалаеўшчынскай школы, з якім сябраваў усе пасляваенныя гады, часта з ім перапісваўся, пісаў:

«...Памёр мой самы блізкі, самы дарагі друг, Маруся. Памерла ў Маскве, у бальніцы. 24 мая пахавалі ў Мінску на Ваенных могілках. Адчуваю сябе так, як бы мне адсеклі правую руку і адабралі палавіну душы...»

Нельга без хвалявання чытаць ліст Я. Коласа да землякоў, якія запрасілі яго прыехаць у роднае сяло, калі ў 1939 годзе былі вызвалены заходнія вобласці і ўся Беларусь уз’ядналася ў адзіную Савецкую дзяржаву.

«Дарагія землякі! — пісаў Канстанцін Міхайлавіч.— Даўно мяне цягне свой родны куток, дзе я гадаваўся, вучыўся, дзе правёў свае маладыя леты, куток, якога я не бачыў з 1915 года. З гэтага часу я бываў у Мікалаеўшчыне толькі ў мыслях ды ў сне. Сніліся мне Канцавалокі, і Міхалаў крыж, і Дуброўкі, і Лядзяны, і Бервянец, і Раймонтава Шырокае, і Высокі Бераг, і сотні іншых урочышчаў, якія цяжка пералічыць і назвы якіх быць можа забыліся і перайначыліся».

Улетку таго ж 1940 года мікалаеўцаў напаткала вялікае няшчасце — ад раптоўнага пажару згарэла дзвесце два двары, амаль усё сяло.

— Тады ж адразу адгукнуўся Якуб Колас,— успамінаў адзін з мікалаеўскіх старажылаў Ігнат Ігнатавіч Міцкевіч.— Ён памог нам. Наша сяло было спланавана па-новаму з дапамогай Канстанціна Міхайлавіча. Мы хутка сталі на ногі, адбудаваліся.

У пасляваенны час, нягледзячы на вялікую занятасць, Я. Колас трымаў з землякамі да апошніх дзён жыцця цесную сувязь. Ён быў шэфам будаўніцтва новай школы і бальніцы ў Мікалаеўшчыне, увесь час дапамагаў землякам сваёй парадай, цёплым словам, спагадай і ўдзелам у жыццёвых клопатах. Колас з аднолькавай увагай ставіўся да ўсіх, знаёмых і незнаёмых яму людзей, — дапамагаў многім мікалаеўцам матэрыяльна, пасылаў іх дзецям кнігі і падручнікі, клапаціўся аб забеспячэнні школы абсталяваннем і вучэбнымі дапаможнікамі. Коласа ўвесь час турбавала добраўпарадкаванне вёскі, асушка балот; яму рупіла, каб у мікалаеўцаў болей было зямлі, прыдатнай для ўраджаю.

...Клопаты і ўвага дзядзькі Кастуся, як любоўна называюць Коласа мікалаеўцы, не забыты. Землякі ў цэнтры вёскі ў маладым парку, які названы яго імем, узвялі помнік Якубу Коласу. Адна з вуліц у Мікалаеўшчыне носіць імя Якуба Коласа. У Смольні, на сядзібе сям’і Міцкевічаў, філіял літаратурнага музея Якуба Коласа, які наведваюць штогод тысячы людзей. Наведвальнікі пакідаюць у кнізе водгукаў запісы, што сведчаць пра вялікую любоў і пашану да народнага песняра зямлі беларускай.

Жывыя тыя ліпы, якія ён пасадзіў уласнымі рукамі, як і дубы-волаты пад Нёманам, што будзілі яго думкі-мары. Бруіцца ціхая крынічка ў Альбуці, дзе склаліся першыя словы ў песню вясны. На Канцавалоках ракочуць трактары, засяваючы палі для будучага ўраджаю... Кіпіць жыццё ў новай Мікалаеўшчыне, у калгасе «Радзіма Якуба Коласа», у буднях вясковых бачыш жывога Коласа, сейбіта і паэта, грамадзяніна і патрыёта.


1986?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан