epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Пясняр Палесся

У даваенны час у Гомелі, горадзе над Сожам, віравала творчае жыццё. Літаратурныя гурткі працавалі ў школах і тэхнікумах, у педагагічным і лесатэхнічным інстытутах. Літаратурнае аб’яднанне было і пры рэдакцыі абласной газеты. Да газеты гарнуліся ўсе, хто спрабаваў свае сілы ў літаратуры,— студэнты, рабочая моладзь, школьнікі. Вечарамі ў культаддзеле рэдакцыі абласной газеты збіраліся гурткоўцы, вучыліся, слухалі парады старэйшых літаратараў. Памятаю, што тут свае вершы чыталі Аляксандр Адамчык, Леанід Гаўрылаў, Кастусь Кірэенка, Іван Цімашкоў — студэнты педінстытута; Дзмітры Кавалёў, Іван Шамякін — студэнты будаўнічага тэхнікума, Георгі Самсонаў, Уладзімір Дадзіёмаў, Ілья Столкарц, Георгі Пастрон — школьнікі. Кіраваў аб’яднаннем Піліп Ларывонавіч Яўменаў, намеснік рэдактара, які сам пісаў вершы, вершаваныя фельетоны. У літаратурным аб’яднанні актыўна ўдзельнічаў Раман Сабаленка, супрацоўнік рэдакцыі, а для нас, пачаткоўцаў і юнкораў — паэт, які часта друкаваў свае творы на старонках «Гомельскай праўды».

Добра памятаю, як Рамана Сабаленку ўбачыў я вясною 1938 года ў шумлівай людской плыні Савецкай вуліцы, насупраць будынка нашага педтэхнікума. Гэта быў малады чалавек з пышнай капою каштанавых валасоў над крутым ілбом; з-пад рыжаватых броваў свяціліся сіне-шэрыя вочы з характэрным прыжмурам. Малады чалавек ішоў, хаця было яшчэ халаднавата, без шапкі, у белай, вышыванай дробнымі васількамі кашулі, падпяразанай вузкім поясам. Уладзімір Дадзіёмаў, з якім мы кіраваліся, мабыць, у рэдакцыю, шапнуў:

— Наш гомельскі паэт — Раман Сабаленка...

Я колькі крокаў не спускаў з яго вачэй, з цікаўнасцю разглядаў паэта. Ён выдаваў задумлівым, трымаў у руках патухлую папяросу. Карцела зачапіць яго, пагаварыць, але Валодзя Дадзіёмаў сказаў, што цяпер чапаць не варта: Раман толькі што перахварэў і быў не дужа здаровы.

На занятках літаратурнага гуртка Раман Сабаленка разглядаў творы пачаткоўцаў, а іншы раз чытаў і свае вершы. І нам, гурткоўцам, расказваў пра Паўлюка Труса, які ў 1927 годзе пасля заканчэння Мінскага белпедтэхнікума прыехаў на практыку ў рэдакцыю «Полесской правды» (так называлася абласная газета да 1939 года). Яго вершы, вершаваныя фельетоны, частушкі друкаваліся ў газеце на беларускай мове. Паўлюк Трус у педтэхнікуме арганізаваў гурток «Маладняка», пасябраваў з Раманам Сабаленкам. Яны наладжвалі часта літаратурныя вечары, дзе П. Трус чытаў свае вершы, напісаныя па гарачых слядах падзей, прывезеныя з камандзіровак: «За каго мы ў Саветы галасуем», «Камітэты дапамогі ставяць беднага на ногі», «Ты спявай, іграй, музыка, пра сялянскую пазыку», «Каб знаць навіны ўсяго свету, чытай газету», «Каб малака было па вушы — выводзь карову з калатушы»...

«Мо пад уплывам яго (П. Труса.— С. К.) у тое лета я і сам пачаў складаць радкі»,— напіша потым Раман Сабаленка ў сваёй «Аўтабіяграфіі». Першы яго верш «Маці» рыхтаваў да друку Паўлюк Трус. Адзін верш «У зацішку вецер не шавеліць» змясціў часопіс «Маладняк» у № 7 за 1928 год. У 1935 годзе ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» была надрукавана першая паэма «Брагінь». Рамана Сабаленку ў 1939 годзе прынялі ў члены Саюза пісьменнікаў.

Пра дружбу Рамана Сабаленкі з Паўлюком Трусам расказвала Вера Іосіфаўна, жонка пісьменніка:

— У Гомелі ў тыя гады мы з Раманам жылі на прыватнай кватэры па вуліцы Жаркоўскага. Часцяком да нас заходзіў Паўлюк Трус. Яны хадзілі разам у тэхнікум да студэнтаў, на літаратурныя вечары і дыспуты «Маладняка». Ездзілі разам у Рэчыцу і ў вёскі. Якраз Гомельшчына ў 1927 годзе ўвайшла ў склад беларускіх абласцей. Памятаю, як яны збіраліся да студэнтаў на вечар, а ў Рамана не было прыстойнага гарнітура, і Паўлюк пайшоў з ім на рынак і купіў Раману касцюм. Пасля і Раман, калі ездзіў да бацькоў на канікулы, пашыў сабе з кужэльнага палатна кашулю і сам вышыў на ёй васількі...

У тым жа невялічкім пакоі, дзе жыла сям’я Сабаленкаў (у іх ужо было дзве дачкі), Паўлюк Трус чытаў раздзелы з паэм «Дзесяты падмурак», «Чырвоныя ружы»...

Але па-сапраўднаму пазнаёміцца з Р. Сабаленкам мне давялося толькі ў маі 1955 года, калі я перайшоў з газеты ў часопіс «Маладосць» і стаў працаваць у аддзеле рабоча-сялянскай моладзі, якім якраз кіраваў Раман Карпавіч. Ён сустрэў мяне прыязна, па-сяброўску. Мы ўспаміналі даваенны Гомель, сваіх агульных знаёмых. Аднак пра франтавое жыццё мы (ды і не толькі мы, а бадай усе былыя франтавікі і партызаны) не часта ўспаміналі. Думаецца, гэта ад таго, што яшчэ ў кожнага з нас перад вачамі стаялі крывавыя жахі вайны... Праўда, я ведаў, што Раман Карпавіч на вайне быў кантужаны і ў яго ёсць баявыя ўзнагароды — ордэн Чырвонай Зоркі і медалі. А такія ўзнагароды, я ведаў, воінам даставаліся нялёгка.

Ад Рамана Карпавіча я не раз чуў: «Работа ў газеце для пісьменніка вельмі карысная». Казаў гэтак, мабыць, таму, што сам яшчэ да вайны больш дзесяці год аддаў газетнай справе, а затым і ў пасляваенны час працаваў у Баранавічах у рэдакцыі газеты «Чырвоная звязда» спачатку стылістам, а пасля намеснікам рэдактара. Праца газетчыка была плённай у асноўным для накаплення фактычнага матэрыялу, асэнсавання з’яў і канфліктаў рэчаіснасці. Прыхваткам пісаліся вершы.

У гэты час ён шмат ездзіць, часта бывае ў толькі што народжаных калгасах, на новабудоўлях, піша нарысы, фельетоны, вершаваныя замалёўкі. Але зробленае яго не задавальняе. Ён казаў: «Мне карцела на большае».

У творчым жыцці пісьменніка вялікае месца займае дружба з камсамолам, з моладдзю. Пад той час першым сакратаром Баранавіцкага абкома ЛКСМБ працаваў Аляксандр Нічыпаравіч Аксёнаў. Ён прыняў жывы ўдзел у творчым лёсе Сабаленкі, як і іншыя баранавіцкія сябры Міхаіл Дзялец, Станіслаў Пілатовіч, Якуб Міско, што заахвочвалі яго ў творчым росце. Тады ж пачалося знаёмства і дружба пісьменніка з Генадзем Цітовічам. Пра Генадзя Цітовіча потым напішацца цікавы, змястоўны нарыс «Прага песні». З Генадзем Іванавічам Раман прыязджаў і на сваю радзіму, у вёску Сабалі, на Брагіншчыне. Цітовіч запісваў народныя песні, наладжваў спеўкі ў вясковых хатах. Бывала, успамінае Вера Іосіфаўна Сабаленка, як ідуць яны разам па вуліцы, то чуеш ад жанчын, скажам, такое: «Не пераходзь, Хадося, вуліцу з парожнім вядром...»

Між іншым, у тым нарысе пра Генадзя Цітовіча ёсць такія словы: «Добрая жонка — гэта і натхненне і працавітасць». Сказана пра жонку Генадзя Іванавіча.

Нагадваю пра гэта Веры Іосіфаўне, яна ўздыхае:

— А як жа вы думаеце. Я ўсё жыццё перажывала, каб Раману добра і спакойна пісалася...

У Баранавічы часта прыязджалі пісьменнікі з Мінска, былі гасцямі Рамана. На сустрэчах свае новыя творы чыталі Пятрусь Броўка, Антон Бялевіч, Анатоль Астрэйка, Міхась Машара. Завадатарам творчых дыскусій выступалі Уладзімір Карпаў, Уладзімір Агіевіч, Сцяпан Майхровіч. Пятрусь Усцінавіч Броўка аднойчы прапанаваў: «Хопіць табе, Рамане, тут сядзець, пераязджай у Мінск...»

Вера Іосіфаўна расказвала, што Раман любіў чытаць напісанае. І ёй, і дочкам. «Бывала, казаў: ідзіце паслухайце. І будзе доўга чытаць і крадком пазіраць, ці слухаем. Скажаш яму, што во тут добра, а тут блага. Ён толькі ўхмыльнецца: «Нешта ты, старая, разумееш!..»

Раіўся часам і па задумах. Часцей ужо, калі пісаў прозу — аповесці, апавяданні. Будзе ён іншы раз сядзець доўга... Маўклівы. Курыць, папяросу за папяросай. Тады скажа: «Як ты думаеш, старая, так будзе лепей?..»

Аднойчы дачка, здаецца, Эма, кажа: «Тата, у цябе любоўныя сцэны слабыя...»

Бацька буркліва запярэчыў, але пасля папраўляў напісанае, перапрацоўваў.

...З Раманам Карпавічам разам, як ён казаў, у адной запражцы мы працавалі ў часопісе «Маладосць» не так і багата — якія два гады, але і за кароткі час многа ён даў і мне асабіста, ды і ўсім, хто з ім працаваў. Яго ўрокі — пісьменніка і чалавека, старэйшага таварыша па пяру, былі павучальныя і карысныя. Самабытны пісьменнік, паэт у душы і шчырэц у працы, ён быў патрыётам і песняром свайго роднага Палесся. Замілаванне роднай зямлёй выказваў і ў творах: «Мой родны край, палеская старонка, як люба ты мне ў зарыве зарніц!..»

Час працы ў часопісе «Маладосць» быў для Рамана Сабаленка канечне ж, творчым узлётам. Тут як бы набылося другое дыханне; сілы, якія нібы драмалі ў магутным арганізме, атрымалі незвычайнае паскарэнне. Яно, думаецца, і ў шчырай сяброўскай падтрымцы, і наогул у той атмасферы, якая панавала ў нашым невялікім, але дружным калектыве.

Усіх нас, маладзейшых і вопытных, здзіўлялі Раманава працавітасць і цягавітасць. Мог ён засяродзіцца ў любых умовах, нават у такой «мыслільні», якой быў наш пакой, дзе змяшчаліся аж тры аддзелы — прозы, рабочай і сельскай моладзі, мастацкага афармлення. Ахутаны папяросным дымам, бо сам быў курэц заядлы, Раман шчыраваў, не ўстаючы ад стала, гадзінамі.

Цяпер, успамінаючы той ужо далёкі час, я думаю, што дысцыпліна працы, памножаная на ўнутраную самадысцыплінаванасць, непераборлівасць да жыццёвых патрэб і можа быць адказам на пытанне, як ён умеў аднолькава плённа працаваць і на «сябе», і выконваць справы чыста службовыя, рэдакцыйныя. Як камуніст ён сумленна, па-партыйнаму аддаваў багата сіл грамадскім справам.

Чалавек вялікай душэўнай сілы і волі, такой жа грамадзянскай актыўнасці, Раман Карпавіч быў нашым шчырым настаўнікам, спагадлівым і добрым. Калі, скажам, і ў мяне, а я, як сказана было ўжо, прыйшоў у часопіс з газеты, нешта не выходзіла так, як хацелася б, ён умеў быць цярплівым. І заўсёды ўмеў па-юнацку радавацца за ўдачу малодшага таварыша.

Сваім жа шчодра дзяліўся з усімі. Азарэнне прыходзіла да яго часта; ён тады расцвітаў, і вочы яго, то сінія, як палескія нябёсы, то цёмныя, як вада ў роднай Брагінцы, ззялі юначым агнём: выдавала радасць сейбіта, які парою кінуў зерне ў цёплую і вільготную глебу...

Зайздросная якасць Рамана Карпавіча — не вылучацца, не ўзвышацца над сваімі ж сябрамі і таварышамі. Яго жыццёвае, чалавечае крэда — цярплівасць і памяркоўнасць. Яму было чужое, і гэта хочацца падкрэсліць, так званае пад’ялдыкванне, што, на вялікі жаль, часам сустрэнеш сярод нашага брата-літаратара.

«Умей быць вясёлым,— казаў ён,— нават і тады, калі табе не весела і цябе нішто не вяселіць...»

Яснасць аўтарскага розуму, сваё бачанне свету, адданасць справе, якой служыш, жаданне чэсна і сумленна змагацца за лепшае жыццё для народа — усё, як токам, перадаецца ад творцы яго героям. У 1957 годзе выходзіць з друку першая кніга прозы Р. Сабаленкі «Жменя зярнят». Апавяданні і нарысы, сабраныя пад адной вокладкай, пісаліся ў віры гарачых будняў, па свежых слядах падзей. Пісьменнік засяроджвае ўвагу на галоўным, што характарызуе наш дзень, багаты на падзеі, у іх ён не старонні назіральнік, а даследчык і летапісец. Яго пазіцыя ісці па магістралі жыцця, а не таптацца на абочыне. Ён бачыць сваё месца сярод тых творцаў, якія ўмеюць трымаць руку на пульсе часу, жыць радасцямі і клопатамі людзей.

Калі размова заходзіла пра пісьменніцкае майстэрства, ён казаў: «Вельмі важна, каб чалавечыя характары былі сучасныя, псіхалагічна дакладныя, пераканаўчыя. А праблемы, якія ты, пісьменнік, асэнсоўваеш, павінны цесна ўвязвацца з жыццём нашага грамадства: з тымі задачамі, якія сучасніку належыць вырашыць у наш час, сёння, кіруючыся вялікімі мэтамі будучага».

Ад яго можна было пачуць: «Не ўяўляю чалавека, які жыве толькі сённяшнім, не дбаючы пра заўтрашні дзень, не турбуючыся аб тым, каб як мага хутчэй наблізіць будучыню». Яго вера ў будучае не была марай аб уласным дабрабыце і шчасці. Ды і шчасце ён сабе ўяўляў здабытым у працы, як у баі...

Успамінаецца, як Раман Карпавіч, звычайна прыйшоўшы на працу раней за іншых, казаў: «От, браце, папрацаваў... У ахвоту!» (Тады пісаліся раздзелы першай яго аповесці «Юнацтва ў дарозе»).

Як бы строгі, хмуры, Раман толькі знешне быў спакойны, нават трохі марудны, але гэта так здавалася; душа яго заўсёды была напоўнена неспакоем, узрушаным віраваннем думкі.

Пасля Раман Карпавіч працаваў ужо ў «ЛіМе», мы часта з ім сустракаліся або на вуліцы імя Янкі Купалы, дзе ён жыў, або на Ленінскім праспекце, па якім ён хадзіў на працу ў рэдакцыю. Пры сустрэчы абавязкова прыпыніцца, нешта спытае ў цябе, нешта абавязкова сам раскажа.

— Ну, як, хлопча, жывеш. Што парабляеш. Ці пішацца?..

І тут жа пра сваё:

— А я агораў старонак пяць, заканчваю новую аповесць. Трэба пісаць. За нас, браце, ніхто не зробіць. Калі што маеш сказаць — пішы!

Раман Карпавіч любіў расказваць пра тое, што пісаў. Старонняму чалавеку магло падацца, што гэтая ягоная слабасць — жаданне пахваліцца. Але так мог падумаць менавіта толькі старонні чалавек, які не ведаў Рамана. Таму, хто ведаў яго бліжэй, адкрывалася яшчэ адна асаблівасць, чалавечая і мастакоўская,— шчырасць і жаданне праверыць сябе, выявіць тое, што яго ў гэты час займала і хвалявала.

Але вернемся да таго часу, калі мы працавалі ў «Маладосці». Аднойчы, калі Раман Карпавіч прыйшоў стомлены і пачаў зацята курыць, я сказаў яму пра гэта.

— Ат! — буркнуў ён у адказ.— Не трэба дужа сабе вольніцу даваць. Будзе яшчэ горш, калі згультаішся. Можаш хутчэй і назусім згібець.

Ён моўчкі доўга і старанна чысціў свой несамавіты бурштынавы мунштучок, прыладжваў цыгарэту і пускаў колцы сіваватага дыму. Праз колькі хвілін, накурыўшыся, садзіўся і браўся правіць рукапіс ці чытаць матэрыял у нумар. Бывала, што ў час перакуру ажыўляўся і браў удзел у гаворцы. Збіраліся хлопцы — Іван Навуменка, Віктар Грамыка, Алесь Асіпенка, Аляксандр Дзятлаў, Георгі Шчарбатаў, Сямён Чырэшкін, Іосіф Шаршульскі... Пачыналіся звычайныя рэдакцыйныя размовы, якія часцяком выліваліся ў гарачыя спрэчкі. Раман часцей маўчаў, але калі і падаваў голас, то да яго хлопцы прыслухоўваліся. Раман Карпавіч быў чалавек кампанейскі, і мы, маладзейшыя, розніцы ў гадах не адчувалі. Мог нас і запрасіць на кватэру, хаця сям’я яго жыла ў адным пакоі, і мы стараліся не рабіць гаспадыні лішняга клопату. «Ат, нічога,— настойваў на сваім гаспадар,— у цеснаце, ды не ў крыўдзе».

Не заўсёды бывае, што загадчык аддзела і літработнік добра спрацоўваюцца, а з Раманам Карпавічам мы працавалі зладжана, ніколі не было ў нас такога, што адзін цягне на гару, а другі з гары... Калі ў мяне нешта не ладзілася, ён гэта адразу заўважаў і быў вельмі тактоўны, не гарачыўся, не ўшчуваў, а стараўся памагчы, і ў той момант ён як бы сябе вінаваціў, глядзеў на цябе са шкадобай. Шкадоба — было яго любімае слова.

— Гэта правідлова! — казаў неяк Раман Карпавіч, калі я вярнуўся з камандзіроўкі без нарыса. Выявілася, што там трэба было пісаць крытычны артыкул, і Раман сказаў:

— Журналіст, як і пісьменнік, не мае права грашыць супраць праўды. Мастацкае слова павінна актыўна «ўразацца» ў жыццё... Не даспадобы былі яму часам частыя «нарадкі-лятучкі», на якія быў вельмі ахвочы наш тагачасны галоўны рэдактар Аляксей Кулакоўскі. «Ат, пустая растрата часу,— унурыўшыся ў паперы, казаў Раман Карпавіч.— Як займацца пустой гаварыльняй, лепш схадзілі б у парк ці фільм новы паглядзелі разам...»

На тых нарадках-лятучках звычайна Раман Карпавіч быў нешматслоўны, больш слухаў, што казалі іншыя. Але калі адчуваў, што трэба каго паправіць ці нешта ўдакладніць, то рабіў гэта абавязкова. Прынцыповасць была рысаю, уласціваю яму і як камуністу, і як старэйшаму між нас.

Не раз даводзілася мне бачыць і чуць, як Раман Карпавіч гутарыў з маладымі. З моладдзю ён любіў сустракацца. Умеў быць цярплівым і спагадлівым, але і строгасці яму не бракавала, калі таго вымагала справа, інтарэсы грамадства.

Памятаю адзін кур’ёзны выпадак. Адзін пачынаючы аўтар прынёс апавяданне ў рэдакцыю на кансультацыю. Яго выклікалі на нараду маладых, што пачаліся пад той час у Доме творчасці ў Каралішчавічах.

Можа, гадзіны са дзве сядзеў Раман Карпавіч з тым аўтарам. Разбіралі тое апавяданне. Аўтар слухаў заўвагі моўчкі — толькі чырванеў і сапеў носам. А назаўтра ў Каралішчавічах выявілася, што хлопец перапісаў слова ў слова чужое апавяданне, ды яшчэ і нарабіў багата памылак. О, як узлаваўся ж Раман Карпавіч! Неўзабаве ў газеце «Чырвоная змена» з’явіўся фельетон Р. Сабаленкі пад назвай «Злодзей з самапіскай».

Рэдакцыйным работнікам Раман Сабаленка быў незаменны. На ўсякі жанр яго хапала. Ён пісаў і нарысы, быў лёгкі на пад’ём, ахвотна ездзіў у камандзіроўкі і заўсёды прывозіў тое, што патрэбна было для часопіса. Складаў вершаваныя подпісы пад фота, пісаў пародыі, фельетоны, артыкулы. Разам з гэтым пісаліся і апавяданні, якія мы пасля чыталі ў зборніку «Сустрэчы».

«Пішыце з добрым сэрцам,— казаў ён нам.— Людзей любіць трэба. Умейце, вучыцеся любіць людзей...»

Такога правіла ў першую чаргу трымаўся сам. Чуласць, уважлівасць да чужой бяды — гэта ягоная рыса, якая, мабыць, даецца чалавеку з нараджэннем. «Спачувальнасць» — слова, якое стасуецца да яго характара. Ягоная дабрыня была прыкладам для кожнага, хто з ім працаваў, хто стыкаўся пры бядзе.

Кажуць, што ў апошнія гады да яго не раз заходзіў Іван Мележ, аднойчы казаў, што менавіта ягоная кніга «Юнацтва ў дарозе» падказала яму ідэю ўзяцца за сваю «Палескую хроніку». Сам жа Сабаленка браў прыклад з творчасці Міхася Лынькова, вельмі высока цаніў творы К. Чорнага.

Памяць пра пісьменніка — яго кнігі. А кнігі — гэта і ёсць сам пісьменнік. Тое, што ён апісвае, выяўляе, даследуе павінна быць уласціва і яму. Думаецца, гэта найперш чысціня пачуццяў, абсяг і глыбіня думак, ідэй і прынцыпаў, якія да душы перш за ўсё самому творцу.

Як вядома, сапраўдны пісьменнік — гэта заўсёды індывідуальнасць. Лепшае, што напісана ім, нясе адзнаку гэтай індывідуальнасці. Сваіх герояў ён добра ведае. Яны валодаюць высокай мерай цвёрдасці, у той жа час яны простыя і сціплыя. Для іх характэрны высокі ідэал душы — вера ў радасці і хараство жыцця, у шчаслівую будучыню, якую самі набліжаюць сваёй актыўнасцю, грамадскай працай.

Публіцыстычнасць іх — адкрытая, прывабная рыса. Лепшыя яго аповесці «Юнацтва ў дарозе», «Блакітнае ззянне», «Каралінцы», «Іду ў жыццё», «Незамужняя ўдава», «Былое застаецца ў сэрцы» адрасаваны моладзі. У іх б’ецца пульс нашае явы.

Раман Сабаленка быў блізкі з людзьмі, жыў іх радасцямі і болямі. Многіх сваіх добрых знаёмых, землякоў, вобразы якіх з маленства насіў у сэрцы, зрабіў героямі сваіх твораў. Яны — як жывыя. І чытач таксама бачыць іх такімі.

Чытаеш у яго «Аўтабіяграфіі» такое: «Пісьменнік не можа быць ізаляваны ад свайго грамадства: яно фарміруе яго светапогляд, дае яму фарбы для найбольш яркага адлюстравання рэчаіснасці, ставіць праблемы, вызначае тэмы, дае яму вобразы і нават акрэслівае стыль».

Усё лепшае, што сагрэта сэрцам і душою пісьменніка, засталося людзям, з імі жыве.


1986?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан