epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Песня будаўніцтву

Яшчэ ўлетку мы даведаліся пра тое, што на Палессі, у Ганцавіцкім раёне, закладваюцца падваліны новага саўгаса. Па тэлефоне з рэдакцыі ганцавіцкай раённай газеты «Савецкае Палессе» калегі сказалі:

— Так, будаўніцтва ўжо ідзе. Саўгас закладваецца на Раздзялавіцкіх балотах. Трыццаць кіламетраў ад Ганцавіч. Глыбінка. Некранутыя балоты. Прыязджайце!..

І вось мы ў дарозе. Цёплы сонечны дзень, у які амаль не верыцца пасля тых маразоў, што на пачатку восені нахапіліся як гром з яснага неба. Пад коламі машыны чорная стужка шашы аж дыміцца, а навокал пад зыркім сонцам залатымі барвамі гараць бярэзнікі. Адшчыравала восень, адгаманіла маторамі. Сцірты ярка-жоўтай, мядзянай саломы ў полі — успамін аб шумлівым жытнёвым моры.

Пакуль ехалі па цудоўнай, абноўленай трасе Мінск — Брэст, потым па заасфальтаванай гарадзейскай дарозе да Нясвіжа, то час ляцеў непрыкметна. Ва ўсіх быў цудоўны настрой. А як уз’ехалі на клецкую брукаванку і за Сіняўкай пачалі адважна адольваць вярсту за вярстой, то ўсё часцей сталі ўспамінаць Ганцавічы. Ці хутка яны, нашы Ганцавічы, бо ўжо і сонца звярнула з поўдня, а палескіх краявідаў не відно. Пачалі нават адзін аднаго дакараць: «А навошта была такая далячынь? Нешта такое можна было б знайсці і бліжэй ад Мінска...»

— Узялі б шэфства над Сенніцай,— жартуе наш дасціпнік-шафёр Анатоль.— І блізка, і калгас у Сенніцы багаты...

Але, мусіць, праўда, што ў добрае надвор’е і падарожнічаць не важка. Праз якія гадзіны дзве мы выбраліся на паваротку «Абідавічы» — гэта ўжо ганцавіцкая вёска, і неўзабаве ўсклікнулі:

— Ганцавічы!..

Ужо на сустрэчы з калегамі з раённай газеты адчулі, што не памыліліся, выбраўшы для творчай садружнасці гэтую палескую новабудоўлю. Зусім шчыра абрадаваліся яны нашаму прыезду і, не тоячыся і не пахваляючыся, сказалі, што ўжо асвятляюць ход будаўніцтва, стварылі на будоўлі свой карэспандэнцкі пункт. Рэдактар «Савецкага Палесся», заслужаны работнік культуры БССР Васіль Праскураў сказаў:

— Удалае месца выбрана для такой будоўлі. І край адметны, можна сказаць, палеская цаліна, і людзі там цудоўныя...

І зноў — дарога. У Раздзялавічы разам з намі паехаў першы сакратар райкома партыі Рыгор Іосіфавіч Буслаў. Сам ён нетутэйшы, з Барысаўшчыны, але паспеў прыкіпець сэрцам да гэтай зямлі, зрадніўся з людзьмі, і яны яго палюбілі.

Чым далей на поўдзень, тым уладней урываецца ў наваколле палескі краявід: нізкарослы хвойнік, балотная бярозка і вольха, хмызняк і дрыгва. І пясок. Шэры, сыпучы, які цячэ пад нагамі, засмоктвае колы аўтамабіля. Тут у дровы ці па сена ездзяць не на конях, а на валах. Адразу недзе за Ганцавічамі мы і ўбачылі гэтых волікаў, нетаропкіх, прысадзістых, з доўгімі, шурпатымі рагамі.

Павольна, з адчуваннем уласнай годнасці цягнулі яны цяжкагрузныя вазы і, здавалася, пасміхваліся самі сабе, гледзячы на імклівую чараду аўтамабіляў: «Нічога... На наш век дрыгвы яшчэ хопіць...»

Мы ж імчаліся, уразаліся ў нетры па сучаснай асфальтоўцы. Была яна насыпною, пясок і гравій прывозілі на балота з «мінералкі». Падумалася: як дорага аддае свае скарбы Палессе, калі нават дарогу даводзіцца сюды пракладваць не звычайную, а «залатую». І вось на гэтых гіблых балотах, на выспах будуецца саўгас-гігант.

— А чаму менавіта ў Раздзялавічах надумалі будаваць «Адраджэнне»? Хіба ў раёне не знайшлося лепшага месца? — пацікавіліся мы.

Рыгор Іосіфавіч Буслаў стрымана ўсміхнуўся, потым пасур’ёзнеў, сказаў:

— Месца, вядома, мы б знайшлі. Наш раён толькі сваёй паўднёвай часткай захоплівае акраек пінскага Палесся. Але праекціроўшчыкам мы адразу сказалі: толькі тут, у Раздзялавічах. Разумееце, мы хочам гэтым людзям, прадзеды якіх гібелі ў дрыгве, у цемры, паказаць, што можа зрабіць чалавек. Чалавек пераможа балота, а яно аддасць яму свой скарб-багацце.

...Ляцела насустрач восеньскае Палессе. Пад стракатасць няяркіх фарбаў, пад роўнае вуркатанне матора хораша і сцішана думалася, што недалёка ад гэтай дарогі, вунь за тым сінім лесам, у вёсцы Люсіна настаўнічаў некалі, на пачатку стагоддзя, Канстанцін Міцкевіч, будучы Якуб Колас. Каля драўлянай царквы ў Хатынічах цельшынскі настаўнік Лабановіч сустракаўся з Ядвісяю. Мы праехалі каля той царквы, і яна як бы нагадала нам пра гэта сваімі зачыненымі вокнамі.

Нарэшце і Раздзялавічы. Старадаўняе палескае сяло. Трывала зраслося яно з гэтай зямлёй, моцныя пусціла карэнні. Нам расказалі гісторыю сяла. Яшчэ за прыгонам тое было. Сюды, на пясчаныя выспы, у камарыныя балоты, ссылалі разжалаваных салдат-бунтаўшчыкоў. І быццам пайшла ад гэтых самых салдат назва сяла — Разжалавічы. А потым ужо, калі трохі акрэплі салдаты, калі пачалі сахой уздзіраць тарфянішча, давялося ім дзяліць паміж сабой зямлю. Вось адкуль пайшла другая — сённяшняя назва сяла — Раздзялавічы. Хто ведае? Можа, так і было. А можа, гэта толькі легенда. Галоўнае тое, што насуперак усім віхурам і ліхалеццям выжылі Раздзялавічы, ацалелі, дажылі да нашых дзён, каб сёння памаладзець пад руплівымі чалавечымі рукамі.

Хаты тут усе, як адна, вялікія, прасторныя. Шмат вокнаў. Наш новы знаёмы, старшыня суседняга калгаса «Першае мая» Павел Карпавіч Шуляк весела расказваў:

— Прыязджаю неяк у Раздзялавічы. Бачу — дзядзька новую хату ставіць. Дарэчы, тут такая завядзёнка: сын яшчэ ў войску служыць, а бацька яму ўжо хату робіць. Чакае, значыцца, салдат, цябе твая вёска, хутчэй вяртайся. Дык вось гэты самы дзядзька хату, як цацку, адштукаваў. Шэсць вокнаў на вуліцу, чатыры — у гарод. І ўсё нешта, як уюн, вакол хаты сваёй круціцца. Пытаюся ў яго: чаго ты бегаеш? А ён мне — ведаеце што гаворыць? Шукаю, куды б яшчэ хоць адно акно ўшчаміць...

Што ж, цікавы, сімвалічны штрых. Чалавек шукае, дзе б яшчэ прарэзаць адно акно, хоць у хаце і так даволі вокан. Значыць, чалавек любіць святло, любіць сонца. Лясы і балоты не прывучылі яго да цемры. Саўгас «Адраджэнне», вобразна кажучы, таксама акно, вялікае акно, праз якое палескія Раздзялавічы глянуць заўтра ў шырокі, імклівы свет.

Мы ідзём па вуліцы, якая перакапана траншэямі, на якой узвышаюцца горы белай і чырвонай цэглы, і Рыгор Іосіфавіч Буслаў узбуджана гаворыць:

— Новы жылы пасёлак упісваецца ў сучасныя Раздзялавічы. Жылы масіў забудоўваем двухпавярховымі дамамі. Старыя дамы зносяцца, застаюцца толькі новыя. У цэнтры пасёлка будуем тры пяціпавярховыя дамы, клуб, гандлёвы цэнтр, Дом быту, сярэднюю школу, дзіцячы сад-яслі, медыцынскі пункт. Побач — магазін, стадыён.

Гаспадарчыя будынкі складуць асобную лінію забудовы, дзе будуць дзве фермы па 1600 галоў — чатыры кароўнікі. Рамонтна-механічныя майстэрні, кацельня, гаражы, склады — усе аб’екты ўзводзяцца. На будоўлю саўгаса асігнавана 8,5 мільёна рублёў, на меліярацыю яго пасяўных плошчаў і ўгоддзяў — 12 мільёнаў рублёў.

— Уяўляеце,— прыпыняе крок Рыгор Іосіфавіч,— гаспадаркі раёна маюць прыкладна шэсць тысяч чатырыста кароў, а ў саўгасе «Адраджэнне» будзе тры тысячы дзвесце. Палова дойнага статку раёна! Сапраўдная фабрыка малака. Для раёна гэтая будоўля мае не толькі эканамічнае, але і палітычнае значэнне. Саўгас будуецца на гіблых балотах, на спрадвечнай дрыгве. І людзі, якія яшчэ жылі тут, шчыра скажам, як наводшыбе, у глухамані, атрымаюць усе зручнасці сучаснага быту, будуць карыстацца здабыткамі культуры...

Першы сакратар райкома партыі гаворыць пераканана, з веданнем справы. І мы згаджаемся: так будзе, так абавязкова будзе. А што думаюць самі жыхары Раздзялавіч?

Настаўнік мясцовай школы Аляксандр Паўлавіч Кісялевіч:

— Гэта проста здорава! Замест драўлянай, старой школы ў нас будзе цагляная. Нашы дзеці будуць вучыцца ў такіх самых умовах, што і гарадскія. У школе ўжо сучаснае абсталяванне, кабінеты, багатая бібліятэка. Мы зможам стварыць краязнаўчы гурток і напісаць гісторыю нашых Раздзялавіч...

Раздзялавіцкі хлопец, які працуе і вучыцца на будоўлі на муляра:

— Для нас стварылі спецыяльныя курсы. Мы працуем і адначасова вучымся. Навошта ехаць у Ганцавічы альбо ў Пінск, калі дома пачынаецца такое вялікае і цікавае жыццё?

Дзядзька, у хату якога мы зайшлі, каб убачыць славутыя палескія вышываныя абрусы і ручнікі:

— Раней хто куды прыбіўся, там і працаваў. Хто на торф ішоў, хто ў лясніцтва, хто куды. А цяпер кожнаму заробак дома, у саўгасе. Толькі не лянуйся, рабі...

Людзі — усе за будоўлю, за новыя Раздзялавічы. Праўда, не ўсё адбывалася і адбываецца гладка.

Па дарозе нам расказалі некалькі быляў, якія, мажліва, некалі стануць легендай. Адна з іх пра тое, як выбіралі месца для будучага саўгаса. Праекціроўшчыкі папрасілі мясцовага лесніка, каб ён быў ім за правадніка, а ляснік, аказваецца, рашыў, што не трэба кранаць гэтых мясцін: няхай людцы едуць куды-небудзь далей адсюль, і пастараўся павесці гасцей такімі мясцінамі, што тыя былі ўжо і згадзіліся: непрыдатнае тут месца для такой грандыёзнай будоўлі.

Давялося, вядома, браць іншага правадніка.

Гэтыя Раздзялавіцкія балоты — залатое дно. І тыя з мясцовых жыхароў, а такія, вядома, ёсць, хто яшчэ не ўсвядоміў гэта, хто асцярожліва і з недаверам глядзіць на перамены, на цуд, што творыцца, можна сказаць, на іх вачах, ужо дзівяцца з саміх сябе, смяюцца з сваёй упартасці і свайго скептыцызму.

Вядома, пачынаючы новую справу, заўсёды трэба нечым ахвяраваць. Напрыклад, ахвяраваць цішынёй. Густая была цішыня ў Раздзялавічах яшчэ некалькі гадоў таму назад. Здавалася, яна струменілася з самага нутра балот, з цёмных пушчаў. А яшчэ раней, да калгасаў, толькі звон будзіў гэтую цішыню. Звон вісеў на старым дрэве на могілках, і, калі паміраў чалавек, раніцою званілі ў звон. Мы бачылі гэтыя могілкі. Крыжы на іх дубовыя, моцныя і такія высокія, што трэба задзіраць галаву, каб ахапіць іх позіркам. Стаяць яны купамі, сем’ямі, нагадваючы нечым каменныя статуі з вострава Вялікадня, пра якія пісаў Тур Хейердал.

Новы час — новыя песні і новыя традыцыі. Можна сказаць, гэта заўважыць кожны новы чалавек. У Раздзялавічах жывуць вельмі жыццярадасныя людзі. Асабліва сімпатычныя дзеці. Ідзеш па ціхай вуліцы, а насустрач цэлая гурма школьнічкаў — вясёлыя, чырванашчокія, яснавокія. Павітаюцца, і калі спытаешся: «А як жа вас зваць, дзеці?», адкажа які-небудзь чарнявы ці бялявы баравічок, напрыклад, так:

— Леанід Піліпавіч Рабцэвіч.

У Раздзялавічах вельмі распаўсюджаны тры прозвішчы. Гэта Валуевічы, Рабцэвічы і Кісялевічы. Можа, нашчадкі тых бунтаўшчыкоў-салдат. Яны і шафёры, і муляры, і школьнікі, і настаўнікі, і маляры, і кухары ў рабочай сталоўцы, на будоўлі.

Мы былі на будаўнічых пляцоўках, глядзелі, як будуецца адміністрацыйны корпус — кантора саўгаса, а таксама будынкі кацельнай, рамонтна-механічных майстэрняў. Бачылі, з якім імпэтам завіхаюцца дзяўчаты, учарашнія хатыніцкія дзесяцікласніцы, фарбуюць новы, толькі што ўзведзены будынак — гараж для ўборачнай тэхнікі; знаёміліся з хлопцамі з камсамольска-маладзёжнай брыгады муляраў, якую ўзначальвае Мікола Піваварчык, заўзяты працаўнік.

«Адраджэнне» — будоўля ўдарная. Маладзёжная. Куды ні глянеш — усюды працуюць маладыя. На будаўніцтве створана камсамольская арганізацыя ВЛКСМ. Тут для іх цудоўная школа, стартавая пляцоўка ў самастойнае жыццё.

...Мы хадзілі па тых мясцінах, дзе яшчэ ўлетку было балота, і сляды вялікай работы, якую правялі тут напачатку меліяратары, бачны ўжо: непадалёк узвышаюцца цэлыя горы ламачча і хмызняку, што сцягнулі з балота бульдозеры. І далей на ўзлессі чарнее такі хмыз, яго многа, аж за небакрай. Гэта тыя ж балоты, што ў недалёкім будучым стануць урадлівымі палеткамі новага саўгаса.

Начальнік будоўлі, таксама малады чалавек, Алег Кузняцоў і сакратар райкома партыі Рыгор Буслаў гутараць аб тым, як паскорыць тэмпы будаўніцтва. Яны яшчэ раз разглядаюць карту-схему генеральнай забудовы, раяцца аб тым, каб стварыць людзям будоўлі лепшыя ўмовы — блізіцца зіма. А будоўля жыве, набірае тэмпы, разгортвае абсягі. Будаўнікі жывуць натхнёным, напружаным жыццём, якое называецца проста — будні. А ў гэтых буднях і рамантыка, што так вабіць маладых, неспакойных сэрцам юнакоў і дзяўчат, і тая ўзлётная паласа, з якой уздымаюцца яны, маладыя, у будучыню.


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан