epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Поўдзень таленту

У пасляваенныя гады беларуская савецкая літаратура ўзбагацілася новымі, маштабнымі творамі прозы, якія сталі ўпоравень з часам. У сярэдзіне пяцідзесятых гадоў у шэрагу новых літаратурных імёнаў пачэснае месца заняў Іван Пташнікаў, арыгінальны, пладавіты празаік, творчасць якога вызначаецца глыбінёй адлюстравання і даследавання народнага побыту, праблемнасцю, ідэйнай сталасцю, яркай сацыяльнай накіраванасцю. У аповесцях і раманах — жывы, усхваляваны расказ сучасніка аб сучаснасці.

Іван Пташнікаў — з таго пакалення, дзяцінства і юнацтва якога прыпала на гады вайны і фашысцкай акупацыі. Ён нарадзіўся на Лагойшчыне ў 1932 годзе ў вёсцы Задроздзе, у сялянскай сям’і. Яго маці ў свой час скончыла сельскагаспадарчы тэхнікум, працавала на ферме. Да ўсякай сялянскай працы прывучала і сваіх дзяцей.

Адзінаццацігадовым падлеткам Іван зведаў жахі і трывогі ваеннага ліхалецця. Паміж Віліяй і возерам Палік разгаралася полымя партызанскай барацьбы. Як воўчая зграя, фашысцкія акупанты-карнікі гойсалі па вёсках, намагаючыся задушыць партызанскія выступленні і баі, і, калі ім гэта не ўдавалася, усю звярыную злосць спаганялі на мірных жыхарах. Як і ўсе землякі, Іван падлеткам зведаў голад і холад, жахі блакад. Людскія слёзы і боль назаўсёды запалі ў дзіцячую душу, выспеліўшы ў ёй гнеў і асэнсаваную нянавісць да ворагаў.

Нялёгкім было пасляваеннае юнацтва — бясхлебнае, напоўненае штодзённай працай поплеч з дарослымі. З папялішчаў паўставалі спаленыя і зруйнаваныя карнікамі-фашыстамі вёскі, накшталт Дальвы і Лонвы,— такія, як недалёкая ад іх Хатынь, што цяпер стала ўвасабленнем мужнасці і гераізму Беларусі-партызанкі. Наш боль і наша памяць.

Час аднаўлення роднага краю, знявечанага акупантамі і вайной, далі будучаму пісьменніку столькі матэрыялу для творчасці, што яго хопіць на многія гады.

Да таго, як паступіць на аддзяленне журналістыкі БДУ імя У. І. Леніна, Іван Пташнікаў крыху і настаўнічаў, і супрацоўнічаў у рэдакцыі плешчаніцкай раённай газеты. З вершам «На калгасным полі», надрукаваным у рэспубліканскай газеце «Звязда» ў жніўні 1952 года, ён трымаў уступныя экзамены ва універсітэт. І ўжо студэнтам-выпускніком апублікаваў у часопісе «Полымя» першую сваю аповесць «Чачык», на якую звярнулі ўвагу чытачы і крытыкі.

У час вучобы на старонках газет і часопісаў друкуюцца апавяданні маладога празаіка. Аб’ектам даследавання і пазнання з’явіўся свет людзей, яму блізкіх і знаёмых, якія перажылі ліхалецце і самааддана, усімі сіламі, з натхненнем і шчырасцю аднаўляюць свой кут, сваю зямлю. Зямля бацькоў — іх лёс і шчасце.

Імкненне пісаць без прыкрас, праўдзіва, так, як усе было ў жыцці, як найдакладней узнаўляць рэальныя з'явы і праявы рэчаіснасці выявілася ўжо ў першых яго апавяданнях, хаця і пазначаных рамантычнай узнёсласцю. Неўзабаве паявіліся аповесці «Чачык» і «Не па дарозе». Малады пісьменнік не абмяжоўваецца ўзнаўленнем рэалій і малюнкаў жыцця, а імкнецца да стварэння характараў, розных і адметных, мастацкімі сродкамі выяўляе і асуджае ўсё, што перашкаджае нашаму руху наперад, бічуе і выкрывае носьбітаў эгаізму і чэрствасці, раўнадушша і подласці. Так, побач з людзьмі высокага грамадзянскага служэння агульнанароднай справе з’яўляюцца такія, як Іллюк Чачык і Андрэй у першых аповесцях, як Выжлятнік і ойча Сабольскі — у першым рамане «Чакай у далёкіх Грынях».

Крытыка адзначала, што героі ранніх аповесцей І. Пташнікава — як бы гатовыя характары, сфарміраваныя недзе па-за старонкамі тэксту, і пісьменнік больш клапоціцца, каб усё было так, як у жыцці. Можа, гэта ў ненкай ступені і так, але ўжо ў тым жа рамане «Чакай у далёкіх Грынях» (1962) пісьменнік выяўляе і абмалёўвае чалавечыя характары ў дынаміцы, у руху і дзеянні, даследуе паводзіны і ўчынкі сваіх герояў, гэта значыць, стварае паўнакроўныя вобразы-тыпы. Відаць, гэта не толькі ад таленту, шчодрага і самабытнага, але і ад глыбокага і дасканалага ведання вясковых людзей, іх побыту, псіхалогіі. Якраз тады настаў час, калі ва ўсю шыр, па волі партыі разгарнулася рашучая і дзейсная барацьба за ўздым сельскай гаспадаркі, за выкараненне недахопаў і непаладкаў у жыцці пасляваеннай вёскі.

Героі твораў І. Пташнікава — нашы сучаснікі. Яны — натуры дзейсныя, абаяльныя, жывыя, горача любяць свой край, сваю зямлю, дзеля росквіту яе не шкадуюць сіл і працуюць апантана, да самазабыцця. Такая Галя Рэдзька, выпускніца медыцынскага тэхнікума, такія вясковыя хлопцы Аркадзь і Леанід з рамана «Чакай у далёкіх Грынях». Аўтар знаходзіць адметныя, характэрныя рысы, свежыя дэталі і яркія фарбы.

Прырода і чалавек — два пачаткі, на якіх канцэнтруецца ўвага пісьменніка. Прырода, яе жывыя праявы, у тым жа першым рамане — своеасаблівая, магутная, прыгожая і таямнічая ў сваёй першароднасці. У апісаннях лесу, ветру, палёў, лугоў Іван Пташнікаў, бадай, не мае сабе роўных у сучаснай беларускай прозе. Як шчодры сейбіт, рассыпае пісьменнік па старонках спелыя зерні-малюнкі — пейзажы роднай прыроды. Часам яна жыве самастойна ад унутранага свету герояў, арганічна не звязаная з іх учынкамі і паводзінамі, але ніколі не зацяняе сабою чалавека, яе валадара.

У 1964 годзе напісана аповесць «Лонва». Узяты, прытым лёгка і смела, новыя прыступкі на шляху да творчай сталасці, выяўлены навочныя магчымасці мастака-рэаліста, якога ўсё больш цікавіць праўда, якой бы суровай яна ні была. Ён стараецца ўзняць як глыбей пласты рэчаіснасці. Пра сюжэт твора аўтар зазначае: «Падзея, пра якую расказвае аповесць, адбылася ў нашых паўночных беларускіх лясах пасля вайны — у 1946 годзе. Людзі — сведкі яе — усе жывуць...»

Што ж гэта за падзея? Загінуў хлапчук Юрка Даліна, падарваўся на міне. Але для аўтара не проста трагічная падзея. Не проста хлапчук — гэта цэлы свет, прыгожы і непаўторны. Балючае рэха вайны. Зноў мы сустракаемся з людзьмі, якія блізкія аўтару,— з жыхарамі Лонвы. Яны карэннямі звязаны з роднай зямлёю, з кутком, дзе нарадзіліся і пазналі радасці і нягоды. У «Лонве», як і ў іншых творах, моцна гучыць трагічная нота — водгалас і рэха мінулай вайны. Героі, якія дзейнічаюць тут, перажылі страшную трагедыю, яна і зараз у іх свядомасці, як асколак ля сэрца.

— У сваіх творах,— расказвае Іван Мікалаевіч,— я іду ад жыцця, ад канкрэтнага, рэальнага факта, як і раней, так і цяпер. За Плешчаніцамі, у лясах, ёсць такая вёска — Лонва. І героі, як падлетак Юрка, як і іншыя персанажы аповесці,— жывыя. І Грасільда жыве. Яе імя я змяніў. Калі настаўнічаў, жыў у Грасільды на кватэры...

Той жа жахлівы малюнак вайны ў новых праявах моцна гучыць і ў другой аповесці — «Тартак», якая выдадзена ў 1968 годзе. Крытыка адзначае: аповесць — яшчэ крок наперад у творчасці, бачнае сталенне пташнікаўскага самабытнага, ярка-нацыянальнага таленту. Створаныя ў аповесці вобразы — сем жыхароў Дальвы, якія вязуць збожжа па загаду акупантаў на прыёмны пункт, і ў лесе ля Тартака, дзе некалі была лесапілка, гінуць усе, за выключэннем падлетка Алёшкі, ад рук карнікаў,— розныя, але жывыя, па-майстэрску выпісаныя характары. За іх трагедыяй бачыцца трагедыя Дальвы, за ёю — трагедыя і пакуты народа. Аўтар дасягае выключнай эмацыянальнасці і напружанасці сюжэта. Па аповесці «Тартак» беларускае тэлебачанне паставіла мастацкі фільм.

Новы раман І. Пташнікава «Мсціжы», які выйшаў з друку ў 1972 годзе, як і лепшыя іншыя творы пісьменніка, перакладзены на рускую мову, таксама «прывязаны» да родных мясцін. Зноў жа пісьменніка хвалюе чалавек, яго месца і прызначэнне на зямлі, існасць і адвечнасць чалавечага быцця. На жыццёвым, надзённым матэрыяле аўтар даследуе сучасныя праблемы чалавека і яго лёсу — грамадзянскую адказнасць за сябе і за час, асэнсаванне яго месца ў жыцці сярод людзей.

«Мсціжы» — раман востра сацыяльны, пра чалавека-асобу, калгасніка і рабочага, пра тыя з’явы і праблемы, што ўзніклі ў нашай пасляваеннай вёсцы. У цэнтры твора — вобраз Андрэя Вялічкі, чалавека-працаўніка, які любіць родную зямлю, бароніць яе ад ворагаў і не можа кінуць бацькоўскі кут, бо звязаны з ім назаўсёды. Як працяг тэмы мінулай вайны і мірнага жыцця — аповесць «Найдорф», за якую І. Пташнікаву прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа.

...У Івана Пташнікава — зайздросная працавітасць, захапляючыя творчыя планы. Пісьменнік у росквіце духоўнай і творчай сілы, на дарозе да новых творчых здзяйсненняў. Да 40-годдзя нашай Вялікай Перамогі чытач атрымаў новы, вострасюжэтны раман Івана Пташнікава «Алімпіяда», дзе свая тэма — лёс людзей, якія прайшлі праз пякельню мінулай вайны і будуюць трывалы мір. Можна не сумнявацца, што раман, як і ўсе лепшыя творы пісьменніка, парадуе чытача. Зарукай таму — шчодры пісьменніцкі талент Івана Пташнікава, які ўпэўнена і смела набірае ў творчасці вышыню за вышынёй.


1986?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан