epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Прага крыла

Камлюкаваты хлопец у сціплым цёмным гарнітуры з камсамольскім значком на лацкане моцна цісне мне руку і, крышку збянтэжыўшыся, глухаватым баском гаворыць:

— Гапоненка...

У яго простым і разам з тым валявым абліччы адчулася нейкая прывабнасць. Цяжка сказаць, чым прывабіў ён адразу, але ўжо адчуваеш, што нечым табе спадабаўся. Можа, адкрытым, ясным позіркам быстрых карых вачэй і цёплай усмешкай на адкрытым чарнявым твары? Можа, раптоўнай, шчырай згодай на тваю прапанову пазнаёміцца і прыехаць да яго? А мо простай, з палескім вымаўленнем гаворкай, чалавечай непасрэднасцю? Напэўна.

— Калі ласка, прыязджайце,— згадзіўся тут жа Васіль.— Але ж я не ведаю, ці спадабаецца вам... Ці знойдзеце ў нас тое, што вам патрэбна...

На развітанне Васіль пацвердзіў сваю згоду:

— Прыязджайце. Якраз моладзь спраўляе свята песні. На матацыкле паважу. З ветрыкам...

 

Райком камсамола змяшчаўся ў двух невялічкіх пакойчыках на цэнтральнай вуліцы пасёлка, пад адным дахам з гасцініцай. Гэты мураваны дамок нядаўна адрамантавалі, і ён весела і зухавата выглядаў між сваіх драўляных хат-суседзяў у зялёнай затоцы высокіх зялёных таполяў, што, нібы асілкі-вартавыя, з двух бакоў абступілі вуліцу. А за дварамі — бела-ружовыя шапкі садоў...

У пакойчыку тры сталы: за адным — першы сакратар Васіль Гапоненка, пры ім на тумбачцы тэлефон; за другім, побач — другі сакратар Уладзімір Шагавік. Інструктару Казіміру Зінукову няма месца, каб паставіць стол, і хлопцы замацавалі за ім старую рыпучую канапу.

У другім пакойчыку праз дзверы — райкомаўская гаспадарка. Там працуе інструктар Ніна Ціханенка. Яна па сумяшчэнню выконвае і працу загадчыка сектара ўліку.

Увесь невялічкі калектыў штатных работнікаў райкома — былыя дзесяцікласнікі. Шагавік і Зінукоў адслужылі вайсковую службу і засталіся працаваць у райкоме. Шагавік вучыцца завочна ў сельскагаспадарчай акадэміі, а Зінукоў толькі што адслужыў на флоце. Ніна скончыла педагагічны інстытут. Самы меншы стаж камсамольскай работы ў Казіка Зінукова, але і ён ужо асвойтаўся і ўваходзіць у курс камсамольскіх будняў.

...Насцеж адчыніліся дзверы, аж паразляталіся на сталах паперы — у пакой як не ўляцеў Гапоненка. Выціраючы спацелы твар, ён з кожным павітаўся і са словамі «Як тут у вас, што чуваць?» пачаў выкладваць на стол брашуркі, плакаты.

Хлопцы неяк падцягнуліся, прыціхлі, чакаючы, што скажа ім першы сакратар. І Васіль не прымусіў, каб яго доўга чакалі. Сеў за стол, раскрыў запісную кніжачку, адгарнуў адну-другую старонку, прабег вачамі па запісах:

— Што збіраецеся рабіць, хлопцы?

— Трэба было б у калгас ехаць,— паварушыўся на месцы Шагавік.

— Я паеду ў Вялікі Бор,— бліснуў яркімі вачыма Казік.— Пабуду ў калгасе, яшчэ зайду ў Вялікаборскую школу, пацікаўлюся, як там справы ў піянерважатай...

— Так, таварышы, ёсць важныя навіны,— і Васіль раздаў хлопцам па лістку.— Гэта пісьмо абкома партыі. Зварот да ўсіх камсамольцаў і моладзі Гомельшчыны. Яго трэба абмеркаваць у камсамольскіх арганізацыях. Наша задача — узняць моладзь на выкананне сацыялістычных абавязацельстваў. Вы ж ведаеце, што не ўсюды падабраны кадры жывёлаводаў, ёсць калгасы, дзе моладзь усё яшчэ раскачваецца. Так што ехаць трэба, і сёння ж...

— Васіль Міхайлавіч, у тым Вялікім Бары цяжка моладзь сабраць на сход. Што рабіць, калі не збяруцца? — хвалюючыся, абазваўся Казік.

— Што рабіць? — скупа ўсміхнуўся сакратар, і на момант над ілбом уздрыгнулі крылатыя бровы.— Што рабіць, пытаешся?..

Васіль ужо стаіць сярод пакоя і, энергічна размахваючы рукамі, горача расказвае пра тое, як гады тры таму назад, калі ён толькі прыйшоў у райком і стаў працаваць інструктарам, ездзіў у Карчавую...

— Толькі прыйшоў я ў райком з Рудакова, дзе быў камсоргам у школе механізатараў, а мне адразу камандзіроўка,— мацнеў глухаваты басок Васіля.— Выклікае мяне сакратар райкома і гаворыць: «Трэба пад’ехаць у «Сацыялізм»... Там даўно сходу не было... Камсамольцы не плацяць членскіх узносаў... Хоць наперад ведаю, што ты там нічога не зробіш, але з’ездзі...» Вось, хлопцы, якая была сітуацыя. Узяў я веласіпед, на багажнік паўбохана хлеба — і ў дарогу. Прыехаў я з трывогай, думаючы, што ж рабіць? Вось, думаю, будзе работа... Рашыў спярша пагаварыць з хлопцамі, пазнаёміцца, хто што думае. Спачатку ў клуб заглянуў — на дзвярах замок. Стрэў траіх. «Як справы?» Тыя махнулі рукамі — дрэнь! А тут якраз на пакос ішлі фурманкі. Хлопцы, дзяўчаты з песнямі ехалі на сенажаць. «Прымеце мяне?» — «Калі ласка!» Да вечара папрацаваў на лузе. Пагаварылі і пра вечарынкі, і пра клуб, наогул пра жыццё-быццё... «Дык вы, мусіць, з райкома?» — пацікавіліся дзяўчаты. Я прызнаўся, што з райкома. Увечары вярнуліся, і я на двары сабраў камсамольцаў. І адразу ім — дакладзік пра шлях камсамола. Тут стрэўся і са старшынёю. Запрасілі гарманіста. Напісалі аб’яву, каб заўтра сабраліся ў клуб на камсамольскі сход.

— Быў я там два дні, хлопчыкі,— Васіль ужо сядзеў на канапцы і крадком назіраў за тым, як рэагуе на яго расказ Казік.— Прыйшоў у клуб і разгубіўся: поўна людзей. Думаў сабе, можа, за якога міністра мяне прынялі. Прыйшоў на сход і парторг. Выбралі прэзідыум. Адным словам, сход прайшоў удала. Потым пагулялі, патанцавалі. Як ад’язджаў, наўздагон крычалі: часцей прыязджайце!

Васіль прайшоўся сюды-туды па пакоі, падмаргнуў Казіку, які старанна нешта занатоўвае ў запісную кніжачку, і весела сказаў:

— Ясна, Казік?

— Ясна, Васіль Міхайлавіч.

— От і добра, што ясна.

 

Увішны «ІЖ» імчыць па шырокай, каляіністай дарозе. Васіль стараецца пацэліць па накаце, але яму гэта не заўсёды ўдаецца: матацыкл грукоча, падскаквае на камлыгах, нібы наравісты конь. Васіль вінавата азіраецца і прыбаўляе ходу.

Раскручваецца няроўная стужка дарогі, скачуць упрысядкі чубатыя таполі, перад вачамі мільгаюць зялёныя палеткі, а з бяздоннага сіняга неба лагодна ўсміхаецца гарачае сонца. Надоечы прайшоў цёплы лівень, і на дарогах улёгся пыл, абмыліся травы, заіскрыліся палі ўсходамі.

— Як лёгка дыхаецца! — Васіль выпростваецца, падстаўляе твар стрэчнаму ветру і гучна, каб мне было чутно, крычыць:— І які гэта дзівак не любіць хуткай язды!..

І прыбаўляе хуткасць, аж вецер свішча ў вушах.

— Вось і Вяляцін,— прытармазіўшы на ціхай вясковай вуліцы, кажа Васіль.— Заедзем да камсорга Кардаша.

— Паўлюка няма,— крыкнула з панадворка гаспадыня. — Як паехаў з раніцы некуды, дык і не вярнуўся...

Праз якіх хвілін пяць Васіль ужо збегаў у кантору, даведаўся, што сход маецца быць увечары, а цяпер ёсць магчымасць пабываць на кашары — туды ёсць спадарожны грузавік па малако.

— Якраз дарэчы,— загарэўся Васіль,— і гутарку там з даяркамі правяду...

Хойніцкі — раён, дзе вельмі ўдала спалучаецца роўнядзь чыстых, без аніводнага кусціка палёў з прыгожымі цяністымі барамі і шумлівымі гаямі і пералескамі. Яшчэ колькі хвілін мы ехалі полем, а во ўжо грузавік віхляе па вузкай баравой дарозе, падскаквае на вышмараваных карэннях. Над галавою — стромкія сосны на моцных вяршынях калышуць сіні міткаль неба; там-сям на дарогу выбягаюць гонкія бярозкі ў блішчастых зялёных абновах, а з гушчарніку задзірыста выглядаюць падлеткі-дубкі, прывітальна памахваючы тапырыстымі галінамі. Паветра густое, настоенае на смале-жывіцы, такое духмянае, хоць пі яго набгом!..

Мінулі ўжо дзве кашары, а шафёр, маўклівы паляшук, усё націсквае, удала абмінаючы елкі і сасонкі, што нечакана выскакваюць як не на дарогу...

— Кашара ў Асаўцы, на паляне,— заўважыўшы нашу нецярплівасць, гаворыць заатэхнік Ніна Чэркас.— Але спачатку заедзем у лагер. Трошкі збоч, паглядзім, як цялушкі гадуюцца...

— Толькі хутчэй, бо нам яшчэ малако на завод трэба адвезці,— непакоіцца возчык, загарэлы кірпаносы хлопец у велікаватай салдацкай пілотцы.

— Нічога, паспееце. Спярша з цялушкамі пабачымся,— дадае другая дзяўчына, што з намі ў кузаве. Гэта ветфельчар Пігулеўская.

Васіль паспеў пазнаёміцца ўжо з дзяўчатамі. Маладыя спецыялісты, камсамолкі вясною прыехалі ў калгас на працу і ўжо ўключыліся ў камсамольскае жыццё, запісаліся ў хор, але яшчэ на сцэне не выступалі. Ён дазнаўся, што як выгналі статак на кашару, зменшылася малако. Прычына, напэўна, тая, што пастухі іншы раз заспяць, ды і з падкормкай перабоі здараюцца.

Грузавік апошні раз грымнуў парожнімі бітонамі, высока падскочылі седакі ў кузаве, хапаючыся адзін за другога; з кабіны паказалася чарнявая галава шафёра:

— Станцыя Беразайка! Прыехалі!..

Насустрач спяшаліся загарэлыя, вясёлыя дзяўчаты. Ззаду клыпаў куртаты хлопец у расхрыстаным пінжаку і шапцы набакір, з-пад якой ва ўсе бакі тырчалі доўгія, саламянага колеру валасы. Дабрадушна ўсміхаючыся, хлопец пачаў распараджацца, куды ставіць бітоны, і сам завіхаўся.

Пакуль ішла пагрузка, Васіль пабываў у хатцы, дзе жывуць жывёлаводы, прагледзеў кніжкі, якія стосам ляжалі на стале, у думках пахваліў дзяўчат за тое, што яны насцеж расчынілі вокны і вынеслі на сонца ўсе сеннікі і чамаданы. Вачамі прабег спіс, які вісеў на сцяне. Можа, ён і не ведае гэтых людзей, але, як толькі прыйшлі дзяўчаты і талакой акружылі сакратара райкома, ён з імі пачаў размову, нібы з добрымі знаёмымі.

— Ну, як жывеш, Волька? — звяртаўся Васіль да адной з дзяўчат і тут жа гаварыў ёй, што трэба падцягнуцца, бо ўжо каторы дзень Вольку абганяе Марыля Валочка. Марыля бянтэжылася, перастаўляла то на адно, то на другое месца на стале букет чаромхі і з падробленай крыўдай у голасе старалася выручыць сяброўку:

— А можа, Волька болей за мяне надойвае, адкуль вы ведаеце?

— Го, адкуль? — весела ўсклікнуў Васіль.— Ведаю. Сарока на хвасце прынесла!..

Усе смяюцца. Падышоў той хлопец з саламяным чубам — гэта «дзявочы начальнік» брыгадзір Васіль Лобан.

— Што, таварыш сакратар, хіба якую бяседу правядзём?

— Можна.— Васіль характэрным жэстам прыгладзіў густыя чорныя валасы і прысеў на ўслончык, з якім дзяўчаты звычайна ходзяць даіць кароў.— З прэзідыумам ці без?

— Пастухоў нашых у прэзідыум трэба,— пачуліся рэзкаватыя галасы.— Асабліва нашага Гардзейчыка!..

— Давайце яго першага, каб зноў у прымы не даў цягу! — з'едліва кінула дзяўчына ў малінавым світэры.

Сакратар задаволены такім пачаткам. Было прыемна, што так хутка ўдалося выклікаць дзяўчат на шчырую размову. Тыя выказалі свае прэтэнзіі да калгаснага начальства, але і самі прызналіся, што не ўсё зрабілі, каб няспынна ішло малако.

Васіль дастаў з кішэні сваю кніжку ў рудой вокладцы, якую ён жартам назваў камсамольскай спадарожніцай, і пачаў запісваць іх прапановы.

— Нам спортпляцоўка патрэбна. Не глядзіце, што ў нас хлопцаў на кашары мала, а каманда збярэцца вунь якая!..

— Газеты на кашару рэдка прывозяць...

— Пастараемся памагчы вам, дзяўчаткі,— запэўніў сакратар.— Але і самім трэба варушыцца жвавей, каб не сумавала кашара...

Вызначылі адказнага за выпуск «баявога лістка», разам з групкамсоргам Ганнай Кардаш накідалі план работы. Дзяўчаты паабяцалі перасягнуць рубеж, вызначаны на год.

...На развілцы лясных дарог давялося чакаць звароту чарговай машыны з кашары. Мы разлегліся на мяккай шаўкавістай траве пад лапатлівай бярозкай, і Васіль доўга маўчаў, пазіраючы ў летняе неба.

Тады нечакана падхапіўся, як звычайна, аберуч прыгладзіў блішчастыя валасы, пахмура прыжмурыў цёмныя, з хітрынкай вочы.

— Кажаце пра аганёк у рабоце,— горача загаварыў Васіль, нібы збіраючыся рынуцца на кагосьці ў атаку.— А які ён, гэты аганёк, у чым ён? Даюць табе даручэнне паехаць у камсамольскую арганізацыю, ты едзеш, зробіш усё, што даручаць. Але, я думаю, гэтага мала, трэба самому ўвесь час гарэць, непакоіцца, хвалявацца, шукаць... І самае, я думаю, галоўнае — любіць і верыць у тое, што робіш, да чаго заклікаеш іншых...

Васіль сарваў лісток з бярозкі і пачаў разглядаць, як нейкае дзіва. Зноў сеў, скамечыў лісток, памаўчаў, задумаўшыся:

— Я хачу сказаць, калі камсамольскі работнік дакладвае: «У мяне працоўны дзень скончыўся» і ідзе дахаты,— гэта не тое... У нядзелю, скажам, у нас камсамольскае свята будзе. І калі я не паеду,— які пасля гэтага з мяне, чорт пабяры, будзе сакратар!..

У руках Васіля апынулася знаёмая рудая кніжачка. Памахваючы ёю, Васіль прадаўжаў:

— Вось прыехаў я ў Вяляцін, у калгас «Бальшавік», на сход камсамольскі. Мы думаем узняць вяляцінскіх камсамольцаў, каб яны выступілі з пачынам аб пераходзе клубаў на самаабслугоўванне. Дык я загадзя прадумаў гэта ўсё, пагутарыў з камсоргам, з загадчыкам клуба, з сакратаром партыйнай арганізацыі. Парторг выступіць з дакладам, раскажа, як працуе моладзь, як камсамольцы выконваюць свае сацыялістычныя абавязацельствы. Такое ў нас цяпер тое важнае звяно, за якое мы бяромся. Кожны камсамолец вызначыў сваё месца ў барацьбе за ўраджай, і наша задача — памагчы яму не збіцца з нагі, падбадзёрваць адстаўшых, заахвочваць перадавікоў.

У райкоме задумаліся, як бы гэта ва ўсіх калгасах стварыць маладзёжныя трактарныя брыгады і каб яны ўсю кукурузу вырошчвалі механізаваным спосабам. У райкоме партыі нас падтрымалі. Перад сяўбой яшчэ пабывалі ў калгасах, падабралі добрых хлопцаў-трактарыстаў, правялі з імі заняткі, выпрацавалі ўмовы спаборніцтва, памаглі заключыць сацыялістычныя ўмовы, і аберуч за справу. На сяўбе спаборнічаюць дваццаць трактарных агрэгатаў. Для пераможцаў устанавілі пераходныя вымпелы і прэміі.

— Такую «місію» мы правялі,— жартаўліва сказаў Васіль і насцярожыў вуха.— Ідзе машына. Едзем.— І, ужо стоячы ў кузаве, паўтарыў:— Правялі такую работу, а цяпер сочым, як ідзе выкананне!

...Позна ўначы Васіль крочыў са сходу і не хаваў свайго задавальнення: справа зроблена. Камсамольцы калгаса «Бальшавік» блізка да сэрца прынялі прапанову аб пераходзе клубаў на самаабслугоўванне: рупліва гаварылі пра дысцыпліну працы на палях і на фермах, смела крытыкавалі загадчыка клуба.

Выводзячы на вуліцу матацыкл, Васіль думаў пра тое, што Паўлу Кардашу не пад сілу кіраваць такой буйной камсамольскай арганізацыяй. У яго ёсць старанне, але ў летні час ён круглыя суткі на трактары.

— А актыў, члены камітэта?

— На тое і шчупак у рацэ, каб карась не драмаў,— пажартаваў Васіль і разважліва дадаў:— Каб згуртаваць добры актыў, трэба важаку як мае быць варушыцца. Лягчэй загадваць, калі сам наперадзе, як кажуць, на правым фланзе.

Весела завуркатаў матор, і лупатае вока матацыкла выхапіла з парнага цемрыва ружаваты каснічок дарогі. Зашасталі, заварушыліся прыдарожныя цені. Бруілася палявая свежасць. Была другая гадзіна ночы, калі мы ўз’ехалі на брук раённага гарадка.

 

Неспакойная, нялёгкая пасада ў сакратара райкома. Яго працу не змерыш ніякай меркаю, не ўціснеш ні ў якія рамкі. І таму, хто глядзіць на яе як на звычайны занятак, каб толькі зарабляць «на хлеб» ды наматваць стужку часу, можна загадзя сказаць: не чакай, браце, душэўнай асалоды, не заваяваць табе сапраўднага, шчырага даверу моладзі. Не ўсюды цябе раскусяць адразу, мажліва, табе ўдасца і надзейна схавацца пад прыгожай маскай, удала іграць ролю кіраўніка-дабрачынца, свайго хлопца-дэмакрата, але ведай: калі не гарыш ты справай, якая наканавана табе жыццём, калі не аддаеш ёй усяе сваёй душы, то рана ці позна настане расчараванне.

У грамадскай працы, у абыходжанні з людзьмі вельмі важна тваё сумленне, твая шчырасць і тваё прызванне. «Любоў горш за няволю»,— гаворыць народная прымаўка. У ёй — вялікі сэнс.

...Васіль Гапоненка надумаў быў з раніцы паехаць у калгас «Кастрычнік», пабываць у трактарыстаў, бо хутка трэба будзе падводзіць вынікі спаборніцтва, але зайшоў у райком, і безліч спраў — вялікіх і дробязных — запаланілі яго. Пайшлі наведвальнікі, пачуліся тэлефонныя званкі, адным словам, не паспееш зрабіць адно, як на чарзе — другое.

На сваім рабочым месцы ўжо быў Уладзімір Шагавік, другі сакратар. Валодзя сціпла адказаў на прывітанне і апусціў у паперы вочы.

— А ты, Валодзя, хіба не ў калгасе? — спытаў Васіль, сеўшы за стол.

— Разумееш... пазванілі тады ж з першай школы.— Шагавік налёг грудзьмі на стальніцу.— У школе будзе сход, дык я ўжо лепей сюды схаджу...

— А, канечне, разумею, маладая жонка не хоча адпускаць,— пажартаваў Васіль.

— Ды не, спісы ж тыя трэба...

— Зноў спісы,— нахмурыўся Васіль. У гэты час зазваніў тэлефон. Сакратар узяў трубку і, паклікаўшы Шагавіка, са словамі «з абкома» — перадаў яму.

Шагавік крычаў у трубку, што райком ужо пасылаў спісы, апраўдваўся ў нечым, але ўрэшце здаўся:

— Добра. Прышлём,— і чырвоны, злосны сеў за стол.

— Мы ж пасылалі спісы ў абком,— стараючыся супакоіць Шагавіка, сказаў Васіль.— Што ім яшчэ трэба?

— Зноў накрычалі. Сказалі, калі не прышлём, дык выклічуць на бюро,— і Шагавік паволі пайшоў да тэлефона.

— Шмат патрабуюць з абкома ўсякіх паперак і звестак,— задумліва прагаварыў Васіль, гартаючы сваю кніжку-спадарожніцу.— Іншы раз столькі, што не ведаеш, за што спачатку ўзяцца. Не паспееш даць адно, як падавай другое. Ды бывае так: сёння нядзеля, а ў панядзелак давай звесткі.

У пакой завітаў доўгі вяснушчаты хлопец, зняў з плячэй дарожную сумку, прысеў на канапцы, азіраючыся навокал, магчыма, збіраючыся з думкамі. Але яму не даў ачомацца Шагавік.

— А спісы прынёс, Міша?

— Прынёс,— адказаў хлопец і дастаў з сумкі складзены напал школьны сшытак.

— О, дык гэта ж не ўсё тут,— расчаравана прамовіў Шагавік, узіраючыся ў радкі.— Ты ўнёс сюды толькі тых, хто пайшоў на фермы вясной, а трэба ўсіх, уключна да дваццаці васьмі год...

— Дык пра тых я перадаваў раней,— няўцямна паціснуў плячамі хлопец.

— Хопіць табе ўжо, Валодзя, са сваімі спісамі,— Васіль падсеў бліжэй да хлопца.— Міша, раскажы, як там у вас у «Кастрычніку» адсеяліся?..

— Ужо скончылі, Васіль Міхайлавіч,— павесялеў хлопец (гэта быў Міхаіл Карнакоў, сакратар камсамольскай арганізацыі калгаса «Кастрычнік»).— Валодзя Кот з двума напарнікамі сто семдзесят гектараў пасеяў. Утрох усё пасеялі! А летась рабілі аж шэсць звенняў. Вось што азначае механізацыя!

— А наконт сцяга як? Утрымаеце? — спытаў сакратар райкома і дадаў:— Ведай, браток, што той пераходны сцяг ЦК ЛКСМБ і Міністэрства сельскай гаспадаркі, які вы летась заваявалі, сёлета будзе цяжэй утрымаць: за першынство змагаюцца тысячы механізаваных агрэгатаў.— Васіль адчыніў шуфлядку і падаў камсоргу ёмкую кніжку, на ёй было напісана: «Спадарожнік камсамольскага актывіста. Запісная кніжка».— Вось, Міша, калі будзеш у Гомелі, не пашкадуй грошай — купі сабе такую кніжку, вельмі каштоўная рэч!

Карнакоў доўга трымаў у руках кніжку, старанна пагартаў яе і, вяртаючы, даверліва сказаў:

— Куплю. Абавязкова куплю. Ну, а наконт сцяга... Утрымаем!..

Спакойны, здавалася, застылы твар Мішы Карнакова прасвятлеў, ярчэй акрэсліліся на абветраных шчоках вяснушкі, а вялікія шэрыя вочы аж засвяціліся.

— Тады пажадаем удачы,— Васіль з усяго маху паціснуў руку Карнакову.

— Дзяўчаты прыехалі на бюро,— некачана пачуўся з дзвярэй голас, і ўсе ўзнялі голавы: на парозе стаяў запылены Казік Зінукоў, упіраючыся ледзь не ў самую столь кучаравай галавой, і шырока ўсміхаўся. — Будзем прымаць?

— Будзем. А як жа! — Васіль абцягнуў пінжак, паправіў камсамольскі значок і пачаў збіраць са стала паперы.— Паклічце членаў бюро...

Прыём у камсамол... Хто не памятае гэтага незабыўнага, хвалюючага моманту! Юнак ці дзяўчына, становячыся камсамольцам, як бы дае сабе зарок: заўсёды ісці з тымі, хто моцны і смелы душою, хто не шкадуе нават жыцця для сваёй сацыялістычнай Айчыны, дзеля шчасця свайго народу.

Зайшла светлавалосая дзяўчынка. Прывіталася. Села на краёк крэсла. Стараецца схаваць хваляванне, але яе выдаюць шчокі — палаюць макавым цветам; трымціць рука, хапаецца за ражок хусцінкі, што крылом спадае з плячэй.

— Казімірчук Таня, калгасніца, адукацыя — сем класаў,— чытае Таніну анкету інструктар райкома.— Рэкамендацыя члена КПСС, калгаснага брыгадзіра Мікалая Якаўлевіча Пётуха.

Дзяўчына ўстала, чакаючы пытанняў.

— Статут ВЛКСМ чытала, Таня?— пытае сакратар райкома.

— Чытала...

— Раскажы, што азначае ВЛКСМ, хто прымаецца ў члены камсамола?

Таня, цярэбячы ражок хусцінкі, адказвае:

— Усесаюзны Ленінскі Камуністычны Саюз... У камсамол прымаецца перадавая, баявая наша моладзь!..

— А ведаеш, Таня, на які ўчастак накіроўваюць лепшых вясковых камсамольцаў? — чуецца новае пытанне.

— На фермы,— выгуквае Таня і цішэй:— І я пайшла б у даяркі, каб прынялі, але гавораць, што яшчэ малая...

— Якія прапановы будуць?

— Зацвердзіць!

— Вось, Таня,— устае з-за стала сакратар райкома,— прымаем цябе ў члены ВЛКСМ. Спадзяёмся, што апраўдаеш высокае званне члена Ленінскага камсамола!..

— Апраўдаю!

Заходзяць Ліда Бяспалая, Валя Дземідзенка, Ганна Лушч, Ліда Атаман, Надзя Сівая — шэсць дзяўчат з адной брыгады калгаса «Шлях да камунізма».

Васіль уручае чырвоныя кніжачкі з сілуэтам Ільіча на вокладцы. Віншуе навічкоў-камсамольцаў, і знаёмае, перажытае некалі самім хваляванне напаўняе сэрца. І яму вось так некалі, у гэтым жа райкоме, уручалі камсамольскі білет, з якім ён прайшоў сваё юнацтва.

Хто ў юнацтве вось гэтак, як і дзяўчаткі з далёкай лясной вёскі, стаяў перад сталом, засланым чырвоным абрусам, і, хвалюючыся, расказваў сваю кароткую біяграфію,— той назаўсёды ў душы зберажэ маладосць, не збочыць з дарогі, якую праклалі яго папярэднікі.

 

З маляўнічай Барысаўшчыны са свята песні і працы мы прыехалі пад вечар. Дамовіліся сустрэцца ў гасцініцы, пагаварыць на развітанне.

Васіль прыйшоў пасвяжэлы, у добрым настроі. Ён яшчэ больш загарэў, драбнаваты асмужаны твар аж свяціўся, у цёмна-карых вачах цяплілася даверлівасць.

З Васілём мы, канечне, пуда солі не з’елі, але ўдосталь пахадзілі па вёсках, пабывалі на камсамольскіх сходах, а гэта ўжо нямала.

Васілю пайшоў дваццаць сёмы год. У яго ўжо ёсць сынок. «Дзедава імя яму даў,— задумліва кажа Васіль.— Міхасём назваў. Мой бацька загінуў недзе пад Берлінам у гэтую вайну. Дык няхай жыве аб бацьку памяць у маім сыне...»

Здаецца, было перагаворана ўсё, але адчувалася, што яшчэ не ўсё дасказана.

— Васіль Міхайлавіч, кім вы марылі стаць у маленстве?

— Кім марыў быць? — перахапіў Васіль і нерашуча завагаўся, задумаўся. Потым нейкім не сваім голасам выдыхнуў:— Мастаком збіраўся стаць або паэтам. Не верыце?

Васіль неяк рыўком, зухавата паправіў папружку:

— Калі ўжо раскрывацца, дык да канца! Я зараз... Адну хвіліначку,— і ён умомант знік з пакоя.

Праз хвілін дзесяць Васіль паказваў альбом малюнкаў, якія ён рабіў у школе і на вайсковай службе. Там былі і пейзажы роднага Палесся, але большасць малюнкаў — партрэты любімых пісьменнікаў, вучоных. Вось Лермантаў, намаляваны па памяці пасля прагляду кінафільма, а гэта партрэт Пушкіна, а гэта — Дабралюбаў, Горкі... Малюнкі, можа, і недасканалыя, але ў іх бачна душа аўтара. Не выпадкова, што на вокладцы альбома надпіс: «Юныя гады — лепшым людзям».

Адклаўшы ўбок альбом, Васіль зноў на момант задумаўся: «Паказаць ці не?..» Зноў змагаюцца ў ім сарамлівасць і шчырасць. Нейкі момант павагаўшыся, Васіль рашуча дастае з-пад папружкі тоўсты сшытак у цыратавай вокладцы.

— Я вам сёе-тое пачытаю...

Вершы пра каханне, чыстае і свежае, як светлы маёвы ранак. Вершы пра падзеі, што хвалявалі і хвалююць усіх сумленных людзей: пра мір і шчасце на зямлі... Думкі, запісы... Роздум над сваім жыццём, над лёсам чалавека. З усяго гэтага яскрава паўстае юнак з чыстай, адкрытай душою. Юнак, які ведае, хто яго выхаваў, куды яму ісці: «Я веру ў сваю будучыню, яна належыць мне таксама, як і ўсяму нашаму народу».

— Бывала,— прызнаецца Васіль,— у маёй пастуховай торбачцы разам з полуднем звычайна ляжалі кніжка і вось гэты сшытак... Сядзіш сабе дзе-небудзь на курганку пад дубком і марыш.

У адным з юнацкіх вершаў Васіль пытаўся сам у сябе: «Исполню ль я песню такую, которая увидела б свет?»

Хочацца сказаць: так, хлопча, твая песня прагучыць на поўную сілу, бо ты знайшоў сваё прызванне і шчыра аддаеш людзям цяпло сваёй маладой, няўрымслівай душы.

 

Лагодна перастукваюцца колы цягніка, ціха пакалыхваецца вагон. То заціхаюць, то набіраюць сілу дарожныя размовы. Прыслухаешся да іх і адчуваеш знаёмыя ноткі неспакою пра сваіх дзяцей, пра іх лёс. «Некалі мы, маладыя, і нагараваліся, і напрацаваліся, з кулакамі ваявалі... А што цяпер маладыя: ім усё ясна, у іх няма ніякіх клопатаў...»

Ці ж так гэта?

Не зусім так... Толькі скептык і эгаіст не можа бачыць, як расце і набірае дужасці наша моладзь, смела здзяйсняючы свае крылатыя мары.

 

 

* * *

Як і Васіль Гапоненка, яго сябры Казімір Зінукоў і Уладзімір Шагавік, прайшоўшы ў камсамоле добрую загартоўку, знайшлі сваё прызванне. Сёння яны — камуністы — сталыя і ўмудраныя вопытам працаўнікі і арганізатары, на пярэднім краі стваральнай працы. Іх акрыленая маладосць — прыклад для сённяшніх маладых, якім ёсць яшчэ большае разгарненне для энтузіязму і творчых пошукаў.


1986?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан