epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Родная глыбінка

Чырвонае поле
Як людзі гукалі вясну...
Калі не я, тады хто?
Сяльчанін. Хто ён сёння?..
Людзі, час, жыцце...


У кожнага ёсць запаветны куток, які мы называем малой радзімай. Адтуль, з матчынай калыскі, з бацькоўскага парога, пачынаецца дарога ў вялікі свет, і пачуццё радзімы малой зліваецца з пачуццём Радзімы вялікай...

Мае родныя мясціны — Краснапольшчына, раўнінна-гарысты, балотна-лясны край — мяжуюцца з землямі рускіх суседзяў — Краснагоршчынай Бранскай вобласці. Людзей-суседзяў здаўна нітуюць блізкія, братнія сувязі, абумоўленыя не толькі геаграфіяй, але і глыбокай крэўнасцю.

 

Тут гукні — адгукнецца Расія...

Рэха вернецца з Краснай Гары...

 

Бацькаўшчына... Палі і лугі, рэчкі-балацянкі, аселіцы, дзе сходжаны ўсе сцежкі-дарожкі, адзін успамін пра якія змушае мацней біцца сэрца...

Бацькаўшчына... Гэта — твае дзяды і прадзеды. Карані твайго роду. Землякі.

Калі наведваюся ў свой раён, сустракаюся з людзьмі, якіх ведаю даўно, з якімі рос і жыў адным жыццём, і з людзьмі новымі, маладымі, якіх пазнаю па роду і прозвішчах, мяне цікавіць і хвалюе ўсё, што ствараюць яны на зямлі, якая мяне нарадзіла і ўзгадавала.

Радуюць добрыя змены, што адбыліся і адбываюцца ў роднай глыбінцы: мяне дужа цікавіць, як гаспадараць сённяшнія хлебасеі і будаўнікі, у чыіх руках лёс зямлі, для якой дзяды і бацькі не шкадавалі жыцця, аддавалі ёй усе сілы і розум, бо зямля, і толькі яна, была іх карміцелькай, іх лёсам.

 

Чырвонае поле

Адкуль пайшла такая назва, пра гэта, мабыць, ніхто дакладна і не ведае. Але, як заўсёды, ёсць паданні і легенды — яны даюць сваё тлумачэнне.

Скажам толькі, што паселішча Краснаполле вядомае з 1784 года як мястэчка. З 1924 года Краснаполле — цэнтр раёна; з 1938 года — гарадскі пасёлак. Адсюль да бліжэйшай чыгуначнай станцыі Камунары — пяцьдзесят кіламетраў.

Паблізу Краснаполля залягаюць радовішчы чырвонай гліны. У Забор’і ў даваенны час быў цагельны завод, адкуль цэгла вывозілася ў Касцюковіцкі, Краснагорскі і іншыя раёны...

Чырвонае поле.

Яно, мабыць, такое не толькі ад таго, што на буграх таго ж маёнтка, паблізу вёскі Маластоўкі, за рэчкай Тур'янкай, залягала чырвоная гліна, адкуль у нашы вёскі Гніліцу, Стайкі, Грыбы, Горанку, Клясін, Дзернавую прывозілі чырвоную, абпаленую ў спецыяльных печах цэглу, Камяніцы — будынкі бровараў — былі з такой жа чырвонай цэглы, і муры іх сям-там захаваліся.

Чырвонае поле...

Так называлі яго яшчэ, мусіць, таму, што яно паліта потам і крывёю сялян, якія здавён гнулі спіны на князёў, паноў, папоў і іншых багацеяў-крывасмокаў. Крыўда і боль сялянскія накопліваліся вякамі і, як паток вады з запруды, выліваліся выбухам гневу супраць неймавернага прыгнёту, здзеку з сялянскай працы.

У сучасным, адбудаваным і памаладзелым, Краснаполлі ёсць вуліцы Зевіна, Куракі, Калеснікава, Карасёва, Савекіна, Ваксмана...

Хто яны, гэтыя краснапальчане?..

Зевін і Курака — рускія рэвалюцыянеры. Ісак Ваксман — настаўнік, які ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны пайшоў на фронт. У бітве за вызваленне братняй Украіны здзейсніў подзвіг, за які атрымаў званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна.

Калеснікаў, Савекін, Карасёў...

Людзі, якія аддалі сваё маладое жыццё за маладую савецкую ўладу. Перад тварам небяспекі яны не адступілі, прынялі смерць, як і належыць байцам. Прыклад таго, як трэба паміраць за ідэю, за людзей, за светлую будучыню.

Пра Уладзіміра Калеснікава расказваюць, што гэта быў бясстрашны бальшавік-ленінец, любімец працоўных Краснапольшчыны. Ён горача верыў у перамогу ленінскіх ідэй і гэтую веру ўмацоўваў у свядомасці працоўных. Ён мужна і смела выкрываў ворагаў, якія былі да часу прыціхлі, а ў цяжкія дні пачалі выпаўзаць са сваіх змяіных нораў.

Былі напады на першых камунараў, былі бандыцкія стрэлы з-за вугла, успыхвалі агнём арцельныя свірны і адрыны, але нішто не магло спыніць людзей, якія з рук савецкай улады атрымалі волю і зямлю.

Першыя ўсходы на Чырвоным полі — гэта саўгасы і камуны ў былых маёнтках Сідараўка, Горы, Новая Ельня...

Яскрава помніцца, як у навакольных вёсках ствараліся маладыя калгасы. Падлеткі, мы былі не толькі сведкамі, але і ўдзельнікамі таго вялікага пералому, незабыўнага часу, калі руйнаваліся і заворваліся быльняговыя межы. Мы бачылі і радаваліся, як на нашым калектыўным полі займалася світанне новага жыцця.

Чырвонае поле...

Пра тое, якое было яно тады, на заранку новага дня, красамоўна расказваў Антон Лявонавіч Чэрнікаў, першы старшыня калгаса «Чырвонае поле»:

«Жылі мы ў першыя гады калекцывізацыі небагата, але і тады ніхто з сялян не сумняваўся, што будзем жыць заможна і шчасліва. І гэта, як бачым, спраўдзілася...»

Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў увосень 1943 года зноў абудзілася гоманам-радасцю Чырвонае поле.

Да «Чырвонага поля» далучыліся калгасы «Чырвоная ніва» і «Фрайгайт». Назвалі ўзбуйненую гаспадарку імем Леніна. У 1974 годзе адбылося новае ўзбуйненне за кошт суседняй гаспадаркі «Новы шлях» (вёска Кажамякіна і хутары).

Закаласавала радасць вольнай калектыўнай працы.

Сёння землі калгаса імя Леніна займаюць 5 969 гектараў. За кошт балот і ўзбалоткаў поле павялічылася на 1 026 гектараў. Гэта плён меліярацыі, якая на Краснапольшчыне ў пасляваенныя гады, асабліва за апошнія тры пяцігодкі, набыла ўпэўнены размах.

Больш за пятнаццаць гадоў гаспадарку ўзначальваў былы партызан і франтавік Андрэй Мікалаевіч Карпаленка, чалавек крутога характару, але справядлівы, гаспадар дбайны, разумны і смелы.

У моцнай, каржакаватай постаці гэтага ўжо не маладога чалавека з тварам, на якім молада свецяцца дзёрзкія шэрыя вочы, у манеры трымацца, гаварыць праглядвае адметнасць асобы валявой.

Карпаленка, калі вы ў яго запытаеце, можа сказаць, што за апошнюю пяцігодку калгас імя Леніна стаў мільянерам. Асноўная крыніца даходу — жывёлагадоўля.

У ленінцаў лепшы ў раёне жывёлагадоўчы комплекс, які працуе на поўную аддачу. Пабудаваны яшчэ два новыя, сучасныя кароўнікі. Працуюць добра абсталяваныя сушылкі, чатыры збожжасклады, дзейнічаюць дзве сушылкі актыўнага вентылявання. Ёсць свая ЭВМ, для сіласу і сенажу — ёмістыя цэментаваныя траншэі, склад для захоўвання сена. На машынным двары багатая майстэрня, усе камбайны зімою ўкрыты пад павеццю.

На ўскраіне райцэнтра расце новы сучасны пасёлак — жылыя дамы, інтэрнат, сталовая, дзіцячы сад — гонар калгаса імя Леніна. Дамы з усімі гарадскімі выгодамі. Пракладзены водаправод. Пасёлак азеляняецца: яго жыхары садзяць на сядзібах сады, ягаднікі.

Пасля майскага (1982 г.) Пленума ЦК КПСС праўленне калгаса пачало больш увагі аддаваць стварэнню ўмоў для развіцця падвор’я — усім, хто працуе сумленна і шчыра, выдзяляецца на льготных умовах транспарт, сенакос для ўласнай жывёлы, матэрыялы для індывідуальнага будаўніцтва.

Пра тое, якія даброты для сённяшняга сяльчаніна прынёс калгасны лад, расказвае трактарыст-бульбавод кавалер ордэна Леніна Міхаіл Чарнюк: «Жывём з дастаткам, можна сказаць, жывём заможна. Вось памяркуйце: толькі мой заробак з прэміямі і даплатай складае 250 рублёў у месяц. Адно патрабуецца ад цябе: працуй добра, старанна — будзеш і з хлебам, і з грашыма...»

...У які бок ні паедзеш з Краснаполля — на Высокі Борак ці на Выдранку, на Беразякі ці на Горы,— усюды дарогі, па якіх ездзяць круглы год. Самым важным сваім дасягненнем лічаць кіраўнікі раёна збудаванне пад'ездаў да ўсіх цэнтральных сядзіб 14 гаспадарак (8 калгасаў і 6 саўгасаў).

Канечне, супакойвацца рана. Трэба працаваць і працаваць, каб усюды, ва ўсіх вёсках і пасёлках, былі добрыя дарогі, але тое, што ўжо ёсць, радуе і абнадзейвае.

Па тыпавых праектах забудоўваюцца цэнтры саўгасаў «Дружба», імя Калініна, «Краснапольскі». Мы былі ў гэтых гаспадарках. Новыя, прасторныя вуліцы, прыгожыя камяніцы і драўляныя дамкі, падвор’е — прыстойнае жыллё, якое зменіць, палепшыць быт сяльчаніна, а гэта паспрыяе і павышэнню агульнай культуры.

 

 

Як людзі гукалі вясну...

Час абнаўлення поля.

Думаецца, што ён, гэты час, вытокамі ідзе ў глыбіню гадоў. Яшчэ тады, як сяляне пісалі чалабітную на аканома Емяльянава, як бунтары з Біруляў і Гор, падахвочаныя шахцёрамі, з віламі і косамі рынуліся ў маёнтак абшарніка Стоша...

У тыя завейныя зімовыя дні 1906—1907 гадоў сялянскія бунты віхурай пракаціліся па многіх панскіх дварах. У 1917 годзе, пачуўшы аб тым, што ў Піцеры адбылася рэвалюцыя, сяляне дружна, з песнямі і сцягамі выйшлі на вуліцы прывітаць раніцу новага дня.

Вялікі, спусташальны буран-віхура прайшоўся і па нашых мясцінах у суровыя гады мінулага ваеннага ліхалецця.

З-за кожнага куста, з-за кожнай елкі і сасонкі, з-за старой прыдарожнай бярозы на акупанта гнеўна пазірала руля партызанскага абрэза і вінтоўкі. Чырвонае поле надзейна баранілі партызанскія разведчыкі і падрыўнікі атрадаў Карзюкова, Кананыхіна, Перапечкіна. Тыя, хто не паспеў на ўсход, з Чырвонай Арміяй, у варожым тыле ўсімі сіламі памагалі выспяванню нашай вялікай Перамогі.

Праз многія мірныя гады на Краснапольшчыне ўспамінаюць баявую дзяўчыну ў кубанцы з чырвонай стужкай. Як віхор, улятала яна на кані ў варожыя гарнізоны. Гэта была маладая настаўніца Паліна Крынічка, якая ў акупацыю стала баявой разведчыцай. Помняць краснапальчане і партызанскага камісара Васіля Задарожнага, які па-геройску кіраваў боем з карнікамі і загінуў у баі каля вёскі Гракоўкі; Івана Галярку, які сярод белага дня, на вачах у акупантаў, у Краснаполлі на радыёвузле ўключыў радыё. Над прыціхлым, журботным Чырвоным полем веснавым звонам пранеслася роднае: «Гаворыць Масква!.. Перадаём зводку Саўінфармбюро...» За такое «свавольства» камсамолец Іван Галярка заплаціў жыццём — гітлераўцы расстралялі яго без допыту і суда.

1 кастрычніка 1943 года над Краснапольшчынай запалымнеў на свежым, асеннім ветры чырвоны сцяг, вярнуўшы людзям жыццё і свабоду.

Не забыць вас, першыя дні вызвалення. Праз гады помняцца і тыя нядзельнікі і суботнікі, што наладжваліся ў вызваленых вёсках, і провады ў дзеючую Чырвоную Армію хлопцаў, якія гарэлі жаданнем стаць у шэрагі воінаў. А першыя камсамольскія сходы, на якіх ствараліся звенні высокага ўраджаю, запісваліся добраахвотнікі ў Данбас, у Крывы Рог на адпаўленне руднікоў і шахтаў!..

Вясковыя вечарынкі, камсамольскія вяселлі пад гармонік, новыя франтавыя песні...

Не забудзецца і вясна 1944 года.

Была яна, першая вясна пасля вызвалення, радасная, але і цяжкая. Што пакінулі пасля сябе акупанты, можа сведчыць хаця б такі факт. У саўгасе імя Калініна, які славіўся да вайны як багатая, узорная гаспадарка, знайшлося ўсяго 8 коней. Рабочыя вымушаны былі выкарыстаць для палявых работ кароў. Іх было таксама 8. На каровах вывозілі гной, падвозілі насенне...

У іншых адноўленых калгасах аралі таксама на каровах. На сотках жанчыны і дзяўчаты ўпрагаліся ў плуг, а які дзед ці дзядзька-інвалід трымаў поручні... Не хапала насення. Яго прысылалі нам, у вызвалены раён, з усходу.

У тое ваеннае лета 1944 года з Краснапольшчыны, як і з іншых вызваленых усходніх раёнаў, накіроўваліся чырвоныя абозы са збожжам. «Усё для фронту, усё для перамогі!» — гэтыя словы гарэлі ў кожным сэрцы...

Восенню праехаліся мы па палях таго ж саўгаса імя Калініна з другім сакратаром райкома партыі Мікалаем Аляксандравічам Сідарэнкам. Завіталі на машынны двор. Толькі адных збожжавых камбайнаў, трактароў ды аўтамашын стаяла цэлая армада. Бульбаўборачныя камбайны, стогакідальнікі, гноераскідальнікі, сіласаўборачныя камбайны, культыватары, сеялкі, бульбакапалкі!..

Саўгас імя Калініна — школа краснапольскіх бульбаводаў. Тут працуюць выдатныя майстры-наватары механізаванага вырошчвання бульбы, слава пра іх пайшла далёка па краіне. Браты Юлій Ягоравіч і Яўген Ягоравіч Жлобы, Героі Сацыялістычнай Працы, цяпер узначальваюць трактарныя брыгады. Іх вопыт вырошчвання бульбы без ручной працы ў надзейных руках маладых, якія не спыняюцца на дасягнутым, а ідуць далей.

Мы гутарылі з брыгадзірам трактарнай брыгады Героем Сацыялістычнай Працы Ю. Я. Жлобам. Нас цікавіла, чаму пры такой сухой восені амаль усюды ў раёне расцягнуліся тэрміны ўборкі бульбы, пад’ёму льнотрасты і іншых важных асенніх работ.

— Увосень работ восем,— сказаў, усміхнуўшыся, Юлій Ягоравіч, а тады дадаў сур’ёзна:— І ўсе яны важныя, неадкладныя. Год быў незвычайны — вельмі выбівала з каляіны людзей, асабліва паляводаў, механізатараў, зменлівасць надвор’я. Няроўнае лета — то сухмень, то залева, і на бульбяных палетках выбуяла пустазелле. Я во бачыў, як змагаліся з пустазеллем, якое проста глушыла пасевы. Дзе правялі своечасова праполку — там бульба чыстая. А там, дзе не паспелі своечасова ўбраць бульбоўнік, падрэзаць пустазелле, якое вымахала ў рост чалавека, здараліся частыя паломкі, прастоі...

Вядома, Юлій Ягоравіч, са свайго боку, мае рацыю. Але ж прычыны, як мы пераканаліся, не толькі ў тым, што пасевы бульбы заглушала пустазелле. Прычыны больш сур ёзныя. І аб гэтых прычынах слушна гаварылася яшчэ вясною, калі на пленуме райкома партыі абмяркоўваліся задачы, звязаныя з выкананнем Харчовай праграмы краіны.

 

 

Калі не я, тады хто?

У райкоме праводзяцца нарады, лятучкі, дзе замацаваныя за гаспадаркамі члены райкома робяць справаздачу, як выконваюцца даведзеныя заданні; аператыўна аналізуюцца выяўленыя недахопы і няўвязкі, выпрацоўваюцца калектыўныя меры для выпраўлення хібаў і вызначаецца канкрэтная работа на наступныя дні.

Адна з такіх райкомаўскіх лятучак праходзіла на пачатку лета, калі на парадку дня была нарыхтоўка кармоў. Першы сакратар райкома С. Ф. Крутаўцоў нагадаў і пра блізкую ўборку ўраджаю. Прададзена дзяржаве 8 тысяч тон збожжа. Такі паказчык быў дасягнуты ў раёне ўпершыню. Гэта перамога для нашага раёна,— гаварыў першы сакратар райкома.— Думаю, што вы, будучы ў гаспадарках, адзначыце высокую свядомасць людзей, мабілізуючы іх на высокапрадукцыйную, якасную работу па нарыхтоўцы сена, сенажу, сіласу. Неабходна забяспечыць дакладную, рытмічную работу кормаздабывальных атрадаў. І ў гэтай справе вопыт у нас ёсць...

— Для чаго мы ўсё, як і раней, праводзім гэтыя самыя то нарады, то лятучкі і для чаго збіраем людзей? — разважаў Сяргей Фёдаравіч.— Думаю, што збіраем мы людзей тады, калі сапраўды патрабуецца калектыўнае абмеркаванне і выпрацоўка рашэння. А нечага граху таіць, бывае і так: людзі збяруцца, сядзяць і слухаюць, а гаворыць і вырашае фактычна адзін — кіраўнік. Іншыя яму толькі падтакваюць. Атрымліваецца ўяўная, фальшывая калегіяльнасць. Мы стараемся такога не дапускаць...

— Адным словам,— сказаў на заключэнне гутаркі Сяргей Фёдаравіч,— пабудзьце на месцы. Сустрэньцеся з людзьмі...

...Мы ехалі з кіраўніком раённай «Сельгастэхнікі» В. М. Шаваровым. Яму рупіла паглядзець, як працуюць механізатары ў саўгасе «Палужскі», бо з першага дня сенакосу там здарыліся няўвязкі.

Дарога ляжала каля вялікай, некалі вельмі ажыўленай і прыгожай вёскі Палуж, цяпер цэнтра саўгаса «Палужскі». Палуж! Тут была некалі, у даваенны час, добрая школа — будынак па тым часе прыгожы, светлы, і навучанне было пастаўлена нядрэнна. Калектыў педагогаў Палужскай сярэдняй школы ставілі ў прыклад.

Славіўся Палужскі калгасны хор, які быў удзельнікам Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі; частушкі палужскіх спявачак запісваліся на пласцінку. У Палужскай сярэдняй школе вучыўся паэт Аляксей Пысін, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, адтуль ён пасылаў у раённую газету «Чырвоны сцяг» свае першыя селькораўскія допісы.

— Тут жа недалёка яго вёска Высокі Борак,— сказаў Віктар Мікалаевіч.— Вяртаючыся, можам заглянуць. Кажуць, што там жыве яго састарэлы бацька...

— Трэба заглянуць!..

Вядзе да Палужы бліскучая, як наваксаваная, асфальтоўка, якая пралегла аж да станцыі Камунары, і на паездку ў суседні Касцюковіцкі раён траціцца не больш як дзве гадзіны. Мы ехалі хутка, але ў дарозе паспелі з Віктарам Мікалаевічам нагаварыцца. Ён, аказваецца, цікавы і, самае каштоўнае, шчыры субяседнік. Добра ведае раён, людзей тутэйшых, бо прыехаў на Краснапольшчыну адразу пасля заканчэння Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі і прыжыўся на тутэйшай зямлі. Працаваў каля васьмі гадоў галоўным інжынерам у саўгасе імя Калініна, чатыры гады дырэктарам саўгаса «Халмянскі» і вось ужо трынаццаць гадоў як на пасадзе кіраўніка раённай «Сельгастэхнікі», а цяпер «адзін у дзвюх асобах» — яшчэ і генеральны дырэктар міжгаспадарчага прадпрыемства. Віктар Мікалаевіч у прынцыпе лічыць, што новы эксперымент — штуршок да стабільнасці работы ў сельскім жыцці. Але ж...

— Але ж і блытаніны хапае,— заклапочана раздумвае Віктар Мікалаевіч.— Сам Саваоф не разблытае. З раніцы я — кіраўнік «Сельгастэхнікі», а пасля абеду — генеральны дырэктар. Прыдумана нібы і разумна, а на практыцы, у нашых умовах, калі яшчэ не ўсе звенні, не ўсе дэталі гаспадарчага механізму добра адладжаны, атрымліваецца толькі затрата сіл і сродкаў, а вынік — небагаты!..

Віктар Мікалаевіч — сялянскі сын. Зведаў галоднае і халоднае маленства, якое прыпала на гады вайны і акупацыі; вучыўся ў сельскагаспадарчай акадэміі, не маючы ні апраткі, ні дапамогі з дому, бо дома засталася маці з цэлай плоймай дзяцей, а бацька загінуў на вайне. З малых год Віктар пазнаў смак хлеба, заробленага сваімі рукамі. Перш чым трапіць у акадэмію, прайшоў у сваёй, такой жа глыбіннай, вёсцы Кішчыцы на Дрыбіншчыне хлебаробскую акадэмію. Любіць Віктар паэзію, у школьныя гады пісаў вершы, часам піша і цяпер. Для сябе. Аб гэтым ён мне і прызнаўся, сёе-тое з напісанага чытаў. І мне спадабаліся радкі, якія выказваюць пачуцці аўтара: «От горя чужого чтоб сердце забилось, нужно его испытать самому».

Наша галоўная тэма размовы тая, што цяпер хвалюе ўсіх і кожнага — людзі і зямля. Зямля і людзі. Як нам захаваць пачуццё рупліўца-гаспадара, сейбіта.

— Канечне,— пасля доўгай паўзы загаварыў Віктар Мікалаевіч, увішна кіруючы «ўазікам»,— нам, каму даручана адказная роля кіраўнікоў на самых непасрэдных, ключавых пазіцыях, нельга забываць, што індустрыялізацыя вёскі, абнаўленне сялянскага побыту, новы падыход да праблем жыцця і працы — усё гэта само не прыйдзе. Аднымі словамі хлеба, малака і мяса не здабудзеш. Людзі ўсё гэта зробяць, а з людзьмі нам, кіраўнікам, трэба працаваць. Патрэбен новы стыль работы, новы падыход да вырашэння праблем жыцця і працы ў вёсцы.

І Віктар Мікалаевіч пачаў як бы здалёк — ён прыгадаў той час, калі прыняў справы дырэктара саўгаса «Халмянскі», змяніўшы там чалавека, які, па сутнасці, разгубіўся, і ўсё апынулася на мяжы заняпаду. У Шаварова быў ужо вопыт работы з людзьмі, але тут ён яшчэ больш упэўніўся, што людзі будуць цябе паважаць, калі ўбачаць: ты — працаўнік-шчырэц, не шкадуеш сябе для агульнай справы і ты — патрабавальны, але і справядлівы. Здолееш знайсці ключык да чалавека, да яго сэрца і сумлення, і ты ў яго вачах набудзеш аўтарытэт і павагу. Калі ж пачнеш юліць, крывіць душою, людзі тваё крыўлянне, твой фальш раскрыюць, як бы ты ні маскіраваўся...

— Было і такое,— расказвае Віктар Мікалаевіч, падахвочаны ўспамінамі,— ты гаворыш, што трэба зрабіць тое і тое. А табе ў адказ: «А мы не пойдзем, што ты нам зробіш? Гэта ж не ў войску, што, куды загадаюць, туды ідзі». Вот і падумай, кіраўнік, як захапіць людзей сваёй ідэяй, каб пайшлі за табой шчыра, не па прынуцы, а свядома, па перакананні, што так трэба, што гэта патрэбна і яму, выканаўцу, і калектыву, у якім ён — не проста адзінка, а раўнапраўны чалавек, гаспадар, які нясе адказнасць за ўсё грамадскае гэтак жа, як і дырэктар саўгаса ці старшыня калгаса...

...Мы ледзь прыкмецілі на абочыне шыльду-ўказальнік: «Камбікормавы завод», і Віктар Мікалаевіч звярнуў на палявую дарогу. Было да завода яшчэ кіламетры два, і ён працягваў расказ-споведзь:

— Узяць, да прыкладу, тое ж малако, якое нам тут, у глыбінцы, даецца вялікай цаною. Помню 1963 год — першы год мае работы ў саўгасе. Набралася ўсяго 998 кілаграмаў малака на карову, а праз пяць гадоў — 1800. У 1969 годзе мы, памятаю, набралі па 1900 кілаграмаў.

І што ж? Не паверыце, гэта факт — па вытворчасці малака халмянцы вярнуліся на ўзровень 1965 года — 1200 кілаграмаў на карову. Гэтак жа і па збожжы. Праз дзесяць гадоў — тыя ж 8 цэнтнераў. Вот вам і стыль!..

— А ў чым корань зла? — вырвалася ў мяне.

— Усё тая ж старая, як свет, і новая, як божы дзень, праблема: людзі, іх адносіны да працы,— коратка адказаў Віктар Мікалаевіч, выкіроўваючы «ўазік» на пляцоўку завода, які выглядаў даволі ўнушальна на зялёным аксаміце пагорка.

Нас сустрэў дырэктар завода, мажны чалавек у расхрыстанай тэнісцы, асцярожна падаў мне, назнаёмаму чалавеку, шырокую, мяккую даланю, пільна паглядзеў у вочы, назваўся:

— Кулікаў Аляксей Антонавіч...

Я ўпершыню быў на такім заводзе, і мне цікава было паглядзець працэс работы. Аказалася, што гэты працэс даволі просты. Устаноўлены АВМ — агрэгат для прыгатавання вітаміннай мукі. Просты і працэс сушкі вітамінных гранул, якія з’яўляюцца каштоўным кормам для жывёлы.

Агрэгаты для нарыхтоўкі абязводжаных кармоў ёсць і ў большасці гаспадарак, але іх работа там як належыць не наладжана, і таму прадукцыйнасць нізкая. У чым прычына? Аб гэтым гаварыў Аляксей Антонавіч і на пленуме райкома партыі, калі абмяркоўваліся задачы выканання Харчовай праграмы.

— Некаторыя з кіраўнікоў навучыліся знаходзіць «слушныя» і «абгрунтаваныя» прычыны, умела апраўдваюцца, удала маскіруюць сваю бяздзейнасць і ляноту. Тое, што трэба рабіць самому, такі чалавек стараецца перакласці на плечы іншых. Як у той прымаўцы: з хворай галавы на здаровую...

Аляксей Антонавіч расказаў, што АВМ завода даюць за дзень 20 тон травяной мукі ў гранулах. Калі будзе паступаць сыравіна як і ў першыя дні, то можна даваць і больш.

Віктар Мікалаевіч заўважае, што ў гаспадарках такія агрэгаты даюць па 4—5 тон. А ў саўгасе «Завадоцкі» і таго менш — 1,2 тоны.

— Усё гэта тое ж — дысцыпліна!..

Па дарозе мы наведаліся ў вёску Высокі Борак, на радзіму Аляксея Пысіна. Мы — землякі, але я ніколі не быў у гэтай вёсцы. Высокі Борак робіць добрае ўражанне. Кінуліся ў вочы і пысінскія вербы, і даволі прыгляднае азярцо ў вянку чароту і плюшчаю, і ліпавыя прысады, што аздабляюць хаты, і стары здзічэлы парк на развілцы вуліц. Недалёка ад возера, якое падступае да самых сядзіб, год таму назад стаяла паэтава хата, калыска яго дзяцінства. Састарэлага бацьку ўзяла да сябе пляменніца, а хату паспелі ўжо знесці. Там, дзе стаяла Аляксеева хата, зарастае муравою куча бітай цэглы.

— Чаму так хутка знеслі хату Пысіна?

— Чаму? — перапытваюць мясцовыя кіраўнікі і паціскаюць плячамі.— Не ведаем. Бацька яго пайшоў да родзічаў, а хата засталася без нагляду.

— Чаму?! — здзіўляюцца ў райвыканкоме. — А што, хіба гэта мае якое значэнне...

Набліжаемся да саўгаса «Палужскі». Віктар Мікалаевіч, працягваючы свой расказ, заўважае:

— Я і сам ведаю, Аляксей Пысін вядомы паэт. Гонар магіляўчан. А бачыце, якая ў нас, землякоў, можна сказаць, абыякавасць. Дзіву даешся!..

Звяртаемся да тэмы, якую дагэтуль развіваў Віктар Мікалаевіч. За рулём ён трымаецца свабодна, нібы спрактыкаваны шафёр, і нетаропка расказвае, выказвае думкі, якія просяць выйсця.

— З гэтым, як яго назваць,— гаворыць ціха, нібы разважае сам з сабою,— бессардэчнасцю ці раўнадушшам трэба ўсім і кожнаму змагацца. А як, скажыце, калі яно расце і кусціцца, бы той калючы асот... Яго вырываеш, а ён расце, бо карані глыбока ўпіваюцца.

На шасейцы, перад мастком, за якім у плюшчаі ледзь свіціцца пакручасты серабрысты паясочак абмялелай рэчкі Палуж, Віктар Мікалаевіч спыніў «уазік». Збоч стаяў такі ж куртаты, з палінялым, белым верхам, рабацяга-«ўазік». Ля яго тэпала бялявая жанчына, прыязна ўсміхалася. Мы выйшлі з машыны. Пазнаёміліся.

— Петрукевіч... Валянціна Аляксандраўна. Сакратар парткома саўгаса...

Валянціна Аляксандраўна адразу, як бы даведаўшыся, што для нас гэта будзе цікава, пахвалілася:

— Во гэта вярбовы мост, пра які Аляксей Пысін пісаў у сваім вершы... У мяне і зборнік ёсць. Калі ў нас, у Палужы, ладзілі вечар, ён мне падпісаў кніжку. Ён жа тут, у Палужы, вучыўся. Дошку збіраемся зрабіць...

Валянціна Аляксандраўна пачала расказваць, як у саўгасе падрыхтаваліся да жніва і як набірае тэмп нарыхтоўка кармоў, бо, сказала яна, кармы — аснова развіцця жывёлагадоўлі, ударны фронт.

Семдзесят камуністаў — гвардыя саўгаса. Камсамольская арганізацыя прыкладна такая ж. Кожны восьмы член партыі працуе ў вытворчасці. Усе важнейшыя вытворчыя ўчасткі ўзначальваюць камуністы.

— Людзі ўсе занятыя,— сказала Валянціна Аляксандраўна,— упор робім на сенакос і на нарыхтоўку кармоў. Вітаміннай мукі нарыхтоўваем чатыры-пяць тон у дзень. Загатавана сена больш палавіны да прадугледжанага планам. Як быццам будзе ўсё добра. Асобныя недахопы, якія ёсць, выпраўляем на месцы. Настрой у людзей аптымістычны!..

— Гэта добра,— сказаў Віктар Шавароў,— тады мы паедзем на машынны двор...

Віктар Мікалаевіч ведаў, што на трактары «МТЗ-80» выйшла са строю помпа паліўнай апаратуры. Яе трэба было тэрмінова адвезці на рамонт у майстэрню «Сельгастэхнікі», але загадчык цэха механізацыі сказаў: «Гэта іх справа. Няхай робяць, што хочуць». Трактарыст стаіць паўдня, чакае, пакуль прыйдзе лятучка, забярэ помпу, прывязе на стэнд праверыць, што з ёю, калі трэба, адрамантуе і завязе назад, паставіць на трактар.

— У саўгасе ж не адна аўтамашына,— каменціраваў гэты факт Віктар Мікалаевіч.— Але, бачыце, яны цяпер, калі трактарнае абслугоўванне перададзена ў міжгаспадарчае прадпрыемства, адмахваюцца абедзвюма рукамі. А вы пытаецеся, што змянілася з утварэннем МГП? Змены ёсць. Бачыце, як атрымліваецца на практыцы. І такіх няўвязак і накладак багата, лічыце, амаль на кожным кроку...

...Віктар Мікалаевіч, генеральны дырэктар міжгаспадарчага прадпрыемства, спачатку здзівіўся і нават абурыўся, калі пачуў на машынным двары такі факт. У першыя ж дні касавіцы адзін механізатар адмовіўся ад работы на лузе, бо яму не заплацілі так, як ён хоча. Норма на касілку «КСК-100» 80 тон зялёнай масы, а ён дае толькі 40 тон. Чаму? Паломкі, недахоп запасных частак, прастоі не па яго віне. І ён не працаваў, пакуль не паабяцалі добры заробак.

— Глупства! — абурыўся звычайна ціхманы і памяркоўны Віктар Мікалаевіч.— Ніякіх працэнтовак, прытрымлівацца нормаў!..

Але яму пачалі ўпэўнена і настойліва даводзіць і галоўны аграном саўгаса, і начальнік цэха механізацыі, што інакш нельга, бо страціцца больш, што, маўляў, многае і не залежыць ад яго; і тыя вымушаныя прастоі, і паломкі — вынік абыякавага абслугоўвання з боку інжынернай службы і г. д.

...І ў час гэтай паездкі, і потым Віктар Мікалаевіч расказваў аб той ролі, якую сёння адыгрываюць тэхніка, энергаўзброенасць у жыцці сучаснага сяла, у жыцці хлебароба, наогул у жыцці працаўніка вёскі. Ён прыводзіў лічбы. Між іншым, усе па памяці, не заглядваючы ні ў якія паперкі.

Калгасы і саўгасы абслугоўваюць 679 трактараў, а да 1980 года іх было 295; грузавых аўтамашын — 252, а было 227, 157 збожжаўборачных камбайнаў, а было 98, 18 самаходных кормаўборачных камбайнаў, якіх раней зусім не было.

Створана рамонтная база. Працуюць пункт тэхабслугоўвання трактараў, брыгада па абслугоўванні цэхаў механізацыі, звяно дыягностыкі трактараў і іншых сельгасмашын.

— Здаецца, тэхнічная аснашчанасць не бедная,— заключае Віктар Мікалаевіч,— аднак усяго гэтага аказваецца недастаткова. Чаму? Няма ўзгодненасці з абласной «Сельгастэхнікай». Мы за два гады існавання новай сістэмы не можам стварыць больш-менш прыстойную базу ў цэхах механізацыі ў гаспадарках. Не хапае кадраў. Да гэтага часу не можам укамплектаваць зернекамбайны ў саўгасах «Дружба», «Краснапольскі», «Палужскі», у калгасе «Камінтэрн». Няма ў нас станцыі тэхабслугоўвання аўтамашын...

...Як цяпер мы ведаем, у раёнах створаны аграпрамысловыя аб’яднанні, якія дапамогуць узгадніць і ўдасканаліць кааперацыю сельскагаспадарчай вытворчасці. Сельскагаспадарчы аддзел у райкоме партыі забяспечыць кіраўніцтва ўсёй гэтай работай.

...На пытанне, чаму ў калгасе імя Леніна лепшая, чым у іншых гаспадарках, працоўная дысцыпліна, старшыня А. М. Карпаленка адказаў:

— Сам не сплю, устаю рана і кладуся позна і не даю спаць нікому... Не цярплю абібокаў і дармаедаў!..

Яшчэ адзін штрых, які даводзілася назіраць увосень у сваім, глыбінным раёне. Гэта спалучэнне матэрыяльнага і маральнага стымулаў.

Як толькі стала вядома, што чакаюцца замаразкі, у раёне забілі трывогу.

Нам даводзілася бачыць, як працуюць людзі, адарваныя ад сталоў і папер, ад лічыльнікаў і арыфмометраў. Там, дзе кіраўнікі гаспадарак далі ім магчымасць напрацаваць,— бачны вынікі. Выдатныя, сказаў бы, вынікі!

Каб вы паглядзелі, як у калгасе «Камінтэрн» шчыравала брыгада супрацоўніц аддзела культуры райвыканкома, то сказалі б: гэта і ёсць тое, што мы называем працоўным энтузіязмам. Яны ўчатырох спраўляліся зразаць і накідваць буракі ў кузаў грузавіка, які рухаўся следам, перавыканалі намнога сваё дзённае заданне.

— Мы ідзём тут на рызыку ў пэўным сэнсе,— сказаў старшыня калгаса «Камінтэрн» Аляксандр Мікалаевіч Сурын.— Плацім людзям па завышаных расцэнках, бо ведаем, што ўраджай трэба ўбраць, а сіл не хапае!..

Сваіх сіл не хапае — гэта можна сёння пачуць на Краснапольшчыне ад шэрагу працаўнікоў калгасаў і саўгасаў. Гэтая праблема хвалюе і кіраўнікоў раёна. З імі можна пагадзіцца, але не на ўсе сто працэнтаў. Рэзервы ёсць, яны, гэтыя рэзервы, вакол нас, але як іх узяць — вось задача. І нялёгкая...

 

 

Сяльчанін. Хто ён сёння?..

 

У раённай бібліятэцы, якая цяпер носіць імя нашага земляка, пісьменніка Міколы Ткачова, ёсць папка з матэрыяламі па гісторыі Краснапольшчыны. У адной з заметак чытаем успамін былога жыхара вёскі Мар'іна Буда пра мінулае роднага краю: «Сяляне хадзілі ў лапцях. Летам жа — босыя. На ўсю вёску была адна пара чобатаў».

Гэта, вядома, да Кастрычніка 1917 года.

Памятаю, як сам хадзіў у лапцях-чунях, падшытых скурай ці, у лепшым выпадку, гумай ад старых пакрышак. У лапцях хадзіў у школу са Стаек у Гніліцу за тры добрыя вярсты, мясіў тую гніліцкую гразюку па калдобістай вуліцы, плёхаўся ў лужынах, якія не высыхалі і ўлетку. Школа, будынак-развалюха, як на тое ліха, мясцілася якраз на сярэдзіне бясконца доўгай крывой вуліцы.

Боты ці чаравікі мы бачылі толькі ў дарослых, у хлопцаў і мужчын, якія пабывалі ў шахтах. Шчасліўчыкі-шахцёры шпацыравалі ў чаравіках з бліскучымі галёшамі...

Сёння ж зайшоў я ў раймаг і бачу: вясковыя жанчыны, пажылыя і дзяўчаты ў модным адзенні, пахаджваюць каля паліц, заваленых абуткам, і выбіраюць модныя чаравікі і боцікі, гумовікі. На кожны густ ёсць і абутак, і апратка...

Вясковыя кабеты з той жа Гніліцы не толькі ўсё гэта абмацваюць і прымерваюць; бачу, яны лёгка расстаюцца з чырвонцамі і нясуць, нясуць пакупкі — абутак, коўдры, капы, бялізну, курткі, касцюмы, паліто...

Процьма пакупнікоў і ў магазіне гаспадарчых і электрычных тавараў, у магазіне «Дзіцячы свет»...

Халадзільнік, тэлевізар, электрапрас, электрабрытва, набор дарагой мэблі, дываны, дарожкі — усё ёсць у самых далёкіх, лясных і бязлесных, вёсках, у глыбінцы, якая лічылася лапатным краем.

Тут жа, на людным месцы, каля раймага, спыняюцца «Лады» і «Жыгулі», матацыклы розных марак...

Збоч плошчы, каля старога парку, невялічкі памост-прылавак, дзе ў любы дзень можна купіць дары з мясцовых агародаў: раннія агуркі, клубніцы, памідоры... А якія на Краснапольшчыне яшчэ растуць грыбы!..

Увосень звычайна гэты памост-прылавак аж ломіцца ад садавіны. Такіх смачных, сакавітых яблык антонаў, штрыфеляў, цітавак, груш розных гатункаў мала дзе знойдзеце.

Маю ўвагу неяк прыцягнулі свежыя, вялікія, па добраму кулаку, антоны ў кошыку, які красаваўся на прылаўку.

— Хто прадае такое хараство?..

— Мае яблыкі,— адказаў, бы сумеўшыся, мажны дзядзька-мацак у цёплай чорнай паддзёўцы і ў новай шапцы-вушанцы.— Па семдзесят капеек за кіло. Бярыце, не пашкадуеце... Яблыкі лепш таго імпартнага віна...

— Яблыкі добрыя. А па пяцьдзесят не будзе?..

— Хо! — грэбліва ўсклікнуў дзядзька і рэзка адвярнуўся:— У Бабруйску антонаўка па паўтара рубля — з рукамі адарвуць.

— То ж у Бабруйску,— гавару з дзядзькам, абы ўведаць, які з яго гаспадар.— За блізкі свет...

— А што мне той свет! — напыжыўся мацак, ліха ссунуўшы вушанку на патыліцу.— Запрог во еты «браневічок», і парадак, абы хэнць меў...

І ён паказаў на ярка-чырвоны «Масквіч», які нібы ўзвышаўся над усімі. Багажнік «браневічка» быў адкрыты — і там кош яблык. А пакупнікоў не было...

...У той жа дзень давялося пабыць у роднай вёсцы, у землякоў, да якіх еду з заўсёдным хваляваннем і радасцю. Пабыў на роднай сядзібе, у бацькавай хаце... Са шчымлівым сэрцам прывітаў чародку сваіх ліпак, якія выраслі, сталі ўжо гонкімі і кучаравымі, самотна паглядзеў на садок, у якім засталася толькі адна, ужо дуплістая і здзічэлая, яблыня, пасаджаная дзедам, астатнія — клопат бацькі; іх пасадзіў ён, вярнуўшыся з гэтай вайны; на ўзмежку, побач з сядзібай сваяка Агея Траянава, дзе раней раскашавалася тоўстая і, здавалася ў маленстве, самая высокая ліпа на ўсё наваколле, цяпер расце крываватая яе наследніца. У агародчыку ля нашае хаты рос высокі і гонкі ясень — цудоўнае, светлае дрэва, якое здавён любілі нашы жыхары. Той ясень ужо, мабыць, збыўся, а падняўся атожылак і хваліцца кучаравай шапкай над вільчыкам.

Што кінулася ў вочы, дык гэта адсутнасць калодзежа блізка ад глухой сцяны хаты. Без яго я не ўяўляў нашага канца, адкуль цягнулася ў бок недалёкага хутара галоўная вуліца. На месцы калодзежа — голая лапінка, прыкіданая свежай зямлёю. Сюды, з садка, з разгатай бярозы, што пры вуліцы пасадзіў па вайне бацька (ён любіў, каб каля дома былі дрэвы, найбольш любіў бярозу за яе, мабыць, пявучасць нават пад лёгкім ветрыкам), за пахілы, прапылены пляцень, дзе быў наш стары калодзеж, зляцелі, лёгка кружачыся ў празрыстым свежым паветры, жоўтыя бярозавыя лісткі...

— Дзе ж калодзеж? — найперш запытаўся з трывогай у першага стрэчнага чалавека.— Тут жа, пры нашай хаце, быў добры калодзеж...

— Во, браток, рэдка ты ў нас бываеш,— загаварыла жанчына з лёгкім дакорам, але ў голасе было нешта лагоднае і цёплае.— То хіба не пазнаеш мяне, сваю суседку Мар’ю Булахоўскую? А калодзеж во, праз дарогу, новы выкапалі. Ды так удала, вельмі смачная і чыстая вада...

— Пазнаю, пазнаю, даражэнькая,— сумеўся я і, просячы прабачэння ў Мар’і, добрай і зычлівай суседкі, якая прапанавала пакаштаваць вады з новага калодзежа (вада сапраўды была смачная), пахваліў землякоў. Нарэшце яны адважыліся пазбавіцца старой замшэлай студні; яе зруб хаця і быў з моранага дубу, але ўжо так знасіўся, што рамантаваць было б неразумна.

Мар'я, гаваркая і шчырая, пераказала мне ўсе навіны, доўга гаварыла пра жыццё, якое, яна сказала, хоць і шчаслівае ў вёсцы, але і цяжкае для іх, пенсіянераў. «Старасць нікога не красіць. Але не гэта хвалюе. Цяжка во з дрыўмі, лясы ж ад нас, знаеш сам, ужо даўно аддаліліся, і паліва — наша самае балючае месца. Але нічога, жывём, не будзем скардзіцца. Хлеб прывозяць рэгулярна, а сала і малако сваё... І свіней, і падцёлкаў трымай колькі ёсць твае змогі. Адным словам, абы здароўе, можна жыць. І святло, бачыш, электрычнасць, як у горадзе. Тэлевізар во ёсць у суседа... Калі хочаш, можна схадзіць. Глядзелі неяк і цябе бачылі... Во якое жыццё, брат... Жывеш недзе за сотні вёрст, а бачыш, як усё адно перад табой блізка сядзіць наш, свой чалавек... Во дажылі, браток, радаснай жыткі!.. Жыві ды не памірай,— закончыла суседка Мар’я і напаследак сказала:— Дык у хату зайдзі, Іванавіч, паглядзі, як жывём...»

Ведаў, што Мар’я з хаты так, без пачастунку, не адпусціць, а мне хацелася пабачыцца яшчэ з чалавекам, які быў і нашым суседам, і добрым сябрам нашай сям’і. Я кажу пра Якава Іванавіча, ветэрана, бадай, самага старога чалавека тут, у нашай вёсцы.

Мне пашанцавала — Якаў Іванавіч, апрануты ў цёплую шэрую ватоўку, на босых нагах закарэлыя сандалі, без шапкі, сівенькі і лёгкі, як падлетак, грэўся на лавачцы каля сваёй хаты. І ціха, ледзь варушачы ссінелымі губамі, нешта сам сабе як гаварыў, вычэрчваючы абшмараваным кіёчкам нейкія завітушкі на доле. Якаву Іванавічу, як мне здаецца, ужо амаль дзевяноста. За майго бацьку ён быў старэйшы на чатыры гады. Але пачакаю — запытаю ў дзядулі, што ён сам скажа...

Мы павіталіся, і Якаў Іванавіч, не выказваючы ні здзіўлення, ні іншага якога пачуцця, пачаў адразу скардзіцца на тое, што маладыя не цэняць цяперашняга жыцця і не робяць так, як яму, старому, хацелася б, бо не ведаюць, як тутэйшыя людзі жылі раней аднаасобна, а потым, на пачатку перабудовы вёскі, рабілі, не ведаючы стомы, бо любілі зямлю...

— Во, чалавеча,— апавядаў Якаў Іванавіч мне як суседу, з якім нібы ўчора бачыўся,— паглядзі, хіба ета работа... Хаця б і дачка Маша, ёй ужо гадоў багата, ужо яе дачка замужам, а паглядзі, як сена тое, што скасіла, не ўмее як трэба паварушыць... Хто ж ета падварушвае сена супраць ветру. Па ветры трэба пракосы разбіваць, тады сена не разносіцца, ні сянінкі не згубіцца.

Якаў Іванавіч, як бачна, мяне не пазнаў. Але я пакуль што маўчаў. А ён, сагрэты радасцю сустрэчы з чалавекам, шчыра выкладаў сваё, што яму набалела. Якава Іванавіча я не бачыў, мабыць, з таго года, калі памёр мой бацька.

Дзе, скажыце, той Якаў, Іванічка, як яго называлі ў вёсцы, вясёлы, дзябёлы, як камёлак, мужык, з дужымі, вялікімі рукамі, з цвёрдай, упартай паходкай, сівагаловы? На прадубленым вятрамі і сонцам твары яркімі цёмнымі іскрамі свяціліся бліскучыя з прыжмурам, вочы. Калі Якаў крочыў, то пад ім дол дрыжаў. А голас зычны, густы, але не грубы, і на смуглаватым, у зморшчынах твары заўсёды блукала цёплая, крышку іранічная ўсмешка. Нешта ад тае ўсмешкі і цяпер цепліцца, але твар зморшчаны, як печанае яблыка, у кволай, як гусіны пух, шчэці. І голіцца Якаў Іванавіч, мабыць, рэдка; не тое што раней, калі яму было яшчэ семдзесят з хвосцікам...

На твары і ва ўсёй паставе нейкая сцішанасць ці сум.

Якаў Іванавіч паказаў мне сваю сядзібу, расказаў, якой цяжкай была вясна, ды і лета не дужа спрыяльнае, з перападамі, а восень — нішто; стаяла дабрэннае, як ён сказаў, надвор’е, але што ж — няўпраўка. «А чаму няўпраўка?» — «Скажу табе, братка, праўду, парадку няма. Дзе было такое, каб гаспадар гульма гуляў? Хіба я калі сонца праспаў ды яшчэ і да паўдня чухаўся, калі за брыгадзіра быў? Я на досвітку ўсё поле аббегаю, абрасянюся па пояс, а да снядання ўсіх людзей на работу выпраўлю... А што робіць наш еты брыгадзір? Сам лынды б’е, абібок, у чарку заглядае, а таму і людзі зняверыліся. Сланяюцца, як непрыкаяныя... Парадак людзям дай, і тады нешта будзе!..»

Якаў Іванавіч паказаў на сядзібе палоску, дзе была пасеяна трава для ўласнай каровы. Касіла яго дачка. І бацька абураецца:

— Разве етак косяць? — ён паказвае на высокае, няроўнае, як паскубленае, травянішча.— Тут жа яшчэ пуды тры можна было б накасіць, каб ета ў мяне ранейшая сіла... Я, бывала, выкашу луг так, што люба глядзець — роўненька, шчытна, адзін мох застаецца...

Якаў Іванавіч пахваліўся, што ён свае соткі падзяліў па тры палоскі — на адной трава (райграс з цімафееўкай), на другой — бульба і ячмень... І садок у Якава Іванавіча — некалькі яблынь, слівы, груша; грады — цыбуля, морква, капуста, агуркі, часнок... Усяго па невялічкай градцы.

— Вот жыву,— нават усміхнуўся Якаў Іванавіч.— І пакуль не здаюся. Дзе сам не здолею, сыны памогуць (яны жывуць добра, у кожнага свая сям’я). Старая яшчэ сяк-так варушыцца. Ды Маша, даярка сталая, і яна ўжо на пенсію скора пойдзе. А гаспадарку не спускаем. І карова, і свінні, і куры ёсць... Жыццё харошае, можна сказаць,— паўтарае Якаў Іванавіч.— Ды што ж, мне пара ўжо, час туды,— ён паказаў кавенькай у бок вуліцы. Я ведаю, пра што гэта — там, пад маяком, могілкі, дзе і мой бацька, ягоны таварыш, спачывае ўжо даўно.— Пайду туды. Можа, праз год, можа, праз два, а можа, і заўтра...

Сказана гэта проста, як пра самае звычайнае.

— Якое ж ета жыццё,— ужо інакшым голасам загаварыў дзядуля,— калі рабіць не можаш?! А што чалавек без работы — адно званне, што чалавек. Злыдзень, а не чалавек...

Я ведаў, які працаўнік і шчырэц некалі быў Якаў Іванавіч Кавалёў. Залатыя рукі. Такімі людзьмі, як ён, калгасы на ногі ставіліся. Помню, часта пра Якава Іванавіча гаварылі, што ўсякая работа ў яго гарэла ў руках — ён наперадзе ўсіх і з касой, і з сякерай. Бывала, калі мужчыны збяруцца ў кампаніі і возьмуць па чарцы, Якаў Іванавіч казаў: «Рукі мае залатыя, галава сярэбраная...» І ніхто з гэтага не смяяўся. Рукі ў Іванавіча сапраўды залатыя. А галава — у ранняй сівізне, бо Якаў Кавалёў быў на трох войнах. Прайшоў і Польшчу, і Германію двойчы. Зведаў нямецкі палон яшчэ ў тую вайну, і ў гэтую масты паходныя будаваў і пераправы і на Вісле, і на Одэры.

— Баліць мне галава,— падалося, спакойна, як пра каго іншага, вёў свой расказ Якаў Іванавіч.— Водзіць нейкі вадун у бакі, але яшчэ сам сеяў, сам во памагаў і бульбу капаць...

Мы ўсё гаварылі як незнаёмыя. Але вось выйшла з хаты бабуля Лукер’я, жонка Якава Іванавіча. Таксама не маладая — восемдзесят з гакам. Але яшчэ рухавая, толькі неяк бытта змянілася ў твары, паменшала ў росце. Робіць усё дома і ў агародзе, ваду з калодзежа, які далекавата, носіць. Лукер’я адразу пазнала мяне, падышла, павіталася:

— А, здароў быў, Іванавіч... Што, у госці завітаў?.. Хочацца пабыць на бацькаўшчыне. А маці ж твая памерла ўжо... Чула і я... Чула!..

Якаў Іванавіч, які, мабыць, ужо добра недачувае, з гумарам знаёміць мяне з гаспадыняй:

— А ета вунь мая кабета... Значыць, жанчына... Можна сказаць, мая жонка... Жана, значыць...

Лукер’я здзівілася, засмяялася, паказаўшы шчарбіны між яшчэ моцных зубоў, і да мужа:

— А ты і не пазнаў... Во стары, ужо нічога не сабражае... Ета ж Іванавіч... Івана-саўхоза сын!..

Якаў Іванавіч прыжмурыў слязлівыя, але яшчэ вострыя вочкі. Адразу як бы павесялеў, ажывіўся.

— О! Вот яно што! Я і не пазнаў,— спрабаваў засмяяцца ён, але атрымалася толькі нейкая грымаслівая шчыліна ў праваленым роце.— Пастарэў і ты, брат. Я памятаю цябе зусім маладым!..

— Што ж, нічога не паробіш...

— Ды ўжо ж так! — і пра сваё:— А ў мяне, Іванавіч, цяпер дзве пілы — ды абедзве вострыя.— Гэта пра жонку і дачку.— Як мне аднаму з імі!..

Якаў Іванавіч расказваў, што быў паранены ў галаву, пакалечана рука. Пасля гэтай вайны аднаўляў калгас, шчыраваў з плугам, касою, з рубанкам і сякерай...

— Сам знаеш,— успамінаў Якаў Іванавіч,— у якім быў пачоце, бо працаваў ад душы, чэсна. Амаль што ў кожнай хаце бачна мая работа. Цясляр я, сам ведаеш!.. Пасля етай вайны каторыя людзі без хат засталіся — трэба было будаваць. А лес — далекавата. Бывала, якіх круглякоў, макавін агораюць, а хацёну змудрую, стаіць, як лялька. Стаяць шчэ мае хаткі... На здароўе людзям добрым!..

Якаў Іванавіч ужо як бы забыўся пра ўсе свае нямогласці-хваробы. Пачаў дакараць сябе, што адразу не пазнаў мяне. Лукер’я, якая слухала моўчкі ці дзе ўстаўляла якое слоўка, нібы заступалася за яго:

— Дык ён ужо слаба бачыць стаў, глухне... Тое, што далёка, бачыць, а зблізку — слабей...

— Нічога,— запярэчыў Якаў Іванавіч.— Я шчэ і газету чытаю... У курсе, што на свеце робіцца. Асобенна хочацца знаць, што і як у раёне. Цікаўлюся яшчэ, брат!..

З нейкай патаемнай думкай пазірае ён на чародку гонкіх бярозак — мініяцюрны гаёк, пасаджаны ў першыя пасляваенныя гады каля двара. Доўга маўчыць, тады звяртаецца да мяне, нібы радзячыся:

— Бачыш, етыя бярозкі. Можа, памятаеш, мы іх садзілі з Іванькам, тваім браценікам. Ён быў жа маім суседам. Хату яму я памагаў ладзіць. Ён, знаеш, хату ету прадаў, а сам з’ехаў на шахты. А нашы бярозы, бачыш, выраслі. З новай суседкай мы падзялілі іх. Яна свае паціху-патроху спатрэбіла на дровы... А мае стаяць. Восем бярозак.

І зноў дзядуля пра моладзь, пра змену, дзеля шчасця якой ветэраны, першапраходцы, не шкадавалі сіл і самога жыцця.

Якаў Іванавіч, можа, перабольшвае трохі. У Стайках, як і ва ўсіх іншых вёсках, асноўны цяжар працы на плячах маладых — гэта механізатары і жывёлаводы, паляводы і меліяратары. Яны апраўдваюць высокае званне маладых гаспадароў зямлі. Ёсць, на жаль, і такія, што толькі ганьбяць гэтае высокае званне. Гультайства і дармаедства, як цвіль-грыбок, раз’ядаюць асобныя сем’і ў вёсцы. І нельга не прыслухацца, што гавораць ветэраны, той жа Якаў Іванавіч.

— Вунь у той хаце,— ён паказвае ў бок калодзежа,— аж тры байбусы, можна сказаць, дармаеды. На бацькавай шыі, як гіры-пудавікі... А яны ж не ўломкі, такія, што толькі б работаць. Балаўнікі! Іх бацька ад вясны да халадоў цягаўся. Спрадвечны пастух. Рабацяга. А сыны распуснікі, гойсаюць па вуліцы, як гіцлі. А на іх жа рабіць трэба, есці абы-чаго не хочуць. І жывуць, і нават на гарэлку ёсць грошы... А што, ад чаго б гэта, хто тут вінаваты?.. Мы самі, бацькі, вінаватыя,— прыстуквае кійком Якаў Іванавіч.— Трымаюць байбусаў на сваім карку да сівых валасоў. Хто працуе цяпер добра, зарабляе больш, чым у горадзе. Жывуць людзі лепш, чым да вайны, у старыя часы... У пяць, у дзесяць, у сто разоў. Больш таго, засыпалася вёска грашыма...

...Развіталіся мы з Якавам Іванавічам. Нечакана падышоў рэйсавы аўтобус, а на ноч заставацца не выпадала...

Аўтобус ішоў праз цэнтр калгаса імя Энгельса. Каля дарогі выстраіліся дамкі-мураванкі, а перад імі — пустка, ні дрэўца, ні кветачкі... А жывуць жа тут маладыя гаспадары, спецыялісты з сярэдняй і вышэйшай адукацыяй.

Такое ж можна бачыць і ў іншых новых пасёлках і на новых вуліцах старых вёсак... Не дужа турбуе маладых, што яшчэ сярод лета сям-там прысады пры дарозе пажоўклі, паўсыхалі, бо нядбайнікі з «Сельгасхіміі» перастараліся; не часта пачуеш, каб маладыя людзі-вяскоўцы рупіліся пра сады, агароды, пра пчол... А яны ж нашчадкі. Ветэраны аддаюць ім, маладым, у іх рукі самае дарагое — зямлю, за якую яны ваявалі, якую абнаўлялі і ўпрыгожвалі, не ведаючы стомы, пераносячы голад і холад.

Сяльчанін. Хто ён сёння?..

Сённяшнія гаспадары — гэта сучасныя маладыя людзі; на іх дужых плячах ляжыць галоўны клопат аб зямлі, аб яе будучыні. Многія з іх маюць сярэднюю і васьмігадовую адукацыю. Яны нарадзіліся ў пасляваенныя гады і не перажылі таго, што перажылі іх бацькі, старэйшыя браты, юнацтва якіх апалена вайною, вялікімі бедамі, што выпалі на іх долю. Нарэшце, яны гадаваліся і раслі ва ўмовах, калі вынікі вайны ў асноўным былі пераадолены і быў забяспечаны адносны матэрыяльны дастатак. Маладое пакаленне вясковых жыхароў не звыклае да тых жыццёвых нягод і цяжкасцей, якія пераносіліся бацькамі, а тым больш дзядамі.

Скажам, той жа Якаў Іванавіч не будзе стаяць гадзіну на прыпынку і чакаць рэйсавага аўтобуса, калі яму спатрэбіцца наведацца ў кантору калгаса, за тры кіламетры,— ён з кульбай патупае, а адтуль яшчэ на плячах прынясе покуп — бохан хлеба, банку якіх кансерваў ці кілаграм марожанага марскога акуня... А малады, здаровы дзяцюк, які мог бы гэтага дзядулю з яго паклажай пранесці на руках, будзе і паўдня стаяць. І яшчэ абурацца, што затрымаўся аўтобус. А як уб’ецца, то спрытна зойме месца і адвернецца, будзе натужна глядзець у акно.

Як ужо гаварылася, у апошнія гады ў нашай глыбінцы многае робіцца для амалоджвання вёскі. Сёння гэта праблема нумар адзін. Забудоўваюцца цэлыя вуліцы ў старых паселішчах, разгорнута будаўніцтва жылых дамоў у цэнтрах саўгасаў. І што тут цікава. Маладыя сяльчане не дужа турбуюцца, каб іх жыллё было ўтульным і прыгожым.

Ёсць тут і пэўныя межы, якія нельга пераступаць, каб асабістае не трансфармавалася ва ўласніцкае. Расказвалі цікавы факт, які меў месца летам у калгасе імя Энгельса. Перад касавіцай праўленне вызначыла дзялянкі сенакосу ўсім працаздольным мужчынам. Знайшоўся ў брыгадзе спрытнюга-прадпрымальнік, які цішком наняў трактарыста з касілкай, і той яму на досвітку скасіў ягоную паласу лугу. Пасля гэтак зрабіў і яшчэ той-сёй... Атрымалася, што касцы, якія самі павінны былі пазавіхацца, не толькі не працавалі, але яшчэ адарвалі ад работы механізатара з касілкай.

Добра вядома, што вясковыя жыхары ўсё актыўней удзельнічаюць у здачы малака і мяса дзяржаве, сябе забяспечваюць прадуктамі, садавінай, гароднінай. Бачны ўклад калгаснікаў і рабочых саўгасаў у Харчовую праграму краіны.

Здадзеная жывёлагадоўчая прадукцыя займае ў дзяржаўным плане значнае месца. А план немалы: раён павінен здаваць штодзённа сто тон малака.

Мы гутарылі з начальнікам раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі Э. С. Ісаевым. Ён сказаў:

— У нас ёсць сяльчане, якія здаюць па дзве-тры тоны мяса, па восемсот — тысячы кілаграмаў малака ў год.

— Як думаеце, Эдуард Сяргеевіч, ці не абернецца гэта заўтра канфліктнай сітуацыяй для калектыўнага ўкладу жыцця?

— Як сказаць?! — паціснуў плячамі начальнік упраўлення. Пасля, паразважаўшы, дадаў:— Пра вясковага чалавека, калі ён раўнадушны да свайго двара, да свайго быту і не імкнецца жыць шыкоўней, гавораць, што ён благі працаўнік...

Сапраўды, тут ёсць разумны сэнс. Але ж нельга і перабольшваць — даваць разрастацца гэтаму імпэту; трэба, каб матэрыяльныя і бытавыя даброты не засланілі для людзей сэнсу жыцця. Культура разумных патрэб — неабходны, важны элемент усяго грамадскага працэсу ў нашым жыцці.

Культура — гэта не толькі клубы, бібліятэкі, школы, розныя самадзейныя гурткі. Пра гэта гаварылася і на чэрвеньскім (1983 г.) Пленуме ЦК КПСС.

Сумленнасць і дабрачыннасць маюць найважнейшае значэнне ў выхаваўчым працэсе. Бяздушнасць і чэрствасць, фармальныя, бюракратычныя адносіны да свайго непасрэднага, прамога абавязку — не вельмі прыемная прыкмета.

— Усё гэта,— як бы жартам заўважыў Эдуард Сяргеевіч,— вынік паспешлівасці.— А тады афіцыйна:— З укараненнем спецыялізацыі сучасная калектыўная гаспадарка ў аб’яднанні не растворыцца. Я так разумею. Наадварот, калгасы набудуць свой профіль, упэўненасць у сабе. Уклад жыцця застаецца нязменна калектыўным. Затое павысіцца прадукцыйнасць працы, палепшацца ўмовы жыцця, ліквідуецца розніца ў быце сельскага і гарадскога жыхара...

 

 

Людзі, час, жыцце...

 

...Была нядзеля, і я проста так, не разлічваючы, што ў райкоме хто-небудзь будзе з кіраўнікоў, апроч дзяжурнага, заглянуў туды раніцою.

У прыёмнай сядзела жанчына сярэдніх год, у клятчастай хустцы, у паліто. Відаць, на прыём...

— Першы ў сябе! — сказаў дзяжурны, падняўшы галаву ад газеты, якую чытаў.

— Адзін?..

— Не. Там другі сакратар райкома, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і Чыжэўскі — намеснік старшыні райвыканкома.

Я наважыў пачакаць, пакуль скончыцца іх размова, але выйшаў Сяргей Фёдаравіч і запрасіў жанчыну ў кабінет. Заўважыўшы мяне, павітаўся.

— А! Вярнуўся з падарожжа? — усміхнуўся ён.— То чаму не адпачываеш?.. Што ж, заходзь...

Перапыніўшы, відаць, гутарку з работнікамі, Сяргей Фёдаравіч выслухаў жанчыну — гэта была жонка таго п’яніцы-брыгадзіра Паўлючкова, які, нягледзячы на папярэджанне, якое атрымаў ад райкома, працягвае бяздзейнічаць на ранейшай пасадзе.

— Вот вам, таварышы,— звярнуўся Сяргей Фёдаравіч да прысутных,— наглядны ўрок нашае мяккацеласці, непатрэбнага лібералізму. Бачыце, ён, гэты Паўлючкоў, спекулюе на тым, што возяцца з ім, як нянька з дзіцем. Разбярыцеся, Мікалай Аляксандравіч,— звярнуўся Сяргей Фёдаравіч да другога сакратара райкома.— Нарэшце з гэтым лібералізмам трэба канчаць... Раз і назаўсёды. Знойдзецца там чалавек, які павядзе справу, як належыць сапраўднаму камуністу.

Жанчына, абнадзееная, пайшла, і гаворка працягвалася. Размова ішла аб тым, каб хутчэй закончыць асеннія работы і павысіць тэмпы здачы малака і мяса.

Сяргей Фёдаравіч, відавочна, каб чуў і я, сказаў, што раён пяць гадоў запар выконвае планы па здачы мяса, з вялікім напружаннем, але выконваецца і план здачы дзяржаве малака. Яны навучыліся вырошчваць кукурузу...

— Вядома, калі яе ўсюды па-гаспадарску дагледзець, своечасова і якасна ўбраць,— уставіў Эдуард Сяргеевіч,— давесці да ладу...

— Правільна,— пацвердзіў Сяргей Фёдаравіч і працягваў: — Кукуруза прымусіла нас шукаць новыя метады ўборкі і сіласавання. Вот, скажам, раней траншэю на тысячу тон закладвалі цэлы месяц, а цяпер, на комплексе ў Янаўцы, спраўляюцца за два дні. Вот і рэзервы!..

Заканчваючы гаворку аб мерах, якія трэба прыняць для паскарэння тэмпаў здачы малака, першы сакратар райкома яшчэ раз нагадаў зводку — каб выйсці на план, штодзённа трэба здаваць сто тон. Ад каровы, што ў асабістай уласнасці, здаецца па два кілаграмы. А трэба — чатыры.

— Вось і глядзіце, калі будзеце на месцы,— гаварыў Сяргей Фёдаравіч, звяртаючыся да таварышаў, якія былі ў кабінеце.— Там, дзе жыхары здаюць па два кілаграмы, работа ідзе на «двойку», а там, дзе тры,— на «тройку». А нам патрэбна «чацвёрка»!.. Вот і ўся методыка: як хто працуе — такая аддача!..

— І зноў накачка?..

— А як жа вы думаеце? Канкрэтнае кіраўніцтва. Анягож!..

Сакратар жмурыць вока, хітра ўсміхаецца. Сакавітае «анягож» выдае краснапальчаніна. Аб гэтым кажу Сяргею Фёдаравічу.

— Не, я віцябчанін,— усміхаецца ён.— Ды можна лічыць, што прырос тут, да гэтай Краснапольшчыны. Дзесяць гадоў. Добра прыйшлося, як кажуць, пазавіхацца. Бывае, што сто патоў з цябе выцеча... Але нічога, не шкадую.

Я ведаю, што за апошнія дзесяць гадоў на Краснапольшчыне многа зроблена для таго, каб глыбінка, якой палохаліся многія, каго накіроўвалі сюды на работу не толькі ў сельскай гаспадарцы, але і ў сферы культуры, народнай асветы, медыцынскага і бытавога абслугоўвання, выйшла на прасторы ўздыму і развіцця.

Сакратар райкома хмурыцца:

— Вядома, ставіць задачы таксама работа, і немалая, і нялёгкая. А вот іх ажыццявіць на практыцы — куды цяжэй. Гэта і ёсць аснова ўсіх нашых добрых ідэй!

Каб сёе-тое праясніць для сябе, я зачапіў тут, у кабінеце першага сакратара, тэму, на якую была ў нас гаворка з Э. С. Ісаевым. У прыватнасці, пра тое ж падвор’е, тым больш што гаворка ішла якраз пра здачу малака сяльчанамі.

— А ці не захлісне гэтае самае падвор’е самае галоўнае — любоў да зямлі, а «суцэльны быт» — рост духоўнасці?

Абазваўся Эдуард Сяргеевіч:

— На думку эканамістаў і сацыёлагаў, асабістая гаспадарка мае толькі падсобны, а не асноўны характар і арганічна знітавана з грамадскай.

— Так,— згадзіўся першы сакратар райкома,— менавіта падсобны, а не асноўны. Усё, што сёння ёсць ва ўласнасці калгаснікаў і рабочых саўгасаў, нажыта за сродкі, заробленыя на палях і фермах, у будаўнічых брыгадах. Сад, агарод, свойская жывёла і птушка — гэта частка агульнага дабрабыту сям’і. Але мы глядзім, каб гэта не перашкаджала рабоце на грамадскай гаспадарцы.

— А што, такая небяспека ёсць?..

— На жаль, парасткі такой небяспекі прабіваюцца на паверхню. І тут трэба разумныя меры, якія б начыста выполвалі такія парасткі, каб не з’явіліся непажаданыя ўсходы!..

— Мы — арганізацыя выхаваўчая,— гаварыў далей Сяргей Фёдаравіч,— і наша партыйная зброя — выхаванне. А ў выхаваўчым працэсе, у рабоце з людзьмі многае, калі не галоўнае, залежыць ад асобы кіраўніка. Цяпер спецыялісты па выхаванні гавораць: «Калі выхавацель не ўмее кіраваць выхаванцамі, ён прапаў, калі ён умее толькі кіраваць — прапалі выхаванцы».

— У выхаваўчым працэсе важна знайсці правільныя меры,— заўважыў Мікалай Аляксандравіч, другі сакратар райкома.— Калі выхавацель не дужа жадае ўзяць на сябе больш, а стараецца як бы вызваліцца ад працы, там поспеху не чакай!..

У кабінеце ціха. Усё ж была нядзеля. Мы сядзелі, размаўлялі. Сяргей Фёдаравіч успамінаў сваю маладосць — вучобу ў акадэміі, практыку ў калгасах «Перамога» Чашніцкага раёна, першыя крокі работы аграномам, а потым старшынёй у калгасе імя Мічурына, недалёка ад Горак. Быў кіраўніком абласнога трэста гароднінных саўгасаў, дырэктарам саўгаса «Чэрыкаўскі» — і ўсюды ён праходзіў, прыступку за прыступкай навуку слухаць зямлю, спасцігаў чалавеказнаўства.

— Кажуць, многае зроблена тут за гэтыя дзве пяцігодкі. Не адмаўляю, зроблена нямала,— першы сакратар райкома пераключыўся з успамінаў на тое, з чаго пачалі мы гаворку.— Чаму многа непаладкаў, недаробкаў?.. Чаму людзі абураюцца недахопамі і хібамі, якія заўважаюцца на месцах? Думаюць, што гэтыя недахопы, гэтую яшчэ заскарузласць і непаваротлівасць многіх нашых кіраўнікоў мы самі ў райкоме не бачым. Галоўная наша бяда — гэта безгаспадарчасць. Кіраўнікі гаспадарак маладыя, не дужа шукаюць падыходу да людзей, не ўмеюць наладзіць цесны кантакт і ўзаемаадносіны з нізавым звяном — брыгадзірамі, начальнікамі цэхаў, а ідуць пратоптанай сцежкай. Баяцца цаліны!.. Часта я ўспамінаю,— гаворыць Сяргей Фёдаравіч,— нашага старшыню з «Перамогі», былога партызанскага камандзіра Паўла Сцяпанавіча Папко, якога ўсе звалі «Сівы», бо ён дачасна пасівеў. Як умеў ён з людзьмі жыць і ладзіць, а быў строгі і патрабавальны. «Галоўнае,— гаварыў ён мне,— вучыся любіць людзей, акадэмік!» Папко называў мяне жартам акадэмікам. Ён даў мне першыя ўрокі, якія запамяталіся на ўсё жыццё. Яны, гэтыя ўрокі, простыя: калі ўзяў на сябе абавязак, то не перакладай яго на плечы іншых. Любіў ён раіцца з людзьмі. Часта ездзіў на малакавозе — адзіная была аўтамашына ў калгасе. Калі трэба нешта зрабіць, то выкладаў сваё і гаварыў: «Ну як, акадэмік, гэтак будзе лады?..» Успамінаю, як мы жалі кукурузу, вырашчаную там упершыню. І жалі ўпершыню камбайнам. Была адна мясціна, дзе камбайн пусціць было рызыкоўна — круцізна вялікая. Старшыня меркаваў убіраць гэты бугор сярпамі, але я рызыкнуў — павёў сам камбайн, пусціўшы яго кругам па гарбяку. Калі Павел Сцяпанавіч паглядзеў на работу, то аж ззяў ад захаплення: «Ета ж ты, акадэмік, збярог мне нашых жанчын. Колькі б яны тут папрацавалі!..»

— Так што, зямляча, бачыш,— Сяргей Фёдаравіч паглядзеў на гадзіннік, мабыць, хацеў закончыць гутарку, падумаў, але зноў сеў, адкінуўшыся на крэсле,— служба наша такая. Ды я — аптыміст. Штогод пашыраем на тысячу гектараў наша ворыўнае поле. Растуць тэмпы капітальнага будаўніцтва. Камбікормавы завод у нас ёсць. Памаглі нам кіруючыя органы ўзяцца па-сапраўднаму за дарогі. Бездараж, як ведаеце, яшчэ біч нашых мясцін...

— «Дарогі здаўна былі на ўтрыманні сялян»,— пажартаваў я.

Ды сакратар райкома не прыняў жарту, сказаў:

— Нічога, праз якія пяць-шэсць год будуць злучаны ўсе вёскі добрымі дарогамі. І тады не будуць скардзіцца, што ў Горну хоць на верталёце ляці. Будуць і ў нас добрыя, як у шклоўцаў ці мсціслаўцаў, дарогі. Дарожная праблема — адна з першых, якая нас хвалюе!..

Мы ўжо наважылі закончыць нашу гутарку, але зноў званок — паведамлялі з адной аддаленай гаспадаркі, што ў іх адключылі святло і фермы засталіся без вады і наогул без святла. Сёння ў вёсцы, як і ў горадзе, не абысціся без электрычнасці.

— Што робіцца? — ледзь не хапаецца за галаву Сяргей Фёдаравіч.— Чамусьці пачасціліся такія «жарцікі» з Крычава, з сельэлектра. Бачыце, там змагаюцца за эканомію, а на фермах смагне жывёла без вады, і даільныя апараты не працуюць...

Сяргей Фёдаравіч пачаў збірацца — увечары справаздачна-выбарны сход у калгасе «Ленінскі шлях». На хаду ён яшчэ гаварыў пра зямлю і людзей, пра іх месца ў вырашэнні Харчовай праграмы, распрацаванай партыяй.

— Каб нам хутчэй падцягнуцца,— раздумваў ён заклапочана,— патрэбна падтрымка. Праўда, тузаніна, якая часта нас ліхаманіла раней, зменшылася, але яшчэ не зжыта...

...Цягне, як магніт, родны куток, дзе прайшлі юнацтва і маладосць, дзе, здаецца, і неба святлейшае, і зямля цяплейшая.


1983?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан