epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

«Слухай і запамінай!»

Упершыню я сустрэўся з Уладзімірам Карпавым напрадвесні 1946 года. Актыўны ўжо на той час крытык і літаратуразнавец Уладзімір Агіевіч і Уладзімір Карпаў выступалі ў Доме друку перад рабочымі.

Размова ішла пра літаратуру, пра творы, якія з’явіліся на тэму гераізму і мужнасці савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Хтосьці з супрацоўнікаў «Чырвонай змены», дзе пад той час працаваў і я, сказаў: «Хлопцы! У зале, на першым паверсе, цікавая лекцыя. Выступаюць маладыя беларускія крытыкі...», і мы паспяшаліся ў клуб. Людзей было поўна. Мы праціснуліся і слухалі, стоячы ў адчыненых дзвярах.

Выступаў рослы, шырокі ў плячах мужчына ў цёмн-сінім гарнітуры, у белай сарочцы пры гальштуку. Асветлены натхнёнасцю і думкай твар, высокі лоб у абрамленні русявых хвалістых валасоў. Энергічныя жэсты. Моцны, упэўнены голас. Адчувалася, што гэты чалавек умее гаварыць, «трымаць» аўдыторыю...

Уладзімір Карпаў, памятаецца, гаварыў пра творчасць ваеннага часу Міхася Лынькова. І мяне ўразіла яго эрудыцыя, уменне выказаць свае думкі проста, даходліва і пераканаўча.

Такое было першае знаёмства — можна сказаць, здаля, на адлегласці. Для мяне, у даваенны час таксама студэнта і ўжо настаўніка, гэта было новае імя, і я пачаў уважліва прыглядацца да таго, што з’яўлялася ў друку за подпісам «Ул. Карпаў».

Мне пашчасціла быць і сведкам, і ўдзельнікам шмат якіх гутарак, дзе размова ішла на літаратурныя тэмы.

Калі пачынаеш прыгадваць, як выяўляў сябе ў гэтых гутарках Карпаў, дык на першае месца ў іх трэба паставіць даверлівасць і адкрытасць. Яму не ўласцівыя былі пыха і ментарства. Ён умеў слухаць іншых і сам любіў пагаварыць адкрыта і шчыра. Характэрна, што яму верылі, калі ён гаварыў; ягоныя парады былі заўсёды тактоўныя і ішлі ад сэрца, ад жадання памагчы таварышу, падбадзёрыць і заахвоціць.

Многія гады Карпавы (з Уладзімірам Барысавічам была жонка Марыя Міхайлаўна) жылі ў Каралішчавічах у асобным дашчатым дамку, уводдалі, у засені маладога бярэзнічку. Асаблівыя, вельмі дружалюбныя, сяброўскія адносіны былі ў іх з Піліпам Пестракам. Часта іх можна было бачыць разам. Дзе ў кампаніі Валодзя Карпаў (Валодзем яго называлі і людзі аднаго з ім веку і нават маладзейшыя) — там размова, гарачыя дыскусіі. Ён сам хутка «заводзіўся» і ўмеў уцягнуць у гутарку ўсіх. А пра Піліпа Пестрака ён аднойчы сказаў: «Глядзі, браце,— Уладзімір Барысавіч (мы ішлі дарожкаю між стромкіх соснаў) кіўнуў у бок задуменнага Піліпа Сямёнавіча,— слухай і запамінай. Гэта чалавек, пісьменнік, які шчасліва ўвабраў усю гісторыю Заходняй Беларусі, пафас барацьбы беларускага народа. Раман «Сустрэнемся на барыкадах» абессмяроціў яго імя. Пра каго іншага гэтага не скажаш, а Піліп мае права гаварыць ад імя ўсяго народа. Вялікі філосаф і жыццялюб. Яго можна параўнаць хіба з Якубам Коласам».

Тады да Піліпа Сямёнавіча: «Піліпе, табе ўдаюцца апісанні начэй, начныя пейзажы ў цябе вельмі багатыя, выключныя па мастацкай сіле. Чаму гэта? Можа, ад таго, што сам усё перажыў, доўга ўсё выношваў, знаходзячыся за кратамі?..» — «Ат, глупства»,— моршчыцца Піліп Сямёнавіч і маўчыць, паглыбіўшыся ў сябе, як адгарадзіўшыся ад нас маўчаннем. «Нічога,— пакінуў у спакоі Пестрака Уладзімір Барысавіч.— У другі раз сам усё раскажа. А ты, галоўнае, слухай і запамінай!..»

...Уладзімір Карпаў доўга і захоплена гутарыў з Тарасам Хадкевічам. Размова была, мабыць, аб новым рамане Карпава.

— Нават самыя агульныя праблемы,— даводзіў Уладзімір Барысавіч,— мастак вырашае на канкрэтным матэрыяле...

— А твае творы? — паставіў пытанне рубам Тарас Канстанцінавіч.

— І мае. Абавязкова. Да апошняй дробязі. Усё — або вывучанае, або здабытае з уласнага вопыту. Або змадэліраванае з усяго гэтага — сплаў, так сказаць. Але ўсё абавязкова з жыцця, з рэчаіснасці. З усяго таго, чым жыве сучаснік!

Была золкая ноч прадвесня — яшчэ ляжаў снег, усюды зашэрхлыя лужыны, і над лесам ацяжарана віселі шматы густога туману.

Уладзімір Барысавіч прапанаваў паездку ў Любань. «У мяне там цесць — цудоўны чалавек,— узрушана гаварыў Уладзімір Барысавіч,— і ён вельмі прасіў, каб я прыехаў: трэба памагчы асвежаваць кабанчыка...» — «Поначы і ў такую імжаку?..— аж здзівіўся Тарас Канстанцінавіч.— Валодзя, не рабі глупства. Ты ж бачыш, якая залева!..» — «Нічога, як-небудзь...»

Сярод ночы ён выехаў па сваёй новай «Волзе» з лесу. Добра, што ў бачку не аказалася бензіну, і давялося вярнуцца, а раніцай заправіў машыну і паехаў-такі.

На чарговай праходцы я кажу Уладзіміру Барысавічу, што прачытаў мемуары С. Канёнкава, дзе ён даводзіць са свайго вопыту: жыццё — гэта праца.

«Бачыш, як усё проста,— пацвярджае Уладзімір Барысавіч.— Усё геніяльнае, аказваецца, простае. Калі яно сапраўднае, нявыдуманае. Калі гэта не падробка пад прастату, пад праўду...»

Тут жа ён успамінае выказванне М. Прышвіна: «У слове ёсць стоеная сіла». І зноў жа прыводзіць у прыклад работу над словам, над удасканаленнем напісанага П. Пестракам. Як заўсёды, захапляўся яго працавітасцю, мудрасцю.

«Галоўная тэма нашых дзён,— падкрэсліваў неаднойчы,— гэта мужнасць, чалавечнасць і, нарэшце, вінаватасць перад чужым болем...»

Цікавыя былі яго думкі аб паэзіі. «Паэзія — песня душы,— чуў я ад яго такія выказванні, якія, магчыма, можна знайсці і ў іншых.— Але для паэзіі ўсё ж найбольшую вагу мае эмацыянальны пачатак-выток. Тэарэтычныя развагі, роздум на мяне, чытача, не ўздзейнічаюць так, як дзейнічаюць эмацыянальная танальнасць, настраёвасць...»

Іншым разам ён гаварыў: «Маладосць духу, захопленасць, свежасць успрыняцця, наватарскі пошук, смелыя вобразныя рашэнні тэмы і разам з тым яскрава выражаная сучаснасць, наватарства паэтычнай мовы і мыслення, жыццесцвярджальнасць, прасякнутая высокай ідэйнасцю — вось адзнакі сапраўднай паэзіі як жыватворнай сілы мастацтва».

Аднойчы я спытаў у Марыі Міхайлаўны, жонкі пісьменніка,— як працаваў Уладзімір Барысавіч, ці былі ў яго папярэднія запісы, дзённікі?

Яна паказала мне кнігі, якія пасля першага выдання зноў правіліся і шліфаваліся. Я быў проста здзіўлены: яны так пакрэслены, з такой скрупулёзнасцю праўлены, што асобныя старонкі проста пярэстыя ад правак, а некаторыя перапісваліся амаль што занава. Такога я, прызнацца, не бачыў, каб так крэсліліся кнігі, якія ўжо выдадзены і пайшлі да чытача. Я заўважыў: «Працаваў Уладзімір Барысавіч, як кажуць, на знос...»

«Так, працаваў ён заўсёды, не зважаючы на тое, што быў ужо хворы. Яшчэ ў 1966 годзе былі два інфаркты, спачатку адзін, а праз дваццаць тры дні другі...»

Значыць, сапраўды, у працы ён знаходзіў для сябе радасць і заспакаенне. Як творцу, праца прыносіла яму шчасце. «Каму пашчаслівіла цалкам аддацца любімай справе,— казаў ён,— павінны лічыць гэта за сапраўднае шчасце».

...Бывала, гуляюць па дарожцы, між кашлатых ялін і гонкіх соснаў, Піліп Пестрак і Уладзімір Карпаў у тых жа Каралішчавічах. Ідуць і маўчаць, а тады раптам дружна загавораць, і пачынаецца жывая, гарачая размова, якая часта ўзрывалася спрэчкай. Як вядома, у спрэчцы нараджаецца ісціна.

— Як гэта, каб у расінцы, у кроплі сонца ўбачыць? — нечакана гаворыць Піліп Сямёнавіч.

Карпаў загадкава ўсміхаецца, хітра глядзіць на Пестрака.

— А гэта табе, Піліпе, лепш ведаць...— І ўжо сур’ёзна, узрушана: — Ты — майстар ляснога пейзажу. Знаўца лесу. У цябе, браце, такія апісанні лесу, што і сонца, і воблакі, і неба — усё бачыш наяве, як жывое... Жывое адлюстраванне душы!..— І да мяне: — А ты слухай і запамінай. Загадкавасць таленту... Гэткае здзіўленне перад навакольным уласціва і падуладна толькі мастаку. А мастаку слова — яшчэ цяжэй даецца яно: бо жывапісаць словам — вялікі дар!..

Вельмі высока ставіў У. Карпаў творчасць П. Пестрака. Дружба іх нарадзілася, мабыць, у час работы Піліпа Сямёнавіча над раманам «Сустрэнемся на барыкадах». Аб гэтым і ён гаварыў. І пасля пацвердзіла Марыя Міхайлаўна: «Начамі сядзелі разам,— казала яна.— І спрачаліся, і радаваліся разам, як дзеці, калі прыходзіла трапнае слова, нечаканы паварот сюжэта ці фразы...»

Але вернемся да іх размовы на зялёнай алеі ў Каралішчавічах.

— Архітэктоніка твора (любімы выраз У. Карпава.— С. К.) такая,— гаварыў Уладзімір Барысавіч.— Мова — аснова ўсяго і плоць, а яго душа — змест. Калі мова не вобразная, бясколерная, цьмяная, то твора не будзе. Мову трэба любіць, казаў Горкі, любіць, як маці, як музыку...

Я прыводжу словы К. Куліева: «Мастацтва без праўдзівасці, што птушка без крылаў...»

— Во, во!..— падхоплівае Уладзімір Барысавіч, і ўжо ціха, да сябе: — Цікава, браце, разважаеш. Але гэтага мала — разважаць, ведаць, хаця і важна для пісьменніка. Вельмі важна! Трэба ўмець і жадаць, здзяйсняць задуманае. Для гэтага патрэбна сіла. Я сказаў бы — сіла волі. А гэтае самае сілы ў нас падчас і не хапае. Вось у чым... «грузд» праблемы...

Ён разважае як бы сам з сабою:

— Час не даруе памылак. Але і прырода велікадушная да сапраўднага таленту. Час перш за ўсё цэніць талент мастака за тое, што ім сцверджана, за дасягнутую вышыню...

І далей:

— Таленту супрацьпаказаны эгаізм. Эгаізм — рыса жахлівая. Эгаізм здатны забіць чалавека, які не можа сцярпець гэтага эгаізму, асабліва калі эгаізм сыходзіць ад блізкага табе чалавека...

...За акном гарэла, то ўспыхваючы полымем, то аціхаючы, вячэрняя зара. Ахапіла паўнеба — там, дзе толькі што гарэзілася вясновае сонца.

А застолле шуміць гаманой — гучнай, вясёлай. З такімі людзьмі, як У. Карпаў, бы ля цёплага кастра. Грэешся. Узбагачаешся — духоўна, мацнееш — душэўна. Багацеючы, набіраешся і адвагі і сілы, як прыпаўшы да крынічнага ручая. Грэешся, і правяраеш свае пачуцці, звяраеш з лёсам людзей, якія прайшлі праз вялікія жыццёвыя выпрабаванні. Слухаеш іх, і навучаешся актыўна жыць, бачыш сваю неабходнасць, разумееш высокае, сапраўднае прызначэнне чалавека на зямлі. Ягоная мудрасць, жыццёвы і творчы вопыт нібы ўліваюцца ў цябе, даючы табе найперш упэўненасць.

Кажу пра гэта. І Уладзімір Барысавіч ускліквае:

— Адкрытасць душы! О, гэта, браце ты мой, багацце! Набытак. Душа, адкрытая насцеж,— гэта хораша! А яшчэ ёсць такое беларускае слова — «напята». Ёмістае слова. Так, браце, гэта набытак. Асабліва для чалавека, які шмат думае, разважае і пакутліва шукае адказу на пытанне, хто мы, для чаго жывём, чаго жадаем ад жыцця...

Чую яго голас. Як рэха, як водгалас тых бясед і застолляў у Каралішчавічах. У той час усе мы былі маладыя, і сустрэчы наладжваліся часта як зачэпка, каб разам сабрацца, пагаварыць, абмяняцца думкамі і перажываннямі.

Яны — Уладзімір Карпаў і Тарас Хадкевіч — часта збіраліся разам. Яны заўсёды мяне і здзіўлялі і захаплялі. Сваёй шчырай дабратою, душэўнасцю. Абодва былі простымі і разам з тым узвышанымі ў сваіх думках і парываннях, захопленасці жыццём.

Помняцца развагі У. Карпава аб традыцыі і наватарстве. «Суладдзе і ўзаемасувязь творчасці,— гаварыў ён,— такое ж, як і самога жыцця. Кожнае пакаленне, што прыходзіць на змену папярэднікам, нанова адкрывае свет, прыносіць з сабою сваё светаадчуванне, сваё разуменне рэчаіснасці. Чалавек прыходзіць у гэты свет, каб сцвердзіць сябе, пакінуць пасля сябе след на зямлі. Ён не хоча знікнуць бясследна — такая прырода чалавека. Яго высокае грамадзянскае прызначэнне».

Вядома, гэтыя думкі прыводзяцца па памяці. Але яны засталіся як памяць сэрца, як водсветы яго творчай і чалавечай асобы.

«Што дапаможа зразумець ісціну і людзей? — пытаўся ён і сам жа адказваў: — Вучоба. Пошук ісціны. Трэба глыбей вывучаць жыццё, нястомна, няспынна, з дня ў дзень вывучаць гісторыю, філасофію, псіхалогію. Трэба быць бязлітасным да сябе, прызнаючыся хаця б сабе, што ты — невук, гультай, сябелюбец. Не ведаеш і сотай, тысячнай долі таго, што табе, настаўніку жыцця, патрэбна ведаць...»

«Героі твае — гэта твае дзеці, плён твайго жыццёвага трапятання, твайго гарэння, тваёй працы. Пакутлівай. Нястомнай. Цяжкой...»

«Малюнкі рэчаіснасці, якія складаюць твой твор, асабістае — жыццё герояў, іх перажыванні — гэта твае перажыванні, люстра тваіх пошукаў. Трэба, каб яны былі напоўнены вялікім сацыяльным зместам, змястоўнасцю — гэта залежыць ад таго, наколькі сам творца разумее і жыццё: як і чым ён жыве, як ён кіпіць ў віры жыцця».

...Аднойчы ішла гаворка аб прыродзе таленту і яго выяўленні, і я заўважыў: «Бывае, што ў чалавеку закладзены «ад бога» яркія пачуцці, здольнасць здзіўлення, але яны дрэмлюць, ляжаць на сподзе душы. Як абудзіць іх?»

Уладзімір Барысавіч, як звычайна, наморшчыў лоб, задумаўся, пасля адразу, залпам:

— Трэба, каб нехта вельмі ўмела — той, хто адкрые талент,— абудзіў іх, дапамог умацаваць мужнасць, крамнёвую стойкасць і ўпэўненасць у тым, што ты — здольны перайначыць, загартаваць сябе, і гэтая стойкасць, сіла волі стануць рысамі твайго характару. Апроч усяго, ты сам павінен давесці сабе, пераканаць сябе, што ты зможаш. Гэта і будзе тваё духоўнае ўзмужненне!..

Закончыў ён нечакана, з гумарам, які так уласцівы быў яго натуры:

— Усе людзі аднолькавыя ў шчасці, і кожны нешчаслівы па-свойму. Як у Льва Талстога...

Помніцца, на ўгодках Рамана Сабаленкі ў застоллі У. Карпаў гаварыў, што пісьменнік — гэта і асоба. І што яго асабістае жыццё таксама ёсць пафас барацьбы за высокую свядомасць і грамадзянскую сталасць. Яго жыццё — урок і для сябе, і для тых, з кім ён жыве, у сувязях з іншымі людзьмі.

Успамінаючы добрым словам Рамана Карпавіча, У. Карпаў гаварыў, што Сабаленка — адзін з тых пісьменнікаў, якія паказалі прыклад асабістай сціпласці, працавітасці, глыбокага ведання людзей, якіх багата меў сабе за сяброў.

Сам ён меў сапраўдных сяброў, з якімі дзяліўся сваімі планамі і задумамі. У. Карпаў высока цаніў такіх майстроў слова, як К. Чорны, М. Лынькоў, І. Мележ, І. Шамякін, якія, як ён сказаў аднойчы, валодаюць тайнай маляваць словам, апісваць, адлюстроўваць жыццё, і гэтае ўменне, майстэрства выражае сэнс жыцця пісьменніка.

Не чуў я, каб Уладзімір Барысавіч расказваў аб сваім партызанстве і рабоце ў камуністычным падполлі Мінска. Але ў кнізе «Горад і годы» я прачытаў кароткія нататкі з успамінаў і зразумеў, які гэта быў смелы і мужны чалавек. Рызыкуючы жыццём, ён бясстрашна выконваў баявыя заданні: прайшоў небяспечныя і цяжкія дарогі ў вогненным тыле разам з таварышамі па зброі.

Ён працаваў, не зважаючы, што сілы адымала хвароба. Як радаваўся, калі нарэшце кніга ўспамінаў мінскіх падпольшчыкаў «Сквозь огонь и смерть», якую ён задумаў, выйшла. Як хваляваўся, пакуль убачыла свет апошняя яго кніга апавяданняў «Прызнанне ў нянавісці і любові», задуманая яшчэ раней, у час працы над цыклам раманаў «На перавале стагоддзя».

«Працаваць! Працаваць!» — падганяў сябе адзін з герояў рамана «Сотая маладосць», які выйшаў з друку ў 1971 годзе.

Гэта было дэвізам і самога пісьменніка, які працаваў, пакуль рука трымала пяро. І ўсім нам, хто яго ведаў, хто сустракаўся з ім, ён гаварыў і раіў — працаваць, толькі ў працы нараджаюцца і натхненне і зарадка на заўтрашні дзень.

Кожная сустрэча з гэтым чалавекам, няхай кароткая, мімалётная, была радасцю абагачэння. Кожная гутарка, нават самая будзённая, пакідала ў табе штосьці такое, што кранае сэрца, і ягоны голас чуецца гэтак выразна, як бы ты зноў з ім сустрэўся, нават толькі што павітаўся.

Калі не стала яго, я адчуў, што страчана незваротнае...


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан