epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Смяяцца карысна!

«Буян» — дзесятая кніга Міхася Пянкрата, які плённа працуе ў жанры гумару і сатыры, а таксама піша сур’ёзныя апавяданні і нарысы. Пачынаў ён з паэзіі, як паэт-лірык. Першы паэтычны зборнік «Салаўіны бераг» убачыў свет у 1956 годзе. Раней былі допісы і карэспандэнцыі ў рудзенскай раённай газеце, яшчэ перад вайною аўтар іх звязаў свой лёс з газетай, стаў прафесійным журналістам.

Творы Міхася Пянкрата пазначаны светлым, мяккім гумарам, пазначаны любоўю да людзей працавітых, моцна звязаных з зямлёй, якую ўпрыгожваюць рукамі і розумам сваім.

Пісьменнік добра ведае жыццё, побыт людзей, пра якіх піша, захапляючыся іх стваральнай дзейнасцю. Народны, дасціпны гумар, якім ён валодае, дапамагае ўбачыць яркія і каларытныя характары ў рэальным жыцці, вымалёўваць іх жывымі, тонкімі фарбамі.

Міхась Пянкрат расказвае (дарэчы, з добрай усмешкай, з досціпам гумарыста), як падчас вайны, вярнуўшыся з партызанаў улетку 1944 года, пачаў працаваць у рэдакцыі маладзёжнай газеты «Знамя юности» у сельскагаспадарчым аддзеле. «З таго часу,— зазначае ён,— не разлучаюся з журналістыкай і не адрываюся ад гэтага самага «сельскагаспадарчага аддзела»...

Каб быць сапраўдным гумарыстам, апрача здольнасці пісаць і бачыць, трэба, мабыць, і самому быць чалавекам з гумарам, а гэта ўжо даецца са з’яўленнем на свет, інакш кажучы, ад нараджэння. А гумар, як вядома, не забаўкі і пацешкі, а справа сур’ёзная.

Умее Міхась Пянкрат сказаць коратка і трапна, умее высмеяць так званых адмоўных тыпаў, стварыць запамінальны характар. Як дбайны і руплівы гаспадар вынішчае пустазелле на палетку, так гумарыст і сатырык на полі жыцця бязлітасна выкрывае ўсё адмоўнае — розных прайдзісветаў і махляроў, лайдакоў і прыстасаванцаў, якіх, на жаль, яшчэ не перавялося, і яны, як тыя ваўчкі-прыліпалы для людзей, што працуюць чэсна, аддаюць сілы і здольнасці на карысць грамадству.

Не лёгкая гэта справа — разгадаць таго самага падхаліма ці прыстасаванца, які ўмее падладзіцца пад добранькага і чысценькага. Здавалася б, як кажа сам пісьменнік, прасцей простага — знайшоў гэтага самага хапугу і паласуй яго ўдоўж і поперак. Ды не ж. Тут не так усё проста, як здаецца на першы погляд. Чалавек — гэта вельмі складана.

Аповесць «Буян» — кароткая, але багатая на змест і думку. У ёй жывуць і дзейнічаюць розныя людзі, якія па-рознаму глядзяць на жыццё, на прызначэнне чалавека ў гэтым цікавым і вельмі складаным свеце. Яна пабудавана як маналог Петрака, вясковага хлопца, «Міхалёвага сына», які аднойчы на абочыне дарогі знайшоў крываногае сабачанё, якое потым і выгадавалася ў яго. Сабачанё аказалася ваўком, якога кінула ваўчыца, бо ён быў слабы і нягеглы. Буян — так назваў шчанюка Міхалёў сын — выгадаваўся і з дапамогай гаспадара пазнаваў жыццё, вучыўся справядліва і сумленна жыць. Яго не зразумелі людзі, і Буян у рэшце рэшт пакідае гаспадара, страчаецца з ваўчыцай і бяжыць у лес. Ляснік Макар, да якога звяртаўся Міхалёў сын, сказаў: «Як ваўка ні кармі, ён заўсёды ў лес глядзіць». Пакрыўдзіў Буяна і вартаўнік саду Нупрэй, чалавек з калючым характарам. Перажываючы за Буяна, Міхалёў сын гаворыць: «Дзядзька Нупрэй, часам чалавек бывае горш за сабаку. Гледзячы, які сабака і які чалавек...»

У размове Міхалёвага сына з дзядзькам Нупрэем, якая была далей, выяўляецца іх стаўленне да людзей, да чалавечых якасцей, якія часам праяўляюцца нечакана, у крытычныя моманты і незвычайныя сітуацыі. Іншы чалавек, разважае Міхалёў сын, «паглядзіш — прыгожы, а што там унутры — невядома. А прыгажосць, яна якраз унутры і сядзіць...».

Аповесць напісана з вялікай замілаванасцю і любоўю да ўсяго жывога на зямлі, заклапочанасцю аб захаванні роднай прыроды. У творы багата ўмоўнага, алегарычнага, але алегорыі і апісаныя ў гэтым плане падзеі ўспрымаюцца як рэальныя. Чытач верыць героям, хвалюецца і перажывае за іх лёс.

«Асноўная думка, якую хацелася давесці чытачу,— сказаў аўтар пра сваю аповесць,— чалавечае ў чалавеку. Як у прыродзе, так і між людзей няхай жыве ўсё добрае. Добрае перамагае благое. На тое і дадзена душа і сэрца чалавеку, каб ён мілеў ласкаю да ўсяго добрага, што акружае яго, бо ад яго дабрыні і справядлівасці залежыць даўгавечнасць і прыгажосць усяго, што мы разумеем пад словам — прырода...»

Тут, у кніжцы, і гумарыстычныя апавяданні і гумарэскі. Яны чытаюцца цікава. У іх жывуць і праяўляюць сябе людзі, розныя па ўзросту і па сваіх чалавечых якасцях. Добразычліва, з добрай светлай усмешкаю малююцца іх чалавечыя хібы і слабасці. Мастацкае бачанне, пільны зрок абяцаюць нам новыя, цікавыя сустрэчы з пісьменнікам, які працуе ў складаным і не кожнаму даспадобы жанры.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан