epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Сонца паэтавай душы...

Падчас калектывізацыі ў нас, на Краснапольшчыне, пачала выходзіць раённая газета — невялічкі аркушак-двухпалоска — «Чырвоны сцяг», які тутэйшыя называлі «Сцяжок». У газету заўзята пісалі школьнікі — яны і складалі кагорту селькораўскага руху. На старонках «Сцяжка» мы і сустрэліся з Аляксеем Пысіным як селькоры. Сустрэча была завочная. Вядома, нам хацелася пазнаёміцца. Ды, мабыць, на той час адлегласць на вёрст пятнаццаць ад Аляксеевай вёскі Высокі Борак да маіх Стаек аказалася «непераадольнай». Пасля заканчэння Палужскай сярэдняй школы Аляксей паехаў у Мінск, на вучобу ў КІЖ, а я ў Гомель, у педвучылішча...

Аднойчы ў газеце «Чырвоная змена» мне кінуўся ў вочы верш «Ураджай» і подпіс «А. Пысін». Неяк, праз столькі гадоў, я нагадаў Аляксею пра верш, ён махнуў рукой: «Адзіны гэты верш і быў надрукаваны...» Вершы ж пісаліся, калі Аляксей вучыўся ў школе, быў цэлы сшытак, але ён нікому іх не паказваў, ні сябрам, ні настаўнікам — саромеўся.

У мяне ёсць амаль усе кнігі паэзіі Аляксея Пысіна і на іх аўтарскія надпісы, накшталт такога, як на зборніку «Мае мерыдыяны»: «Дарагому земляку, даўняму сабрату па селькораўскаму пяру...»

Канечне ж, мы ганарымся нашым селькорствам. Тое, што было ў маленстве і ў юнацтве, памяць малюе, як час ружовых мрояў і рамантыкі, што клікала нас, лапцюжнікаў, у новы дзень, у светлыя далі будучыні.

Мы аднойчы пачалі ўспамінаць усё тое, дык аж не верыцца, што такое было. І Аляксея за яго допісы і заметкі з Высокага Борка, з Палужы, дзе ён тады вучыўся, спрабавалі выключыць з камсамола і са школы. Ад нападу за крытыку селькора абараніў тадышні першы сакратар Краснапольскага райкома партыі Лапацін. Мы, камсамольцы, сваім гарачым селькораўскім радком памагалі вёсцы пазбаўляцца цемры і бядоты, выкіроўвацца вяскоўцам на светлую дарогу калектыўнага жыцця.

Шлях у паэзію Аляксея Пысіна, цяпер выдатнага і прызнанага паэта, пачынаўся з бурлівых газетных будняў. Не давялося доўга займацца яму і ў інстытуце журналістыкі — у 1939 годзе, у верасні, студэнта Аляксея Пысіна накіроўваюць у Бельск, пад Беластокам, на работу ў рэдакцыю раённай газеты. Там і застала яго вайна.

У кнізе «Пра час і пра сябе» ў нататцы «Перажытае» Пысін успамінае: «Па дарогах вайны ў шынялі і касцы прайшло маё юнацтва. Быў на Заходнім, Калінінскім, Ленінградскім, Першым і Другім Прыбалтыйскіх франтах».

Праўда, зусім коратка! Успамінае Аляксей яшчэ, калі ўжо адгрымелі пераможныя баі і бітвы і ў небе адшугалі салюты Перамогі, стаяў гвардыі радавы на пасту і склаў верш. Паслаў яго Пысін у газету. Верш надрукавалі. Чыталі аднасумы-салдаты і не верылі, што напісаў іх таварыш па казарме. Так першы пасляваенны верш Аляксея Пысіна пад назвай «Часовой» стаў у строй. На вайне ж у байца-сувязіста Пысіна была адна зброя — вінтоўка-трохлінейка і адзін клопат — біць ворага.

Дэмабілізаваўшыся, Аляксей Пысін у бушлаце і франтавой гімнасцёрцы выпраўляецца на пярэдні край мірнага, аднаўленчага фронту — ён працуе ў рэдакцыі краснапольскай раённай газеты «Чырвоны сцяг», дзе надрукаваў свае селькораўскія заметкі.

Дарогі газетчыка вядуць А. Пысіна ў Новы Свержань пад Стоўбцамі, ён рэдагуе палітаддзельскую газету пры МТС, у Чэрыкаў, на пасаду рэдактара раённай газеты; пазней у Магілёў, у рэдакцыю «Магілёўскай праўды»... З газетай, з публіцыстыкай Аляксей Пысін — вядомы ўжо паэт — не расставаўся ўсё жыццё. Бывала, пры сустрэчы найперш раскажа, які артыкул ці нарыс напісаў, ніколі не адмовіцца, калі параіш напісаць пра землякоў; заўсёды з радасцю знойдзе новага аўтара, пачытае і твой рукапіс, падкажа, як яго палепшыць...

Неяк, у самыя калядныя маразы, Аляксей прыязджаў у Мінск з артыстамі Краснапольскага народнага тэатра. Радаваўся, што землякоў цёпла прынялі на тэлебачанні. Па дарозе на новы тэлецэнтр, ідучы праз заснежаны парк Чалюскінцаў, захоплена расказваў пра землякоў, пра іх радасці і турботы. Бачу, Аляксей хвалюецца, яму трэба будзе прадстаўляць на тэлебачанні сваіх артыстаў. Тады, звяртаючыся да Віктара Ракава, нашага маладзейшага сябра-паэта, кажа: «Хлопцы, можа, я вам скажу тое, што буду гаварыць перад тэлеэкранам, паслухайце. Думаю пачаць так: «Дзякуй Мінску. Дзякуй нашым тэлегледачам. Мне тэатр гэты блізкі, родны. Мы нарадзіліся ў адзін год. Мы — аднагодкі. Равеснікі. Але тэатр па-ранейшаму малады...»

Пасля нейкай паўзы, як бы задумаўшыся, мабыць, пра тое, што і яму — шэсцьдзесят, а гэта час агледзін і жніва, Аляксей раптам ажыўляецца:

— Хлопцы, давайце прачытаю вам верш, які я во нядаўна напісаў. Верш называецца «Мая рачулачка».— І ціха, як бы стоена, толькі для сябе:

 

Маю рачулачку малую

Пілі і чорныя, і белыя валы.

Вясной па рыбку залатую

Сцяжынкі ціхія вялі.

Мільгнула вудачка — віток метала

З нажыўкаю на вастрыні кручка —

І краснапёрачка затрапятала,

Забілася ў далонях хлапчука.

Век з намі рос. Кручок, што вудай быў,

Грымотна ўзняўся, стаў на колы,

Рачулачку пад шчэлепы схапіў,—

І кінуў на пясок, на выган голы...

 

І зноў, задуманы, горны, маўчаў. Тады, як ачнуўшыся: «Як думаеце, надрукуюць?..» — «А чаму ж? — упэўнена кажа Віктар.— Выдатны верш!» Аляксей зябка пацепвае плячмі. Мы развітваемся, бо яму трэба на выступленне. Развіталіся, каб зноў сустрэцца...

Перад юбілеем паэта хочацца пагартаць яго кнігі, парадавацца за земляка, падзяліцца думкамі і пачуццямі, якія заўсёды хвалююць пры сустрэчы з сапраўднай паэзіяй.

У А. Пысіна ёсць зборнік вершаў «Сонечная паводка», які выйшаў яшчэ ў 1962 годзе. Там на першай старонцы партрэт маладога, з густой пышнай чупрынай і стоенай збянтэжанасцю ў вачах чалавека. Пазнаю ягоны прыгожы почырк, якім напісаны такія словы — эпіграф да кнігі:

 

Шчасце так не даецца

І яго не купіць:

Шчасце сеецца, жнецца,

Шчасце ў кузнях куецца,

У мартэнах кіпіць.

 

А ў канцы анатацыя: «Гэта кніга аб працы, аб дружбе і каханні...» Правільна, канечне. Але ўжо ў гэтых, скрозь мірных вершах паэт вяртаецца да таго, што выпакутавана, перажыта,— да тэмы аб вайне як найвышэйшым выпрабаванні сілы і духу людзей, якіх яна, вайна, адарвала ад мірнай, стваральнай працы і змусіла ўзяцца за зброю. Подступы да гэтай, скажам, сваёй галоўнай, скразной тэмы аб вайне, аб лёсе свайго пакалення, якое з гонарам і гордасцю вытрымала суровы яе экзамен, наканаваны лёсам,— разам з дзядамі і бацькамі выстаяла ў баях і паходах і заваявала вялікую Перамогу.

З вышыні гадоў, з вопыту салдата і сейбіта Аляксей Пысін прыходзіць да высновы, што не можа, не мае права не сказаць усяго таго, што выпакутаваў, што перажыў за тыя 1418 дзён і начэй, пройдзеных у шынялі і касцы, з вінтоўкай і аўтаматам, і што бачыў і выпакутаваў на агнявых дарогах фронту.

Да гэтага былі два зборнікі вершаў: «Наш дзень» (1951) і «Сіні ранак» (1959). Пра першы сам паэт скажа, што тыя «вершы наіўныя, надуманыя, не сагрэтыя пачуццём». Зазначым, што перад тым, у 1950 годзе, Аляксея Пысіна аднагалосна прынялі ў члены Саюза пісьменнікаў. У зборніку «Наш дзень» я не знайшоў даваеннага верша «Ураджай». Значыць, патрабавальнасць да сябе, да ўсяго, што выходзіла з-пад пяра,— асаблівасць, рыса характару, якія, як і выключная сціпласць, нават сарамлівасць, зайздросна вызначаюць Пысіна — паэта і чалавека.

Вядома, што вершы ў зборніках «Наш дзень» і «Сіні ранак» пісаліся ва ўмовах, калі ў паэзіі пераважалі сузіральнасць і фактаграфічнасць. Пэўную даніну пафаснасці, рытарычнасці аддае і малады паэт, хаця чалавек з належным жыццёвым вопытам.

Вершы тыя пісаліся прыхваткам, у хвіліны адхлання і перадыху ад стамляючай газетнай «цякучкі». І жыццё пасля вайны было нішчымнае, нялёгкае. Памятаю, як у тым Новым Свержані Аляксей з жонкай і двума малымі дзецьмі туліўся ў пакойчыку-прыбудоўцы старой драўлянай хаціны. І ў паўразбураным пасляваенным Чэрыкаве жылося не лепш. З жыллём, як і апраткай, цяжка было ўсім, і на гэта не наракаў ніхто, нават паэты. Да рэдактара раёнкі, які пісаў і вершы, ставіліся многія абыякава, як да дзівака.

Як бы там ні было, але ўжо і ў першых вершах А. Пысіна ёсць тыя зярняты, што вызначаюць сапраўднага паэта,— свой голас, вострае адчуванне жыцця, пульс часу, жаданне сказаць людзям тое, што яго хвалюе, чым захапляецца, а што адмаўляе, што вярэдзіць душу.

Для мяне — чытача — і ў тых зборніках ёсць вершы і вобразы, якія засталіся шчырымі радкамі ў летапісе часу. Іх тэматыка — блізкія з’явы і факты жывой рэчаіснасці, будзень пасляваеннага аднаўлення, рэаліі нашага імклівага руху і росту; у іх пераважаюць сацыяльна-грамадзянскія матывы. «Магілёўскі шоўк», «Наш дзень», які стаў назвай кніжкі, «Наваселле», «Сокі», «Серп», «Трактарыст», «Насценная газета»... У вершы «Магілёўскі шоўк» ёсць радкі пра гвардзейскі сцяг, які «магілёўскім шоўкам вышывалі рускія жанкі». Гэта — пра сцяг 6-й гвардзейскай, пад якім і салдата-гвардзейца вяла ў бой за Радзіму «дружба наша і народны гнеў». У пякуча-гнеўных радках — рашучае адмаўленне і асуджэнне вайны: «Прэч, вайна, з дарогі!» Паэт засяроджваецца на развагах аб лёсе свайго пакалення. Яно было, як крэмень, што стаў між жорнамі (верш «Крэмень», 1947).

Тэма вайны становіцца тым грунтам, першаасновай, што зрабілі пысінскую паэзію яркай і адметнай, паэта — вядомым і папулярным, а яго творчасць — з'явай, што выйшла за межы свайго краю. А. Пысін паступае на Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, якія скончыў у 1958 годзе. Масква багата дала яму для павышэння агульнай адукацыі і культуры, для асэнсавання свайго прызначэння як паэта. А. Пысін пасля, у 1964 годзе, у той жа аўтабіяграфічнай нататцы напіша: «Салдацкая правата — правата сучаснасці. Правата дружбы і кахання, трывог і летуценняў, высокіх ідэалаў». Паэт зразумеў, што ў яго — салдата-франтавіка — высокі, адказны абавязак перад часам і перад сучаснікамі. Ён павінен сказаць людзям, якіх любіць і сам жыве між іх, праўду, праўду аб вайне — суровай школе, дзе ў кожнага быў свой, асабісты экзамен і выпрабаванне «на вытрываласць чалавечага ў чалавеку».

Як Васіль Быкаў у прозе, так Аляксей Пысін у паэзіі адкрыта і смела, з мужнасцю воіна-гвардзейца адстойвае свае погляды і прынцыпы, змагаецца за свае, часта нялёгка ўзятыя, вышыні. Не даюць яму спакою: «Брацкія магілы. Абеліскі. Абпаленыя плацдармы. Цені неданесеных штыкоў. Шчымлівы боль, журба па загінуўшых сябрах...» Вось чаму тое, што не напісана раней, як сам паэт прызнаецца, мусіць напісаць цяпер, у новым асэнсаванні і асвятленні.

Аглядаючы былое і заглыбляючыся ў перажытае, Аляксей Пысін, мабыць, зразумеў, што нявыдуманае — гэта само па сабе, магчыма, не менш вартае, чым тое, што прыдумана, як заўважыў у сваей прадмове да сваіх ваенных дзённікаў Іван Мележ.

У 60-я гады паэт піша нямала і, галоўнае, упарта і самааддана шукае свайго самавыяўлення, працуе пакутліва, з высокай грамадзянскай адказнасцю. Для яго — паэта і грамадзяніна — адкрываюцца новыя, светлыя далягляды, сагрэтыя жывым дыханнем сапраўднай, высокай і мужнай паэзіі. Шчымлівы боль, журба па загінуўшых пабрацімах і сябрах — і наша чыстая і светлая журба, наш смутак, які пераліваецца ў нашыя сэрцы: у ветэранаў будзіць успамін, ажыўляе памяць, у моладзі — прыналежнасць, дотык да ўсенароднай Перамогі ў апошняй вайне.

Гартаю яшчэ зборнікі паэзіі паэта-друга — «Мае мерыдыяны» (1965), «Твае далоні» (1967), «Да людзей ідучы» (1972). Хвалююць героіка турботных будняў, уражлівыя перамены ў жыцці, «вторжение» НТР у жыццё сённяшняй вёскі — усё ў чуйным полі зроку паэта, і яго рука, салдата і стваральніка, на пульсе сучаснасці, якую ён разумее ў цесным зліцці з мінулым, з гістарычнымі заваёвамі пакаленняў. Усё здабытае працай і бітвамі паэт прымае і апявае; усё добрае, чалавечае сцвярджае; ідучы да людзей, дапамагае ім узвысіцца ў сваім духоўным, маральным росце; заклікае духоўна ўдасканальвацца, гартаваць сваю грамадскую актыўнасць, павышаць грамадзянскую сталасць... Так будзённасць асвятляецца высокім духоўным святлом, якім струменіць душа паэта.

У тыя гады, як, дарэчы, і да апошніх дзён, Аляксей Пысін многа ездзіў па краіне — быў ён і ў Казахстане, у цаліннікаў, і на Калінінскіх сопках, дзе праходзіў з сябрамі-пехацінцамі, пастаяў з непакрытай галавой на вышыні свайго капітана Гальпіна, што назаўсёды застаўся ля Вялікалукскай грады; наведваўся ў Латгалію, дзе былі апошнія штурмавыя баі... Назвы вершаў гавораць пра тыя дарогі і сцяжыны, дзе пабыў, пераплаўляючы ўбачанае і перажытае ў паэзію: «Напэўна, буду сумаваць па Латвіі», «Сербайскі руднік», «Мост пад Таболам», «Над возерам Саркуль», «Ноч у Ташкенце», «Пісьмо на Рыжскае ўзмор'е»... Пасля далёкіх дарог і краявідаў усё бліжэй да сэрца — родныя, дзе «Буслы... Буслы на ссечаных дубах, як напамін, як боль па стратах». Да такіх прачула-шчымлівых вершаў, сагрэтых пачуццём замілаванасці да родных мясцін, як «Краснаполле», «Проня», «Яшчэ мне верыцца», «Любуж», «Вузел», напісаных раней, выліваецца цэлая гама новых лірычных пачуццяў, яркіх і адначасна сціплых радкоў, напоўненых чароўнымі гукамі і фарбамі. Яны навеяны сустрэчамі з роднымі мясцінамі, з успамінамі пра свой «салаўіны, глыбінны раён». Нібы спавядаючыся, паэт дэкларуе: «Усё прымаю, усё цаню па праву пабрацімства мёртвых і жывых...»

Лірыка набывае ўсё новыя якасці, яе абсягі шырэюць, яе поймы глыбеюць, і лірычны герой становіцца і як бы больш чуллівы, і больш сур’ёзны, засяроджаны ў сабе. Звяртаючыся да сябе з адвечным пытаннем, хто ты, чалавек, які ты ў гэтым неабсяжным свеце дабра і зла, праўды і «правдоподобия». Зноў жа паэт добра адчувае подых часу, крэўнасць з народам, умее радавацца радасцямі людскімі, блізка прымае чужую бяду, але яго ўсё больш трывожыць, што неспакойна ў свеце, «трывога б’е ў планету». Паэт шчыра прызнаецца ў тым, што яго непакоіць: «Не пакідай мяне, трывога, будзь спадарожнікам маім...», «І мой суддзя — маё сумленне прад даллю будучых дарог».

Калі коратка сказаць пра зборнік «Мае мерыдыяны», дык асабліва ўражвае яго паэтычны напал — рэквіем салдатам, ветэранам вайны, тым, на абелісках якіх — толькі даты, «імёнаў многіх не знайсці». У гэтым, думаецца, выток усё мацнеючай сілы ўздзеяння паэзіі Аляксея Пысіна, які па абавязку і па праву салдата імкнецца і гаворыць сучасніку праўду аб вайне — толькі праўду, якая б горкая яна ні была... Зноў жа, не баюся паўтарацца, як у прозе Васіль Быкаў. «Для нас, беларускіх пісьменнікаў,— гаварыў на Усесаюзнай нарадзе літаратараў у Мінску ў 1975 годзе Пімен Панчанка,— тэма вялікага подзвігу савецкага народа застаецца галоўнай тэмай і галоўнай справай на ўсё жыццё».

Аляксей Пысін — адзін з тых, хто да канца адданы франтавому пабрацімству, памяці жывых і мёртвых, герояў мінулай вайны, і нясе варту вернасці самааддана, з мужнасцю салдата і патрыёта. Хаця паэт часам і стамляецца, але гэта часовае — як прыпынак перад новай вышынёй. Глыбокая лірычнасць, прачулая, шчымлівая шчырасць, адкрытасць, бясхітраснасць душы лірычнага героя ў вершах зборніка «Твае далоні». «На схіле дня святла яшчэ даволі. О, як патрэбны мне твае далоні. Любоў мая. І калі стамлюся я праз меру, добра было б адчуць падтрымку рук тваіх».

Лірычны герой А. Пысіна, як адзначала крытыка, не адназначны: гэта душэўна шчодры, уражлівы чалавек, у якога ў тугі вузел звязана асабістае і грамадскае — ён часцінка ў свеце людскім. Жывыя вобразы і з’явы прыроды, на ўлонні якое жыве і творыць чалавек, уладар прыроды, але ж і яе кволае дзіця. Нязменным вобразам, якім шчыра, па-дзіцячаму захапляецца паэт, а гэта і яго лірычны герой,— ён хоча ўбачыць ластаўку ў палёце, падзівіцца на рабіну ў пушчы...

 

Зямля у воблаках і мяце —

Ляці увысь!

Глыбока сей!

Сасна паклікала, як маці,

Працяжна, глуха: «Аляксей!»

 

Вобраз роднай матулі — у розных праявах і абліччах — з’яўляецца перад паэтам. У яго самыя прачулыя і поўныя сыноўняй любові і пашаны словы да роднага, самага раднейшага чалавека — маці. Яго паэзія можа раўняцца з усім лепшым, што стварылі сучасныя паэты на тэму пра маці. Народная мудрасць гаворыць: «Усім па долі, а маці за ўсіх болей».

Пры сустрэчах Аляксей успамінаў сваю маму. Як і у вершах, так і пры размове, калі гутарка заходзіла аб родных мясцінах, аб сябрах-земляках, пра бацькоўскі дом; яго хвалююць жывыя малюнкі роднай прыроды. Маці — і слова, і сэрца: «А мы ўсё для яе дзеці, усё дзеці. Во каб мы шкадавалі яе, як шкадуе нас яна!..»

Ад маці, магчыма, і такая ўражлівая, шчымлівая душа, і любоў да песні, да лесу, да ўсяго жывога, што палоніць і хвалюе душу, асвятляе новым святлом перажытае. Паэт прызнаецца: «Мне ў жыта хочацца ўвайсці, мне вечнасцю здаецца жыта».

У лес многія ходзяць па вясну, па радасць, па маліну. Яму яшчэ маці казала:

 

Пад арэшынай любімым быць,

Пад вярбой — ліць слёзы,

Пад рабінаю — чужых любіць,

Удавой застацца — пад бярозай.

 

Гэта было парой, калі сад скідаў ліству сырую. А яе сын глядзеў на дрэвы ў акне і на маці, яшчэ не старую. Сына-паэта журыць успамін: «Чаго журылася яна. Можа, яе дзявочая вясна белаю вярбою ашукала?..»

Хвалююча, да шчымлівасці ў сэрцы падаецца вобраз маці ў вершы «Жніво». Смуга над плёсам... Прымроілася, што яна на паласе, ля воза снапоў, якія «ўціснуў дзед вяроўкаю тугою». Але загледзеўся, і маці ўжо няма. Даўно тое было, а боль душэўны не сціхае: «А я з тае пары, з тае пары цябе, матуля, даганяю...» Гэта напісана ў 1966 годзе — такое будзе хваляваць і паэта, і чытача заўсёды, бо выказана голасам сэрца; вобраз маці зліваецца з выявай усяго светлага, чыстага, чым жыве чалавек; любоў да маці — і любоў да роднай зямлі, да Радзімы. «Дала мне маці мову,— прызнаецца паэт,— як спадчыну, як запавет». І песня, якіх багата спявалі ў Высокім Борку, і крынічкі у ваколіцах, усё тое, матчына, хораша ўплятаецца ў лірыку: красуня белазубая, якая любаму ці нялюбаму ў рэчцы мые ручнікі. І з’яўляецца на свет цудоўны верш «Баркалабаўскія салаўі», як і іншыя, навеяны сустрэчай з роднай песняй. Канцоўка верша нечаканая: «Паджгай, паджгай крапіваю, як выйдуць басанож». Якраз пра тых, хто забывае свае песні, хто не слухае, ці забываецца паслухаць сваіх, баркалабаўскіх салаўёў.

Пясняр, летапісец сучаснасці, ён і змагар, баец пярэдняга краю, заўсёды на варце вернасці веку, як сцяганосец на полі бою. Прага абнаўлення, паверка свайго сэрца і сумлення — у яго вобразах і ідэях. У зборніку «Да людзей ідучы» (1972) ёсць такія радкі: «Праўдзівы бой вядзе сумленне, ваюе сэрца не без страт, і можа ў гэтым абнаўленне ўсіх подзвігаў, былы салдат».

Жыццё паэта — гарэнне, творчасць. Яго шчасце — у радасці і шчасці людзей. Крытык Ул. Гніламёдаў, які адным з першых у паэзіі А. Пысіна падгледзеў моцны лірычны струмень, афарбаваны сацыяльна-маральным зместам і высокай грамадзянскасцю, адзначае, што ягоная лірычнасць не сузіральная — усё, што трапляе ў поле зроку паэта, сагрэта гарачым пачуццём, узгоднена з вопытам, пазначана глыбінёю асэнсавання. Адчуванне еднасці традыцыйнага і наватарскага, сучаснага і гісторыі — заўсёдная турбота лірыка. Усё, што робіць, чаго дасягнуў герой — не яго аднаго набытак; усё — для людзей, ім у спадчыну. Вострая памяць на перажытае — адна з вартасцей лірыкі А. Пысіна, яе надзённасць і актуальнасць. Паводле развагаў паэта, жыццё чалавека не канчаецца смерцю — прага абнаўлення, душэўная неўтаймаванасць, актыўнасць — яго эстэтычная вышыня, далягляды душы. І праз колькі гадоў дабрата і чалавечнасць вымяраюцца меркаю ваеннай пары. «Дні мае — маўклівыя сапёры — усё ідуць яшчэ з вайны». І яго сумленне вядзе праўдзівы бой. А як жа іначай?!.

Паэзія А. Пысіна, правільна адзначае той жа Ул. Гніламёдаў, па сваёй сутнасці глыбока гуманістычная. У вершах — невычарпальнасць вобразаў, шматгалоссе жыцця, яркасць фарбаў, звонкасць і суладдзе гукаў, кожную здавалася б дробную рэч ён асвятляе святлом свайго ўспрымання; у яго яркая, трапная дэталь, нечаканы паварот думкі, глыбіня мыслення. Усё гэта робіць паэзію А. Пысіна глыбока народнай.

Кніга «Ёсць на свеце мой алень» (1978) сведчыць, што паэту бачацца новыя, светлыя далі і зоркасць яго зроку пільная і відушчая. Жывучы між людзей, робячы сваю работу сумленна, з поўнай аддачай сіл, усё ж хвалюецца, «што, здаецца, устаў ён рана-раненька, ды хтосьці ўжо прайшоў па сцежцы лугавой». Багата вершаў пейзажных, прыродаапісальных, але гэта не лёгкія, аздобленыя знешнімі акрасамі замалёўкі, а глыбокая, філасофская лірыка, азначаная пробай арыгінальнага светаўспрымання, новымі абсягамі, аб’ёмнасцю і перспектывай. Замілаванасць і чуллівасць паэта не ад старэчай слязлівасці і расслабленасці,— гэта дабрата, спароджаная вопытам і перажытым; усё тое, што складае духоўны і душэўны свет паэта. Чытач адкрывае для сябе новае, дагэтуль нябачнае, і асалоду эстэтычную, і зарад натхнення. Вершы хочацца чытаць спакваля, не паспешліва, удумліва, бо паэт адкрываецца часам не адразу, яго думка не ляжыць на паверхні; паэт збірае таямніцы зямнога, не спяшаючыся, рупліва, пераканаўшыся, што «вечнасць сее па зярнятку», і там, дзе яно ўзыдзе, вырасце кветка Дабраты...

Як да бацькоўскай хаты, да тых крыніц, што віруюць яшчэ на аселіцах Высокага Борку, Забор’я, Горны, Горанкі, у лазняках рэчкі Палуж, часта вяртаецца ў думках паэт, і з’яўляюцца новыя, поўныя святла і праяў жывога, зямнога захаплення радкі. Мне бачыцца ўсё знаёмае і як бы новае: «Ветракі, старыя ветракі», «Знаёмы дзядзькаў двор. Каля двара», «Пятрусь Бядулін», «Варачка...».

Во, хіба не захвалюешся, прачытаўшы такое:

 

Жалезніца, Касцягаўка і Горна,

І вёска маці — светлыя Мануйлы,

Журба і радасць ціхая агорне:

Вы ёсць, не адляцелі, не мінулі!..

 

Успамінае паэт «Краёвы слоўнік» І. К. Бялькевіча. Чытаеш верш, і разам з паэтам нібы ў бабульчынай хаце пагасцюеш: «Прысядзь, маё ты дзетка, на ўслоне, а як жа бацька твой, а як жа маці?..»

Мне таксама ўсё як роднае і блізкае. Пазнаю і раённы аэрапорт, дакладна вымаляваны ў вершы пад такой жа назвай. Гэта — наша Краснапольшчына, раўнінна-гарысты, глыбінны раён, дзе во рукой падаць — пачынаюцца землі маці-Расіі.

 

Аэрапорт.

Паласаты мяшок,

Напяты дыханнем пагоркаў ліловых.

Антэна і домік. І рыжы стажок,

Увенчаны конусам жэрдак яловых...

 

Не забудзеш і такое з верша «Магілёўская гаворка»:

«Куды хадзіў, сусед, ты сянні? Мядзведзя пасвіў на аусянні...»

Аляксей Пысін баявіты і ваяўнічы публіцыст. Чытаюцца, не старэюць ягоныя нататкі з далёкіх і блізкіх дарог, нарысы, эсэ, артыкулы па пытаннях літаратуры і мастацтва, рэцэнзіі, замалёўкі, рэпартажы з месца падзей — газета, якой ён аддаў многія самыя лепшыя гады і нямала маладой сілы і мужнасці, прывучыла да аператыўнасці; гады працы ў ёй не прапалі дарэмна, паэт заўсёды быў гатовы да новай камандзіроўкі...

Гартаю, перачытваю яго нарысы і эсэ ў кніжцы «Бярозка ля кожных варот» — усхваляванае, зацікаўленае слова пра лёс народнага скарбу — песні, пра яе выканаўцаў і збіральнікаў. На жывых, яркіх прыкладах з роднай Магілёўшчыны А. Пысін засведчыў, як акрылілася і шануецца там народная песня. Захапляецца паэт талентам выдатных выканаўцаў песеннай спадчыны, якая беражна перадаецца ад пакалення да пакалення. Мы даведваемся пра песенныя вёскі, слаўныя на ўсю рэспубліку — Баркалабава, Варатынь, Усполле, Клін... Аказваецца, гэта з хоцімскай вёскі ўзляцела і ўзяла высокі палёт адна з папулярных, асветленая іскрыстым гумарам песня «Касіў Ясь канюшыну...». Зычліва расказвае Пысін і пра стварэнне Авяр’янам Дзеружынскім песні «Мяцеліца», якую многія лічаць народнай.

«Мне пашчасціла,— пісаў Аляксей Пысін,— колькі разоў сустракацца з баркалабаўскімі спявачкамі, гутарыць, а галоўнае слухаць іх песні». І як вынік — напісаўся верш «Баркалабаўскія салаўі», пра які ўпаміналася вышэй.

Знітаваная з народнай песняй паэзія А. Пысіна зямная — ад гоману бароў, звону крыніц, ад пошуму пад ветрам асакі — у ёй жывое дыханне жыцця. «Пакуль песня — у хлебе, хлеб — у песні».

...Звычайна ў застоллі, на сябрынах Аляксей не надта быў разгаворлівы; ён больш слухае, чым гаворыць, не надта расказвае пра свае вершы, а больш пра таго, хто з землякоў напісаў нешта цікавае, любіць ён «даць дарогу» маладому, радуецца, калі на Магілёўшчыне з’явіцца новае імя; нарадзіцца і выйсці ў людзі памог Пысін не аднаму з тых, хто сёння ў шэрагах нашых беларускіх паэтаў і празаікаў.

Умеў Аляксей і пажартаваць, расказаць звычайную навіну ці вясковае здарэнне, але больш яго турбуе, што недзе робіцца не так, як хацелася б. Асабліва яго турбуюць праявы раўнадушша да прыроды, да ўсяго прыгожага, што акружае нас, і трывога і боль за рэчку, якая забруджваецца, за лес, які часам глуміцца, за зямлю, якая нас корміць і дае нам жыццё. Чалавечнасцю, трывогай за лёс і спакой па зямлі прасякнуты вершы, сабраныя ў кнізе «Ёсць на свеце мой алень», што выйшла з друку ў 1978 годзе. У вершы пад такой жа назвай ёсць прачулыя і ўсхваляваныя радкі, звернутыя да людзей разумных і добрых: «Дайце жыць майму аленю пад галінкай дабраты».

Кніга гэтая — новая вышыня ў паэзіі, адоленая Пысіным вышыня ў паэзіі, імя якой — майстэрства, сплаў думкі і пачуцця. Паэт як заўсёды, на нязменнай варце вернасці, яго багатая і шматмерная паэзія — на пульсе сучаснасці, ён застаецца верным маўклівай клятве «сваей зямлі, і плугу і каню».

Цікава і хораша Аляксей Пысін пісаў для дзяцей. У 1979 годзе выйшла яго кніга «Колькі сонцаў» — вершы і паэмы. Як не трэба лепш сказаў пра дзіцячыя вершы сам паэт: «Тут — усе мае сонцы душы і сэрца».

Да Аляксея Пысіна, заслужанага работніка культуры, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, прыйшла шырокая вядомасць, заслужаная слава. Яна набыта ў нястомнай працы, у карпатлівай рабоце да змору, да знямогі — настойліва ішоў ён па шляху да майстэрства, адольваючы па-салдацку вышыню за вышынёй. Нялёгкія былі гэтыя вышыні, і браць іх даводзілася часам як з бою.

У росквіце духоўных сіл абарвалася яго дарога. З намі няма паэта, але жыве яго паэзія, вядзе бой за мір, за спакой на зямлі. Аляксей Пысін, паэт, камуніст, грамадзянін — у баявых парадках. І ціхая рачулачка, якую так настойліва абараняе паэт, не затравее, уліецца ў акіян паэзіі.


1981?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан