epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Сустрэчы ў Малееўцы

Канец сакавіка 1982 года. Сонечным марозным ранкам рэйсавым аўтобусам з Дорахава дабраўся ў Малееўку, у Дом творчасці імя А. С. Серафімовіча. У першы ж дзень сустрэўся з Сцяпанам Шырабокавым, народным паэтам Удмурціі. Знаёмства адбылося незвычайна проста — нашы пакоі аказаліся побач.

— Вы адкуль? — усміхаючыся, запытаў у мяне шчуплы, сярэдняга росту мужчына, выходзячы раніцай са свайго пакоя.— Давайце знаёміцца: я з Іжэўска, Шырабокаў, Сцяпан Паўлавіч...

— Я з Беларусі, з Мінска,— паціскаючы працягнутую мне цёплую руку, назваў сябе.— Як вы дабраліся?..

— А, добра! — прыязна ўсміхнуўся Сцяпан Паўлавіч.— З Масквы аўтобусам. Ведаеце, якія тут прыгожыя мясціны. Лясное Падмаскоўе. Знакамітае Барадзіно... Радзіма Юрыя Гагарына... Трэба з’ездзіць, паглядзець усё гэта. Для нашага брата-літаратара вельмі важна як мага больш бачыць, як найчасцей сустракацца з людзьмі. Ці не праўда, цёзка?..

Сцяпан Паўлавіч сарамяжліва ўсміхнуўся і тут жа патушыў усмешку, паказаўся нейкім сумнавата-змораным; з-пад крута зломаных броваў мякка бліснулі іскрынкі прыжмураных блакітнаватых вачэй. Ён звыкла паправіў рукой прычоску, і я прыкмеціў — у яго прыгожы шырокі лоб у абрамленні густых светлаватых валасоў, і сам чалавек увесь жвавы, маладцавата-падцягнуты. Я сказаў, што ён так маладжава выглядае — Сцяпан Паўлавіч толькі паціснуў плячыма, зноў мяккая, добрая ўсмешка ўспыхнула на чыстым, бледнаватым твары і тут жа знікла.

— Дзе ўжо там! Не заўважыў, як прайшла-мінула маладосць. Ужо восенню семдзесят стукне...

— Юбілей, значыць!..

— Так, юбілей,— уздыхнуў Сцяпан Паўлавіч. Памаўчаў, тады весялей дабавіў: — Адчуваю сябе добра, ды вось зубы... Відаць, тут займуся гэтай справай. Як гаворыцца, між іншым...

Неяк ненаўмысна запытаў я ў Сцяпана Паўлавіча, ці быў ён на вайне, але чамусьці ашчадліва пашкадаваў, баючыся, каб не пакрыўдзіць чалавека — мы ж яшчэ не былі блізка знаёмыя.

Сцяпан Паўлавіч, трымаючыся правай рукою за шчаку (у яго, бачна, разбалеліся зубы), коратка сказаў:

— Так, быў на вайне... Няхай яна, праклятая, больш ніколі не паўторыцца!.. Прайшоў і фінскую, радавым. На апошняй на розных франтах пабыў. Калі-небудзь пра гэта пагаворым...

...Аднойчы вечарам мы заседзеліся. Я запрасіў да сябе Сцяпана Паўлавіча, і ён ахвотна згадзіўся. Увогуле ён спачатку здаўся мне неразгаворлівым, нават больш таго, маўчуном. Сцяпан Паўлавіч успомніў сваё дзяцінства ў лясной вёсачцы Малы Казес, дзе нарадзіўся 18 кастрычніка 1912 года.

— Гэта невялічкая вёсачка,— разгаварыўшыся, расказваў госць,— згубілася ў глухім дрымучым лесе. Яе ўпрыгожвае звонка-серабрыстая рэчачка, якая назаўсёды мне дарагая як памяць незабыўнага маленства. Там жа закончыў пачатковую школу. Пасля — педтэхнікум. У 1939 годзе — педінстытут...

Сцяпану Паўлавічу, як і ўсяму нашаму пакаленню, была наканавана нялёгкая жыццёвая дарога воіна-франтавіка. Яго служба ў Чырвонай Арміі супала з фінскай кампаніяй. На Фінскім фронце, пад Выбаргам, ён, кулямётчык, быў цяжка паранены, доўга лячыўся ў шпіталях. Калі паправіўся, дэмабілізаваўся. Працаваў настаўнікам. І жонка — настаўніца, выкладчыца рускай мовы. У даваенны час Сцяпану Паўлавічу не давялося сур’ёзна ўзяцца за пісьменніцкую працу. «Увесь час,— казаў ён, уздыхнуўшы,— забірала школа». Можа быць, ён стаў бы паэтам і празаікам, але хутка пачалася Вялікая Айчынная...

— Мяне прызвалі ў дзеючую армію,— успамінаў Сцяпан Паўлавіч,— увосень 1942 года і адразу я папаў на фронт пад Харкаў. Зіма. Цяжкія баі. Вялікія нашы страты. Раненне. Медсанбат. Блуканні па шпіталях...

— Вы ведаеце,— памаўчаўшы і як бы збіраючыся з думкамі, працягваў Сцяпан Паўлавіч.— Я вельмі ўзрадаваўся, калі даведаўся, што сусед мой з Беларусі. О, я ведаю, беларусы — надзвычай просты і добры народ. Я быў там, пад Віцебскам, у баях. І ў шпіталі там лячыўся. Ляжаў з беларусамі. Вельмі душэўныя, цудоўныя былі хлопцы. Асабліва я пасябраваў з адным... Яго імя, здаецца, Вася. Таксама малады настаўнік. Як ён хораша і натхнёна чытаў вершы Лермантава, Пушкіна. Вядома, па памяці... Раздзелы з паэмы Аляксандра Твардоўскага «Васіль Цёркін» дэкламаваў так, што за бокі браліся ад смеху. Мы яго называлі «беларускі Цёркін».

Я ўспомніў, што зімою 1981 года ў нас пад Мінскам, у Доме творчасці ў Каралішчавічах, адпачываў госць з Удмурціі. Здаецца, Чарноў. Малады, вельмі далікатны хлопец. Нам, хто з ім пазнаёміўся, ён вельмі спадабаўся.

— А, ведаю! — ажывіўся, павесялеў Сцяпан Паўлавіч.— Гэта наш малады празаік. Здольны. Пладавіты. А я — паэт. Вось пішу паэму для дзяцей. Хочацца закончыць да 70-годдзя...

Тады ж, у час нашай сустрэчы, я даведаўся, што Сцяпан Шырабокаў і драматург, вядомы і за межамі сваёй рэспублікі.

— Першая мая п’еса,— сказаў Сцяпан Паўлавіч,— была пастаўлена ў 1954 годзе — «У воўка свая сцяжына...»,— на удмурцкай і рускай мовах, у Рускім драмтэатры ў Іжэўску. Другая — камедыя «Калі няма кахання» пра жыццё вясковай моладзі. Ва Удмурцкім драмтэатры яна ішла каля трох гадоў. П’еса ў вершах «Дзяўчаты-прыгажуні» ішла на сцэне драмтэатра з вялікім поспехам. Яе — першую п’есу ў вершах на ўдмурцкай мове — ставілі і калектывы мастацкай самадзейнасці...

— У час вайны вершы пісаліся, Сцяпан Паўлавіч? — запытаў я, калі мы ўсё больш разгаварыліся.

— Не да гэтага было,— прызнаўся ён.— Але ўсё ж пісаў. Пачаў пісаць. Здаецца, адчуў, што не магу не пісаць. Пісалася ў ахвоту і плённа. У 1944 годзе выйшаў мой першы невялікі зборнік вершаў на роднай мове, называўся «Поле бою».

Поле бою! Канечне, яно жыло ў памяці стралка і кулямётчыка Сцяпана Шырабокава, пасля — вадзіцеля незаменнай працаўніцы «ГАЗ-АА», якую франтавікі з усмешкай называлі «Газ — два раз». У баях і паходах вясковы настаўнік з удмурцкай лясной вёскі пабываў у Румыніі і Балгарыі, Чэхаславакіі і Венгрыі. Дзень Перамогі сустрэў у Вене. Назаўсёды засталося ў памяці, як лікавалі і радаваліся народы, якім савецкія воіны прынеслі вызваленне...

Вядома, воін-франтавік, радавы атак і паходаў, не мог не пісаць пра тое, чым жыў, што бачыў і перажыў,— пра моцную салдацкую дружбу і баявое, франтавое пабрацімства. Паэма «Два браты», якая выйшла ў 1945 годзе,— натхнёная, патрыятычная песня мужнасці і гераізму савецкіх людзей, якія заваявалі вялікую Перамогу над зласнейшым ворагам чалавецтва — нямецкім фашызмам.

Паэт становіцца вядомым рускаму чытачу. У перакладзе на рускую мову выходзяць ягоныя зборнікі вершаў мірнага часу — «Песні палёў» і «Няхай пяюць салаўі».

Сцяпан Паўлавіч Шырабокаў — член Саюза пісьменнікаў СССР з 1951 года. Больш за сто песень пяецца ў роднай Удмурціі на яго словы. Урачыстыя, лірычныя, бытавыя і жартоўныя, яны сталі папулярнымі ў народзе, бо сугучныя радасцям і турботам народу.

У 1963 годзе Сцяпану Шырабокаву — першаму ў рэспубліцы — было прысвоена ганаровае званне народнага паэта Удмурціі.

Гэта ўсё я, вядома, даведаўся не толькі з нашай першай сустрэчы, а на працягу нашых сяброўскіх гутарак у Малееўцы, якія назаўсёды пасяліліся ў нашых брацкіх сэрцах.

...— Мне вельмі прыемна было з вамі пазнаёміцца,— сказаў я тады на развітанне Сцяпану Паўлавічу.— Заходзьце...

— Вядома,— сказаў ён, усміхаючыся сваёй адметнай, сарамяжлівай усмешкай.— Мы ж суседзі!..

 

Неяк на праходцы (у Малееўцы ёсць цудоўная ліпавая алея, якая вядзе ад старога корпуса да галоўнага ўезда) мы гаварылі аб прыродзе творчасці. З намі была Зайнаб Біішава, старэйшая пісьменніца Башкірыі, аўтар вядомай трылогіі «Да святла», актыўны грамадскі дзеяч.

Вельмі абаяльная жанчына, чалавек цікавага і нялёгкага лёсу.

— Што сапраўднага пісьменніка робіць пісьменнікам нацыянальным? — казала яна, раздумваючы, і сама ж адказвала.— Пісаць праўду жыцця. Не крывіць душой перад праўдай і, вядома, мець талент — вось што робіць пісьменніка сапраўдным нацыянальным пісьменнікам.— І далей: — Калі пішу, я добра ведаю сваіх герояў — жывых людзей, за лёс якіх хвалююся, перажываю іх радасці і беды разам з імі...

Сцяпан Паўлавіч у знак згоды ківаў галавой, але, здаецца, быццам быў заняты думкамі пра нешта сваё, вядомае толькі яму аднаму. Потым, калі маўчанне зацягнулася, сказаў коратка, магчыма, каб падтрымаць субяседніцу:

— Вядома, трэба ведаць сваіх герояў. І ўвогуле, прадмет сваіх пісанняў. Праўдзівасць, вернасць праўдзе і мастакоўскае майстэрства — без гэтага не можа быць сапраўднага мастака...

Загаварылі пра драматургію. Аказваецца, абое яны працуюць у гэтым цяжкім жанры, іх п’есы маюць поспех. Сцяпан Паўлавіч сказаў, што на сцэне Удмурцкага дзяржаўнага тэатра паспяхова ішла п’еса Зайнаб Біішавай «Зарок».

Зайнаб Абдулаўна сказала, што працуе над новай драматычнай паэмай у вершах «Зульхіза». «Мне тут пішацца добра,— гаварыла яна.— Хачу напісаць кнігу ўспамінаў. Мне ёсць што сказаць пра свой народ, пра нашых пісьменнікаў, маіх сучаснікаў, якія без часу пайшлі з жыцця. Калі я не скажу пра іх, то хто скажа? А яны заслугоўваюць добрага, сумленнага слова, бо гэта былі надзіва сумленныя, чэсныя людзі, якія аддана, да самазабыцця служылі свайму народу і аддалі за яго свае маладыя жыцці...»

— Правільна! Справядліва! — як не ўсклікнуў Сцяпан Паўлавіч.— А мне ўсё неяк не выпадае ўзяцца за ўспаміны. А трэба было б! Багата пражыта, а яшчэ больш перажыта!..

Аднойчы Сцяпан Паўлавіч, вяртаючыся з суседняга санаторыя «Дорахава», дзе яго лячылі ў стаматалогіі, сказаў мне па дарозе ў сталовую:

— Вось бачыш, цёзка, трэба было б працаваць — час якраз для працы тут, бачыш, найлепшы — мароз і сонца, а прыходзіцца адлежвацца. Нічога, перажывём!..

Я адчуў, як ён, гэты чалавек, загартаваны ў цяжкасцях і ліхалецці— і дабрадушны, і валявы, і цвёрды, як крэмень.

...У наступным, 1983 годзе, я пачуў журботную вестку — Сцяпана Паўлавіча не стала, у хуткім часе, як ва Удмурціі было ўрачыста адзначана яго сямідзесяцігоддзе. Няхай хаця гэтыя радкі будуць у вянок памяці першага народнага паэта Удмурціі С. П. Шырабокава, чалавека з адкрытым для людской любові сэрцам.


1986?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан