epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Свята жыве ў табе...

Як хваляваліся некалі мы, сустрэўшы жывога паэта! Відаць, сэрца кожнага, каму дарагое роднае слова, б’ецца хутчэй, а ў душы пры сустрэчы з паэзіяй нараджаюцца пяшчота і дабрата.

...З вершамі Якуба Коласа мне давялося пазнаёміцца, калі я і чытаць добра яшчэ не ўмеў: слухаў, як старэйшыя хлапчукі-школьнікі вучылі на памяць вершы паэта:

 

...Ярка на камінку

Смольны корч палае.

Бацька на калодцы

Лапці выплятае...

 

Слухаў і захапляўся музыкай слоў. Мне блізкія і зразумелыя былі і гэтыя радкі, і герой верша — сынок Ігнатка. Як і ён, я сумаваў па школе, таму што маці сказала: «Пойдзеш у наступную зіму, калі Дуня крыху падрасце, а цяпер трэба сястрычку глядзець...»

А ўжо вучнем трэцяга класа са школьнай сцэны я сам бойка дэкламаваў:

 

Дрэнна маё жыццё.

Усё ідзе не ў лад.

І крычаць мне ўсюды:

«Асадзі назад!»

 

Цяпер я ведаў: гэты, як і многія іншыя вершы з хрэстаматыі, напісаў беларускі паэт Якуб Колас. З нейкага часопіса я выразаў яго партрэт і хлебным мякішам прымацаваў у куце.

...Летам 1939 года, калі я займаўся ў Мінску на педагагічных курсах, у парку імя М. Горкага неяк сустрэў групу пісьменнікаў. І я пайшоў за імі, стараўся не згубіць з вачэй: не часта з жывымі пісьменнікамі сустрэнешся. Ля партрэтаў нашых першых народных паэтаў Я. Купалы і Я. Коласа яны спыніліся. Хтосьці з іх, здаецца, Пятро Глебка, заўважыў: «Вось нашы зоркі». У групе былі двое пажылых мужчын — абодва ў цёмных касцюмах, беласнежных кашулях, з ордэнамі Леніна і дэпутацкімі значкамі на грудзях. Адзін з іх, хударлявы і сутулаваты, з папяросай, крануў таго, хто сказаў пра зоркі, за плячо і, быццам з дакорам, прагаварыў: «Кінь, Пятрок, усе мы аднолькавыя зоркі. Сапраўдныя зоркі там, у небе...» Усе весела засмяяліся. Гэта сказаў Якуб Колас.

Памятаю, мы, студэнты педвучылішча, назубрыўшыся табліц ды сінусаў-косінусаў, чыталі, каб адпачыць, «Сымона-музыку». Нас, вясковых хлапчукоў, хваляваў і коласаўскі Лабановіч. Мы гэтак жа, як і ён, марылі паехаць настаўнічаць у самую глухую вёску. Нашымі любімымі вобразамі былі коласаўскія Аленка і Сцёпка, у іх мы бачылі свой ідэал, саміх сябе.

Пасля вайны мне пашчаслівілася бачыць Я. Коласа — ля Дома друку, дзе ён, бывала, прагульваўся, у рэдакцыі «Чырвонай змены», дзе я тады працаваў, і куды часам заходзіў Я. Колас.

Неаднойчы чуў выступленні народнага паэта на з'ездах пісьменнікаў у Мінску. Пра што ні гаварыў Якуб Колас — паэт і акадэмік, дэпутат і змагар за мір — яго заўсёды слухалі ўважліва, затаіўшы дыханне. Я. Коласа аднолькава цікавілі і літаратурныя справы, і аднаўленне разбураных гарадоў і вёсак, і жыццёвыя клопаты знаёмых і зусім незнаёмых яму людзей.

Не шкадуючы ні сіл, ні часу, спяшаўся ён на дапамогу людзям. Трывожыла яго і тое, што ў нашых калгасах была тады нізкая ўраджайнасць. Паэт на сваёй сядзібе праводзіў доследы з жытам. Над пісьмовым сталом павесіў барометр і вёў каляндар назіранняў за надвор’ем; радаваўся, калі летам пасля працяглай сушы, нарэшце, палье дождж. «Я ўсё жыццё клічу дождж на наша поле»,— не раз гаварыў Канстанцін Міхайлавіч.

Да Я. Коласа ішлі за дапамогай усе — знаёмыя і незнаёмыя, з Мінска і з далёкіх вёсак, і, вядома, яго землякі з Мікалаеўшчыны, якіх ён любіў шчырай любоўю. Да яго людзі прыходзілі з горам і спадзяваннямі, з радасцямі і клопатамі. І нікому ён не адмаўляў у дапамозе. Памятаю, аднойчы мая сваячка, калі ў яе былі цяжкасці ў сувязі з пабудовай дома, сказала: «Пайду да Коласа, ён нікому не адмаўляе, дапамагае».

Не толькі сам паэт, але і яго натхнёнае і мудрае слова дапамагала нам жыць, будаваць, змагацца. У гады вайны вершы Я. Коласа, паэта-патрыёта «Наперад і толькі наперад, ні кроку назад» узнімалі нас на бой...

Часам, калі стане сумна, возьмеш томік, адкрыеш старонку:

 

Краска мілая мая,

Госця веснавая!

Як ты хораша цвіцеш

У глушы, любая.

 

І радасць паэта ўліваецца ў нашыя сэрцы...


1986?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан