epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

У трывогах свету

Свет сёння, бы туга напятая струна. У трывогах за жыццё, за лёс прагрэсу і міру жыве ўсё сумленнае чалавецтва. Кожнае слова, асабліва поклічнае слова пісьменніка ў абарону міру і шчасце людзей, не застаецца непачутым. Як узмоцненае магутным паскаральнікам, яно перадаецца людзям, гартуючы гнеў і нянавісць да тых, хто ставіць чалавецтва перад безданню ядзернай катастрофы, памнажае сілы, усяляе ўпэўненасць і веру змагароў і прыхільнікаў міру за спакой і шчасце на зямлі.

Чытач ведае Анатоля Кудраўца як пісьменніка, які з першых сваіх апавяданняў і аповесцяў выступае шчырым і мужным выказнікам дум і пачуццяў савецкага чалавека, нашага сучасніка, імкнецца сказаць сваё, вынашанае слова аб яго подзвігах і велічных справах. У публіцыстыцы ён развівае і ўзбагачае сваю творчую пазіцыю, поклічным словам сцвярджае ідэі гуманізму, справядлівасці, прынцыпы камуністычнай маралі і грамадзянскасці.

У зборніку «За чужымі далямі» (1981) тры нарысы: «Лісты з Амерыкі», «Замалёўкі з выстаўкі» (аб паездцы ў ФРГ) і «Мангольскія штрыхі». Аўтар назваў іх дзённікам душы. І не без падставы. Здаецца, што можна новае сказаць пра ЗША? Мы не мала чыталі і ведаем пра гэтую капіталістычную краіну, дзе ўвесь час паглыбляецца бездань, што падзяляе глухой сцяной багатых і бедных, дзе выношваюцца жудасныя планы новай ядзернай вайны, дзе скрозь і ўсюды чыняцца насілле і грабяжы, забойствы і гвалтоўніцтва. У ЗША, як нідзе ў іншай краіне капіталістычнага свету, парушаюцца правы чалавека. Але праз тое, што мы прачытаем у нарысе «Лісты з Амерыкі», яшчэ выразней убачыцца для нас Амерыка сёння. Мы знойдзем праўдзівыя і жывыя штрыхі з жыцця і побыту амерыканцаў.

Нават пры агульным, як кажуць, беглым знаёмстве з гэтай «самай, самай» краінай аўтара ахоплівае трывожны роздум, у галаве рояцца супярэчлівыя думкі. З горкай іранічнай усмешкай пісьменнік для сябе ставіць пытанне, ці варта было некалі дзікі востраў, на якім пабудаваны Нью-Йорк, ператвараць у не менш дзікія каменныя джунглі.

Успамінаецца Аскар Неймер, бразільскі архітэктар, які марыў аб гарадах будучага, у якіх, яму мроілася, людзі зробяцца дабрэйшымі, а галоўнае — роўнымі. Такія гарады ў Амерыцы збудаваны, але людзі ў іх не сталі дабрэйшымі і не зблізіліся між сабой. Чаму? «Бяда ў грамадскім ладзе жыцця,— справядліва заўважае аўтар,— які не аб’ядноўвае, а наглуха адгароджвае чалавека ад чалавека».

Гэта заўважыў яшчэ М. Горкі, калі ў 1906 годзе пабываў у Нью-Йорку і назваў яго горадам «жоўтага д’ябла».

Ужо з першых крокаў чалавеку, які трапіў сюды, за акіян, раскрываюцца супярэчлівыя карціны амерыканскага «раю». А. Кудравец быў членам беларускай дэлегацыі на XXXIV сесіі ААН. Першае ўражанне, калі трапляеш у фешэнебельны будынак, дзе размяшчаецца Арганізацыя Аб’яднаных Нацый — гэта не проста дах, а храм, і гэта арганізацыя ўсясільная, і ўсе людзі — браты». Але вось пачалося абмеркаванне так званага працэдурнага пытання, і «бачыш, што вера твая наткнулася на нешта незразумелае». Неўзабаве ўсё праясняецца. Слухаеш дэбаты, бачыш, як прымаюцца рашэнні, і пачынаеш разумець, «адкуль растуць ногі ў гэтага рашэння». Аказваецца, слова «мір» і «разрадка» не даспадобы яшчэ многім...

Аўтар шчыра і праўдзіва расказвае, у якіх цяжкіх і складаных умовах працуюць нашы дыпламаты, якая абстаноўка ў гэты час на вуліцах і плошчах Нью-Йорка. Антыкубінская, антысавецкая істэрыя, паніка ў зале Генеральнай Асамблеі, з выпадку чуткі, нібыта тут пакладзена бомба, а пасля з выпадку з’яўлення ў небе самалёта, на борце якога знаходзіцца бомба, якую нехта хоча скінуць на будынак ААН — нібыта ў знак пратэсту супраць прыезду Фідэля Кастра... А затрыманне нашага самалёта ў аэрапорце Кенэдзі, узрыў бомбы ў кубінскай місіі — усё гэта ў той славутай Амерыцы, якая пахваляецца сваёй дэмакратыяй.

А Фідэль Кастра ўсё ж прыехаў у Нью-Йорк і выступіў на Генеральнай Асамблеі. Сваім палымяным выступленнем «узарваў лёд эмацыянальнага спакою» дэлегатаў. «Такіх дружных,— піша аўтар,— такіх чыстых, такіх працяглых апладысментаў Генеральная Асамблея яшчэ не ведала». Вельмі скупа, але выразна расказвае аўтар аб уражаннях ад выступленняў кіраўніка савецкай дэлегацыі А. А. Грамыкі. Задоўга да часу, калі мае быць яго выступленне, усе месцы ў зале заняты. Яго прамовы, якія вызначаюцца спакойнасцю голасу, дакладнасцю і яркасцю слова, яснасцю думкі, слухаюцца з вялікай увагай, пры актыўнасці залы.

Як вядома, А. Кудравец не першы з беларускіх пісьменнікаў і журналістаў, хто наведваў Амерыку. Мы маем цікавыя і змястоўныя, яркія нататкі з амерыканскіх паездак — апавяданні і нарысы М. Лынькова, вершы А. Куляшова, М. Танка, П. Панчанкі, Г. Бураўкіна, нарысы і вершы К. Кірэенкі, «Рэпартаж з рубцом на сэрцы» М. Лужаніна і інш. А. Кудравец, нягледзячы на службовую занятасць і абмежаваную «пляцоўку» назірання, здолеў знайсці свой падыход да тэмы, знайшоў цікавыя і яскравыя факты і дэталі. І па-свойму, па-кудраўцоўску адкрыў сваю Амерыку.

Перш за ўсё падкупляе праўдзівасць і шчырасць аб'екта апісання і даследавання, падкупае жывасць і падсвечаная тонкім лірызмам і зычлівай усмешкай манера пісьма «Лістоў з Амерыкі». Як і ў яго творах мастацкіх, у публіцыстычных нататках выразна бачна тэма Радзімы, і тут, за чужымі далямі «ўзнікае свая даль памяці». Дзе б ні быў савецкі чалавек, гуманіст і патрыёт, ён застаецца савецкім чалавекам, які, паважаючы чужое, заўсёды адстойвае сваё, з’яўляючыся сынам сваёй, савецкай Радзімы.

У тканіну амерыканскага матэрыялу вельмі дарэчы кладзецца расказ, скажам, таго ж Анатоля Мардовіча, аднаго з нашых пасланцаў, які знаходзіцца на сесіі ААН і які, як і яго калегі-пасланцы Беларусі, жыве думкамі пра Радзіму, пра дом. Асаблівы сэнс набываюць іх успаміны тут, на чужой кругом зямлі. Яны, гэтыя хлопцы, якія самі ўжо бацькі і нават дзяды, дзецьмі перажылі ў вайну яе жахі і жудасці, бачылі ўсё на свае вочы, самі паспыталі бяды-гора ў блакадах і фашысцкіх аблавах. А за акном, чытаем мы ў «Лістах», жыў і гудзеў горад. Горад, які ніколі не ведаў, што такое вайна. Правамерная заклапочанасць і трывога: ці можа гэты горад зразумець другі горад, для якога вайна — «усё яшчэ жывая, адкрытая рана»?

У «Лістах з Амерыкі» не абыдзены самыя вострыя і надзённыя праблемы сацыяльнага, эканамічнага і палітычнага жыцця ў сённяшняй Амерыцы. У ЗША, як нідзе ў іншай капіталістычнай краіне, бачна бездань, якая раздзяляе багатых і бедных: тут, як нідзе ў капіталістычным свеце, папіраюцца правы простага чалавека, аграбляецца і знясільваецца працоўны чалавек.

У Амерыцы законам забаронена жабрацтва, папрашайніцтва. «Кожны мае права на долар». Правільна, але паспрабуй, вазьмі яго. А голад не цётка, і беднасць вымушана шукаць шляхі, як абысці закон. І вось дзяўчынка ў «джынсах і лёгкай кофтачцы» на золкай вуліцы зарабляе сабе ігрой на скрыпцы. А гэты стары, што прымасціўся на брыжы тратуара з сабакам. Ля сабакі бляшанка з-пад кансерваў. А просіць не стары, а сабака...

Уражваюць малюнкі, якія трапляюць у кола зроку пісьменніка.

У Філадэльфіі — горадзе, як зазначае аўтар, больш еўрапейскім, ёсць мастацкі музей. Адзін з лепшых музеяў Амерыкі. Але і тут амерыканскія дзялкі ад рэкламы не ўтрымаліся — і тут умудрыліся знайсці лазейку для нажывы, выставілі васковую парнаграфію.

У кожным музеі, як абавязковы экспанат, васковыя фігуры прэзідэнтаў. Для кожнага адпаведная рэпліка, што выяўляе яго галоўную заслугу перад Амерыкай. Для Кенэдзі: «Яго любілі амерыканцы».

Цяжкае ўражанне ў аўтара і яго калегаў пакінула наведанне ў Нью-Йорку негрыцянскага гета. Тое, што яны пабачылі, жудасна і неймаверна. У Амерыцы 25 мільёнаў неграў. Яны жывуць у асобных раёнах — гета. У негрыцянскім гета Нью-Йорка — Гарлеме, пражывае больш мільёна неграў. «Па бруду, антысанітарыі і злачыннасці гэта самае страшнае з усіх гета, створаных белай Амерыкай для Амерыкі чорнай».

І гэта ў такой цывілізаванай, дэмакратычнай краіне? Няўжо праўда?

Так, на жаль, мы часам забываем, што капіталізм не перастаў быць тым, чым ён быў раней, і жыве ён на эксплуатацыі, насіллі і грабяжах. Каму-нікаму з нас і сёння джынсавая наклейка ці прывід мадэрновага аўтамабіля закрываецца фіктыўнай шырмай, з-за якой дрэнна бачацца сённяшнія ракетна-ядзерныя зубы імперыялізму.

Як не прыгадаць тут вытрымку з прыведзенага ў нарысе выступлення тагачаснага прэзідэнта Картэра па тэлебачанні: «Мы пераканаліся ў тым, што накапленне матэрыяльных каштоўнасцей не можа запоўніць пустату жыцця, у якім няма ні веры, ні мэты».

Здаецца, гэта зразумела. Гэта ісціна, але і ісціны патрабуюць абароны і тлумачэння!

«Замалёўкі з выстаўкі» — нататкі з першай савецкай прамысловай выстаўкі ў ФРГ, у Дзюсельдорфе, сталіцы зямлі Паўночны Рэйн Вестфалія. Выстаўка прайшла з незвычайным поспехам. Аб гэтым пісала прэса.

Беларусь паказвала свае тавары, якія экспартуюцца ў 90 краін свету. На канкрэтных, яркіх прыкладах чытач пераконваецца ў словах «Час — лепшы лекар», якія прыводзяцца ў нататках. Але не трэба забываць, што ў ФРГ, як і ва ўсіх капіталістычных краінах, яшчэ не зніклі варожасць, недавер, холад, якія былі пасеяны фашыстамі паміж нашымі народамі.

Сярод наведвальнікаў былі розныя людзі. Побач з тымі, хто шчыра верыць у супрацоўніцтва і дружбу паміж нашымі краінамі, былі і такія, каму хацелася б павярнуць кола гісторыі назад. Трапна заўважае аўтар, што яшчэ «ўдушлівы пах спаленага трыццаць цяць гадоў назад пораху і цяпер рэальна чуецца ў паветры».

Але сілы міру і святла непераможныя. У гэтым пераконваешся, чытаючы «Замалёўкі з выстаўкі». І яшчэ. У нейкай ступені пазнаеш тое, што вялікі гуманіст-інтэрнацыяналіст Томас Ман назваў «загадкай характару і лёсу нямецкага народа».

Яшчэ адзін, звычайны нарыс з падарожнага цыклу — «Мангольскія штрыхі» — дапаўняе агульную карціну, што прывозіць А. Кудравец з замежных паездак, свае назіранні ў чужых даляглядах. Вельмі шчырыя і цёплыя яны ад сустрэчы з Манголіяй. І тут мы бачым людзей, з якімі сустракаецца пісьменнік. Цікавая, удала выкарыстаная дэталь. Чамусьці манголы яму ўяўляюцца такімі, як партызан Міша Чорны, які некалі, у час акупацыі, «любіў, на зайздрасць нам, хлапчукам, як чорт, праляцець на кані цераз нашу Аколіцу...». Аказваецца, гэты ліхі партызан стане пасля вайны вядомым калмыцкім паэтам Міхаілам Хонінавым!

Удалыя аўтарскія рэмінісцэнцыі, якія раскрываюць перад чытачом далёкую гісторыю гэтага народа, «тыя часы, калі шматмільённыя разнамоўныя плямёны Чынгісхана «невялікі тады чалавечак» сабраў і аб’яднаў у адну вялікую сілу. Інстынкт заваёўнікаў страшэнным вогненным валам пракаціўся па Азіі і Еўропе, змятаючы на сваім шляху гарады і краіны, народы, іх культуру. Тут далей выдатна развіваецца думка аб тым, як і чаму той жа Чынгісхан пацярпеў крах. Аўтар піша: «Як і многія іншыя заваёўнікі, ён хацеў зрабіць немагчымае і прымусіць цывілізацыю працаваць на варварства і прымусіць многія народы жыць у рабстве...»

Добры ўрок для сённяшніх, аслепленых нейтронным чадам чынгісханаў і самуэляў, злосных падпальшчыкаў новай вайны!

Народ, якога да рэвалюцыі 1921 года нават сусветна вядомыя вучоныя доўгі час лічылі асуджаным на выміранне, паспяхова будуе сацыялізм, новае жыццё. Без прыгнятальнікаў і капіталістаў. Паспяхова развіваецца нацыянальная культура, літаратура. Савецкія літаратары — госці мангольскіх калегаў — знаёміліся з жыццём і бытам сённяшняй Манголіі. Калі мы былі ў тэатры, глядзелі оперу «Між сумных гор» Б. Дамдзінурына на лібрэта Д. Нацагдорэна, заснавальніка сучаснай нацыянальнай літаратуры, піша аўтар, то яму нагадаліся спектаклі Віцебскага драмтэатра, дзе паказалі спектакль па паэме Я. Коласа «Сымон-музыка»... Яму, які шмат зрабіў для паэзіі, прозы і драматургіі, лёс не даў больш як прагучаць адзін год.

«Я пішу пра Дашдаржыйна Нацагдорэна, аснавапаложніка сучаснай мангольскай літаратуры, а думаю пра другіх вельмі дарагіх людзей — Лермантава, Багдановіча...»

«Усё тое, што бачылася,— даверліва кажа А. Кудравец — так хораша кладзецца на душу». Гэта і сустрэчы ва Улан-Батары, шчырыя гутаркі ў Саюзе пісьменнікаў, наведанне помнікаў мангола-савецкай баявой садружнасці, музеі, манастыр «Гандан», выступленне ансамбля народнай песні і танца... «І ўсё ж,— піша аўтар,— мы жылі, як быццам чакаючы нечага». Паездка па Манголіі пакінула самае найлепшае ўражанне.

Заканчваючы свае мангольскія замалёўкі, А. Кудравец гаворыць: «Барацьба за сацыялізм барацьба за новага чалавека, барацьба з невуцтвам, забітасцю, барацьба за культуру, за здароўе».

Свае ўражанні аб гэтай краіне аўтар завяршае так: «Пабляклі, быццам адступілі ў цень многія дробязі, дэталі, малюнкі... Але не паблякла, не здрабнела галоўнае — радасць ад сустрэчы з гэтай цудоўнай краінай, з яе мудрымі, працавітымі і мужнымі людзьмі».

Жывое дыханне жыцця і бег часу, аўтарскае ўменне назіраць вакол сябе, жывасць і яркасць слова, глыбокае асэнсаванне ўбачанага — усё гэта, чым багата мастацкая палітра пісьменніка, поўна рэалізавана ў публіцыстычнай кніжцы А. Кудраўца «За чужымі далямі».


1982?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан