epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Вышыні народнага ідэалу

Жыццё і творчы шлях Міхася Лынькова — узыходжанне чалавека з нізоў да вяршыняў чалавечай культуры і здзяйснення высокай мары служэння свайму народу, змаганне за лепшыя яго ідэалы. Міхась Ціханавіч нарадзіўся ў 1899 годзе ў вёсцы Зазыбы, на Віцебшчыне, у сям'і беднага селяніна, які ў пошуках шчасця і хлеба становіцца рамонтным рабочым на чыгунцы. У чыгуначнай будцы, пад Магілёвам, а пасля недалёка ад Рагачова прайшлі маленства і юнацкія гады пісьменніка.

Дзяцінства было беднае, гаротнае, бо зарабляў бацька не надта — на хлеб не хапала, але незабыўнае. Шчымлівай радасцю ўваходзіла ў душу наваколле: і сама чыгунка, якую абступалі лясы, і недалёкія ад пераезду квяцістыя лугавіны. Ці не адтуль, з мрояў далёкага юнацтва, і бралася тое непаўторнае хараство роднай прыроды, якое з такой шчодрасцю рассыпана па творах пісьменніка.

Вучыўся Міхась Лынькоў у народным вучылішчы ў вёсцы Старое Сяло, што мясцілася недалёка ад чыгуначнай будкі, пасля ў Рагачове, у двухкласнай школе; у лютым 1917 года скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю. Запас ведаў папаўняўся і самастойна, у самай надзейнай школе — жыцці. У буднях настаўніцкай працы ў Ліпінічах Буда-Кашалёўскага раёна, у барацьбе з германскімі і белапольскімі акупантамі, бандамі Булак-Балаховіча і на вайсковай службе ў Заходняй Сібіры, Пермскай вобласці, на Урале...

Пасля дэмабілізацыі — зноў у школе, з восені 1922 года ў мястэчку Свержань, на Рагачоўшчыне. Міхась Лынькоў бярэ ўдзел у стварэнні камітэтаў узаемадапамогі на вёсцы, спрабуе пяро селькора. У маі 1925 года М. Лынькова вылучаюць сакратаром рэдакцыі Бабруйскай акруговай газеты «Камуніст», дзе ён пасля працуе два гады рэдактарам. Па ініцыятыве Міхася Лынькова, які сам пісаў вершы, нарысы, фельетоны, у Бабруйску выдаваліся літаратурныя альманахі «Вясна» і «Уздым». Адсюль прыйшлі ў літаратуру Алесь Жаўрук, Барыс Мікуліч, Аляксей Зарыцкі, Васіль Вітка, Сяргей Грахоўскі, Хвядос Шынклер, вядома, з лёгкай, сяброўскай рукі Міхася Ціханавіча.

Міхась Лынькоў у 1926 годзе ўступіў у члены Камуністычнай партыі. Пачалася яго плённая літаратурная дзейнасць, якая шчодра адарыла беларускую літаратурнаю ніву. З прыходам у літаратуру Міхася Лынькова (яго першыя апавяданні друкаваліся на старонках «Камуніста» і ў альманаху «Уздым» у 1926 годзе) беларуская проза ўзбагацілася новымі, арыгінальнымі вобразамі, па-горкаўску ўзнёсла-рамантычнымі, па-народнаму выразнымі і яркімі, прасякнутымі гуманістычным пафасам. К. Крапіва, аналізуючы творчасць М. Лынькова, адзначаў, што ўжо ў першых яго творах — «Гой», «Над Бугам» выявіўся не толькі талент пісьменніка, але і яго грамадская сталасць. Я. Колас, калі ў 1934 годзе разглядаў першы буйны твор пісьменніка «На чырвоных лядах», назваў М. Лынькова выдатным майстрам слова, адзначаючы, што наогул яго мова дужа багатая, лексічны запас аўтара вельмі значны. Высока ацэньваючы мастацкае слова пісьменніка, Пятро Глебка пісаў: «Лірычную плынь унёс у нашу празаічную мову М. Лынькоў. У яго творах мы знаходзім надзвычай паказальныя ўзоры іранічнай мовы. Шмат цікавага і трапнага ў своеасаблівай лынькоўскай лексіцы».

Вядома, што тут добра саслужылі і багаты жыццёвы вопыт, і старанная вучоба ў М. Горкага, Т. Шаўчэнкі, Я. Коласа, Я. Купалы...

Міхась Лынькоў прынёс у літаратуру сваю тэму, свой свет герояў і вобразаў, адметную, чыста лынькоўскую творчую манеру пісьма, сцвердзіў сваю стылёвую плынь. Магістральная тэма — грамадзянская вайна — жывой ніццю прашывае творы, што выйшлі асобнай кніжкай у 1927 годзе пад назвай «Апавяданні». Малюючы асобныя эпізоды і падзеі грамадзянскай вайны, пісьменнік падкрэслівае яе вызваленчы пафас, гераізм народа, якраз гэта было тое, чаго не хапала нашай маладой літаратуры. У лынькоўскіх апавяданнях яскрава высвечвае думка аб тым, што ў гарніле рэвалюцыі, у змаганні за новы сацыяльны лад, за лепшую будучыню перакоўваецца і сам чалавек, правяраюцца яго чалавечыя якасці. Такія менавіта яго героі Васька Шкетаў і Ванька Разанскі з апавядання «Над Бугам».

Пафас рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, як вядома,— асноўныя матывы, якімі жывяцца не толькі раннія творы пісьменніка. Да злюблёнай тэмы Міхась Лынькоў вяртаецца і пазней. Асаблівай творчай удачай з’яўляюцца яго творы для дзяцей і юнацтва. І найперш аповесці «Міколка-паравоз», «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» — вабяць і хвалююць чытача суровай і нязгаснай рамантыкай рэвалюцыі, героікай паходаў і баёў... Вобразы дзяцей — жывыя, непасрэдныя ў сваім успрыняцці навакольнага свету, кемлівыя, знаходлівыя, ім верыш, ім хочацца следаваць. Яны — прыклад для жыцця, для выпрацоўкі характару і гартавання грамадзянскасці.

Сказаўшы сваё, праўдзівае і яркае слова пра рэвалюцыю, грамадзянскую вайну, пісьменнік жыве агульнымі задачамі і праблемамі часу, імкнучыся з такой жа мастацкай сілай адлюстраваць мірную працу савецкіх людзей, з якой апавядаў пра гераізм народа ў змаганні за сваю народную ўладу, супраць злосных ворагаў — інтэрвентаў. Станаўленне, развіццё і духоўны рост савецкага чалавека, яго выхаванне ў працоўным калектыве, у працэсе супольнай працы, у барацьбе за новае, светлае жыццё — такі ідэйны змест і пафас твораў Міхася Лынькова дваццатых і трыццатых гадоў. Як і наогул усё, што створана пісьменнікам за амаль паўстагоддзе творчай працы. Яго даваенныя апавяданні — гэта гімн, натхнёная песня рабочаму чалавеку, сцвярджэнне гуманістычна-выхаваўчага ідэалу ў сацыялістычным грамадстве. Героі М. Лынькова любяць працу, без справы, без занятку, яны не могуць «уседзець»...

Міхасю Лынькову, побач з Якубам Коласам і Хвядосам Шынклерам, належыць адкрыццё і стварэнне вобразаў чыгуначнікаў у беларускай літаратуры. З любасцю, ярка і дакладна ўзнаўляе пісьменнік жыццё, працу і побыт чыгуначных рабочых. Дастаткова прыгадаць адно з яго апавяданняў, што стала хрэстаматыйным,— «Андрэй Лятун», каб пераканацца, як па-майстэрску М. Лынькоў апавядае, паэтызуе працоўную дзейнасць простага чалавека. Вобраз старога чыгуначнага машыніста Андрэя — адзін з самых яркіх, каларытных вобразаў рабочага чалавека ў беларускай прозе даваеннага часу. Мова гэтага, як і многіх іншых твораў пісьменніка, узнёслая, афарыстычная — так званая рытмічная проза, якая вызначаецца яркасцю фарбаў і багаццем адценняў. Патэтычна-ўзнёслыя маналогі скрапляюцца мудрай разважлівасцю героя. «Я машыніст,— разважае Андрэй,— па рэйках хаджу, з іх не зварочваю. І выходзіць — усе мы паны аднолькавыя, усе мы па рэйках ходзім, жывём на іх...»

Своеасаблівы, светлы і моцны сапраўднай народнасцю гумар, паэтычнае ў звычайным, будзённым, схільнасць да яркіх, рамантычных фарбаў — усё гэта ёсць у творчасці М. Лынькова, што, бясспрэчна, збліжае яго з Якубам Коласам; іх даўгалетняя таварыская дружба спрыяла творчаму росту, узбагачэнню творчасці новымі, маштабнымі вобразамі. «Баян», «На вялікай хвалі», «Талісман» і іншыя — густа населеныя героямі працы. Іх грамадская актыўнасць, грамадзянскасць сталее і мужнее пад уплывам супольнай працы, пры чуласці і чалавечнасці людзей, згуртаваных у калектыве, сагрэтых клопатамі сацыялістычнага грамадства.

Міхась Лынькоў быў удзельнікам вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў 1939 годзе за ўз’яднанне заходніх абласцей Беларусі ў адзінай Савецкай дзяржаве. Па гарачых слядах, на фактычным матэрыяле напісаны апавяданні, сабраныя ў кніжцы «Сустрэчы» (1940). Пісьменнік, які прайшоў у той чырвоны верасень з войскамі па вызваленых гарадах і вёсках, сказаў сваё ўсхваляванае, шчырае слова пра векапомную падзею, стварыў яркія, запамінальныя вобразы адзінакроўных братоў-беларусаў, якія пакутавалі пад прыгнётам пілсудчыкаў і змагаліся ў падполлі. Гэтыя вобразы не страцілі сваёй прывабнасці і прыцягальнай сілы, вытрымалі выпрабаванне часам. Такое і апавяданне «Ядвісін дуб», дзе ў цэнтры ўвагі парабчанка Ядвіська, на долю якой выпала цяжкае дзяцінства, гора і пакуты, якіх яе, як і ўсіх працоўных заходнебеларускіх зямель, пазбавіла Чырвоная Армія.

Шлях да вялікага эпасу ў творчасці М. Лынькова ляжаў праз апавяданні і аповесці — у кожнай новай рэчы ён дамагаўся найбольш шырокага ахопу рэчаіснасці і глыбіннага, праўдзівага адлюстравання рэалій жыцця. У першы год Вялікай Айчыннай вайны Міхась Лынькоў рэдагуе франтавую газету «За Савецкую Беларусь», часта выступае з артыкуламі і фельетонамі, у якіх з'едліва высмейвае і кляйміць Гітлера і яго памагатых — фашысцкіх ваякаў і іх паслугачоў, здраднікаў свайго народу. Апавяданні ваеннага часу сабраны ў кніжцы «Астап», яна прыйшла да беларускага чытача разам з вызваленнем у 1944 годзе. Гэты сціплы, невялікага фармату зборнічак быў адной з першых кніг, выдадзеных у вызваленым Мінску. У ёй адзінаццаць апавяданняў і навел, напісаных у цяжкі час ліхалецця, далёка ад роднай беларускай зямлі. У кожным — непадробная героіка, услаўленне самаадданай барацьбы савецкіх людзей супраць ворагаў — фашысцкіх акупантаў. Праўдзіва і ярка пісьменнік выяўляе патрыятызм і мужнасць свайго народа, таленавіта падае характэрныя эпізоды народнага змагання ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму, падкрэслівае, што ў час суровых выпрабаванняў зброю ўзялі ў рукі ўсе, нават старыя, жанчыны і дзеці. Надоўга ў памяці застануцца і дзед Астап, што завёў фашыстаў у багну, з аднайменнага апавядання, і маладая падпольшчыца Рэня з апавядання «Салют», і самаахвярная партызанка Ірына з аднайменнай навелы, і падлетак Міколка з кароткага, хвалюючага апавядання — навелы «Васількі»... Усе яны — гарачыя патрыёты, помснікі, якія ненавідзяць гітлераўцаў за кроў і слёзы свайго народа,— свядома ідуць на смерць. Так гіне Міколка, але гіне з усведамленнем выкананага абавязку, з усмешкай на вуснах. Трагічная, але аптымістычная ў сваёй выяве навела, адзначала крытыка, напісана крывёю сэрца.

У тыя агнявыя гады пісьменнік збірае матэрыялы для вялікага мастацкага палатна аб пародным подзвігу за свабоду і незалежнасць Савецкай Радзімы. Напісанае вылілася ў раман-эпапею «Векапомныя дні», які быў выдадзены ў 1958 годзе ў чатырох тамах. Праз дзесяць гадоў пісьменнікам створана новая рэдакцыя кнігі, адзначаная Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа. Па раману «Векапомныя дні» створаны цікавы і змястоўны радыёспектакль.

Раман «Векапомныя дні» — знаходзіцца сапраўды між маштабных твораў беларускай прозы аб Вялікай Айчыннай вайне. Пісьменнік застаецца верным сваёй тэме — уславіць і ўвекавечыць гераізм і мужнасць свайго народа ў барацьбе з ворагамі, за свабоду і шчасце сацыялістычнай Айчыны. На фактычным матэрыяле партызанскай барацьбы ў акупіраванай Беларусі, скарыстоўваючы подзвігі і сапраўдныя біяграфіі легендарных партызан, партызанскіх камандзіраў, пісьменнік стварыў цікавыя і праўдзівыя вобразы — Васіля Саколіча, бацькі Мірона, Слышэні — кіраўнікоў і арганізатараў партызанскага руху, а таксама многіх радавых удзельнікаў народнага супраціўлення. Гэта — ляснік Астап Канапелька, Сілівон Лагуцька, а таксама Саўка Чмаруцька, адзін з найбольш яркіх, народных тыпаў-характараў, якіх ведае сучасная беларуская проза.

Выдадзеная ў 1962 годзе кніга «За акіянам», сабраныя ў ёй апавяданні, нарысы, нататкі і замалёўкі ўзнаўляюць нам свет, дзе «духам чыстагана прасякнута ўсё: грамадскае жыццё, людзі, мараль, мастацтва, літаратура». З’явы і факты, пакладзеныя ў аснову твораў, пісьменнік назіраў, бываючы ў розных зарубежных краінах, у тым ліку і ў Злучаных Штатах Амерыкі. Міхась Лынькоў некалькі разоў быў членам урадавай дэлегацыі Беларускай ССР на сесіях Генеральнай Асамблеі ААН.

Міхась Ціханавіч Лынькоў са студзеня 1953 года — акадэмік Беларускай Акадэміі навук. Пасля вайны працяглы час працаваў дырэктарам інстытута літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР. Амаль на працягу дзесяці гадоў, з 1938-га па 1 сакавіка 1948 года М. Ц. Лынькоў узначальваў Праўленне Саюза Пісьменнікаў БССР.

М. Ц. Лынькоў з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета рэспублікі, спалучаючы пісьменніцкую працу з актыўнай грамадскай і навуковай дзейнасцю. У 1962 годзе ўрад Беларускай ССР надаў яму годнасць народнага пісьменніка.

Адзін са старэйшых і выдатных савецкіх пісьменнікаў Міхась Ціханавіч Лынькоў узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Чырвонай Зоркі і многімі медалямі.

Жыццё і творчасць Міхася Лынькова, выдатнага мастака слова, актыўнага грамадскага дзеяча, вучонага і публіцыста, барацьбіта за мір і дружбу паміж народамі,— яскравы прыклад самаадданага служэння роднай Камуністычнай партыі, членам якой ён з’яўляўся амаль паўвека, свайму народу, сацыялістычнай Бацькаўшчыне, якую ён славіў нястомна, сілай свайго вялікага народнага таленту, сагрэтага шчодрым сэрцам камуніста і грамадзяніна.

...Помню, што ў дзень 75-годдзя з дня нараджэння М. Ц. Лынькова, жадаючы добрага здароўя і творчага даўгалецця любімаму пісьменніку і настаўніку, я прывітаў юбіляра тады, 30 лістапада 1974 года, словамі аднаго з яго цудоўных герояў — машыніста Андрэя Летуна: «— Эх, і ляцім, браткі, даганяй — не дагоніш!»

Пры сустрэчы неяк пасля Міхась Ціханавіч з уласцівым яму цёплым гумарам падзякаваў і дадаў: «Дзярзай, уюнаша!..»


1986?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан