epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

З апошняй вайны

Творы, якія ўвайшлі ў кнігу Р. Няхая «Навальнічнае рэха», прысвечаны пераважна героіцы савецкіх людзей у час Вялікай Айчыннай вайны.

Проста, скупымі фарбамі малюе пісьменнік аблічча старога маўклівага чалавека — школьнага вартаўніка і яго спадарожніцы — Аннушкі (апавяданне «Каліна»). «Колькі Каліна з Аннушкай працавалі ў школе, ніхто не памятае, бо настаўнікі мяняліся, а яны заставаліся і лічылі сябе тут поўнымі гаспадарамі».

Звычайныя будзённыя справы. Але апавяданне хвалюе, кранае. Перад вачыма, як жывы, стаіць Каліна Іванавіч, высокі, ссутулены чалавек, з пасівелай галавой, які ніколі не стамляўся, для якога «школа — яго родны дом, яго радня, і нічога не было на свеце даражэй за школу». Адметнасць і прывабнасць героя — у яго праўдзівасці, верагоднасці ўчынкаў, у арыгінальнасці характару.

Хвалюе і апавяданне «Страказа». Запамінаецца вобраз галоўнай гераіні Галі, якую хлопцы-партызаны празвалі Страказой. Няма патрэбы пераказваць сюжэт апавядання. Дарэчы, ён вельмі просты і стройны. А гэта якраз і ўпрыгожвае твор.

Галя «худзенькая такая, але рослая. На твары лёгкія вяснушкі, у яе бялявыя косы, а вочы сінія, як у брата». Яе брат Васіль — начальнік штаба партызанскага атрада. Да Галі на сустрэчу ідзе Андрэй, разведчык, хлопец з Беларусі. А дзея адбываецца на Украіне, ці на мяжы ўкраінскага і беларускага Палесся. Гэта адчуванне братняй дружбы добра перададзена ў творы; «...на Палессі не разбярэш, дзе канчаецца Украіна, а дзе пачынаецца Беларусь. Бывала, пачуюць песню беларусы з украінскага сяла, падхопяць яе і нясуць адгалоскамі аж да Прыпяці, а беларуская песня адгукаецца водгуллем недзе аж за Дымерам».

Андрэй пазнаёміўся з Галяй на вечарынцы. Самымі, здаецца, нязначнымі, дробнымі штрышкамі вылеплівае аўтар вобраз дзяўчыны-патрыёткі: як яна адвярнулася ад Андрэя і змоўкла, калі той сказаў, што ён нібыта на станцыі грузіць хлеб у Германію; як прыхінулася яна да яго пляча, калі пачула пра свайго брата, а потым адхінулася, прашаптала:

«— Вы хлусіце! У мяне нікога няма, і я нікога не ведаю».

Галя стала сувязной, разведчыцай. Андрэй навучыў яе карыстацца мінамі, і яна перадавала іх знаёмым чыгуначнікам, а тыя падкладалі пад вагоны. Страказа была любіміцай лагера. «Калі Галя рассмяецца, дык у яе смяецца ўсё адразу — і вочы, і вусны, і голас...»

Вобраз бясстрашнай, сінявокай паляшучкі Галі,— падгледжаны ў жыцці і ўмела перанесены ў мастацкі твор,— удача апавядальніка.

На жывым, канкрэтным матэрыяле з часоў Вялікай Айчыннай вайны напісана аповесць «У адной сям’і». Аповесць задумана цікава, па-свойму. Яе пачатак — так званая экспазіцыя, дзе аўтар знаёміць чытача са сваімі героямі, з абстаноўкай,— адразу пераконвае, змушае верыць аўтару. Чытач перажывае, трывожыцца за лёс дзяцей, на якіх разам з дарослымі абрушылася страшэннае гора — вайна.

У аповесці ёсць асабліва хвалюючыя сцэны. Яны даюць яркае ўяўленне аб цяжкасцях і нягодах, што выпалі на долю камсамолкі Валі і яе спадарожнікаў. Пісьменнік знайшоў праўдзівыя, цёплыя словы для абмалёўкі вобразаў бабулі Манухінай, Марыі Іванаўны, для выяўлення высакародных пачуццяў мацярынскай ласкі і замілаванасці да дзяцей, мужнасці і рашучасці, калі трэба было іх абараніць.

Марыя Іванаўна ўбачыла, што ля магазіна да аднаго іхняга хлопчыка Васілька прычапіўся паліцай — канапаты Стась, яна яго ведала, і цяпер усё нутро ў яе гарэла ад гневу і абурэння. Яна абараняе Васілька ад чалавека-звера, а потым дапамагае Валі ў цяжкія хвіліны роспачы.

Валя дазналася, што канапаты Стась — бацька аднаго з яе хлопчыкаў — Жорыка, і разгубілася. Што рабіць? Бацька — паліцай, а сын — добры хлопчык, піянер, яе памочнік. І тут ёй на дапамогу прыходзіць разважлівая Марыя Іванаўна. Яны выпраўляюць Жорыка на ўскраіну, да бабкі Манухінай, у якой ужо жыла адна дзяўчынка з гэтай своеасаблівай сям’і — Верачка.

Аўтар знайшоў запамінальныя словы і фарбы, каб вымаляваць прыгажосць і хараство душы такіх людзей, як Марыя Іванаўна, Валя... Скупыя, але выразныя пейзажныя замалёўкі дапаўняюць, узмацняюць уздзеянне на чытача.

Варта сказаць і аб мове, якая з’яўляецца, як вядома, першаэлементам, асновай усякага мастацкага твора. Мова ў Р. Няхая наогул паэтычная. Пісьменнік валодае ўменнем знайсці такое слова, якое ў спалучэнні з іншымі раптам заблішчыць усімі адценнямі і колерамі; валодае ён і майстэрствам дыялогу.

Аповесць «Гудкі абуджаюць вясну» закранае важную, надзённую тэму — нараджэнне рабочага класа ў заходніх абласцях, выхаванне лепшых рыс савецкага працаўніка ў грамадскай жыццёвай кузні — працэсе калектыўнай працы.

У вёсцы Гаранка арганізуецца калгас. Адны ставяцца да яго насцярожана, другія, як Пучынскі, падалі першымі заявы. І кулакі-хутаране падпалілі пуню Пучынскага. Сусед яго, пячнік і цясляр Васіль Казлюк пасля доўгага роздуму вырашае пайсці на завод, што пачынае будавацца непадалёк, ля чыгункі. Ён там сябруе з вядомым мулярам Пятром Букатым і становіцца лепшым будаўніком. Праз некаторы час Васіль забірае да сябе сына Стасіка, выпускніка школы-сямігодкі.

Паступова, крок за крокам пісьменнік вымалёўвае характар чалавека-працаўніка, не ўтойваючы, што ў яго душы сядзіць нейкі «чорцік», у свядомасці — яшчэ адзнакі мінуўшчыны. Разам з тым, гэта ўжо чалавек, які ідзе смела насустрач новаму, імкнучыся заняць не апошняе месца ў грамадзе будаўнікоў шчаслівага жыцця. Яго сэрца шчыра адгукаецца на покліч гудкоў, што клічуць на вялікую работу.

Можна спрачацца, наколькі мае рацыю аўтар, калі ўзяў ды «вырваў» Васіля Казлюка з таго асяроддзя, у якім жылі яго бацькі і дзе таксама абудзілася вясна, але адно бясспрэчна — праявы і зрухі ў душы Васіля бачныя і верагодныя.

Вялікае месца ў аповесці адведзена моладзі. Гэта сын Казлюка Стасік, Гануся, Федзя Сыраквашка, камсамольцы-падпольшчыкі, якія пададзены праз успаміны аднаго з жывых удзельнікаў падполля.

Паклаўшы ў аснову твора жыццёвыя факты і з’явы, пісьменнік, на жаль, мясцінамі звёў усё да звычайнай апісальнасці. Тут больш, чым «У адной сям’і», дае сябе адчуць хісткасць архітэктонікі, залішняя ўскладнёнасць сюжэта. Некаторыя персанажы бязлікія, схематычныя: апісальнасць падзей мала садзейнічае высвятленню ідэйнай задумы. Неяк не ўвайшлі ў арганічную тканіну твора ўсе гэтыя хвашчынскія, блажэвічы і волакі, хоць самі па сабе абмаляваны і выразна. Здаецца, гэта таму, што пісьменнік не адбіраў матэрыял уважліва.

На нашу думку, пісьменніку лепш удаліся апавяданні і замалёўкі.

Першая — «Наваселле», гісторыя адной хаціны, якая «цяжка сказаць, колькі прастаяла на ўзбярэжжы», «на вугле віднелася ржавая паламаная шыльдачка з лічбай 185...». Хатка гэтая, канечне, толькі зачэпка. Пісьменнік вельмі хораша і прачула расказвае аб яе жыхарах — добрых і вясёлых людзях.

Старая згорбленая хаціна, якую, калі дайшла чарга, бульдозерам так падчапілі, што аж «струхнелыя бярвенні рассыпаліся ва ўсе бакі»,— увасабленне старога Мінска, ад якога цяпер не застаецца і знаку.

На руінах і папялішчы вырас новы Мінск. І шафёр-дэпутат, які ўважліва выслухоўвае справядлівыя заўвагі аб непаладках у рабоце гарадскога транспарту, і інжынер-будаўнік, што турбуецца аб азеляненні гарадскіх праспектаў, і сціплая дзяжурная вакзала, заклапочаная, як лепш сустрэць і абслужыць пасажыраў,— людзі, якія сваімі рукамі адбудоўваюць родны горад, беларускую сталіцу.

Рыгор Няхай — сведка і ўдзельнік тых незабыўных навальнічных дзён, якія ўвайшлі ў тканіну яго твораў. Пісьменнік натхняецца велічнымі справамі, якімі жывуць яго героі-землякі.

Перад юбілеем — 70-годдзем з дня нараджэння, які прыпадаў на лістапад 1984 года, чытачы маюць збор твораў Рыгора Няхая ў двух тамах. Своеасаблівы экзамен перад народам, мужным і адданым сынам якога па праву можа лічыць сябе Рыгор Восіпавіч, воін і патрыёт, пісьменнік-інтэрнацыяналіст.


1959?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан