epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

З барыкадаў гневу

Што даты? Гэта толькі вехі Гісторыі.

Пімен Панчанка

 

Думаецца, не выпадкова назваўся ён Звестуном — такі Піліп Пестрак выбраў сабе псеўданім. Мастацтва, зразумеў ён яшчэ студэнтам Самарскага універсітэта, павінна служыць народу; паэзія заклікала актыўна ўздзейнічаць на розум і сэрцы людзей, гартаваць іх грамадскую актыўнасць. А паэт і ёсць вястун лепшай долі, шчаслівай будучыні для свайго прыгнечанага на той час народа.

Жахлівыя малюнкі галечы і беднасці адкрыліся перад будучым паэтам у роднай вёсцы Сакаўцы на Брэстчыне, куды сям’я Пестрака вярнулася з бежанства ў лістападзе 1921 года. Голад і холад стаялі на парозе кожнай сялянскай хаты. Той жа зімою сям’ю Пестракаў напаткала бяда-гора. Памерлі ад тыфу бацька, сястра і брат, а Піліп ледзь адкараскаўся ад хваробы. Акрыяўшы крыху, Піліп Пестрак ідзе «ў людзі» — ён стаў у Косаве на лесапільні грузіць бярвенне. Тут адкрылася для яго суровая школа народнага жыцця. Служба ў купцоў-лесапрамыслоўцаў лесніком пад Слонімам яшчэ больш пераканала вясковага хлопца, што ніколі не можа быць згоды і міру паміж прыгнятальнікамі і прыгнечанымі. Вайсковая служба пацвердзіла гэтае перакананне, абвастрыла класавыя пачуцці.

Не дзіўна, што з першага верша «Наперад, гэй...», які быў змешчаны 20 чэрвеня 1926 года ў часопісе «Родныя гоні», Звястун выступае як свядомы выразнік думак і настрою прыгнечанага селяніна, сезонніка-рабочага.

Звястун вялікай вясны— «сын прастораў неабнятых, радзімых гоняў, родных ніў», П. Пестрак шчыра, сыноўняй любоўю любіць свой край, выказвае гарачае жаданне бачыць яго свабодным, у квітненні. Матыў волі і збавення ад прыгнёту гучыць выразна і моцна ў тым жа вершы: «Уставай, галодны беларус, служыць радзімай справе, скінь з плеч прыгоны і прымус, здабудзь дарогу к славе!»

Абраўшы сабе літаратурную дарогу, П. Пестрак смела і ўпэўнена церабіў шлях новай рэвалюцыйнай паэзіі. Творчасць Я. Купалы, Я. Коласа, М. Горкага, У. Маякоўскага была для маладога паэта ўзорам высокапаэтычнага і праўдзівага адлюстравання народнага жыцця, рэчаіснасці. Яго натхняла вера ў светлае будучае свайго краю, ва ўз’яднанне беларускага народа ў адзінай дружнай сям’і.

Выпрабаванні і гарт змагара вызначылі ўвесь напрамак паэзіі П. Пестрака. Першы раз паэта арыштоўваюць 3 лютага 1927 года. «З таго часу,— піша ва ўспамінах Піліп Сямёнавіч,— усё жыццё аж да вызвалення (1939) запоўнена было працаю ў падполлі, арыштамі і турмамі».

Да 11 чэрвеня ён сядзеў у турме ў Пружанах і Гродна. А 14 студзеня 1929 года — другі арышт. Акруговы суд даў яму тры гады. Апеляцыя дадала яшчэ два гады. Адсядзеў у Гродна. У верасні 1933 года Піліп Пестрак накіроўваецца ў Пінскую акругу інструктарам ЦК КПЗБ. 22 лютага 1934 года яго выдае правакатар, і П. Пестрак трапляе зноў за краты. Каля двух год сядзеў ён пад следствам у Пінскай турме. У лістападзе 1935 года яго судзілі ў Вільні і далучылі да судовага працэсу беларускіх літаратараў. Паэт-рэвалюцыянер атрымаў шэсць гадоў зняволення. У лістападзе 1936 года П. Пестрака ў ліку іншых палітзняволеных пераводзяць у гродзенскі астрог, адкуль ён і быў вызвалены 22 верасня 1939 года Чырвонай Арміяй.

Адзінаццаць гадоў зняволення — адзіночкі, допыты, карцэры, галадоўкі, барацьба з астрожнай адміністрацыяй за правы палітзняволеных — сапраўды цярністы шлях падпольшчыка-камуніста. Магутным сродкам барацьбы ў руках паэта стала паэтычнае слова. Звяртаючыся да яе, паэзіі, Звястун усклікае:

 

Дай, паэзія, меч прамяністы,

Слова-гарт, слова-кліч, слова-бой!..

 

Многія вершы паэта, напісаныя ў турме, на этапных дарогах на шматках паперы — «грыпсах», загублены беззваротна, у тым ліку і паэмы «Ганцы», «Закатаваныя», «Шум сасон».

У вершах і песнях Піліпа Пестрака няма смутку, няма роспачы і адчаю, а ёсць жывыя праявы жыцця, пераконанасць змагара, сцвярджэнне свабодалюбных рэвалюцыйных ідэалаў. Перапоўнены пачуццём і замілаванасцю да роднай зямлі, да роднага краю, паэт чуйна ловіць і пах грачаных палеткаў, і думны шум бору і плёскат хваляў Нёмана...

Разам з тым, непрымірымасць, гнеўная нянавісць да ворагаў-паноў, якою напоўнены многа якія вершы, гартавалі сэрца паэта-барацьбіта.

У тыя палымяныя гады П. Пестрак у кагорце змагароў-літаратараў быў на барыкадах гневу, вершам пілаваў краты. Як пісаў сам паэт, ва ўмовах змагання з санацыйным рэжымам асяродкам яго паэзіі была «барацьба за край Саветаў, за сваю Айчыну».

У астрогах не аціхала жыццё — рэвалюцыянеры і за кратамі змагаліся; барацьба вялася патаемнымі сродкамі, нябачнымі шляхамі. П. Пестрак жыў у віры падпольнай барацьбы. Тры гады, з 1937 па 1939, у цяжкіх умовах гродзенскай турмы Піліп Пестрак выбіраўся сакратаром турэмнага камітэта, быў душою палітзняволеных, прыкладам асабістай стойкасці і мужнасці. Яго вершы-заклікі, вершы-гімны запісваліся цвіком на сценах, перадаваліся з вуснаў у вусны, выходзілі на волю і дзейсна служылі рэвалюцыйнаму падполлю.

Ніколі не сумняваючыся, што вызваленне прыйдзе, паэт выказвае сваё жаданне стаць у шэрагі актыўных будаўнікоў новага жыцця. У вершы «Сон аб аграноме» ёсць такія радкі:

 

Прыйду, праменны, я тады

З той падарожы барацьбянай

На свята трактарнае песні.

 

Пад вершам подпіс: «Гродзенскі астрог. Люты 1937 г.»

Праз два гады — верасень 1939-га. Векапомныя дні вызвалення. Паэт горача, натхнёнай песняй вітае прыход Чырвонай Арміі, якая прынесла вызваленне спакутаваным братам — працоўным Заходняй Беларусі. Верш «Заходняй Беларусі», напісаны ў тыя радасныя дні,— песня вызваленаму народу, што скінуў ланцужныя аковы і назаўсёды пазбавіўся ад спрадвечнага гора, бядоты і прыніжэння.

З уласцівай яму рамантычнай узнёсласцю, перапоўнены пачуццём радасці і шчасця, паэт ускліквае: «Краіна родная! Вітай зару збаўлення!» Пад незабыўнымі ўражаннямі тых дзён складаюцца вершы «Маўзалей», «Армія Чырвоная» і іншыя, якія кранаюць шчырасцю, жаданнем актыўна ўключыцца ў новае грамадскае жыццё. Выйшаўшы з варот турмы, Піліп Пестрак узначальвае ў Гродна рэўком, які ўзяў пад сваю ахову горад і паралізаваў супраціўленне контррэвалюцыйнага ахвосця. На выбарах у Народны сход Заходняй Беларусі П. С. Пестрака абіраюць дэпутатам. У Беластоку на сходзе была вылучана паўнамоцная камісія на сесію Вярхоўнага Савета СССР у Маскву. У яе складзе — і П. Пестрак. Працоўныя Гродна выбралі яго сваім пасланцом у Вярхоўны Савет СССР. У перадваенныя гады Піліп Пестрак узначальваў Беластоцкае аддзяленне Саюза пісьменнікаў БССР.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны П. Пестрак разам з сям’ёю пехатою кіруецца на ўсход. Давялося спыніцца ў Лельчыцкім раёне, у невялікай лясной вёсачцы, дзе ён звязваецца з партызанамі. Сем месяцаў прабыў у злучэнні генерал-маёра Сабурава. У партызанскіх буданах напісаны вершы «Першы май», «Пад зорным карагодам», «На варце», песня «Партызанская маршавая» — суровы расказ пра той трывожны час. Паэт праўдзіва адлюстроўвае настроі лясных салдат, сцвярджае веру савецкіх людзей у перамогу, палкім словам мацуе іх жаданне ісці ў бой з акупантамі. Такі, напрыклад, верш «Маці», дзе падаецца вобраз маці — асацыіруецца з вобразам Айчыны, якая апынулася ў бядзе і ў горы.

Пасляваенныя гады — самыя плённыя ў творчасці П. Пестрака. Ён піша многа, нястомна выступае ў перыядычным друку, часта сустракаецца з чытачамі, вядзе вялікую грамадскую работу.

Паэт захапляецца мірнай стваральнай працай савецкіх людзей, якія пераўтвараюць зямлю і самі харашэюць у змаганні за хараство жыцця, багацеюць душою, робяцца чысцейшымі ў думках і дзеяннях, гартуючы сваю грамадскую сталасць.

Напісаныя ў вандроўках і на прыпынках, па гарачых слядах паездак і гасцявання ў новых мясцінах, у братніх краінах,— гэтыя творы прасякнуты любоўю да людзей, гэта гімн чалавеку працы. Паэт з натхненнем, з жыццялюбнасцю зямною апявае дружбу і братэрства савецкіх народаў, з’яднаных пад сцягам ленінізма ў братнім Саюзе Саветаў.

Роздум над жыццём, над прызначэннем чалавека ў гэтым неспакойным свеце, дзе цесна перапляліся словы «любіць» і «ненавідзець», займаюць усё большую ўвагу творцы. У вершы «Птахі» (1966) – тры птахі-сімвалы:

 

Адзін з тых птахаў – песня-сіла,

Другі – краса, што свет альсніла,

А трэці ўсё ў вышыні рвецца –

Усюды ісцінай завецца.

 

Яны, раздумвае паэт, і натхняюць мастака, даюць яму крылы, ствараюць тую настраёвасць, якая сугучна душы чытача і перадаецца яму, як зарад любові да жыцця.

Публіцыстычнасць, грамадзянскі тэмперамент — зайздросная, здзіўляючая сіла паэзіі П. Пестрака. У вершах жыве грамадзянскасць у самым высокім сэнсе, палітычны пафас — яркая адметнасць яго мужнага голасу.

— А цяпер вершы пішаце, Піліп Сямёнавіч? — неяк спытаў я, калі мы гутарылі з пісьменнікам пра яго творчасць.

— А як жа, пішу. І буду заўсёды пісаць... Я люблю вершы. Але ўжо ад гэтае вайны найбольш пішу прозу. Спытаеце чаму? Вайна — найвялікшае з выпрабаванняў, дала столькі назіранняў, столькі было падзей і трывог, што ўсё пражытае не месцілася ў вершах і паэмах. Людзі і падзеі, з якімі я прайшоў віхурныя і агнявыя дарогі, прасіліся на паперу, і я ўзяўся за прозу. У апавяданнях і аповесцях, а пазней у раманах — «Сустрэнемся на барыкадах» і «Серадзібор» я адчуў, што і ў прозе можна выказаць тое, што цябе хвалюе, чым перапоўнена душа ў хвіліны найвышэйшага напружання-натхнення!..

Успомнілася з рамана «Серадзібор»: «Проза? — перапытаў Жарнавік.— Гм... Проза таксама паэзія, толькі для вока нябачная...»

У прозе пісьменнік праявіў зайздросную адметнасць свайго таленту — абвостранае адчуванне часу, веданне псіхалогіі і дыялектыкі душы чалавека, працаўніка і змагара, уменне заглыбляцца ў характары, ажыўляць убачанае і перажытае.

У адной з вячэрніх нашых гутарак Піліп Сямёнавіч сказаў пра сябе:

— Піліп Пестрак — філосаф і дзіця. Мы, людзі, заўсёды імкнёмся да прыгажосці, хараства. Красы жыцця!.. Шчырасць адносін між людзьмі. Усё ў прыродзе ад прыгожага, ад гармоніі. Краса — вось да чаго і я імкнуся ў сваім жыцці, у сваёй рабоце. Прыгажосць — мая філасофія... І любоў да людзей. Дзеля гэтай любові, дзеля прыгажосці жыцця я і сядзеў адзінаццаць гадоў у турме. Прыгажосць чалавечая, прыгажосць душы чалавека і моц яго рук — вось тое, чым я заўсёды захапляўся.

Задумліва памаўчаўшы, гаворыць:

— Такі ўжо чалавек. Яму заўсёды хочацца з некім падзяліцца сваімі думкамі, выказаць, што ў яго набалела. Вось і я з табою пагаварыў, і мне палягчэла на душы... І якая асалода пасля цікавай гутаркі з кім-небудзь, часам нават з самім сабою.

Ёсць у П. Пестрака цыкл апавяданняў «Партызанскімі сцежкамі». У іх вобраз лесу — нібы пацверджанне прышвінскага: «Любіць прыроду — любіць Радзіму». Героі апавяданняў — партызаны — жывуць сярод лесу, а лес — іх перадавая, іх лясны фронт...

Вызначаюцца сваёй народнай прастатой, замілаваннем да чалавека — шчырца і гаспадара зямлі — апавяданні «Гумно без варот», «Куфэрачак». Чалавечнасць, гуманізм і грамадзянскасць як знітаваныя і выяўляюцца апасродкавана, у канкрэтных жыццёвых варунках і сітуацыях.

Цыкл апавяданняў «Сярод чаротаў» (1963) — шырокі крок пісьменніка да майстэрства, выяўлення лепшых рыс у характары чалавека. Пісьменніка захапляе мірная стваральная праца людзей, якія зведалі ліхалецце вайны і адчулі радасць перамогі над ворагам.

«Хочацца стаяць і слухаць гэтую прасветленую скупым святлом месяца цішыню, у якую затаіўся лес, з яго жыццём — дыханнем». Чытачу, як і пісьменніку, дарагія і блізкія і старшыня-генерал, які спачатку «рабіў уражанне поўнай непрыступнасці», «крэпасць нейкая, дый годзе», і ляснічы, «скупы на словы», мітуслівы, але шчыры чалавек, і генеральскі шафёр Ваня, яго старыя бацькі... У згодзе з пісьменнікам мы пранікаемся павагай да гэтых людзей, знешне суровых, зацятых, але прыгожых душою. Яны жывуць у мясцінах, дзе нялёгка даецца ім хлеб. Усе, як і партызанскі генерал, што згадзіўся паехаць сюды, у глухія балоты, і ўзначаліў у родных мясцінах калгас, самаадданай працай замацоўваюць сваю вернасць партыі, роднай савецкай уладзе.

Апавяданні Пестрака ваеннага і пасляваеннага часу, аповесць «Пачатак», як зазначалі крытыкі, з’явіліся адпаведнай падрыхтоўкай і разведкай да стварэння рамана-эпапеі «Сустрэнемся на барыкадах», які «ўвайшоў у беларускую савецкую літаратуру як шырокае мастацкае палатно аб адным з векапомных перыядаў жыцця беларускага народа».

«Я лічу, нашай літаратуры проста пашанцавала,— пісаў Іван Шамякін у артыкуле да 70-годдзя П. С. Пестрака,— што такі раман напісаў Піліп Пестрак, сын селяніна, ўдзельнік рэвалюцыйных падзей у Заходняй Беларусі, пісьменнік надзвычай чулы да мастацкага факта і да хараства народнай мовы».

...Гутарым пра тое, як стваралася эпапея «Сустрэнемся на барыкадах», якой пісьменнік аддаў пяць гадоў (1948— 1952) напружанай працы. Піліп Сямёнавіч расказвае:

— Спачатку была задумана аповесць пра барацьбяны шлях падпольшчыка-рэвалюцыянера, а потым твор разросся, ў ім сяліліся ўсё новыя і новыя героі, перапляталіся іх узаемаадносіны, інакш кажучы, жылі сваім жыццём.

— У якой ступені раман «Сустрэнемся на барыкадах» дакументальны, калі можна так сказаць? З каго пісаліся яго галоўныя і не галоўныя героі?

Піліп Сямёнавіч, як звычайна, пачынае з жарту:

— Ат, якая там дакументальнасць. Твор пісаўся лёгка, бо з імі, з людзьмі, якія насяляюць раман, з героямі, як вы называеце іх, я жыў, хадзіў аднымі сцежкамі і з імі і ў турмах сядзеў, і галадаў, і зведаў карцэры і адзіночкі, і быў з імі на мітынгах і ўдзельнічаў у тых забастоўках, што адбываліся ў родных мясцінах, на Палессі...

І ўжо сур’ёзна, задумліва:

— Ведаеце, што сказаў Вісарыён Бялінскі? А ён сказаў наконт гэтага такое: «Твор уяўляе не што іншае, як пафас душы яго аўтара».

Не трэба быць даследчыкам, каб упэўніцца, чытаючы эпапею «Сустрэнемся на барыкадах», што ў ёй цэлая гістарычная эпоха, перыяд жыцця і барацьбы працоўных Заходняй Беларусі ў часы белапольскай акупацыі. Грунтуючыся на сваім, перажытым, пісьменнік скарыстаў багаты фактычны матэрыял — шматлікія эпізоды рэвалюцыйна-вызваленчага руху, народнай барацьбы, дзейнасць КПЗБ. Мастацкасць і гістарызм, як адзначала крытыка, удала спалучаюцца ў рамане. Пад пяром мастака жыццёвыя сітуацыі і падзеі, якія мелі месца ў сапраўднасці, асэнсоўваюцца ў адпаведнасці з ідэйнай задумай, з логікай развіцця сюжэтаў, лёсу герояў. У творы яскрава выпісаны драматызм часу.

Пісьменнік скарыстаў у рамане гісторыю нападу партызан на цягнік ваяводы Даўнаровіча, забастоўкі рабочых дрэваапрацоўчых заводаў, якія адбываліся ў Гайнаўцы і Белавежы ў 1931 годзе, дэманстрацыю пратэсту супраць разгрому Грамады ў Косаве 3 лютага 1927 года, Кобрынскае паўстанне супраць карнікаў і паліцыі і суд над паўстанцамі ў Кобрыне...

— За многімі вобразамі,— сказаў Піліп Сямёнавіч,— стаяць рэальныя жывыя асобы. Але гэта не азначае, што яны — копія рэальна існуючага чалавека, якога ведаў аўтар. Яны і плён мастацкага мыслення, мастацкага асэнсавання рэчаіснасці.

Адзін з любімых герояў самога Пестрака — Андрэй Касцевіч. Яго лёс і яго дарогі ў многім сугучныя, амаль што адэкватныя жыццю і выпрабаванням самаго аўтара. Гэтак жа, як і аўтар, Андрэй вяртаецца з бацькамі з Паволжа, дзе ён вучыўся і імкнуўся стаць аграномам і дзе засталася ў яго каханая дзяўчына, і ў роднай Запалянцы, а затым на лесапілцы праходзіць суровую школу, якая прывядзе яго на барыкады рэвалюцыйнага змагання. Аўтабіяграфічнасць тут відавочная. У вобразе Сцяпана Касцевіча, бацькі Андрэя, мы ўгадваем рысы бацькі аўтара, чалавека пісьменнага і аўтарытэтнага ў вёсцы. Многія сцэны, дзе сустракаемся з гэтым чалавекам, сынам зямлі, здзіўляюць сваёй сілай эмацыянальнага ўздзеяння. Найвышэйшага напалу эмацыянальнасці дасягае пісьменнік у апісанні смерці Сцяпана Касцевіча, калі той вярнуўся з Глушца, ад старасты, з якім меў непрыемную гутарку і «пачастунак» ад паліцыянтаў. Развітанне аднавяскоўцаў са Сцяпанам — хвалюючая і здзіўляючая ў сваёй рэалістычнасці сцэна.

Прататыпаў, вядома, маюць і Дзям’ян Гарагляд, і Даніла Перагуд, і Сцяпан Каваль — партызанскі камандзір, які выпісаны каларытна, рукою сапраўднага мастака слова.

Рэвалюцыянеры, падпольшчыкі ў рамане эмацыянальна-ўзнёслыя — увасабленне мужнасці і гераізму народа. Разам з тым гэта і рэальныя, са сваімі, адметнымі рысамі характару людзі. Такія і Іван Паддубны, і той жа Сцяпан Каваль, у вобразе якога ўгадваюцца рысы Кірылы Пракопавіча Арлоўскага, што дзейнічаў у той час на Палессі. Сцяпан, як і К. П. Арлоўскі, змагаецца ў Іспаніі.

Раман-эпапея «Сустрэнемся на барыкадах» — адданасць і вернасць барацьбе, а таксама вернасць найвялікшаму чалавечаму пачуццю — каханню. Гэта яскрава бачна на ўзаемаадносінах Андрэя і Надзі Харашэвіч. Надзя не адгароджваецца ад свайго шчасця, смела ідзе насустрач яму, змагаецца за яго і перамагае. Вобраз Надзі — зайздросная ўдача пісьменніка.

А. Фадзееў у лісце да П. Пестрака ад 21 лютага 1955 года вельмі станоўча ацэньвае вобраз Надзі Харашэвіч. Ён, між іншым, піша: «...Каханне Андрэя і Надзі чыстае на гэтай высокай аснове чалавечых адносін і ў той жа час зямное — упрыгожвае гэтыя старонкі рамана цудоўнай лірычнай акварэллю, што так адцяняе суровасць барацьбы, у якой абое ўдзельнічаюць».

У рамане цудоўныя, поўныя чароўных гукаў і святла, апісанні прыроды. Пейзажныя замалёўкі ствараюць эпічны фон, на якім больш выразна выступаюць людзі, выяўляюцца іх пачуцці, перажыванні, настроі. Самастойны, аб’ёмны вобраз набываюць лес, лясное возера — увасабленне сілы і непераможнасці народа, зямной вечнасці.

«Сустрэнемся на барыкадах» — сапраўды народны твор, у якім створаны калектыўны вобраз народа, змагара за сваю шчаслівую будучыню, на сваёй роднай зямлі, мастацкая гісторыя КПЗБ.

Раман «Серадзібор» (1959—1962) — першы буйны твор пісьменніка, у якім малююцца падзеі мірнага пасляваеннага жыцця ў заходніх абласцях Беларусі. Як зазначае сам аўтар, гэта твор пра родную зямлю, пра людзей, што абнаўляюць і ўпрыгожваюць яе. Як і ў папярэдніх творах, у рамане моцная фактычная, можна сказаць, канкрэтная аснова; пісьменнік, відавочна, знаходзіў сваіх герояў між рэальных людзей, у палескіх калгасах. Яны, героі рамана, вельмі цікавыя і праўдзівыя, бо ўзяты з нашай рэчаіснасці, з глыбінь сучаснага быцця. Пісьменнік не прыхарошвае жыцця, не спрашчае тых сацыяльных праблем і працэсаў, што адбываліся ў першыя пасляваенныя гады ў заходнебеларускай вёсцы і калектыўным будаўніцтве.

Дэвізам пісьменніка — летапісца і даследчыка сучаснасці, застаецца чалавек працы з яго мкненнем да прыгажосці і справядлівасці. Даследуючы і тыя калізіі і тыя канфлікты, што ў жыцці яшчэ не вырашаны, пісьменнік праз сваіх герояў, іх дзеянні, учынкі і ўзаемаадносіны вызначае кірункі і шляхі пошукаў да лепшага, шчаслівага жыцця.

Адзін з герояў рамана, вучоны аграном Кляновіч так гаворыць пра сваю лінію жыцця Платону Грушку, свайму настаўніку, прафесару сельскагаспадарчай акадэміі: «Жыць — значыць ісці глыбей у жыццё. А ісці глыбей — значыць змагацца».

Яркія, сапраўды мастацкія сцэны, якіх багата ў творы, сведчаць пра талент і глыбокае веданне пісьменнікам вясковага побыту і псіхалогіі вясковых людзей, уменне па-майстэрску асэнсоўваць і падпарадкаваць ідэйнай задуме жыццёвыя факты, рэаліі быцця.

Героі рамана — актыўныя і дзейныя характары, валявыя натуры. Асабліва ўдаўся аўтару вобраз старога калгасніка Несцера Падковы — увасабленне працавітасці, чалавечнасці, душэўнай шчодрасці і духоўнай прыгажосці — лепшых якасцей, якія складаюць гармонію народнага характару. Тое ж можна сказаць і пра вобраз вясковай жанчыны — жывёлаводкі Тацяны Карпец. Сцэна, дзе Тацяна выступае на трыбуне рэспубліканскай нарады, і далей — старонкі яе падарожжа па Мінску, уражанні ад горада і думкі пра родны Серадзібор — усё напісана хораша і цікава, з непадробнай, шчырай любоўю да людзей.

Зайздросная аўтарская здольнасць захапляцца сваімі станоўчымі героямі; здзіўляешся ўменню вымалёўваць лепшыя чалавечыя якасці, партрэты. Нярэдка мастакоўскае захапленне ў П. Пестрака пераходзіць у рамантызацыю і гучыць як сапраўдная, высокая паэзія. Пачытайце хоць бы сцэну, як вучоны аграном Кляновіч, гасцюючы ў Несцера Падковы, сінім летнім ранкам аглядае палі, і вы адчуеце гэтую асаблівую ўлюбёнасць героя і аўтара ў зямлі адвечную красу, гармонію прыроды і чалавека.

«Серадзібор» — маё любімае дзіця»,— сказаў неяк пра свой раман Піліп Сямёнавіч.

Сапраўды, гуманізм, жыццялюбства, душэўная шчодрасць пісьменніка праявіліся тут з найбольшаю мастакоўскай сілаю. І яшчэ — смеласць для свайго часу.

 

Апошнія тры гады жыцця Піліп Сямёнавіч працаваў над рукапісам новага рамана. Першая кніга была ўжо напісана. Мы гутарылі з пісьменнікам.

— Пра што новы твор? — перапытвае Піліп Сямёнавіч і, як заўсёды, жартуе: — Трэба спытаць, не пра што, а пра каго мая «Лесавічанка» — так я пазваў раман,— пра народ, пра нашых гераічных працавітых людзей, якіх я люблю і якім служу шчыра і аддана. Тэма майго рамана, я сказаў бы, не гераічная ў сэнсе нейкага там баявога подзвігу. Героі рамана — простыя людзі з народа — вясковыя змагары за ўсталяванне сацыялізма як самага справядлівага ладу жыцця для працоўных. Я хачу сказаць, як сыны і дочкі з народа, вясковыя інтэлігенты, ідуць у сацыялізм і камунізм, як яны адстойваюць яго, змагаюцца за яго. У цэнтры — цудоўная дачка вёскі Лена Лясовіч, Лесавічанка. Ідэал жаночай красы. Яна нарадзілася ў сялянскай сям’і, скончыла гімназію ў Вільні. Перад прыходам Чырвонай Арміі сядзела ў турме, яна — камсамолка, падпольшчыца.

Піліп Сямёнавіч нечакана змаўкае, паглыбляецца ў свае думкі. Затым, схамянуўшыся, кажа далей:

— Яна памрэ, загіне, мая Лесавічанка. Яе павядуць на катаванне фашысты, бо яна была на чале падпольнай арганізацыі ў сваёй вёсцы над Нёманам. І яе, як іншых дзяўчат, расстраляюць. Лена толькі і паспела крыкнуць: «Ма-ма!» Як яна любіла сваю маму!.. Лесавічанка любіла народ, любіла вёску...

Піліп Сямёнавіч Пестрак выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. І ўсё турбаваўся, што ніяк не можа з-за сваіх творчых клопатаў выехаць у родныя для яго мясціны на Косаўшчыне. Зноў хочацца наведацца да сваіх выбаршчыкаў, у Драгічын, пахадзіць па даўніх знаёмых сцежках.

— Там, на Драгічыншчыне, мая падпольшчыца трохі праходзіла,— успамінае Піліп Сямёнавіч.— Ёсць людзі, якія тое ўсё памятаюць. І калі я выступаў там, то прыгадалася. Не хочацца ўспамінаць тое ўсё — як мы ўсе жылі, які цяжар неслі... А цяпер, вызваленыя, маем свабоду. Я і кажу ім, палешукам сваім: «Беражыце гэтае наша вызваленне. Стойка беражыце». Так я гутару з людзьмі. Думаю, што так і трэба гаварыць з народам...

— А вершы хочацца пісаць,— лагодна ўсміхаецца ўсім круглявым тварам Піліп Сямёнавіч.— Мне каб цішыня і ніхто не перашкаджаў. Толькі каб цішыня... Можа, я і заўтра напішу. Такое, напрыклад. Іду па дарозе. Думаю, што я недзе некаму не дапамог, не выслухаў яго да канца. І раптам бачу: расцвіла бярозка свежасцю зялёнай. А насустрач ідзе дзяўчына. Прыгожая, стройная, як бярозка... Што, хопіць для верша?..

Ці праўда, слухаючы такое, хіба паверыш, што паэту тады было семдзесят?

«Вы разумееце, справа не ў даўгалецці,— сказала неяк М. Шагінян у інтэрв’ю карэспандэнту «Недели»,— а ў захаванні памяці, працаздольнасці, свежасці думкі, маладосці духу, маладосці адчування свету».

У Піліпа Сямёнавіча ўсё гэта было; не праходзіла цудоўнае адчуванне маладосці свету; душа і думка творцы не стамляліся выпраменьваць людзям і радасць, і шчасце дабрыні.


1986?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан