epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Зачараваны красою Наддзвіння...

Яшчэ ў 1939 годзе, помніцца, на старонках «Звязды» часта сустракалася імя спецкора газеты Тараса Хадкевіча Нават памятаю зборнічак вершаў з натхнёнай, падбадзёрваючай назвай «Смялей, таварыш!». Яго выдаў Тарас Хадкевіч у 1932 годзе, калі вучыўся ў Мінскім педінстытуце імя М. Горкага.

Мяне тады, селькора, захаплялі вясковыя нарысы Макара Паслядовіча, Міколы Вішнеўскага, Алеся Матусевіча, Паўла Кавалёва і, канечне, Тараса Хадкевіча. Яны хораша і ўзнесла пісалі пра людзей, якія ператвараюць багны і балоты ў квітнеючыя палеткі, пра нараджэнне і развіццё новых адносін паміж людзьмі ў маладых калгасах і саўгасах.

Нашы вясковыя актывісты, настаўнікі, культармейцы наладжвалі гучныя чыткі нарысаў Т. Хадкевіча ў клубах і хатах-чытальнях, прыглядаліся да сваіх землякоў, шукалі ў іх падабенства з героямі пісьменніка.

Надзённыя, жывыя матэрыялы з самых розных куткоў Беларусі, дзе кіпелі гарачыя будні новага, савецкага жыцця, ішло змаганне за сацыялістычную культуру, хвалявалі кожнага, хто і сам прагнуў на пярэднія рубяжы будаўніцтва сацыялізма: туды, дзе запальваліся залатыя агні Асінбуда, пракладваліся магістральныя каналы на непраходных Мар’інскіх балотах...

Нам, вясковым актывістам, дапамагалі карэспандэнцыі па старонках «Звязды», «Чырвонай змены», у часопісах; па іх вучыліся і мы, спрабуючы выказваць свае пачуцці і думкі ў слове.

Дэмабілізаваўшыся з Савецкай Арміі ў канцы 1945 года, я стаў працаваць у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», што размяшчалася ў Доме друку, на трэцім паверсе, і сустракаўся з карэспандэнтамі «Звязды», якімі захапляўся ў пару свайго юнацтва.

Размашыстым, спорным крокам па калідоры праходзіў, як мне тады здавалася, мажны чалавек даволі сталых год у шырокім, як навырост, шэрым, у елачку, паліто, з накладнымі кішэнямі, у цяжкіх салдацкіх чаравіках. Гэта і быў Хадкевіч. Найчасцей з заклапочаным тварам, сурова сцятымі вуснамі; з-пад густых броваў молада паблісквалі глыбока пасаджаныя карыя вочы. І абавязкова пад пахай ці ў вялізнай, адтапыранай кішэні быў скрутак газет. Часта хадзіў ён не адзін, а ў кампаніі двух сваіх калег-журналістаў. Адзін — Алесь Матусевіч — высокі, сутулаваты, з белымі, як пасыпанымі серабрыстай шэранню валасамі. Другі — Мікола Вішнеўскі — камлюкаваты, з лагодным тварам, у акулярах, якія ўвесь час, ідучы, папраўляў.

Аднойчы я зайшоў у рэдакцыю «Звязды». За сталом сядзеў Алесь Матусевіч, абкладзены вынятымі лісткамі з блакнота, а побач, за другім сталом, быў Тарас Хадкевіч. У карычневым, добра падагнаным гарнітуры, у белай у тонкую палоску кашулі, пад гальштукам.

На стале стаялі чарнільны прыбор і попельніца. Тарас зацята дыміў папяросай...

Я назваў сябе і застаўся стаяць у парозе. Алесь Лявонавіч, цёпла ўсміхаючыся, сказаў:

— А, чырвонавец, праходзь, братка, не саромся. Не зважай, што ў мяне тут на стале такое бязладдзе. Спяшаюся. Рэдактар запатрабаваў нарыс у нумар, а я наважыў пасля камандзіроўкі даць сабе адгул, але забег у рэдакцыю, і мяне, бачыш, прывязалі... Калі што якое, то можаш параіцца з Тарасам, ён у нас чалавек свойскі, не пакрыўдзіць...

— Я вось быў у камандзіроўцы,— пачаў нясмела,— на Палессі, у Хойніках. Там ствараюцца маладзёжныя звенні... Хацеў бы выступіць з артыкулам, ды баюся, ці атрымаецца...

— Не багі гаршкі лепяць. Бярыся, пішы!..— ажывіўся Хадкевіч, варухнуў плячом.— Прысаджвайся, паталкуем...

Мы пазнаёміліся. Пасля калі Тарас Канстанцінавіч праходзіў па калідоры, то пры сустрэчах павітаецца, пацісне руку, а то і запытае: «Ну як, што пішаш, браце?!»

Калі я ўжо крыху асвоіўся з новай для мяне работай журналіста і надрукаваў першыя карэспандэнцыі і артыкулы, то пазнаёміўся і з Міколам Вішнеўскім, тады загадчыкам сельгасаддзела «Звязды».

У газеце «Звязда» часта друкаваліся іх матэрыялы. Неўзабаве з’явіліся апавяданні Тараса Хадкевіча, і я пачаў бліжэй прыглядацца да гэтага спаважнага, засяроджанага чалавека, шукаў у яго знешнім абліччы нешта такое, што выдавала яго за чалавека, які мае выключныя здольнасці. Сапраўды, ён паспяваў і працаваць з дня ў дзень у рэдакцыі, і, як і ўсе супрацоўнікі, дзяжурыць па нумары, часта выязджаў у камандзіроўкі. Да ўсяго гэтага былі чуткі, што ён піша аповесць. Канечне, пра тое, што ён піша, я саромеўся распытваць. Больш блізкае наша знаёмства адбылося пазней, калі мы пачалі сустракацца на розных нарадах у Саюзе пісьменнікаў, на пісьменніцкіх пленумах і з’ездах.

У сваёй аўтабіяграфічнай нататцы «Ад палёў наддзвінскіх» у кнізе «Пяцьдзесят чатыры дарогі» Тарас Хадкевіч пасля напіша вельмі коратка пра сябе: нарадзіўся ў 1912 годзе ў вёсцы Шайцерава, за трынаццаць кіламетраў ад Дрысы (цяпер Верхнядзвінск). Як і ўсе дзеці беднякоў, у маленстве зведаў голад і холад; сям'я перабівалася на «мякінніках», «шчавельніках». З сямі гадоў пайшоў «у людзі», летаваў у суседняй вёсцы ў цёткі. Старэйшая сястра Валянціна, якая працавала настаўніцай, прыахвоціла да чытання. «Цяпер ужо,— прызнаваўся Тарас Хадкевіч, у торбачцы, акрамя акрайчыка хлеба, ляжала кніжка».

Цяга да літаратуры, да роднай мовы, вялікае жаданне выказаць мары, пачуцці хвалявалі юначае сэрца Тараса. У школьныя гады, калі Тарас вучыўся ў сямігодцы ў мястэчку Валынцы, пачаў пісаць вершы. Тарас Хадкевіч — у кагорце першых камсамольцаў на Полаччыне, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці. Яго вылучаюць рэдактарам насценгазеты. Жаданне вучыцца прывяло ў Полацкі педтэхнікум, дзе тады вірыла літаратурнае жыццё. Малады паэт друкуе вершы ў акруговай газеце «Чырвоная Полаччына», у мінскім часопісе «Чырвоны араты», знаёміцца з паэтамі і пісьменнікамі, што групаваліся вакол газеты. Тут у яго пачынаецца дружба з П. Броўкам, А. Астрэйкам, Я. Скрыганом, Э. Самуйлёнкам. Увосень 1928 года Т. Хадкевіч — штатны супрацоўнік газеты, літработнік, а пасля — адказны сакратар. Маладыя жывуць адной камунай, разам мараць аб паэзіі і жыцці, разам пішуць у вольны ад рэдакцыйных спраў час.

Імкненне да вучобы, да пазнання з’яў навакольнага свету не пакідае дапытлівага юнака, і ён у 1931 годзе едзе ў Мінск, здае экзамены ў педінстытут імя М. Горкага. Нялёгка было вучыцца сялянскаму сыну, выхадцу з беднякоў, з глухамані. Т. Хадкевіч уладкоўваецца на працу ў рэдакцыю «Чырвонай змены», вечарамі ў рэдакцыі чытае карэктуру, апрацоўвае допісы і карэспандэнцыі. Часу для пісання сваіх твораў не было, а пісаць імкне душа, перапоўненая пачуццямі. Давялося зрабіць выбар: Хадкевіч з другога курса ідзе на сталую работу ў рэдакцыю. У 1934 годзе яго прызываюць на тэрміновую службу ў Чырвоную Армію. Ён і там не пакідае літаратурнага занятку: піша вершы і апавяданні, артыкулы. Друкуецца ў беларускіх выданнях і газеце «Красноармейская правда». Нават пачаў рыхтаваць новы зборнік вершаў. Армія дала яму шмат для духоўнага росту і сталення.

Вярнуўшыся з вайсковай службы, Т. Хадкевіч з 1936 года і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны плённа працуе ў журналістыцы. Раз’язны карэспандэнт «Звязды», поўны энергіі і энтузіязму, ён аддаецца цалкам любімай справе. Журналісцкія дарогі вядуць няўрымслівага газетчыка ў самыя далёкія і глухія раёны рэспублікі, на важнейшыя новабудоўлі, на сустрэчы з праслаўленымі людзьмі, героямі першых пяцігодак... У 1939 годзе Т. Хадкевіч у якасці карэспандэнта «Звязды» кіруецца ў вызваленыя Заходнія вобласці Беларусі, піша нарысы аб людзях вольнай беларускай зямлі, аб стварэнні калгасаў на Піншчыне...

Праца над мастацкімі творамі — а пра гэта ўвесь час ён клапаціўся — усё адкладвалася: напружаныя газетныя будні забіралі яго ўсяго.

За месяц да нападу фашыстаў на нашу краіну Т. Хадкевіча накіроўваюць на курсы штабных афіцэраў запасу, і 21 чэрвеня 1941 года ён прыехаў на дзень у Мінск, да сям’і (у яго ўжо былі жонка і дачка Івета двух год), а раніцай над горадам каршунамі павіслі нямецкія самалёты...

Свой зборны пункт адшукаў ён у лесе, за Чавусамі. Пасля Мажайска былі трохдзённыя курсы і накіраванне на фронт у раён Тарапец-Асташкаў...

Як камандзір узвода, Т. Хадкевіч удзельнічае ў баях на Калінінскім напрамку і ў адным з баёў паранены, разам з некалькімі байцамі трапіў у нямецкі палон. Пра гэта ён успамінаў так: «Пабываў у страшных лагерах ваеннапалонных, дзе ад голаду, здзекаў і хвароб паміралі сотні чалавек у дзень, у «шталагах» і на земляных работах у Германіі».

Як і многіх палонных, што зведалі катаржныя работы, ганьбу і здзекі, карцэры і турмы, Т. Хадкевіча вызваліла ў 1945 годзе Савецкая Армія. «Ужо ў арміі,— згадваў Т. Хадкевіч,— я пабываў у розных мясцінах Чэхаславакіі, Венгрыі, Польшчы. Дэмабілізаваўся ў сорак пятым, увосень, і прыехаў у Мінск».

Знявечаны, разбураны Мінск уразіў больш, чым тое, што давялося бачыць у сёлах і гарадах Еўропы. Дамок, у якім жылі Хадкевічы ў жончыных бацькоў, згарэў. Клаўдзія Іванаўна з дачкой і старой маці гібелі ў хаціне, збітай са старых, абгарэлых дошак і аполкаў.

Уладкаваўшыся ў рэдакцыю «Звязды» на пасаду раз’язнога карэспандэнта, Т. Хадкевіч наведаў родныя мясціны. Бязлітасны лёс вайны не мінаваў і яго родных. Сястру Валю, настаўніцу, фашысты закатавалі за сувязь з партызанамі. Браты Кастусь і Леанід прайшлі праз ваеннае ліхалецце, але засталіся жывыя.

У час вайны Т. Хадкевіч не пісаў, і гэта зразумела, але ўсё перажытае прасіла выйсця. «Нягледзячы на перанесеныя пакуты, творчай энергіі назапасілася, відаць, багата»,— скажа ён потым у аўтабіяграфіі.

Сапраўды, пасля вайны настала як бы другое нараджэнне пісьменніка. Нягледзячы на неўладкаванасць быту і цяжкія матэрыяльныя ўмовы, Т. Хадкевіч працуе актыўна і плённа. На старонках «Звязды», як і ў даваенныя гады, друкуюцца яго артыкулы і нарысы. Чытачы знаёмяцца з яго апавяданнем «У вагоне» — пра радасць і хваляванне дэмабілізаваных воінаў, якія вяртаюцца з крывавых палёў вайны да мірнай стваральнай працы.

У спецыяльнага карэспандэнта «Звязды» Хадкевіча адбываюцца цікавыя і жаданыя паездкі. Цягніком, самалётам, на спадарожнай фурманцы і на параходзе дабіраецца ён у самыя далёкія, глухія куткі Палесся, на родную Віцебшчыну, падарожнічае па Гомельшчыне і Гродзеншчыне, сустракаецца з ільнаводамі і механізатарамі Магілёўшчыны. Балюча сціскаецца сэрца ад таго, якой апустошанай і знясіленай стала зямля роднай Беларусі. «І тым не менш,— гаварыў пісьменнік,— я бачыў вялікую радасць у людзей, прыўзняты настрой, поўны светлых спадзяванняў ад таго, што здабыта слаўная перамога над ворагам, наступіў мір...»

У пранізанай золкімі вятрамі хаціне па Саламянай вуліцы, пры газоўцы, напісана першая аповесць «Братэрства». Матэрыялам для яе паслужылі ўспаміны аб фашысцкім палоне. Аўтару не трэба было прыдумваць сюжэт і вострыя сітуацыі, у якіх апынуліся і дзейнічалі героі. Сам аўтар, як і яго галоўны герой, пасля нядаўніх уцёкаў з-пад Дрэздэна, трапіў у Ніжнюю Саксонію, на аўтазавод, куды былі прывезены многія рабочыя з розных краін Еўропы. З двума таварышамі Тарас зрабіў спробу вырвацца з палону. Праз Рудныя горы ўцекачы забрылі ў Чэхаславакію, дзе былі схоплены гітлераўскімі карнікамі. Пачалося турэмнае жыццё, а пасля катаржныя работы ў шахтах, каля чэшскага горада Мост. Ранняй вясной 1945 года група палонных, у іх ліку і Хадкевіч, сустрэла савецкіх воінаў-вызваліцеляў. Аповесць «Братэрства» была надрукавана ў 1946 годзе ў часопісе «Полымя». Творчая ўдача акрыліла аўтара. У 1947 годзе Т. Хадкевіча прымаюць у члены Саюза пісьменнікаў БССР.

Вельмі жыва помніцца адна з сустрэч у Каралішчавічах. Была ранняя вясна 1969 года. Пасля абеду мы пайшлі дарожкай у бок балаціны, дзе ў шэрых коціках драмалі на шчодрым сонцы вербалозы і алешыны, акаймаваныя ярка-зялёным ельнікам.

Каля балотца з куста віслакосага арэшніку Тарас выразаў дубец. Было цёпла. Пахла прэлым лісцем, нагрэтай хвояй. На ўгрэве цвіла сон-трава...

Я расказаў Тарасу Канстанцінавічу пра матылёў, якіх во толькі што бачыў на сонечным пагорку, каля дарогі. Неўспадзеўкі ўзвірыўся ветрык, імклівы, густы. А сонца шчодрылася, адаграваючы хвоі, яліны, драбналессе, напаўняючы лес шолахам і гукамі жыцця.

І мне чамусьці прыгадалася, як мы, вясковыя хлапчукі, ранняй вясной, дачакаўшыся сонца і першых праталін, басанож ганяліся за матылямі, дурэлі, нібы тыя ж мятлушкі.

Тарас уважна і моўчкі стругаў сцізорыкам дубец; на яго засяроджана пахмурым, маладжавым твары блукала цёплая, усмешлівая дабрыня. З-пад навісі кусцістых броваў бліснуў карымі вачмі, тады як бы сам сабе ціха, глухаватым голасам сказаў:

— Вось пра гэта і пішы... Для пісьменніка гэта не дробязь! Усё тое, што цябе ўзрушыць, не прапускай міма вушэй...

І ўрупіўся ў сваё — спаважна маўчаў. Пасля неяк зачапілі тое, як яму пісалася адразу пасля вайны, калі ён працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда», а пасля ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Тарас Канстанцінавіч разгаварыўся. Такое з ім не часта здаралася. Заўсёды ён быў нешматслоўны. Павітаецца, спытае «як маешся?» і, развітаўшыся, ідзе сваёю дарогай... Тады ж у яго быў нейкі своеасаблівы, можна сказаць, вясновы настрой. З уласцівай яму ўнутранай узрушанасцю ён гаварыў і гаварыў. Памятаю, прыгадаліся непрыкметна і гады ваеннага ліхалецця.

— Тое, што я бачыў, што сам, як кажуць, адчуў на ўласнай скуры,— задумліва гаварыў Тарас Канстанцінавіч,— яшчэ не апісана так, як хацелася б... І тое, што я апісаў у аповесцях «Братэрства» і «Рэха ў гарах»,— толькі невялікая часцінка перажытага, выпакутаванага разам з таварышамі па няволі і змаганні. Галоўнае ж, што, нягледзячы на здзекі і пакуты, мы і там, за калючым дротам шталагаў, у цёмных штольнях падзямелля заставаліся людзьмі, якія верылі ў нязломнасць і моц нашай арміі, у сілу братэрства, якое дапамагала нам у самыя цяжкія хвіліны...

Са стрыманай усмешкай, якая часта, калі не заўсёды, цеплілася ў куточках ягоных строгіх вуснаў, Тарас Канстанцінавіч дадаў, кінуўшы позірк на гадзіннік:

— Пойдзем, бо, мабыць, ужо час вяртацца.— І каб неяк закончыць сваю споведзь-расказ, вымавіў сваё любімае: — Як каму пашанцуе...

Я толькі кіўнуў галавою ў знак згоды, бо заўсёды адчуваў сябе перад ім вучнем, з пашанай адносіўся да ягоных парад і да ўсяго, што ён выказваў у час таварыскіх сустрэч.

Запомнілася яшчэ адна гутарка Тараса Канстанцінавіча ў тых жа Каралішчавічах. Размова ішла, помніцца, пра новы раман Уладзіміра Карпава. Уладзімір Барысавіч гаварыў, што пісьменнік, мастак нават самыя агульныя праблемы вырашае заўсёды на канкрэтным, на «сваім» матэрыяле... І Хадкевіч згаджаўся.

Яны Карпаў і Хадкевіч — па-мойму, шчыра сябравалі, разумеліся і паважалі працу адзін аднаго як пісьменнікі, як пабрацімы, якім выпаў нялёгкі лёс падчас мінулай вайны.

Т. Хадкевіч, ураджэнец лясных і азёрных мясцін Наддзвіння, любіў і тонка адчуваў прыроду, быў зачараваны някідкай, але дарагой і мілай сэрцу беларуса прыгажосцю паўночных краявідаў. Ён пісаў аднойчы, што адлюстраванне адзінства адчування прыроды і чалавека важна для псіхалогіі творчасці.

На адной са сваіх сустрэч з нарысістамі, калі Хадкевіч працаваў у Саюзе пісьменнікаў БССР кансультантам, ён гаварыў пра стаўленне творцы да сваёй працы: «Наша задача, задача публіцыстаў,— пазбегнуць звычайнай, сумнай біяграфічнасці; мастак павінен па-мастацку, вобразна бачыць; па-свойму ўсё бачанае асэнсоўваць, падвергнуць так званай роздумнасці. Чытач павінен убачыць вобраз таго чалавека, пра якога ты пішаш...»

У рамане «Даль палявая», які быў скончаны ў лістападзе 1957 года і выйшаў асобным выданнем у 1959 годзе, большасць герояў, як прызнаецца аўтар, «у большай ці меншай меры мела прататыпаў». Твор гэты станоўча быў ацэнены крытыкай; яго праўдзівасць і жыццёвасць была прыхільна прынята чытачом. Удача пісьменніка — вобразы Паходні, нампаліта МТС, калгасных энтузіястаў Зараніка і Марынкі.

Нягледзячы на складанасць і перыпетыі жыцця, яго трагічныя і светлыя моманты, адлюстраваныя ў рамане, чытачу імпанавалі ўласцівыя творчай манеры Т. Хадкевіча аптымізм, веліч і хараство апісанага жыцця. Заканчваецца раман сустрэчай Яхновіча і Паходні, які ўзначаліў узбуйнены калгас: «І такія бязмежныя, залітыя сонцам палявыя далі распасціраліся навокал, што, які б ні быў у чалавека настрой, яны ўлівалі у яго душу свежасць, прагу жыцця, бадзёрылі і вабілі...» Галоўны герой рамана Лявон Паходня, у жыцці якога было шмат і радасці, і смутку, упэўнены, што заўтрашні дзень адкрые для яго новае, нязведанае. Гэтае імкненне, светлае адчуванне хараства перадаецца і чытачу, які верыць героям, верыць аўтару. Нельга не палюбіць тых жа рамантыкаў, якімі былі малады паэт Заранік і яго любімая дзяўчына Мара-Марынка. Шмат святла ў рамане, шчыра, рамантычна жывапісуецца каханне, самае глыбокае пачуцце, якое акрыляе душу.

Крытыкі адзначалі пэўную незавершанасць і прабелы ў сюжэтных лініях рамана, але гэта акупляецца пошукамі свайго, унутранага напаўнення, якое раскрывае паводзіны і ўчынкі герояў. «Перада мною,— расказваў пісьменнік,— былі героі, з іх асаблівасцямі і характарамі, якія і склалі аснову твора — яго сюжэт...»

Тарас Хадкевіч любіў сваё Наддзвінне. Усе яго фарбы — ад палёў і лясоў наддзвінскіх. За трынаццаць кіламетраў ад Верхнядзвінска ў вёсцы Шайцерава ў бацькавай хаце жыла яго сястра Стэфа. Ваколіцы Шайцерава прываблівыя. Побач рэчка Дрыса. Вакол заліўны луг. Любіў Тарас пабыць з трактарыстамі, пасядзець з касцамі, пастухамі пры вогнішчы... Вельмі ўмеў пісьменнік сябраваць з землякамі. І яны яго паважалі, цанілі яго думкі, парады. Адзін з іх, дзядзька Рыгор, з якім Тарас любіў пагаварыць, стаў прататыпам для многіх апавяданняў, нарысаў.

Многія, каго вывеў «у людзі» Тарас Хадкевіч, удзячныя яму за падтрымку і зычлівасць, успамінаюць яго як добрага і спагадлівага настаўніка. Мікалай Кругавых, Алесь Савіцкі, Міхаіл Герчык, Алесь Масарэнка, Валянцін Лукша — далёка не поўны пералік пісьменнікаў, якіх блаславіў у добры шлях Т. Хадкевіч.

Я і сам не раз адчуваў, як дапамагае цёплае, зычлівае слова, шчырасць старэйшага таварыша.

Як зазначыў некалі Л. Талстой, вартасць мастацкага твора вызначаецца тым, наколькі шчырыя адносіны мастака да свайго прадмета, а гэта значыць, наколькі ён верыць у тое, што адлюстроўвае.

Тараса Хадкевіча мы не можам папракнуць за няшчырасць ці барабаншчыну, на якую падкія яшчэ часам іншыя маладыя і не маладыя белетрысты і публіцысты.

Урокі, якія падаваў ён малодшым таварышам, не ўстарэлі; яны і сёння актуальныя і садзейнічаюць паляпшэнню ўзроўню нашай нацыянальнай публіцыстыкі. У артыкуле «Нарыс у газеце» Т. Хадкевіч пісаў: «Нялёгка, зразумела, пісаць не пра выдуманых, як, напрыклад, у апавяданні, а пра жывых, рэальна існуючых людзей, знаходзіць неабходныя дэталі, факты, сітуацыі, дзе б праўдзіва раскрываліся характары гэтых людзей. Але ў гэтым жа і заключаецца асаблівасць работы нарысіста, што ён, як і наогул пісьменнік, павінен быць выключна назіральным, заўважаць тое, што можа быць незаўважным для іншых, глыбока ўнікаць у жыццё, правільна разбірацца ў тым, што ўбачыў і пачуў, умець выбіраць з бясконцых фактаў самае патрэбнае, характэрнае».

Мы, нарысісты, лічылі Тараса Канстанцінавіча справядлівым і шчодрым сваім настаўнікам. Вучыў ён не толькі спагадлівым словам, парадай, а найбольш асабістай працавітасцю, здольнасцю назіраць вакол сябе ўсё добрае, новае, маладое, стараўся заглыбляць у жыццё і аператыўна адклікаўся на рытмы часу, на хаду сучасніка.

Як і Іван Мележ, Тарас Хадкевіч сцвярджаў, што толькі жыццё, вопыт, перажытае могуць стаць грунтоўнай асновай для сур’ёзнай мастацкай творчасці.

«Чытанне,— гаварыў Тарас Канстанцінавіч,— пісьменніку патрэбнае, як паветра. Вядома, чытанне сур’ёзнае, удумлівае».

Я тады не адважыўся ды, мабыць, і не даўмеўся спытацца ў яго, хто яго любімыя пісьменнікі, якіх ён чытае, перачытвае. А дарэмна.

Цяпер, праз колькі гадоў пасля, як Тараса Хадкевіча не стала, гэтае пытанне я згадаў яго сыну, Леаніду Хадкевічу, які працуе ў музеі Янкі Купалы, і ён адказаў, што Тарас Канстанцінавіч любіў класікаў, ахвотна чытаў мемуары, асабліва захапляўся ўспамінамі Г. К. Жукава.

...Мы неаднойчы гаварылі з Тарасам Хадкевічам пра публіцыстыку. Пасля прачытання яго зборніка «Сад у квецені» я сказаў яму, што мне спадабалася ў ім аднайменнае апавяданне. Сваёй праўдзівасцю і цікавай думкай — аб сапраўдным прызначэнні чалавека, які сваім жыццёвым крэдам лічыць духоўнае ўдасканаленне.

— Тэма для пісьменніка,— сказаў тады Тарас Канстанцінавіч,— гэта яго лёс, яго парыванні і хваляванні душы. Усё залежыць, браце, ад вопыту, ад перажытага і галоўнае — ад умення ўсё перажытае рэалізаваць, увасобіць у слове, у вобразах...

— Кожная творчая рэч, кожны твор, мабыць, у нейкай меры аўтабіяграфія аўтара? — запытаў я.

— А як жа! — згадзіўся Тарас Канстанцінавіч, а потым разважна дадаў: — Канечне, у тым сэнсе, у якім аўтар здольны на фантазію; якія ў яго сілы і здольнасць пераўвасаблення, а яшчэ ж — запас памяці, эрудыцыя!..

Размова пераключылася на пытанні аб дружбе, таварыскай узаемавыручцы паміж творчымі людзьмі.

— Моцная дружба, відаць, магчымая толькі між роўнымі,— сказаў я.

Тарас маўчаў, толькі хмурыў крылатыя бровы, тады неяк, бы сам для сябе, прамовіў:

— Гэта яшчэ трэба падумаць...

Пасля ўжо, кранаючыся гэтай тэмы, Тарас Канстанцінавіч гаварыў аб тым, што дружба — менавіта тое, без чаго чалавек «обречен» на пакуты і адзінокасць... Інакш кажучы, ён будзе чаўрэць, як тая расліна, што ў вазоне, без святла і вільгаці...

— Дружба з Броўкам, у прыватнасці,— прызнаўся Тарас Хадкевіч,— мне заўсёды памагала, і мы, нягледзячы, як кажуць, на рангі і становішча, былі да канца сябрамі, дружылі... Дай бог кожнаму мець такога друга, як Пётр Усцінавіч. Як казалі даўней, дружба — самы лепшы падарунак для людзей пасля мудрасці...

У 1962 годзе Т. Хадкевіч пасля свайго 50-годдзя пісаў: «Хоць за плячыма ў мяне паўстагоддзя, а многае-многае яшчэ не напісана, не выказана, у галаве роіцца шмат творчых планаў...»

Час паказаў, што Т. Хадкевіч зрабіў у апошняе дзесяцігоддзе нямала. Пісаліся апавяданні, нарысы, кнігі для дзяцей. Апошняй кнігай пісьменніка стаў раман «Песня Дзвіны», дзе ён дасягнуў новых вышыняў майстэрства. Раман яму, нягледзячы на хваробу, якая навалілася, можна сказаць, знянацку, удалося закончыць у канцы 1972 года.

«Песня Дзвіны» — кніга поклічнай эмацыянальнай сілы і аптымізму, уласцівых усяму лепшаму, што створана пісьменнікам больш як за сорак гадоў творчай працы.

Сам аўтар так вызначыў ідэйны і мастацкі змест рамана: «У аснове твора біяграфія двух пакаленняў савецкіх людзей: старэйшага, якое адбудоўвала краіну і адстаяла яе ў бітвах, і малодшага, пасляваеннага; і біяграфія двух гарадоў — старажытнага і новага, маладога».

Нельга без хвалявання і душэўнага ўзрушэння чытаць узнёсла-шчырыя і поўныя юнацкага захаплення радкі, адрасаваныя чытачу «Песні Дзвіны»:

«Нізкі паклон табе, Заходняя Дзвіна, мая радзіма, калыска майго маленства, невычэрпная радасць маіх сталых год!

...Не злічыць стагоддзяў, што прашугалі над табой, зніклі ў сівізне мінуўшчыны... Змяняюцца часы і падзеі, новыя пакаленні ідуць у бой за чалавечае шчасце. А ты, сведка нязмернага часу, плывеш і плывеш, убіраючы ў сябе ўсё — і добрае, і благое, і гоман тваіх хваль падобны да спрадвечнай несканчонай песні.

Нізка схіляю галаву перад тваёй вечнасцю...

Я шмат блукаў па тваіх берагах...

І ўсё, што бачыў і чуў, здаецца мне адной быстраплыннай песняй. Тваёй песняй, родная Дзвіна».

Гімнам стваральнай працы заканчваецца раман, і суладна з палётам у будучыню ўсёй шматнацыянальнай савецкай Радзімы шуміць і працуе Дзвіна. «І ў плёскаце яе хваль чуецца песня аб жыцці, што расквітнела на яе берагах...»

Вельмі сціпла пісьменнік вызначае вартасць свайго апошняга твора: «Гісторыя, расказаная ў гэтай кнізе,— адбітак жыцця, водгалас яго, маленькі ўрывак з той несканчонай і неўміручай песні».

Кнігі Тараса Хадкевіча перакладзены на многія мовы народаў СССР і мовы сацыялістычных краін. Іх аўтар узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны» і медалём «За працоўную доблесць». У 1972 годзе яму было прысвоена званне заслужанага работніка культуры БССР.

У сакавіку 1982 года Т. Хадкевічу споўнілася б семдзесят. Сёння з намі — яго творы, голас Наддзвіння. Таму і ўспамінаюцца радкі паэта Анатоля Астрэйкі, прысвечаныя Тарасу Хадкевічу: «Сваё ты сэрца нам пакінуў, і радасць песні і вясны, любіў, як сын, сваё Наддзвінне і сам стаў песняю Дзвіны...»


1982?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан