epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Званы Хатыні

Шэрая стужка шашы мякка сцелецца пад колы аўтамашын. Дарога то крута абрыньваецца ўніз, то выбягае на прыгорак... Тут, адразу ж за Мінскам, пачынаецца лес, зліваючыся з бяскрайнімі барамі і гаямі Лагойшчыны. Дрэвы падпіраюць вяршынямі сіняе неба, расквечанае вычварна-фантастычнымі воблакамі.

Імчацца машыны. Спяшаюць людзі да сваіх будзённых спраў, набіраючы разгон і вышыні.

На пяцьдзесят чацвёртым кіламетры шаша раздвойваецца і ўпіраецца ў сцяну веліканаў-соснаў. З-за павароткі дарогі, на малахіце хвойніку вочы натыкаюцца на вялізныя, колькі метраў, попельна-чорныя літары: «Хатынь».

Тыя, каму ехаць далей, прыпыняцца на хвілю. Многія ж зварочваюць на хатынскую, а цяпер мемарыяльную дарогу, дзе выкладзены незвычайныя надмагільныя пліты. Сюды кіруюць і пешаходы з рукзакамі — і сівыя ветэраны, і моладзь...

Хатынь — наш боль, наш гнеў. Тут, у Хатыні, наша гісторыя — яе старонка часоў Вялікай Айчыннай вайны — з яе трагедыяй і веліччу духа. У тыя векапомныя гады за свабоду і незалежнасць савецкай Радзімы загінуў кожны чацвёрты беларус. У адных загінуў бацька, у другіх — маці, у трэціх — брат, у чацвёртага — уся сям’я.

Хатынь — боль і гордасць народа. Гэта пракляцце нашым ворагам; погалас нашых бацькоў, прысяга на вернасць Бацькаўшчыне.

Гэта — вахта нашае вечнае Памяці.

Хатынцы — звычайныя людзі, што жылі тут, на паляне, у суседстве з борам і дубровамі. Яны ў ліхалецце, у чорную часіну разгулу прыблудаў-фашыстаў, не схілілі галавы перад настаўленымі на іх аўтаматамі — гэтыя людзі ўвайшлі ў бессмяротнасць.

Журботная цішыня. Яна хавае ў сабе і гул яраснага агню, і дзіцячы плач, і адчайныя крыкі мацярок, і гнеўныя праклёны паміраючых у полымі мужчын...

Жылі ў Хатыні звычайныя беларускія сяляне, ураблялі зямлю, вырошчвалі збожжа, бульбу, сціртавалі сена, гадавалі дзяцей, ладзілі вяселлі і святы... Тут да вайны была паляводчая брыгада калгаса — 26 двароў.

Каля хат раслі дрэвы — арабіны, бярозкі, клёны, вербы... Хаты стаялі вольна, вулічка цягнулася ўздоўж пагорка. Да кожнага дамка абавязкова вяла сцяжынка з веснічкамі, а пад вокнамі — чаромха, бэз, язмін... На дрэвах, што рассыпаліся на пагорку,— абавязкова буслянкі. Як вядома, у нашым краі, там, дзе гнядзяцца буслы,— на шчасце! Увесну хатынцаў весялілі сваёй музыкай-спевам рупліўцы-шпакі.

Даўно ўжо няма вёсачкі Хатынь. Каля падвор’я не расце трава-мурава. Няма калодзежа з жураўлём. Няма вёскі, а толькі шэрыя бетонныя вянкі-брусы ўздымаюцца над абвугленым шлакам. Згарэлі хаты і дрэвы, што аздаблялі сядзібы; у агні спапяліліся шпакоўні і гнёзды буслаў. Шпакі вясною лятуць мінавіцай, буслы не прынясуць шчасця хатынцам. Згарэлі хаты, адрыны, пунькі, веснічкі, клеці, паграбкі... На іх месцы — хаты бетонныя; веснічкі расчынены навечна — заходзьце, людзі, глядзіце, што зрабілі з хатынцамі ворагі-людаеды.

Зараслі дарогі, па якіх хадзілі хатынцы на госці да суседзяў, у поле, у лес па грыбы і ягады, на сенакос... Сёння на кожнай з гэтых дарожак стаіць бетонная каплічка, а каля яе — прыварана падкова. І калодзеж бетонны.

Трагедыя спасцігла Хатынь у марозны, сонечны дзень 22 сакавіка 1943 года. Уранні атрад карнікаў акружыў вёску. З хат павыганялі старых, дзяцей, жанчын, мужчын. Хворых і нямоглых падганялі прыкладамі. Не ашчаджалі мацярок з немаўлятамі на руках. Сагналі ўсіх у клуню на ўскраіне і падпалілі.

Згарэла ўсё: хаты, людзі, жыўнасць — загублена 149 жыццяў. У полыме зніклі ўсе 26 двароў. Тых, хто палаючым факелам выхапляўся з агню, расстрэльвалі ва ўпор з аўтаматаў. 75 дзяцей абвугленымі галавешкамі ляжалі на папялішчы.

За што загублены мірныя, цывільныя людзі, сейбіты і хлебаробы? За тое, што яны — беларусы і хацелі жыць вольна на сваёй, бацькоўскай зямлі, не прымалі «новы парадак» — рабаўніцтва і гвалту азвярэлых акупантаў-фашыстаў. Як пасля апавяшчалася, вёска Хатынь была знішчана за сувязь з партызанамі.

З усіх хатынскіх дзяцей, што былі ў той пуні-сянніцы, выпаўзлі і цудам уратаваліся ў партызанскім лесе ўсяго двое — Віктар Жалабковіч і Антось Бараноўскі. А з дарослых хатынцаў жывы застаўся адзін — Іосіф Іосіфавіч Камінскі. Пакуль быў жывы, то часта прыходзіў сюды, на папялішча. Зняўшы шапку, марудна крочыў да сваёй сялібы, дзе некалі гулялі-забаўляліся яго дзеці, дзе былі яго веснічкі, з якой сям’я выйшла ў апошні раз...

Іосіф Камінскі, знясілены, тады выпаўз да свайго паміраючага ў смяротнай агоніі сына...

...У журботнай цішы ідуць людзі, глядзяць на бронзавую постаць непакорнага чалавека ў расхрыстанай абгарэлай сарочцы з мёртвым хлапчуком на руках і на мармуровай клуні чытаюць словы — запавет мёртвых да жывых: «Людзі, беражыце жыццё, затуліце сонца ад свінцовых хмар, блакітнае неба ад дыму і страшэнных пажарышчаў, урадлівыя нівы ад спусташэння молахам вайны і ніколі-ніколі не дапусціце больш такое!»

І раптам у гэтай напружанай, скрушлівай цішыні узнікае і грыміць прыглушана ўдар звона. Яго падхопліваюць другі, трэці, чацвёрты... І вось ужо ўся паляна, увесь навакольны лес, уся зямля поўніцца самотна-ўрачыстым гудам-звонам.

Звоняць званы Хатыні.

Гэта рэквіем памяці. Гэта напамінак аб ахвярах фашызму — злейшага ворага чалавецтва.

«Слухайце, людзі! — чытаем на мемарыяльнай дошцы помніка.— Да вашых сэрцаў звяртаюцца званы Хатыні. З болем і гневам расказваюць яны аб трагедыі гэтай вёскі...»

...Фашысцкія канібалы зруйнавалі 209 беларускіх гарадоў і пасёлкаў, тысячы сёл і вёсак. У сотнях з іх былі знішчаны мірныя жыхары. Ад крывавых рук акупантаў загінула 2 мільёна 230 тысяч савецкіх грамадзян.

Гэтага ніколі не можна забыць!

Вялікія нашы ахвяры. Несуцешны наш боль. Жывыя пакляліся ўвекавечыць імёны ўсіх ахвяр гітлераўскага нашэсця. Па ўсёй абноўленай зямлі Беларусі — абеліскі, помнікі, памятныя курганы... Між іх мемарыяльны комплекс «Хатынь». Архітэктары Юрый Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін, скульптар Сяргей Селіханаў і галоўны інжынер праекта Васіль Макарэвіч у камені і бронзе ўвекавечылі хатынскую трагедыю.

На месцы кожнага з дваццаці шасці сяліб — задымленыя ніжнія вянцы зрубаў — падваліны. А над імі, як коміны на папялішчы, узвышаюцца бетонныя стэлы, увенчаныя званамі.

Мемарыял «Хатынь» удастоены Ленінскай прэміі — гэта ўвекавечанне памяці ахвяраў фашызму, помнік савецкім людзям, якія загінулі ў час апошняй вайны на беларускай зямлі.

Многія нашы жыхары падзялілі лёс хатынцаў. Урны з зямлёю гэтых вогненных брацкіх магіл замураваны тут у каменных плітах. А побач — каменная сцяна — помнік вязням Трасцянца, Масюкоўшчыны і іншых фашысцкіх лагераў смерці на беларускай зямлі ў чорныя дні фашысцкай няволі.

І цячэ сюды, у Хатынь, бясконцая людская рака. З усіх мясцін Беларусі, з усіх куткоў нашай неабсяжнай Савецкай Радзімы. І голас званоў плыве над палямі і лясамі, як вечная трызна-памінкі па тых, чые імёны запісаны тут, на гэтых комінах-помніках.

Калі чытаеш гэтыя словы загінуўшых хатынцаў, міжволі горкі, даўкі камяк падступае і сціскае горла: «Людзі добрыя, памятайце, мы любілі жыццё і Радзіму, і вас, родныя. Мы згарэлі жывыя ў агні. Наша просьба да ўсіх: няхай жалоба і смутак стануць мужнасцю і сілай...»

Слёзы засцяць вочы...

У кожнага, хто пабудзе тут, назаўсёды ў сэрцы застануцца словы: «Родныя вы нашы. Вы — у нашых сэрцах».

І вы, родныя браты і сёстры нашыя, вечна будзеце ў сэрцах жывых. Не забудзем гэтага ніколі, не даруем нізашто! Будзем працаваць, не ведаючы стомы рукам, каб увекавечыць мір і шчасце на зямлі, каб нідзе і ніколі ў віхуры пажару не памірала жыццё.


1986?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан