epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Кухараў

Жыццём людзей...

Звычайна, калі хочуць выявіць вытокі творчага аблічча таго ці іншага мастака, звяртаюцца да яго жыцця, спасцігаюць час, у якім ён жыў і працаваў, звяртаюцца да асяроддзя, што паклікала яго ўзяцца за пяро.

Першае апавяданне А. Кулакоўскага «Сад» надрукавана ў часопісе «Беларусь» у 1946 годзе, калі пісьменніку ўжо было за трыццаць. Ці пісаў ён раней? Аказваецца, у пісьменніка неабходнасць падзяліцца сваімі думкамі і пачуццямі з іншымі жыла даўно, яшчэ з маленства.

Аляксей Мікалаевіч Кулакоўскі нарадзіўся 24 снежня 1913 года ў вёсцы Кулакі, на Старобіншчыне. Пасля заканчэння Чыжэвіцкай школы паступіў у Рагачоўскі прафтэхнікум бондараў. Вучыўся там старанна і спрабаваў пісаць. Працуючы загадчыкам бандарнай арцелі ў Касцюковіцкім раёне, стаў актыўным селькорам. Неўзабаве яму прапанавалі пасаду адказнага сакратара клімавіцкай раённай газеты «Камуна». У 1934 годзе А. Кулакоўскага пераводзяць на працу ў рэдакцыю газеты «Чырвоная змена».

У тыя гады, калі жыў з бацькамі ў вёсцы, Аляксей Кулакоўскі актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці. То быў незабыўны час перабудовы вёскі на сацыялістычны лад. Камсамольскія сходы, мастацкія гурткі, калектывізацыя, паходы «лікбезу» — усё гэта потым ажыве ў памяці жывымі малюнкамі і стане залатым набыткам у творчасці.

Пасля падрыхтоўчых курсаў у 1937 годзе А. Кулакоўскі залічваецца студэнтам на філфак Мінскага настаўніцкага інстытута, які скончыў з выдатнымі адзнакамі. Працаваў выкладчыкам мовы і літаратуры ў Цяцерынскай сярэдняй школе на Магілёўшчыне.

У тую ж восень настаўніка А. М. Кулакоўскага прызываюць у армію. На вайсковай службе ён сустрэў першы дзень вайны. Быў фронт, былі баі, раненне, медсанбат, шпіталі, зноў фронт. А. М. Кулакоўскі — камандзір узвода, затым ён камандуе стралковай ротай. У баях тройчы паранены, мае ўзнагароды — ордэн Чырвонай Зоркі, баявыя медалі. Да 40-годдзя Перамогі — ордэн Айчыннай вайны першай ступені.

Пасля дэмабілізацыі ў 1945 годзе А. М. Кулакоўскі вярнуўся ў родны, знявечаны ворагам Мінск, з галавою акунуўся ў любімую працу. Артыкулы і нарысы Аляксея Кулакоўскага часта друкуюцца ў маладзёжных газетах. Адно за другім з’яўляюцца на старонках літаратурных часопісаў яго апавяданні, якія праз два гады склалі асобную кніжку — «Сад».

Адразу адчулася, што ў літаратуру ішоў пісьменнік, які матэрыялам для сваіх твораў узяў жывое народнае жыццё. Героі першых апавяданняў — Грысь Вячэра («Шляхі жыцця»), Несцер («Сад»), Павел Куцура («Нямко»), Мікіта Мінавіч з аднайменнага апавядання запамінальныя, адметныя. У іх угадваліся рысы землякоў, людзей вельмі блізкіх і знаёмых аўтару. Яны шмат чым нагадваюць персанажаў з твораў К. Чорнага. Узятыя з натуры, без асаблівай «падгонкі і шліфоўкі», яны ўздзейнічаюць на чытача, будзяць думку, змушаюць зацікавіцца лёсам героя.

У творчай манеры пісьменніка, гэта на самым пачатку заўважыла крытыка, ёсць адна характэрная адметнасць. Яна заключаецца ў тым, што А. Кулакоўскі з тых пісьменнікаў, якія ў сваёй творчасці ідуць ад пачуццёвага, эмацыянальнага паказу да ідэі, ад рэальнага факта ці падзеі да мастацкага абагульнення.

У гэтым бачыліся не толькі моцныя бакі, але і некаторыя выдаткі творчасці. У творах ранняга перыяду адчувалася тэндэнцыя бесканфліктнага адлюстравання рэчаіснасці. Аднак ідэйна-мастацкая вартасць яго твораў відавочная — яны адкрывалі новыя тэмы, пласты народнага гераізму. І, бясспрэчна, садзейнічалі выхоўванню маладога пакалення, скіроўваючы маладых на пераадоленне цяжкасцей пасляваеннай разрухі і нішчымніцы.

Лёс не песціў А. Кулакоўскага як пісьменніка. Не ўсё тое, што выходзіла з-пад яго пяра, прымалася крытыкай.

А. Кулакоўскі адзін з першых у пасляваеннай беларускай літаратуры ўзяўся за асваенне індустрыяльнай тэматыкі. Яго аповесць «Гартаванне» (1948) была разведкай гарадской тэмы, і вобраз галоўнага героя Васіля Патрончыка — пэўны крок наперад, хаця аўтару яшчэ не ставала глыбокага пранікнення ў жыццё рабочага калектыву, што не магло не адбіцца на абмалёўцы і выяве характару персанажаў.

Творчы шлях пісьменніка-камуніста Аляксея Кулакоўскага сваім пафасам скіраваны на ўсталяванне камуністычных ідэалаў, ён сцвярджае перавагу нашага савецкага ладу жыцця.

Пісьменнік вядзе чытача ў свет мар і здзяйсненняў, імкнучыся выявіць грамадскую сутнасць чалавека, жывапісаць партрэт героя нашага часу — працоўнага чалавека, былога воіна і працаўніка. На гэтым кірунку і бачацца яго ўдачы як мастака, раскрываюцца яго творчыя магчымасці. Назіранні, пільнае вока, якое бачыць тое, што іншыя не заўважаюць, багаты жыццёвы вопыт, уменне працаваць «на эцюдах» — у шматлікіх паездках і сустрэчах з людзьмі, з землякамі-салігорцамі багата і плённа выкарыстаны ў яго ранніх і цяперашніх апавяданнях і аповесцях, а таксама ў раманах, дзе праўда жыцця паўстае як вышыня духоўнага росту.

Удачай пісьменніка ў свой час адзначала крытыка з’яўленне аповесці «Нявестка». Яна напісана ў 1957 годзе, пасля таго, як з друку ўжо выйшаў яго раман «Расстаемся ненадоўга» (1955). У гэтай аповесці пісьменнік удала спалучае мастацкія дэталі — майстэрскія і трапныя, з драматызаваным сутыкненнем характараў, яркіх і індывідуалізаваных. У аповесці канфлікт маральны, а не вытворчы, як назіралася ў ранейшых творах; і для яго вырашэння спатрэбіліся новыя сродкі, новы падыход, мастакоўскае асэнсаванне сітуацый і падзей, уменне «арганізаваць» твор сюжэтна і кампазіцыйна.

Па аповесці «Нявестка» студыя «Беларусьфільм» паставіла фільм «Шчасце трэба берагчы». Узятыя словы дакладна выражаюць ідэю твора, якая сцвярджае чалавечнае ў чалавеку, раскрывае яго дабрату і цяпло душы. Носьбітам аўтарскай сімпатыі з’яўляецца Ларыса, нявестка старога Данілы, у хату якога з яе прыходам завітала радасць, звычайная чалавечая спагадлівасць.

Як і ў многіх апавяданнях, а таксама і рамане-дылогіі «Расстаемся ненадоўга» і «Сустрэчы на ростанях» створаны каларытныя, запамінальныя вобразы настаўнікаў, людзей, якія выйшлі з гушчыні народных мас і шчыра служаць свайму народу, аддаючы яму сваё сэрца. Сюды дастасуецца і раман «Сцежкі зведаныя і нязведаныя», які ўваскрашае мірную працу даваеннай пары.

З вялікай любоўю працаваў А. Кулакоўскі над запісам і рэдагаваннем кнігі ўспамінаў былога камандзіра Мінскага падпольнага абкома КПБ Героя Савецкага Саюза В. І. Казлова «Людзі асобага складу». Праца пад кнігай узбагаціла яго як пісьменніка — сустрэчы з многімі ўдзельнікамі партызанскага руху далі багаты фактычны матэрыял для твораў, якія напісаны і пішуцца.

А. Кулакоўскі, літаратар, сын свайго часу і народа, імкнуўся быць на пярэднім краі барацьбы за светлую будучыню. Сваім шчырым мастацкім словам ён рабіў тое, да чаго заклікана літаратура — своечасова і ярка расказаць людзям пра сваіх сучаснікаў — сапраўдных герояў з народа.

У родных яго мясцінах, пад Кулакамі і Чыжэвічамі, адкрыты паклады солі. Тут узнік і вырас Салігорск — горад шахцёраў і хімікаў, і Аляксей Кулакоўскі трымаў цесную сувязь з землякамі. Як вынік яго шматлікіх сустрэч і паездак на будоўлю і новыя камбінаты ў друку з’явіліся нарысы «Салігорцы», «Зоркі Салігорска», аповесці «Тут я жыву», «Расце мята пад акном», «Родныя шыроты». Пісьменнік упарта і настойліва пісаў жыццё, стварыў галерэю партрэтаў сучаснікаў — герояў нашага сапраўды непаўторнага гераічнага часу.

З-пад пяра А. Кулакоўскага за апошнія гады выйшлі аповесці «Маршрут ад Клічава», «Хлебарэз», якія прысвечаны подзвігу савецкага народа, вялікай перамозе ў вайне з фашызмам. На паліцах кнігарняў з’явіўся новы раман пісьменніка «Васількі», які вянчае набыткі больш за сорак гадоў актыўнай творчай працы адметнага майстра беларускай прозы.

За поспехі ў беларускай літаратуры А. М. Кулакоўскі ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі «Знак Пашаны». Яму прысвоена званне Заслужанага работніка культуры БССР.

Ставала яму часу і для актыўнай грамадскай дзейнасці, на тое, каб пачытаць рукапіс пачаткоўца, знайсці ў яго зерне таленту, вызначыць прызванне. Ён заўсёды знаходзіў час, каб пагутарыць з чалавекам, калі трэба параіць ці дапамагчы.

А. М. Кулакоўскі памёр 9 красавіка 1986 года на 73-ім годзе жыцця.


1986?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кухараў С. Сцішанае поле: Апавяданні, нарысы, эсэ, літ.партрэты. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 319 с.
Крыніца: скан