epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Хмара

Аб багох крывіцкіх сказы

(Беларуская міталёгія)

ПАЧАТАК БАГОЎ
НАРАДЖЭНЬНЕ ДАЛЬБОГА
МАЙЯ
ЗЯМЛІ ТВАРЭНЬНЕ
І НАЗВАЎ СВОЙ ТВОР ЗЯМНЫ БОГ - ЧАЛАВЕКАМ
ЯНА
ПАТОП
ПАВАРОТ НА ЗЯМЛЮ СВАЮ
ЗАПОМНЕНАЕ СЛОВА
НАРАДЖЭНЬНЕ ЯРЫЛЫ СОНЦАЛІКАГА
БАРАЦЬБА ЗА ЗЯМЛЮ
ЯРЫЛА І ЛЯЛЯ
І ПАСЛАЎ ДАЛЬБОГ СЫНА СВАЙГО ЧАЛАВЕКУ
КРЫВІЦКІ НАРОД РАТУЕ ЯРЫЛУ
ЯШЧАР І ВОЛАС
ЖЫЦЕНЬ-СПАРЫШ
ЦЁТКА СТРАШНАЯ
СЛОЎНІЧАК МІТАЛЁГІІ КРЫВІЦКІХ БАГОЎ


ПАЧАТАК БАГОЎ

Сусьветныя прасторы ўкрываліся ў процьмах беспрасьветнае млякі - колядзі халоднай.

Не было неба. Не было зямлі. Толькі далоўкі плюскала бязьмежнае, бясконцае мора.

Паднімаліся ў імгле беспрасьветнай шэрай туманы морскія, угару цягнуліся, у воблака сівае скупіліся.

Затрапяталі воблачныя абрысы жывою істотаю, выцягнуліся ў постаць белую, сьветазарную, жаночую.

І прыйшла на сьвет першая істота - жывая Багіня-прародзіца Жыва-Каляда.

Імгліліся над морам бязьмежным бесканечныя сівыя туманы-колядзь.

Мляка беспрасьветная панавісла над сусьветам.

 

НАРАДЖЭНЬНЕ ДАЛЬБОГА

Насілася ў прасторах сівых імгляных Жыва.

Сум і беспрасьветнасьць панавалі над сусьветам.

І не было нічога апрача мора водаў бязьмежных, бурлівых.

І сумна зрабілася Жыве адной ў прасторах сусьветных беспраглядных.

Набеглі з суму вочы багіні сьлязамі.

Туга ў цела Жывіна ўвапнулася асьцяном гострым.

Прагаю істоты жывой-таварышкуючай.

І зацяжарыла прагаю гэтай багіня - прародзіца.

Хаценьнем чыстым запладнілася.

Плакала з радасьці ўжо багіня, што зачала сваю прагу сьвятляную залатую.

Капнула сьляза Жывы-багіні ў мора - у востраў-вырай абярнулася.

Капнула другая - і прарасла яна дрэвам высокім на востраве-выраі, уверх безупынна пнулася.

І тады нарадзіла Жыва-Каляда сьветлалікага сонечнага Далібога - сусьвету ўладара, гаспадара вялікага.

Нарадзіўся Вялікі Дальбог.

Усьміхнуўся ўсьмешкаю сонечнаю, над краем мора ўзьняўшыся.

І пад вокам двулікага замітусіліся туманы сівыя, сьцені сумныя.

З жахам у куты кінуліся, у процьмах бяздонных морскіх згінулі, царства Чарнабогава творачы.

І настаў тады дзень сонечны над морам сусьветным.

І ноў месячная.

Бо два твары меў Дальбог Вялікі:

Сонечны, дзённы, ласкавы.

І месяцовы ночны, таёмны, халодны.

 

МАЙЯ

Пад поглядам-променем Дальбогавым пачало ўсьміхацца сівое, хмурае мора.

Хвалі халодныя шумавінныя вясёлым звонам плёскаюцца, уверх цягнуцца - ласкі Дальбогавай просячы.

І пад шопат хваляў морскіх у бязьмежжах сусьветных, у самоце ходзячы, запраг Дальбог сяброўкі свае, судружыцы.

Плюснула хваля, аб бераг вострава-выраю ўдарылася.

І выскачыла з вады багіняю прыгожаю, пышнаю Майяю.

Пайшла багіня-хваля па беразе, вадою морскаю, зялёнаю сьцякаючы.

І дзе ступіла багіня, сьлед мокры ў пяску пакідаючы - выпрыскваў на тым месцы аер пахкі боскім водырам, а дзе кропель некалькі вады з цела багіні крапнула - там трава зялёная зазелянела.

А насустрэчу ёй сам Дальбог у бляску сонечным на востраў спусьціўся.

Убачыла Дальбога зблізка Майя - багіня нованароджая, і ўзяў багіню ляк нязнаны, сорам дзявоцкі, перад панам сваім, уладаром боскім.

Схавацца, укрыцца ад вачэй боскіх запраглася.

Абярнулася Майя тады ў дрэўца стрункае із станам дзявочым, з кудзеркамі пухкімі - галінкамі, з целам - карою белаю, сьнежнаю.

Стаіць бярозачкаю, лісткамі шапаціць сарамліва, стыдліва пахіліўшыся.

І прышоў Дальбог да маладой сваёй.

Пазнаў бярозку-Майю, сяброўку, сабе з хвалі створаную.

І было першае каханьне ў сусьвеце вялікім.

 

ЗЯМЛІ ТВАРЭНЬНЕ

А па начох пашлюбных, у харомах Дальбогавых, затужыла Майя-багіня па моры сваім бязьмежным, па дне марскім з пяскамі жоўтымі - залатымі.

І тады прышоў тварэньня час.

Каб мець сваё роднае каля сябе, апусьцілася Майя ў бяздоню морскую на дно, прыгаршчы пяску залатога загарнула і на паверхню мора кінула.

І вырасла з пясчынак, на гладзь морскую кіненых, цьвердзь земская - Майі ўладарства.

Зазелянілася пад ступою Майінаю.

Гаямі бярозавымі ўмаілася з загаду Дальбогавага, на ўспамін багіні, што калісь у бярозку абярнулася.

І тады пэршы раз злы Чарнабог, сваю руку паганую, каб перашкодзіць тварэньню боскаму, прылажыў.

Калі кідала прыгоршчы пяску на морскую гладзь Майя, каб зямлю стварыць, высунуўся Чарнабог з процьмы морскай, куды перад поглядамі-праменьнямі Дальбога хавацца быў змушаны, і пачаў з-пад долу новую зямлю сваім гарбом падкідваць, пароць.

І з таго лядацтва Чарнабогава парэпалася зямля маладая, не застыглая прадоньнямі-шчылінамі, а ў іншых мясцох карабаценьнямі-горамі нарасла.

А часьціну пясчынак дробненькіх, лядачы Чарнабог рукою схапіў і на зямлю, плюючыся ад люці, кінуў.

І сыпанулі пясчынкі з рукі Чарнабогавай, каменьнем малым і вялікім на палеткі зямныя, каб Майя па зямлі ходзячы сабе пальцы ногаў зьбівала.

А пляўкі Чарнабогавы ў балоты-дрыгву чорную, бяздонную абярнуліся - царствамі Чарнабога на паверхні зямлі сталіся, выхадамі ў ягонае панаваньне глыбокае.

 

І НАЗВАЎ СВОЙ ТВОР ЗЯМНЫ БОГ - ЧАЛАВЕКАМ

І сказала Майя Дальбогу:

- Зямлю стварылі, але сумна мне па зямлі хадзіць. Весялей у моры было, калі я хваляю ў ім бегала, паміж тысячаў іншых хваляў.

А тут я адна. Няма над кім мне апекавацца, няма каму мяне славіць.

А ў выраі Каляда-прародзіца пані.

І тады пастанавіў Дальбог стварыць чалавека на зямлі.

Узяў бог зямлі жменю клустай з вадой морскай, салонай, замяшаў і выляпіў чалавека па ўзору свайму боскаму, а ў грудзі яму дух уклаў.

І калі стварыў бог чалавека, тады другі раз Чарнабог, каб пашкодзіць боскаму тварэньню, руку сваю паганую прылажыў.

Боскае тварэньне чалавека, на веківечныя не дасканальным зрабіў, бо сваю чорную, пякельную атруту-руду ў жылы людзкія, у кроў падкінуў.

Бо як браў бог зямлю, каб чалавека ляпіць, трапіла з зямлёю ў чалавека руда балотная з царства дрыгвянага, Чарнабогава, у целе людзкім з вадой морскай памяшалася і зрабілася людзкая кроў ад гэтага сумества, цечаю бурліваю, шалёнаю, што чалавека часам на розныя вар'яцтвы паклікае, у бяздоньне кідае, у пятлю ўсаджвае, чортам робіць.

Бунт супроць бога выклікае.

І назваў бог свой твор зямны чалавекам-істотай, якая вечна будзе жыць, і пад апеку Майі даў.

 

ЯНА

Але атручаны быў новы твор боскі ў жылах сваіх рудою балотнаю Чарнабогавай.

Скардзіўся чалавек на самоту сваю, на багоў скардзіўся, што на сьвет яго адзінокага пусьціўшы пакрыўдзілі.

Плакаў, сьмяяўся, у гнеў трапіўшы, шалеў, лаяўся, бо насіла ягоную кроў-руду пякельнае цечыва, з зямлёю туды трапіўшае.

Паказала яму Майя дарогу ў вырай, да прадрэва, неба падтрымоўваючага прывяла, але не супакоіўся чалавек у смазе сваёй.

Зь зямлі створанага, да зямлі з паваротам цягнула.

Ня цешыла яго прыгаство вырайскае - жыцьцё вечнае.

На зямлі ён выраю хацеў, на сваёй зямлі жыцьця шчасьлівага, радаснага.

Вярнуўся на зямлю чалавек, а з сабою Жывы-багіні, прародзіцы, дарунак прынёс - з прадрэва галінку маладую, жыцьця крыніцу вечную.

- Пакуль будзе дрэва жыцьця з табою, будзеш вечна жыць, - сказала Жыва чалавеку.

Пасадзіў чалавек галінку прадрэва ў зямлю і зазелянілася Іва лісточкамі зялёнымі, у пупяхі пухнастыя, залатыя ўбралася.

І стала Іва-вярбіна адзіным другам чалавека ў самоце ягонай.

Павяраў ён Іве зялёнай свае думкі сукрытыя. Песьні ёй свае пеў, стан дрэвіны стрункі абыймаў.

І акрывала яна беднага чалавека сваімі галінамі аксамітнымі, калыхала яго да сну пошумам верхавінкі свае зялёнае, шаптала яму казкі цудоўныя, мроі, крозы навейвала.

Пакахаў чалавек Іву-вярбіну - дрэва жыцьця вечнага - і пачаў багоў прасіць, каб далі яны Іву яму ў жонкі. Наракаць пачаў: - Не хачу я вашай вечнасьці адзінокай. Не хачу я Івы - дрэва нерухомага, хачу, каб сталася Іва такім-жа чалавекам, як я.

Бо бунтавала супроць боскіх дзеяньняў чалавечая кроў, Чарнабогам атручаная.

Да граху клікала.

І разгневаўся Дальбог на чалавека неразумнага, які ня хоча вечна жыць, і выканаў просьбы чалавечыя.

Абярнуў ён Іву ў жанчыну прыгожую, падчас сну чалавечага.

Згубіў чалавек з свае дурасьці жыцьцё вечнае.

Але за тое сяброўку жыцьця свайго кароткага атрымаў.

Ды пашкадаваў бог, каб людзкі род на гэтай пары скончыўся і таму зрабіў бог, што будзе прадаўжаць жанчына род людзкі, новага чалавека радзіць век у век, і хоць памрэ сама разам з чалавекам сваім, будзе жыць яна ў пакаленьнях сваіх, як галінка вярбіны ў зямлі вочкам аджываючы.

І ад дрэва назваў сваю жанчыну чалавек Іваю - Еваю.

І таму, што з Івы-вярбіны яна створанай была, засталіся ў жанчыны свомасьці вярбіныя.

Пад ветрам ніцам хіліцца, гальлё-рукі ад тугі апускаць Івай плакучай, расою-сьлязьмі плакаць, ды пры першым проблеску сонечным залатою ўсьмешкаю сьмяяцца.

 

ПАТОП

А заздрасьць Чарнабога ў процьмах ягоных бурыла, кроў ягоную чорную шумавіла супроць пана сусьвету.

І як толькі адлучыцца куды Дальбог, або засьне, дык пачне Чарнабог на злосьць шкоду рабіць.

Мора на зямлю пераверне, ледзяною крыгаю-гарою на тысячы вёрстаў прасторы зямныя пакрые.

І вернецца, ці прачнецца Дальбог, а тут, дзе зямля была, мора бушуе, дзе расьліны красавалі - горы лядовыя па край сьвету.

І з чалавекам клопат: Падашле Чарнабог сваю жонку Мару, забярэ яна пад час сну душу чалавецкую і Евіную ў сваё царства процьмавае, ману ў вочы пусьціць, цуды розныя пакажа, ёміны нячуваныя, нябачаныя, прагу, пожадзь хваравітую выкліча і назад кіне.

Прачнецца чалавек, а ў вушах яшчэ музыка цудоўная, а ў вачах яшчэ мары сонныя.

І збунтуецца боскае тварэньне, плыняй руды Чарнабогавай цераз кроў атручанае.

Слухае Дальбог нараканьні чалавечыя, углядаецца на работу Чарнабогаву зласьлівую і ўзьбіраецца гнеў боскі ў грудзёх на злога.

А Чарнабог, пабачыўшы, што раз нашкодзіць удалося, другі раз удалося, адвагі нахабнае набраўся і парашыў самы вырай і неба вадой заліць, усё боскае тварэньне затапіць, і калі Дальбог кудысь адвярнуўся, узьняў Чарнабог мора вялікае ўгару і на небе хмараю павалок тапіць вырай.

Але на шчасьце ў гэтую хвіліну азірнуўся Дальбог.

Спалахнуў пан сусьвету Маланкаю наглаю, секануў гнеў боскі Перуном магутным.

У Чарнабога ўдарыў.

Грымоты сьветам здрыгнулі. Паваліўся сьцяты боскім гневам Чарнабог у процьму ліхую, а хмары разьбітыя ўніз на зямлю струмамі-дажджом навальным паліліся.

І ліў дождж з мора разьбітага, што на неба Чарнабог зацягнуў сем па сем дзён. І затапіла вада ўсю гладзь зямную.

Чалавек з Еваю ўзапнуліся, ратуючыся ад паводкі на самае высокае дрэва, але вада штораз прыбывала і прыбывала. І тады апрытомнеў чалавек з нагавораў Чарнабогавых і ратунку ў Дальбога запрасіў.

І зьмілаваўся Дальбог.

Загадаў Перуну-богу, які з гневу пана сусьвету радзіўся, перакінуць масток з выраю да дрэва, на якім чалавек з Еваю сядзелі, каб маглі яны ў вырай перайсьці, выратавацца ад паводкі.

Узяў Пярун сем устугаў разнакалёрных, цудоўных і цераз неба да дрэва, на якім чалавек сядзеў, перакінуў.

І перайшоў чалавек Перуновым мастком праз неба аж да выраю, цэлы, няўшкоджаны.

І так узрадавалася сэрца чалавечае ратунку, што назвала масток Перуновы, цудоўны, - Вясёлкаю. Бо радасьць ён чалавеку прынёс. Радасьць ратунку ад пагібелі.

А каб і далей не пасьмеў Чарнабог свае ўчынкі злыя даконваць на небе і на зямлі, паставіў Дальбог Перуна вартавым нябесным і ключаром выраю боскага.

І як пабачыць толькі Пярун дзе Чарнабога, ці слугаў ягоных пры рабоце пякельнай, дык і секане Маланкаю па злым, грымне грымотамі, агнём нябесным асмаліць.

А заразам і людцоў, што супроць пана сусьвету грашаць, пакарае за сувязь із злымі моцамі.

 

ПАВАРОТ НА ЗЯМЛЮ СВАЮ

Сышла вада з зямлі пасьля патопу, сонейка падсушыла, выпарыла вільгаць, траўка зазелянелася, бярозкі, вербы зашапацелі сваімі лісточкамі зноў песьню жыцьця.

І тады затужыў чалавек па зямлі, седзячы ў выраі.

І сонейка яму вырайскае ня цёплае, і прадрэва сусьвету ня радуе, і кветкі цудоўныя вырайскія ня цешаць, і мёды вырайскія не смакуюць.

Добра ў выраі, але яшчэ лепш у роднай хаце, на роднай зямлі, цела, з цела якой чалавек сам быў.

І ўзмаліўся да Дальбога чалавек:

- Пусьці мяне, Божа, зпаваротам на зямлю!

Не прыймае душа мая выраю...

А жонка ягоная, хоць і з выраю паходзіла, ад прадрэва галінкі, за чалавекам запрасілася.

Бо дзе чалавек, там і я...

Буду ягоныя болькі суцішаць...

Тугу разьвейваць...

Песьні яму пяяць.

Зьдзівіўся Дальбог хаценьням чалавечым неразумным. Даў аднак журавоў ключ і казаў ім чалавека з Еваю на зямлю адвясьці.

А над чалавекам апякуноў вызначыў адумысных:

Раду-багіню.

Якая лёсы жыцьця чалавечага вясьці мае.

І Кона.

У якога на кію лёс, кожнага чалавека доля засечкай наканаваная.

І калі прыдзе час, на Кона кію засечаны, Радаю пастаноўлены, тады споўніцца над чалавекам наканаванае.

А калі няма чаго ў жыцьці і долі чалавечай, Радай пастаноўленай, дык выйдзе чалавек з лапаў Самога Чарнабога і жонкі Ягонай Кастухі - Маруны цэлы, нячэплены.

Бо ня маюць чорныя сілы і сьмерць самая голасу ў чалавечых справах, калі гэта боскімі апякунамі ня вызначана.

А за тое, што абразіў чалавек Дальбога ў выраі застацца ня хочучы, пакараў пан сусьвету чалавека тым, што па сьмерці мусіў дух чалавека ў падземнае царства Чарнабога ісьці вандраваць, па пустынях лядовых і процьмах бязьмежных.

І ня добрая Рада прыходзіла па душу чалавека па сьмерці, а Маруна чорная, страшная.

А жанчыны пасьля сьмерці ў лесе жылі над вадою, на бярозах гальлі гушкаючыся, у вадзе плёскаючы, гушкалкамі вадзінымі.

 

ЗАПОМНЕНАЕ СЛОВА

А калі адсылаў Дальбог сваімі ганцамі-журавамі чалавека на зямлю, пашкадавала яго Рада-багіня, жонку ягоную на бок паклікала і слова боскае цудоўнае шапнула на вуха Еве.

Калі - кажа - цяжка вам там на зямлі станецца, тады перавярні да гары дном камень і клікні ты гэтае слова вядуннае.

Прылятуць мае журавы, тады з выраю і вас сюды з паваротам забяруць, на радаснае, вырайскае бытаваньне.

Былі радасныя першыя дні чалавеку на зямлі абноўленай. Але штораз цяжэй прыходзілася з часам.

Каменьне, раскіданае Чарнабогам, ногі зьбівала, дрыгва балотаў засмактвала. Зюзя-зімавіца подыхам лютым кроў у жылах студзіла.

Яшчэ чалавек неяк кідаўся, а Ева дык і зусім далася - плача, вырай цёплы, цудоўны ўспамінае.

І захалелі яны вярнуцца да выраю, які здуру пакінулі.

І як толькі яны падумалі аб гэтым, паказаліся небам журавы, ключамі лятучы.

Перавярнула Ева камень, што ля ногаў ляжаў, як Рада вучыла, а слова вядуннае і запомніла.

Закружыліся над галовамі журавы, каменьнем зачыненым затрыманыя, мітусяцца, курлыкаюць, а Ева слова вядуннае запомніла.

Сіліцца, сіліцца і ўспомніць ня можа.

Гэтак і адляцелі журавы без чалавека ў вырай.

З тае пары, як толькі цяжка чалавеку на зямлі, прышле па яго Рада журавоў з выраю, затрымае чалавек з Еваю журавоў на небе камнем абарочаным, а слова-замову ўспомніць ніяк ня могуць.

Гэтак і засталіся і надалей на зямлі неразумныя, дзякуючы Евінай пустой галаве, што замову запомніла, аб сваіх толькі ўборах жаночых думаючы ды песьні пяючы.

 

НАРАДЖЭНЬНЕ ЯРЫЛЫ СОНЦАЛІКАГА

Старэць пан сусьвету Дальбог магутны пачаў. На вочы прыхвараць. Менш зямлёй апекавацца. Менш даглядаць.

А бяз догляду Дальбогава і іншыя багавікі разьлянаваліся. Пярун, замест чорныя моцы пільнаваць, у забаўкі-гулянкі ўдаўся, котку на небе катае, грукоча.

Кон па-за кіем лёсу засяканым нічога ня бачыць.

А Рада толькі сядзіць ды ў кнізе доляў сабе чыркае, калі якую душу чалавечую Маруне аддаць.

А тады і Чарнабог із сваёй дружынай адвагі набраўся, зноў із процьмаў выпаўз супроць сьветлага ваяваць.

Каб зьнішчыць Дабро, каб цемрач у сусьвеце запанавала, зачыніў ён жыцьцё зямное, на ключ замкнуў, завязаў.

І ўзнамерыўся самую Жыву-Каляду зьністожыць, бо ведаў, хуткі час народзіць яна бога маладога, які на варце Дальбогавае дзяржавы стане і тады навекі заставацца Чарнабогу толькі ў сваіх нетрах падземных.

Ляжаў хворы Дальбог у выраі.

Хадзіла Жыва-Каляда па зямлі, Чарнабогавымі моцамі апанаванай.

Марозамі-сьцюжай, сьнягамі акрытай, пад подыхамі Зюзі-зімавіцы сьцюдзёнае.

Хадзіла, мейсца ціхуткае выбірала, дзе радзіць будзе Сонечнага...

І клікнуў тады Чарнабог усіх слугаў сваіх.

Зюзю-зімавіцу з булавою каменнаю.

Віхуры злыя, сьцюдзёныя.

І казаў ім за Жываю на зямлю ўдацца і прародзіцу сусьвету загубіць, карыстаючыся Дальбогавай хваробаю.

Пачула Жыва вой люты, слугаў Чарнабогавых, булавы Зюзявай страшнае вуханьне. Абярнулася казою белаю Жыва, стралою стрункаю, ад моцаў чорных у бег паімкнулася.

Сам Чарнабог у мядзьведзя перакінуўся, а дружына ягоная віхуровая ў ваўкоў лютых і наўздагон за Жываю-Калядою шуганулі.

Рыкам страшным роўкаюць-выюць.

Імчыцца каза-багіня па зямлі, а за ёю прасьледвальнікі ліхія. Усьцяж бліжэй і бліжэй.

Мара жахлівая з нетраў сваіх вылезла, касьцьмі заляскала.

Вось-вось дагоняць злыя моцы Жыву-казу.

Але хоць хворы быў Дальбог, пачуў і зразумёў, што гэта Чарнабог Жыву прасьледуе.

Узмахнуў пан сусьвету рукою і паслаў ён на Чарнабога сон мёртвы.

Уваліўся Чарнабог у бярлогу лясную і абмёр.

Засталіся ягоныя слугі-віхуры, ваўкі без кіраўніка.

Са сьледу Жывы-Каляды зьбіліся.

Зблудзілі.

Па зямлі бегаюць, выюць.

А Жыва-Каляда прыбегла на Крывіцкую зямлю.

Каля стогу із жыта-снапамі прытулілася.

І на снапох жытніх нарадзіла Сонцалікага Ярылу, Дальбогавага сына.

 

БАРАЦЬБА ЗА ЗЯМЛЮ

І прадзначаны быў Ярыла - Дальбогаў сын - палажыць канец панаваньня моцаў злых на зямлі, цемры лютае Чарнабогавае.

Не па днёх, а па хвілінах рос малы Ярыла, дужэў.

І ўзяў ён у рукі свае маладыя меч прамяністы і ў нетры апусьціўся, у царства падземнае, каб бой Чарнабогу даць.

Ключы зямныя адабраць, зямлю зноў да жыцьця адчыніць, Чарнабогам замкнёную.

І чакала Жыва і ўсе багі ў выраі і чалавек на зямлі змаганьня вялікага вынікаў.

Да пана сусьвету маліліся, каб сілу Ярыле-змагару з цемраю даў:

І спаткаліся ў нетрах падземных дзьве сілы: сьвятла і цемры.

Бліснулі мячы, сыпанулі іскры. Здрыганулася зямля, закалыхалася мора.

І грукат вялікі счыніўся над усім сусьветам.

Змагаліся багі.

Не бярэ меч Ярылаў Чарнабога да канца, адкінуў тады Ярыла яго на бок, схапіў Чарнабога ў абыймы, сьціснуў і ключы зямныя з поясу ягонага сарваўшы самога аб скалы кінуў.

Ад удару аб скалы трэснула зямля, горамі пакарабацілася.

І пацякла з горла Чарнабога пераможанага кроў-дрыгва вагнявая-апальваючая цераз шчыліны зямныя смуродам вялікім. Дымам, дрыгвою вагнявою балотам гарачым чорным выбілася, пацякла.

І быў тады ўсёй зямлёю землятрус, гукі падземныя, грукаты.

Каб заспакоіць хутчэй Жыву-маці, пакуль сам на зямлю вернецца, схапіў Ярыла ў міжскальлі падземным каменьчыкаў шэрых жменю, духам сваім на іх дунуў і ўверх кінуў.

І абярнуліся каменьчыкі ў птушак лёгкакрылых, жаваранкаў - пасланцоў Ярылавых на зямлю панясьліся.

І як вырваліся яны з нетраў Чарнабогавых на зямлю, узьнялі яны гімн радасны Ярыле-пераможніку, у паветры крылцамі з радасьці перабіраючы.

Хвалу Сонцалікаму ўзносячы. І на птушак-ганцоў Ярылавых зыкі шчасьлівыя пакацілася перапалоханая Зюзя ў глыбокія нетры, віхуры, хвост ваўкамі паджаўшы, са страхам за ёю з зямлі паўцякалі.

Выехаў Ярыла-пераможац на зямлю, ключамі адамкнуў жыцьцё замёрлае.

Едзе Ярыла і ад подыху каня ягонага таюць ляды Зюзіны, бягуць сьнягі сьлязою халоднай.

А пад капытамі траўка зелянее, вярбіна пупяхамі вясельнымі ўбіраецца.

Славяць у небе высока Пераможніка жаўранкі, граюць у трубы журавы, ад Дальбога прывітаньне Ярыле нясучы.

Сьвята на небе, сьвята на зямлі.

Жывому ўсяму Вялікдзень настаў.

Вялікі дзень перамогі сьвятла над цемраю.

 

ЯРЫЛА І ЛЯЛЯ

Ехаў Ярыла па ўваскросшай зямлі і п'янела ўсё жывое радасьцю буйнаю, Ярылу сустракаючы.

Расчынялі дрэвы свае пупяхі зялёныя, смалістыя.

Краскі ўлоньні свае насустрач богу маладому адкрывалі, нэктар цудоўны яму падносячы ў дарунак. Курывам - пахкім водырам цьветавым - дарогу ягоную акраплялі.

Брыняла зямля пяшчотаю нявесты маладой, цяплынёю курылася ласкавай.

Яр хадзіў па зямлі, сама зямля яравала, улоньне прагна насустрэчу Сонцалікаму з пожадзьдзю раскрывала.

І вылілася пожадзь - каханьне зямное - да бога-вызваліцеля залатымі латоцьцямі на грудзях зямлі.

Убачыў Ярыла ў сваім паходзе ўрачыстым латоцьця цьвет, убачыў, і заварушылася маладое сэрца бога.

Ключмі ня толькі зямлю сырую адчыніў, сэрцы істотаў зямных, але і сваё собскае.

Заярылася яно вагнём каханьня да зямлі нявесты.

Да латоцьця цьвету, сэрца зямнога, да пяшчоты расчыненага.

І пад поглядам палкім бога-юнака здрыганулі ад раскошы латоцьцявыя пялёсткі, асалоды водырам, нібы імглою акрыліся.

І пачалі ў імгле латоцьцевыя пялёсткі грудкамі цела белага раніцы адценем ружовым, вуснамі чырвонымі абяртацца, вырастаць.

Яшчэ міг і стала перад Ярылаю, ува ўсёй сваёй красе земскай, дзева з целам, нібы латоцьце залатое, а вачыма, нібы неба блакітнае, з косамі, нібы лён крывіцкі.

Зямная прага каханьня.

Зямная пожадзь запладненьня.

Ляля-прыгажуня, Ляля - Ярылавая нявеста - на хмельным банкеце вясновым. Ляля - багіня вясны, багіня радасьці хмельнай, багіня каханьня, багіня прыгаства.

І быў на зямлі банкет вясельны.

І была Ярылавая шлюбная ноч.

І было на зямлі каханьне.

І зачатак плоду зямнога.

 

І ПАСЛАЎ ДАЛЬБОГ СЫНА СВАЙГО ЧАЛАВЕКУ

Калі настала ноч, калі сонейка ў выраі хавалася, выпаўзала з процьмаў цемра чорная, зямлю акрывала.

І хадзілі цемраю па зямлі моцы чорныя, злыя - слугі Чарнабогавы.

Лесавік, дзед стары з барадою мохавай, з валасамі з амялы па лесе вандраваў.

Чарты хвастатыя, злыдні, ведзьмы ў ступах лёталі.

Жабурэньнем абросшы вадзянік з вады вылазіў, па беразе рыскаў.

Карачун, пасланец Марунін у хаты падкрадваўся, людзей, што сьпяць, за горла хапаў, душыў, на грудзі сеўшы.

І чым даўжэй сонейка ў вырай хавалася, тым вялікшыя гулі пачыналі моцы чорныя, з людзей зьдзекваліся, безбаронных страшылі.

І сабраўся тады ўвесь народ, што на зямлі быў, на гару высокую Дальбога клікаць, маліць, аб помачы людзём прасіць.

Каб і ў начы абарону супроць моцаў чорных мець.

Каб і начою багаславеньне боскае з людзьмі было.

Казаў Дальбог Ярыле пякучаму ў паход сабрацца, да людзёў на помач, каб ім начны час асьвятліць, цяплынёю сваёй сагрэць, сьцені чорныя разагнаць.

Спусьціўся Ярыла на гару да людзёў сабраных духам на дрэве высокім сухім маланкаю прамяністаю, сьвятым вагнём запалаў, сьцені чорныя разганяючы, людзёў цешачы, цяплыню даючы.

І назвалі людзі з радасьці сышоўшага бога, Ярылу-агонь, «Багачом».

Бо багатым з тае пары стала жыцьцё людзкое.

Сьветлае, цёплае.

Узьнесьлі людзі гімн магутны небу. Хвалу Дальбогу, пану сусьвету, апякуну чалавецкаму.

Панясьлі людзі «багача» па хатах сваіх, на таку паклалі, гальлём сьвятым вярбовым падсычваючы.

І радасьць настала ў хатах крывіцкіх.

Уцеха вялікая.

 

КРЫВІЦКІ НАРОД РАТУЕ ЯРЫЛУ

Але прызвычаіліся людзі да цяпла і стала яно іх штодзёньніцай. Запамінаць пачалі, галінкамі сьвятымі агонь падсычваць пакінулі. На варце пры багачы ў пуні-багоўні сядзець ня сталі і тады пакінуў аднаго дня вагонь людзей.

А калі кідаў багач хаты людзкія, падсьцярог яго Яшчар люты, красуняю абярнуўся, да сябе запрашаючы, песьняю чароўнай вабячы.

І прывабіў ён багача ў нетры свае морскія, у харомы падземныя.

І аблутаў там, сілу адняўшы, багачу-Ярыле рукі вадаростамі, да скалы прыкаваў.

І калі настала ноч, не запалаў багач у пуні-багоўні, не зашумеў вагонь у хатніх вогнішчах.

Тады заенчыў народ у жаху, пазнаўшы грэх свой.

На калены ўпаў, Дальбога зьмілавацца просячы.

Ярылу-багача клікаючы.

Але закуты-павязаны багач на дне марскім у Яшчара.

Цемрач халодная зноў над зямлёю пануе.

І зьмілавалася тады над людзьмі неразумнымі апякунка іхная Рада-багіня, навучыла старых вяшчуноў людзкіх, як багача-Ярылу з мора ратаваць, ад Яшчара вызваляць, ласку ягоную нанова здабыць.

Зрабілі людзі па загаду старых жэрдку доўгую, пры канцох па папярэчыне прывязалі. Дрэва паваленае, на якім ужо Ярыла маланкаю на зямлю схадзіў знайшлі. І ўзяўшыся за папярэчкі-жэрдкі рукамі, пачалі яе па дрэвіне туды і назад цягаць, каб крыжавіньнем гэтым зарок Яшчараў з Ярылы-багача зьняць, з пад морскіх харомаў Яшчаравых вызваліць.

Дарма шалелі моцы чорныя, дарма страшылі. Упарты быў чалавек.

І стаўся чаканы цуд.

Закурэўся над дрэвам дымок і спалахнуў вагонь у цемры бліскучым полымем.

Вызвалены быў Ярыла-вагонь, цяпер Купалаю названы, бо ў моры купаўся, з нетраў морскіх.

З няволі Яшчаравай.

І радасьць зноў вялікая была між людзьмі ў гэтую ноч. Палалі на ўзгорках агні, ачышчаючыя з грахоў людзей. Грымелі песьні, славячыя Купалу - другі Ярылаў прыход на зямлю.

А ключ Ярылаў цудоўны, якім сонцалікага з паваротам на зямлю выратавалі-адамкнулі з тоні морскай, на свой знак людзі ператварылі. І бараніў гэты знак крывічоў перад Чарнабогавай зграяй, сілу даваў, моц Крывіцкаму народу.

А Яшчара злога куклай саламянай, агнём Ярылавым пераможным палілі, у ваду кідалі пераможанага.

 

ЯШЧАР І ВОЛАС

І прышоў зноў Яшчар пракляты на зямлю.

Начою цёмнаю падкрадваўся ён у падпавеці, ў загарады з дабыткам рагатым людзкім.

І пад лапаю Яшчаравай валілася скаціна - статак сялянскі.

І дзе было сто хвастоў - тры засталося, і дзе было дзесяць - аніводнага.

І плач быў вялікі сярод народу Крывіцкага.

Тады пастанавілі старэйшыя:

Уласкавіць трэба бога злога, удабрыць лютага Яшчара.

І паслалі да стані Яшчара паслоў людзі.

А з пасламі дзяўчынку нявінную, найпрыгажэйшую.

Злому богу ў ахвяру.

Прышлі вечарам пасланцы да балота - дрыгвы бяздэннай, да Яшчаравай стані.

Ніцма назем упалі, гукаць лютага пачалі, дзяўчыну ахвяруючы.

Выпаўз Яшчар страшны з дрыгвы чорнай. Пасткаю з клыкамі-піламі заляскаў вачыма вугольнымі запалыхаў, хвастом дзесяцілакцёвым па балоце запляскаў.

Пхнулі да яго з жахам ахвяру абамлелую і ўпаўзьлі пасланцы ў пярэпалаху назад.

Але не надоўга ўласкавілі лютага Яшчара.

Не мінула доўгага часу, не пасьпелі яшчэ людзі маладняку быдлячага ад пазасталай скаціны нагадаваць, як выпаўз ён зноў на зямлю.

Як пачаў ён зноў статак сваёй лапай чорнай гарнуць.

Дый ня толькі статак, але і гаспадароў ягоных сваімі кіпцюрамі значыў.

І гінуў значаны ад таўра Яшчаравага.

Зноў далі Яшчару ахвяру з дзяўчаці маладога.

Але ня ўласкавілі ўжо Яшчара.

Кажны дзень ахвяры новае жадаў ненасытны.

І не дадуць людзі ахвяры - сотні гінулі.

І быў у паселішчы адным пастух, і ніхто ня ведаў, скуль ён між людзёў зьявіўся, колькі год яму ёсьць.

Пасьвіў ён быдла, на жалейцы граў, пана сусьвету, вялікага Дальбога славячы.

І калі пачаў Яшчар сваю лютую расправу сярод быдла рабіць, узяў аднаго дня пастух кія свайго пастушага і пайшоў да балота Яшчаравага. А калі выпаўз Яшчар з бяздоньня балотнага на ахвяру спадзаючыся новую - схапіў яго пастух за пашчу клыкастую рукою старэчай і была тая рука мацней скалы каменнай. А кіем сваім пачаў Яшчару вочы выпорваць.

Бо быў пастух багавіком-Воласам, якога паслаў Дальбог на зямлю быдлам апекавацца. Зароў Яшчар з болю і ў злосьці ў тры кольцы скручваўся, раскручваўся, хвастом аб балота біў.

На моц з адным вокам з рук Воласавых вырваўся, у балота шугануў і сьлед за сабой замёў.

А тады прыйшлі людзі і пазвалі Воласа, і хвалу яму далі, і ўчынілася на зямлі вясельле вялікае, буйнае і радаснае.

А каб Яшчар і далей ня мог у аселішчы людзкія пракрасца, узялі людзі барану, Воласа, апякуна жывёлы, на шкурах пасадзілі і абвалачылі на сабе поезд гэты Воласаў навакол сядзібаў сваіх, колам замкнулі.

І калі спрабаваў Яшчар, ачуняўшы, зноў да скаціны людзкой дабірацца, натрапляў ён поўсьляпы на сьлед поезду Воласава і з жаху дзікага перад апякуном жывёлы, думаючы, што ён недзе тут блізка знаходзіцца, кідаўся з паваротам у балота сваё, у самы глухі куточак забіваўся, дрыжаў.

 

ЖЫЦЕНЬ-СПАРЫШ

І нарадзіўся Дальбог двулікі другі раз спарышом-двуколасам жытнім ад зямлі каханкі.

Бо калі Ярыла-сын пераможцам з нетраў Чарнабогавых на зямлю зьявіўся, калі радасьць вялікая зямлёй і небам запанавала, калі хмель буйны сьветам хадзіў, ажыла тады старая кроў Дальбогава і ўвайшоў ён ува ўлоньне зямлі - палюбоўніцы сваёй, а калі час прайшоў азначаны, радзіўся нанова Прадвечны спарышом-двуколасам жыта буйнага.

Бо даў пан сусьвету чалавеку жыцьцё, а на падтрыманьне яго жыта-расьліну даў.

І ходзіць Дальбог па палетках жытніх старым Жыценем-Спарышом з каласянаю барадою, аб'яжджае із поездам сваім казіным, і дзе ступяць козы Дальбогавы воз ягоны цягнучы - буйніцца жыта, калосіцца.

Прыйдзе Жыцень-Спарыш па Дажынках у хаты Крывіцкія, у покуце памесьціцца ў снапу дажынковым, багаславенства хаце нясучы, дабра прыспараючы, аж да другога народжаньня ў годзе наступным.

Прызначыла кажнаму чалавеку Рада-багіня Долю-апякунку духа добрага, а ў хату кажную гаспадара-Багавіка вызначыла Дамавіком званага, каб дбалі яны аб людзёх добрых, злых і грэшных каралі.

Бо калі толькі ня ўмее чалавек з доляю сваёй абыходзіцца, уйдзе яна з паваротам да Лады на скаргу і тады прапаў бяз долі чалавек, або і да іншага перабяжыць і будзе тады таму шанцаваць усюды, а бяздольнаму, хоць жывому, а жыцьця няма.

І з Дамавіком таксама. Любіць Дамавік малачко, каб яму людзі на ноч ставілі і казла махнатага паедзьдзіць, пабавіцца. Тады ходзіць Дамавік-гаспадар, клеці падмятае, канём косы заплётвае, а хто ня дбае аб гаспадару, тады адчыніць Дамавік падпечак і клікне слугаў сваіх злыдняў.

І ўсядуцца злыдні - маленечкія людзі з бародамі да зямлі із поглядам лютым у хаце, на шыю чалавеку, заядуць зусім.

 

ЦЁТКА СТРАШНАЯ

А ў балоце Цётка-багіня сядзіць. Ня Цёткай яна па праўдзе завецца, а Трасцаю-шухляю, але ня можна яе гэтым імем зваць, бо вельмі яна чуткая і злая на імя сваё. Натыхмест да таго, хто імя яе прамовіць, зьявіцца і за грудзі сваёю рукой ледзяной схопіць і тады гіне чалавек павольна ў абыймах Цёткавых.

Асьцярожна трэба каля дрыгвы на балоце хадзіць, Цёткавай хароміны, а галоўнае спаць ня можна, бо падкрадзецца да соннага, на грудзі жабаю асьлізлаю скочыць і ня вырвацца тады з абыймаў Цётчыных.

Калісь паняю была яна сярод людзей, у хатах панавала і людзі баяліся яе, нізка кланяліся, самы лепшы кут ёй каб уласкавіць давалі, дрыготкаю ліхою дрыжучы, потам халодным абліваючыся ад зімавіцы-Цёткі подыху, пад сонцам гарачым.

Ды пашкадавала Рада - апякунка чалавека, спусьцілася яна на зямлю на бой з Цёткаю, а Цётка вырасла жабаю вялікаю з гару велічынёй, сонца сабою закрыла, цемру робячы, каб Рада не змагла ў цемры яе пабачыць.

І раскрыла яна пашчу сваю, каб багіні шыю перагрызьці. Але не далася Рада злой Цётцы. Абярнулася яна ў бусла вялікага, як тры гары, з дзюбай даўгою, з нагамі высокімі.

Скача жаба-Цётка, ня толькі да шыі Радзе не дасягне, нават і грудзей не дастане. А Рада-бусел зьверху ды дзюбаю. Завіжджэла Цётка немым голасам ды ў балота, а бусел за ёю. Насілу ў нетры свае схавалася.

І з той пары баіцца Цётка - злая трасца ў хаты ўлазіць. Ловіць людзей сонных дзе ў балоце, бо на варце хатаў паставіла Рада буслаў, пасланцоў сваіх, каб аселішчы людзкія пільнавалі.

І баіцца Цётка боскага пасланца.

 

СЛОЎНІЧАК МІТАЛЁГІІ КРЫВІЦКІХ БАГОЎ

Жыва-Каляда - Прародзіца-багіня. Сама нарадзілася з морскіх туманаў. З яе сьлёзаў, капаючых у сусьветнае мора, паўстаў правостраў, на якім ёсьць вырай і вырасла прадрэва, якое падтрымоўвае неба. Эмблема Жывы - дрэва жыцьця, прадрэва - вярба.

Дальбог-Дажбог - галоўны бог, пан сусьвету. Нарадзіўся з Жывы, зачаты, заплоднены яе прагаю - супольніка ў мёртвым сусьвеце. Дальбог мае два твары: сонечны і месяцовы, дзённы і ночны. Езьдзіць на журавох. Эмблема - сноп жыта. Стварыў з зямлі чалавека, з галінкі вярбы - жанчыну.

Жыцень-Спарыш - другая інкарнацыя (уваплачэньне) Дальбога ў выніку сувязі з зямлёй - Майяй. Эмблема - двуколас жыта (двутвары) і жытні сноп. Езьдзіць на козах.

Ярыла - бог вясновага сонца. Народжаны ад супалкі Дальбога з Жываю. Пераможац Чарнабога. Уладар ключоў, адчыняючых зямлю да жыцьця. Эмблема - двукрыж і коньнік на белым кані з мячом (пагоня). Ярылава птушка - жаваранак.

Купала - другая інкарнацыя Ярылы-сонца пасьля ягонага выхаду з падводных нетраў. Эмблема - двукрыж.

Майя - сужонка Дальбога, нарадзіўшаяся пад поглядам Дальбога з морскае хвалі. Тварыцелька зямной гладзі. Нараджае ад Дальбога ягоную інкарнацыю Жыценя-Спарыша. Эмблема - бярозка, аер, зялёная трава. Мае сваіх падначаленых духаў і гушкалак.

Ляля - багіня вясны, судружыца Ярылы. Нарадзілася з латоцьця ад Ярылавай прагі. Эмблема - цьвет латоцьця.

Пярун - бог грымотаў, вартавы ў выраі. Нарадзіўся з гнеўнага погляду Дальбога.

Рада - багіня розуму, апякунка чалавека. Кіруе людзкімі справамі, жыцьцём і сьмерцю разам з Конам. Мае сваіх падначаленых духаў - долі, якія прыдзяляе кажнаму чалавеку. Ёй падпарадкуецца багавік - Дамавік з сваімі слугамі - злыднямі. Эмблема - бусел. Езьдзіць на бусьле.

Кон - разам з Радай кіруе лёсам чалавека. Мае кій лёсу, на якім засечаны (заканаваны) лёс і дзень сьмерці кажнага. Кон - выканаўца пастаноў Рады.

Волас - бог, апякун скаціны. Эмблема - пчала.

Чарнабог - уладар злога і цемры. Паўстаў у першапачатку з цемраў сусьвету. Знаходзіцца ў нетрах. Шкодзіць богавым справам. Эмблема - мядзьведзь і вуж. Мае слугаў: віхуры-ваўкі, чарты, злыя духі, лесавікі.

Мара-Маруна - Марэна - багіня сьмерці, кастуха, жонка Чарнабога. Забірае аднак людзей толькі з пастановы Рады. Пасылае на сонных багавіка Карачуна і Пярэпалаха, што людзей страшыць. Пад яе загадам - душы памерлых пакуль ня трапяць у вырай. Эмблема - людзкі чэрап.

Яшчар - злы бог паморку ў выглядзе аграмаднай яшчаркі, бог зімы. Ягоная інкарнацыя - вадзянік.

Зюзя - багіня зімы, жонка Яшчара. Слугі яе - завеі.

Цётка - Трасавіца - багіня хваробаў. Старая баба. Эмблема - жаба.


1940-1948?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая