epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Смяяцца ці плакаць?

Ох і надакучыла ж Павэлку жыць у чалавеканенавісным асяроддзі, сярод агрызання і гырканіны. Ступіш крок - зловіш мацюка, яшчэ крок - схопіш ліхтар пад вока.

Непрыкметна ён і сам ашчэрыўся. Падыдзе чалавек прыпаліць ці папытацца чаго, а ўсё Павэлакава нутро - на дыбы, сківіцы сціскаюцца, ажно зубы патрэскваюць, як дрэвы на марозе, погляд - нібы той калючы дрот.

Мітусяцца людзі, шмат іх вакол, а кожны - сам па сабе, кожны - за сваім «калючым дротам». Схапіся за сэрца, паваліся - ніхто не падыдзе, не зверне нават увагі...

- Хопіць! - рашуча сказаў сабе Павэлак. - Буду сеяць дабрыню вакол сябе!

Бачыць ён, ідзе насустрач цяжарная жанчына, жывот, як кажуць, ажно на нос лезе. Гэта ж сёння такая рэдкасць - быццам мужыкі перавяліся.

Замілаваўся Павэлак, сэрца яго размякла, вочы памакрэлі. Падышоў ён да жанчыны і з цеплынёй кажа, паказваючы на яе жывот:

- Няхай Божачка дае шчасце вашаму будучаму дзіцятку! А вам - лёгка разрадзіцца!

Жанчына ад нечаканасці ажно падскочыла:

- Якому дзіцятку?! Дурань! Паглядзець бы на фігуру тваёй лярвы - пэўна, калода калодай! Пад'ялдычнік чортаў!..

Павэлак уціснуў галаву ў плечы і даўся далей ад гэтага ляманту.

- Во ўліп! Як гэта я памыліўся?

З падпсаваным настроем пайшоў ён далей паміж мітуслівасцю і адгароджанасцю кожнага ад кожнага. Бачыць, наперадзе жанчына нясе дзве сумкі, ды такія цяжкія, што ногі ў жанчыны заплятаюцца ў вузел, рукі адрываюцца. Паставіла яна сваю ношу на зямлю, ледзь спіну выпрастала, пот з вачэй не паспявае згортваць - адпачывае.

Шкада зрабілася Павэлаку бедную жанчыну, зноў размякла яго сэрца. Падскочыў ён да незнаёмкі і - хваць за сумкі:

- Ці ж для вас такі груз, мая вы харошая! Я ж вам падсаблю!

- А для каго гэты груз? Для цябе? Пастаў сумкі, зладзюга! - зараўла жанчына. - Людзі! Дапамажыце!

Імгненна назбіралася разявак.

Павэлак ад нечаканасці збялеў, слова вымавіць не можа.

- У міліцыю яго!

- Гэта ж трэба - сярод яснага дня! - пачуліся галасы.

- Я ж хацеў толькі памагчы... Я ж пашкадаваў жанчыну... -апраўдваўся Павэлак.

- Пашкадаваў воўк цяля!

- Жывуць вось такія прайдзісветы за чужы мазоль!

- Рукі адсекчы трэба! - загуло з усіх бакоў.

Збялелы Павэлак даўся галавой у людскую сцяну, збіў з ног некалькі чалавек і, як у жахлівым сне, папёр праз нейкія двары, пераскокваючы праз жалезныя загароджы, пераганяючы і людзей, і машыны. Спыніўся толькі тады, калі зусім заняло дыханне і густа пацямнела ў вачах.

- Што гэта за дзень такі? - сягаў ён, выціраючы з губы навіслую сліну. - Во памог, дык памог жанчыне! Лепей бы яна ногі павыкручвала, несучы тыя сумкі!

Каб крыху падняць загублены настрой, дастаў цыгарэту, але запаліць не ўдалося, бо, відаць, у час «спрынту» згубіў запалкі.

Азірнуўшыся, Павэлак убачыў голеную патыліцу хлапца, які густа дыміў цыгаркай.

Павэлак крануў за плячо курца і ветліва спытаўся:

- Ці не дазволіш ты мне, хлапчына, прыпаліць?

«Хлапчына» паволі павярнуўся да прасіцеля і...

- Дзе ты, казёл смярдзючы, бачыш хлапчыну?! Вочы павылазілі, ці што? Ану хіляй адсюль па халадку!

Павэлак збянтэжыўся:

- Гэта ты ззаду... а спераду...

- Я і ззаду, і спераду дзяўчына, магу паказаць! - гыркнула дымам у твар Павэлку тое, што і ззаду,і спераду не было падобна ні на хлапчыну, ні на дзяўчыну.

- Ой! Не трэба паказваць! - замахаў рукамі Павэлак і зноў, уціснуўшы галаву ў плечы, «пахіляў па халадку».

- Не-е! Досыць дабрыні! Сею адно, а вырастае чорт ведае што! Дамоў і толькі дамоў! На людзей не гляджу! Ні з кім не вітаюся! Я - сам па сабе, яны - самі па сабе!..

Хмурна было на душы ў Павэлака, зноў адчуў ён вакол сябе калючы дрот, сківіцы яго сціснуліся, нутро ашчэрылася.

Але, ідучы па скверы, убачыў падлеткаў, якія сілкаваліся гарэлкай, закусваючы цыгарэтным дымам. Не вытрымала Павэлакава душа, прыпыніўся ён:

- Хлопчыкі, хлопчыкі!.. Што ж вы робіце! Яна ж вам пашкодзіць!..

- Гляньце! - загаманілі падпітыя падлеткі. - Яшчэ прыпёрся нахлебнік! Толькі турнулі аднаго, а тут другі ў рот заглядвае! Ну што, дзядзечка, пачастуем і цябе, каб не лез да чужога стала на халяву!

І падсыпалі яны Павэлаку столькі, што ледзь дамоў данёс, бядак.


1990-2001?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая
Падрыхтавана: Алесь Хмара