epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Гарадзецкі

Беспрытульнае гора

Ходзіць Гора без прызору

Ад хаціны да другой;

I ў вакенца да Тадоры

Стук — да свацці дарагой.

— Адчыні, Тадорачка,

Адчыні хутчэй.

Гэта я тут, Горачка,

Плачу ля дзвярэй.

— Не, з Тадорай разгавору

Няма: ты мне не радня.

Хлеба горы, грошай спору

Я прыдбала з працадня.

Гора йдзе у другую хату,

А там песні, шум, банкет.

Гора стукаецца к свату,

Сябру горкіх прошлых лет.

— Прытулі, Грыгорачка,

Сватухну сваю.

Гэта я тут, Горачка,

Ля дзвярэй стаю.

Паквітаўся Грыгор з Горам:

— Прэч, не стой у цемачку!

За калгаснага шафёра

Аддаю сваю дачку.

Гора плача. Пот струменіць

З твару, з высахшых касцей.

Гора стукаецца ў сені

К бацьку семярых дзяцей.

— Адчыні, Зыдоранька,

Упусці сюды:

Ці ж не помніш Горанька

Ты, свае бяды?

— Ў красным войску тры хлапчыны,

Школы вучаць дочак трох.

Тут сёмыя акцябрыны —

Не пагань ты мой парог!

Што з народам стала, дружа?—

Гора з гора ў землю бразь.

Разлілося Гора лужай,

Сонца высушыла гразь.


1907; 1937-1940; 1951

Пераклад: Якуб Колас
Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 11