epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Грахоўскі

Акцябрына

 

 

За акном прамільгнулі пакгаузы, жоўты двухпавярховы дом, цагляны будынак вакзала, а назву станцыі прачытаць не паспеў. У цягнік села толькі некалькі пасажыраў, і ў наша купэ зайшла зграбная жанчына няпэўнага веку. Яе постаць аблягаў цёмна-карычневы касцюм, у проразі жакеціка бялелі карункі празрыстай блузкі, на старанна ўкладзеных цёмных валасах ледзьве трымалася газавая касыначка.

Новая спадарожніца ветліва павіталася, лёгка закінула на верхнюю паліцу туга напакаваную спартыўную сумку і, стоячы перад запыленым акном, некаму махала рукою, ведаючы, што яе не пачуюць, стараннай артыкуляцыяй вымаўляла нейкія словы і ўсміхалася, а вочы глядзелі журботна.

Я зірнуў на жанчыну і ўнурыўся ў даволі прымітыўны дэтэктыў, куплены ў чыгуначным кіёску. Праз хвіліну цягнік тузанула, і павольна паплыў каля платформаў з баластам і металаломам, каля штабеляў збуцвелых прамасленых шпалаў, прамільгнуў замурзаны вусаты змазчык, бабулька з казою на повадзе ў зарослым рамонкамі кювеце. Мінулі выхадны семафор, і закружыліся шчыльныя елачкі, палі і пералескі.

— Прабачце, што гэта была за станцыя? — спытаў у жанчыны.

— Анютка. Раней тут хуткія цягнікі не спыняліся. Пенсіянеры дамагліся.

Я пакруціў галавою і ўсміхнуўся: трэба ж прыдумаць — Аню-тка!

— А жыхароў як завуць? Анюцікі?

— Анюткінцамі завуць.— Жанчына дастала з сумачкі часопіс «Кардиология», знайшла патрэбны артыкул. То чытала, то пазірала ў акно. Было ясна: суседка мая медык, ды яшчэ кардыёлаг, спецыяліст па маіх хваробах.

Дэтэктыў мяне цікавіў мала. Недачытаную старонку я заклаў неадпраўленым у спешцы лістом майму земляку, кніжку паклаў на дрыготкі столік і выйшаў у калідор. Там разгаварыўся з высокім сівым мужчынам у паношаным афіцэрскім кіцелі з цэлаю вясёлкаю ордэнскіх планак. Гаворка, як кажуць, пайшла пра вайну і пра бамбёжку, бо і ваяваў ён недзе ў гэтых мясцінах.

Калі вярнуўся ў купэ, суседка мая задуменна глядзела ў акно, відаць, развіталася з некім вельмі блізкім. Я разгарнуў кніжку, канверт з неадпраўленым лістом выпаў на столік. Я перагортваў старонку за старонкаю, спадзеючыся знайсці цікавы эпізод. Жанчына ўважліва разглядала адрас на канверце. Як толькі я адарваўся ад кніжкі, запінаючыся спытала:

— Прабачце, калі ласка, я на канверце выпадкова прачытала Глуск і расхвалявалася. Вы часам не адтуль?

— Вырас там, а цяпер бываю рэдка. Вось адзіны таварыш астаўся, часам перапісваемся, і то ліст на вакзале забыўся ўкінуць. А вас што там цікавіць?

— Усё... Бачыце, я нарадзілася ў Глуску і нічога пра яго не ведаю. Вывезлі адтуль у пялёнках. Колькі разоў збіралася з’ездзіць, ды так і не выбралася.

— А дзе там жылі вашы бацькі?

— У хатцы каля нейкага прыватнага млына. Маці казала, недзе ў полі стаяў. Бацька мой паравознік, а ў галодныя гады заехаў у гэтую глуш і наняўся машыністам да млынара. Там я і з’явілася на свет.

Мой дэтэктыў упаў на лаўку. Я ўглядаўся ў жанчыну, маўчаў, усміхаўся, а ў самога ад неспадзяванасці затахкала сэрца. Та-ак: на левай шчацэ ледзь прыкметная радзімка, вочы нібыта з усходнім разрэзам. Няўжо можа быць такая сустрэча? Яна чакала, што скажу.

— Памятаю той млын, і хатку памятаю. Цяпер іх і знаку няма. Вось так, Марына Паўлаўна.— Яна замаргала вейкамі, запунсавелі шчокі.

— Як вы сказалі?

— Сказаў Марына Паўлаўна. Так вас завуць?

— Адкуль вы ведаеце?

— Празорца і варажбіт...— усміхнуўся я.— Выходзіць, не памыліўся.— Яна маўчала. Толькі яшчэ больш зардзелася, часцей заміргала доўгімі загнутымі вейкамі. А мне хацелася яшчэ трохі паказытаць яе здзіўленне.

— Дазвольце вашу руку, я вам яшчэ нешта скажу.

Яна даверліва працягнула вузкую смуглявую далонь з тонкімі пальцамі без манікюра.

— Маму вашу зваць Фрося, Ефрасіння. Ёсць у вас і брат... Зваць яго... Як жа зваць? Ага, Уладзімір...— Яна высмыкнула далонь.

— Быў Уладзімір. Ён загінуў каля горада Апавы, у Чэхіі. Што вы яшчэ ведаеце?

— Што вас двойчы хрысцілі.

— І гэта вам вядома? Не тлуміце мне галаву, лепш скажыце, што ведалі маіх бацькоў. Прызнайцеся, ведалі?

— Прызнаюся,— і жартаўліва падняў рукі ўгору.— А такія сустрэчы бываюць раз у паўстагоддзе. Цяпер маю права зваць вас проста Марына, бо колькі разоў няньчыў скручанае спавівачамі гарластае дзеўчанё.

— Дык хто вы? Як вас зваць? Можа, і ваша імя мне вядома?

— Так і быць. Розыгрыш не ўдаўся,— і я назваў сябе. Яна ссунула бровы, напружваючы памяць:

— Чакайце... прозвішча чутае... ад мамы. Так, нешта ўспамінаецца. А дзе жывяце цяпер?

Мы абмяняліся кароткай інфармацыяй. Марына працавала педыятрам у Рыбноўскім раёне на Разаншчыне, цяпер вярталася дадому ад мужавай радні.

— Дарога ў нас дальняя. Раскажыце, калі ласка, усё, што помніце пра тыя мае «хрэсьбіны». З маміных расказаў мала што запомнілася.

У купэ адчыніліся дзверы, правадніца паставіла на столік шклянкі з чаем. Каб сабрацца з думкамі, я марудна размешваў лыжачкай цукар, зняў абгортку з пачка вафляў, павольна сербануў гарачага чаю. Марына не дакранулася да шклянкі, моцна счапіўшы пальцы рук, чакала, што я скажу.

— З чаго ж пачаць?..— задумаўся я.

— З самага пачатку. Усё, што помніце. Калі ласка.

— Тады слухайце. Піце чай і слухайце.— Я яшчэ сербануў глыток.

— У пачатку дваццатых гадоў голад многіх пагнаў з гарадоў у далёкія хлебныя мястэчкі і сёлы. Наехала шмат інтэлігентаў і да нас. Запомніўся добры мастак Лебедзеў. Ён выкладаў у школе маляванне і так захапіў усіх вучняў, што не было хаты без размаляваных печы і сцен. І спевы ў нас выкладаў наезджы настаўнік, а ў нядзелю спяваў на клірасе. Быў яшчэ маленькі, кудлаты і чарнявы, юркі, як малпачка, музыкант. Іграў ён на кларнеце, аж шыбы звінелі ў наваколлі. З’явіўся і ваш бацька, у скуранцы, чыгуначнай фуражцы з кантамі. Ён з вашаю мамаю і Валодзькам спыніліся ў нас: з маім бацькам яны былі раднёю ў трэцяй стрэчы. Так што і мы з вамі трохі свае. Добра памятаю вашу маму, бялявую, сарамлівую і ціхую. Валодзьку было гады чатыры. На левай шчацэ ў яго цямнела ладная радзімка.

За мястэчкам у полі быў вялікі двухпавярховы млын, а пры ім — крупадзёрка, ваўначоска і пільня. Каля млына стаялі дзве хаткі — адна для завознікаў, другая для машыніста. Пакуль трымаўся НЭП, млын належаў местачковаму заможніку Довіду Стральцу. Ён адразу згадзіў вашага тату ў машыністы і пасяліў у парожняй хатцы.

Летам я часта прыбягаў у млын, гадзінамі глядзеў, як сапе, цяжка дыхае, шпокае маслянымі поршнямі, сыкае помпаю, дрыжыць і зыбаецца ўкапаны ў зямлю запацелы чорны паравік. Дзядзька Павел пры ім здаваўся нейкім чараўніком. Бацька ваш у мястэчку быў адзіны сапраўдны рабочы, бо не меў ніякай маёмасці — адным словам, самы што ні ёсць пралетар. Таму на ўсіх сходах ён заўсёды сядзеў у прэзідыумах, на святочных дэманстрацыях ішоў у першым радзе побач з раённым начальствам.

Пасля каляд мая маці пайшла ў водведкі да цёткі Фросі, а вярнулася на досвітку. На бацькава запытанне толькі і сказала: «Дзевачка». Зразумеў і я, што ў дзядзькі Паўла з’явілася дачка. Неўзабаве ад маці пачуў незнаёмае слова «акцябрыны». Яна расказвала суседкам, што ў воласці загадалі Паўлу не хрысціць дзіця, а запісаць па новых законах у клубе, пры людзях. Такога ў мястэчку яшчэ зроду не было.

Погаласка пра акцябрыны пакацілася з вуліцы ў вуліцу, з канца ў канец. На рынку, у крамах, на цвінтары адна ў аднае пыталіся жанкі, калі ж будуць тыя савецкія хрэсьбіны! Хто будзе за «папа»? Ці пусцяць хоць паглядзець?

Вось і настаў той дзень, сцюдзёны і завейны. Зіма ўдалася снежная і лютая, на ўскраінах панакручвала гурбы роўныя са стрэхамі. Акцябрыны прызначылі ў клубе: у самым вялікім з нацыяналізаваных дамоў выпілавалі адну сцяну паміж пакоямі, паставілі лаўкі, збілі невысокі памост. Удзень тут засядаў суд, а ўвечары праводзілі мітынгі і сходы.

На змярканні мой бацька запрог нашу сівую кабылу, узяў мяне і паехалі да млына. Узрушаная цётка Фрося ўздыхала і прычытала: «А божачка, божачка, як жа яно будзе? Каб хоць не застудзіць дзіцятка. Там жа народу збярэцца цьма, і будуць глядзець, як на нехрысцяў». У вашай хацінцы ўжо была мая маці, а ўсім камандавала бабка Пабліянка. Была такая ў мястэчку здатная на ўсе рукі кабета: ніводная парадзіха не абыходзілася без яе, і на хрэсьбінах яна камандавала, ніхто вяселля без бабы Пабліянкі не спраўляў, і нябожчыка ў апошнюю дарогу без яе не выпраўлялі — усё яна ведала, усё ўмела, усім верхаводзіла. На вашу маму толькі буркала: «Няма чаго войкаць. От вязіце барзджэй, ды не баўцеся, а я тым часам памалюся, каб анёлы засланілі святую душачку ад нячысцікаў».

Яна ўпраўна снавала пры печы. На сцяне і на дзвярах скакалі водбліскі кармазынавага полымя, у печы нешта булькала, сквярлося, пад кужэльным абрусам дыміліся смачнаю параю пірагі. Калі выходзілі з хаты ў клубах марознага паветра, бабка тройчы перажагнала нованароджаную, сказала «з богам» і зачыніла дзверы.

У полі скавытала і круціла мяцеліца, гурба замеценага снегам пілавіння здавалася высачэзнаю гарою, чарнела зацярушаная ў пазах мучным і снежным пылам сцяна млына з белымі бельмамі акон. У небе праз ускудлачаныя хмары шчарбаты месяц заліваў халодным сіняватым святлом імклівыя снежныя змеі, што перапаўзалі абледзянелую дарогу. Мы ледзьве расселіся на санях і паехалі супроць ветру. Мястэчка пачыналася старымі кладамі. У змроку шумелі і шаргацелі абледзянелым веццем расахатыя хвоі, прывідамі здаваліся аблемаваныя снежнаю навіссю помнікі і пахілыя крыжы.

Ехалі паціху, каб на раскатах не перакуліліся сані.

Вокны клуба залівала белае святло, пад дзвярыма тупалі людзі, якім не хапіла ўсярэдзіне месца. Як толькі мы пад’ехалі, усе расступіліся, даючы нам дарогу. Паперадзе ішла захутаная ў вялікую суконную хустку ваша мама, побач — бацька, за імі — я з Валодзькам. Клуб быў набіты людзьмі па самыя дзверы. Прыткнуліся да сцен, таўкліся ў праходзе і каля невысокіх падмосткаў. На іх стаяў доўгі стол, накрыты чырвоным, справа — трыбуна, пасярэдзіне сцяны вісеў партрэт Карла Маркса. Для вашай маці, напэўна, з нейкага маёнтка прывезлі пацягнутае зялёным аксамітам высокае крэсла. Побач, на звычайным гнутым крэсельцы сеў бацька ў сваёй нязменнай скуранцы, з аднаго боку паставілі Валодзьку, з другога для сіметрыі — мяне. Зала гаманіла і гула, бесцырымонна разглядалі вашых бацькоў, часам чулася: «І бога не баяцца». Нехта пярэчыў: «Хіба ён такі страшны?», «Як жа нехрышчонаму жыць?», «А чаго гэта Іванаў хлопец прыляпіўся?», «Павел жа, кажуць, ім нейкая радня». Я чырванеў, гатовы ўцячы ад сораму, але жаданне ўпершыню быць навідавоку, адчуваць, што і я тут не старонні, перамагло сорам. Усе пазіралі на бакавыя дзверы, але адтуль доўга ніхто не выходзіў. У невялікім зальчыку станавілася парна і душна ад кажушных, цыбульных і часночных пахаў.

Нарэшце з баковачкі выйшаў у расшпіленай камісарскай скуранцы старшыня прафсаюза Лазар Віленчык, за ім — зграбная, у чырвонай касыначцы, кіраўнік жаночага аддзела Насця

Клімчук і наезджы, з паголенай, як гарбуз, галавою, у зялёным фрэнчы з кішэнямі, як добрыя торбы, старшыня мясцовай кааперацыі Сувораў. Віленчык пазваніў школьным званком, і ўсе сціхлі. Гаварыў ён зычна, доўга і складна, а што, я тады нічога не разумеў. Пасля яго за трыбуну стаў Сувораў з вялікаю тоўстаю кнігаю ў чырвонай абкладцы. Нехта добра чутным шэптам сказаў: «Гэта іх евангелле». Яго перакрыў шэпт ад дзвярэй: «А кудлаты Лазар за папа». Віленчык пазваніў і некаму паківаў пальцам.

Сувораў разгарнуў кнігу. Не заглядаючы ў яе, зычна і хутка загаварыў, што рэлігія опіум для народа (што такое той опіум, ніхто ў мястэчку і не чуў), што папы, ксяндзы і рабіны ашуканцы і крывасмокі, а ў цэрквах, касцёлах і сінагогах абдурваюць і пазбаўляюць смеласці і волі людзей. Потым пачаў нешта чытаць з кнігі. Чытаў аднастайна і доўга, спатыкаючыся, вымаўляў незнаёмыя словы. Не ведаю, як дарослыя, а я ў тым чытанні нічога не цяміў.

Марына Паўлаўна глядзела нейкім адсутным зажураным зрокам, нібыта бачыла той завірушны вечар, душны перапоўнены клуб, зусім маладых сваіх бацькоў, шустрага Валодзьку з радзімкаю на шчацэ. Я замаўчаў. Глуха татахкалі колы на стыках, за акном мільгалі пераезды, будкі стрэлачнікаў, пакгаузы, паўстанкі і шчыльныя прыдарожныя прысады з елачак. Я думкамі і пачуццямі перанёсся ў той завірушны вечар і зноў вачыма хлапчука ўбачыў усё і ўсіх, такіх маладых і знаёмых, незваротна страчаных назаўсёды.

Мая спадарожніца парушыла маўчанне.

— Чаму ж вы замоўклі? Я слухаю...— яна абаперлася падбародкам на счэпленыя замком смуглявыя далоні.

— Ад доўгага аднастайнага чытання Суворава ўсе занудзіліся. Я пераступаў з нагі на нагу, пачаў круціцца з боку ў бок. Цётка Фрося смыкнула мяне за рукаў і з папрокам зіркнула добрымі светлымі вачыма. Калі Сувораў дачытаў сваю рату і сеў, на памост узышоў старшыня местачковага Савета Барыс Галубавец з доўгаю прашнураванаю кнігаю. Віленчык узяў з матчыных рук дзіця, паклаў на чырвоны настольнік, і на ўвесь клуб пакаціўся залівісты плач. Усе за сталом, а за імі і ў зале запляскалі ў ладкі. «Ого, галасістая! Бедная, естачкі хоча! » — пачулася з розных куткоў.

— Вось азвалася новая грамадзянка нашай краіны — Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Акцябрына Паўлаўна,— урачыста абвясціў Сувораў.— Зараз прадстаўнік Савецкай улады запіша яе ў кнігу актаў грамадзянскага стану па новым звычаі, які завецца ак-цяб-рыны. Віншуем высокасвядомага прадстаўніка рабочага класа таварыша Цімкевіча і яго...— Сувораў замяўся,— жану, адным словам, супругу Фросю Епіфанаўну з дачкою Акцябрынаю. Па даручэнню райвыканкома, праўлення кааперацыі, арцелі «Спартак», прафсаюза і камсамола нованароджанай уручаюцца падарункі.

У суседнім пакоі па камандзе юркага кудлаценькага карнетыста, якога адразу ахрысцілі капельдудкіным, аркестр пажарнікаў грымнуў туш. Дзяўчаткі ў юнгштурмаўках і чырвоных касынках на выцягнутых руках, як дары ад заморскіх паслоў, унеслі каляровыя скруткі і склалі на стале ладнаю горкай. У цэнтры зіхацеў самавар. Людзі ўставалі з месцаў, станавіліся на дыбачкі, выцягвалі шыі — кожнаму хацелася пабачыць, чым жа адарылі шчаслівых бацькоў і дачушку.

Маці нізка пакланілася прэзідыуму і залу. Бацька павінен быў нешта казаць, а тады яшчэ не было завядзёнкі загадзя пісаць прамовы, дык ён ад хвалявання толькі і сказаў: «Я, як рабочы чалавек, апраўдаю давер’е Савецкай уласці. Абавязкова апраўдаю, як рабочы чалавек... Дазрастуе міравая рэвалюцыя! Ура!» Усе ахвотна крыкнулі ў адказ, а нованароджаная зайшлася залівістым плачам. Віленчык кіўнуў у бакоўку, і пажарнікі грымнулі «Інтэрнацыянал». Усе ўсталі і заспявалі гімн. Яго хутка засвоілі, бо кожны сход заканчваўся спяваннем «Інтэрнацыянала».

Маці калыхала на руках прыкрытае хусткаю дзіця і нешта ласкавае шаптала. Замоўк аркестр. Шумна разыходзіліся местачкоўцы з першых акцябрын. Каля канавязі, замеценая снегам, наша кабыла лена хрумстала сена. Бацька строс посцілку, склаў у перадок падарункі, мне далі везці самавар. Я яго моцна трымаў за настылыя вушы, аж зайшліся ад холаду і здранцвелі пальцы.

Хмары раздаліся, неба вызарыла, бралася на мароз. Шчарбаты месяц заліваў блакітным святлом зіхатлівыя стрэхі і сумёты, наслізганую палазамі дарогу, белыя прысады і поле, аблямаванае заінелым лесам. Ехалі моўчкі, толькі папісквала Акцябрына.

— Ванечка, падгані трошкі хутчэй. Дачушка ж заходзіцца ад голаду,— прасіла ваша мама і не назвала ні разу дзіця новым імем.

Нарэшце з воблакамі белае пары ўваліліся ў цесную хатку. Пасля клубнага святла яна здавалася асабліва змрочнаю. На сцяне гарэла пяцілінейная лямпа, на засланым стале стаялі талеркі з халадцом і смажанінаю, салёнымі гуркамі і ружовым салам. Яшчэ смачней пахла з печы. Бабка Пабліянка прыняла дзіця і, не раскручваючы, падала маці: «Барзджэй пакармі, Фросечка. І паехалі».— «Куды яшчэ паехалі?» — здзівіўся бацька. «Куды? Куды? Ты сваё дзела здзелаў і маўчы»,— сказала бабка і пачала завязваць гаматную суконную хустку. «Іван, падкінь кабыле тым часам». Бабка камандавала ўсім і ўсімі, і хочучы ці не, а слухаліся яе. Сцішанае дзіцятка яна закруціла ў новую ружовую коўдру, кіўнула майму бацьку, яны выйшлі з хаты, і толькі было чуваць, як зарыпелі сані.

— Што гэта яна надумалася? Чаго тут камандуе? — усхадзіўся дзядзька Павел.

— Кажуць, трэба правезці праз тры масты, каб не хварэла дзіця. От і павезлі. Не бойся, бабка ўсё ведае,— схлусіла маці,— а ты тым часам унясі з кладоўкі капусты.

На ўскраіне мястэчка, непадалёк ад кладоў, жыў айцец Аляксей. Да яго і паехалі. Кумам быў мой бацька, кумою — бабка Пабліянка. Колькі яна прыняла, ахрысціла і пакуміла, сама не ведала. Без яе ніхто не абыходзіўся. Усе местачкоўцы былі яе хрэснікі. Ніхто не ведаў, колькі ёй год — заўсёды была ў адной меры і здавалася вечнаю.

Неўзабаве яны вярнуліся. Бабка разгарнула дзіцятка, перахрысціла, лёгка падкінула ўгору і сказала: «Хай расце вялікая, разумная ды здаровенькая хрышчоная Марынка. А цяпер усе за стол. Кум, налівай!»

Дзядзька Павел толькі лыпаў вачыма:

— Дык гэта вы... гэта вы, значыць, ашукалі, хрысціць вазілі? І ты, Ваня... а-я-яй. Што ж я скажу Віленчыку, як пагляджу ў вочы.

— А ты не глядзі. На ёй жа знаку няма, хрышчоная ці не. Гэта ж не воспа. Ты нічога не чуў і не бачыў. Акцябрына ці Марына, адно і тое ж. Тое па-іхняму, гэта па-нашаму. Вырасце, сама разбярэцца. Няма чаго цяпер гавэнду разводзіць. Усе за стол!

Спачатку пілі і елі моўчкі. Потым разгаварыліся ды і заспявалі. Мой бацька выцягваў: «У зары ў зоранькі многа ясных звёзд», пакуль не асалавеў над талеркаю халадца. Мы з Валодзькам заснулі на печы...

Наступіла доўгая паўза.

— А пасля яшчэ спраўлялі акцябрыны?

— Не прыпамінаю. Пры мне не было.

— Чаму ж толькі адны? Чым я заслужыла такую ўвагу?

— Відаць, таму, што ў мястэчку больш нікога не было пралетарскага паходжання. Кожны местачковец меў хоць мізэрную ўласнасць. Ды і накладна, пэўна, было рабіць падарункі. Нараджаліся дзеці, хто хрысціў, хто запісваў у Савеце, і ўсе аднолькава параслі, людзьмі сталі, вайну адваявалі. Цяпер з даўнейшых мала каго ў мястэчку сустрэнеш... Вясною млын нацыяналізавалі. Жыццё наладзілася, і вашы бацькі паехалі назад у Жлобін, на чыгунку.

Разы са два прыходзілі лісты ад вашага таты, потым дачуліся, што ён загінуў у нейкай аварыі. І ўсё абарвалася... Гэта ж трэба, праз столькі гадоў сустрэцца ў адным купэ. Каб адправіў пісьмо, так бы, мабыць, і прамаўчалі або пералівалі б з пустога ў парожняе. Магчыма, ужо не раз недзе сустракаліся, праходзілі побач і разміналіся, нічога не ведаючы. Каб хто расказаў пра такую сустрэчу, не паверыў бы. А цяпер ваша чарга. Раскажыце пра сябе.

— І ўсё ж завуць мяне Акцябрынай. Мама спачатку і Марынай звала, а як пайшла ў школу, запісалі па метрыцы. Так і засталося. І мама прывыкла.

Жыццё яе склалася, як і ў кожнага з яе пакалення: былі страты і пакуты ў вайну, галоднае студэнцтва, замужжа, дзеці і работа ў заводскай паліклініцы.

На развітанне абмяняліся адрасамі, абяцалі пісаць, але так і не прыйшло ніводнага ліста: яна, відаць, чакала, што напішу я, а я спадзяваўся на яе. Потым і адрас згубіўся.

Гады праз два я ўспомніў Акцябрыну і напісаў наўгады на адрас тае заводскай паліклінікі, але ліст вярнуўся з адзнакай: «Адрасат выбыў».

Дагэтуль шкадую, што страціў, хоць і далёкую, сваячку. Іх усё меней і меней застаецца ў мяне. А радню заўсёды трэба берагчы.


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Грахоўскі С. Сустрэча з самім сабою: Лірыч. проза: Для ст. шк. узросту/Маст. В.Сідарава.- Мн.: Юнацтва, 1988.- 316 с., [8] л. іл.