epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Грахоўскі

«Чалавеку патрэбна не слава...»

Чалавеку патрэбна не слава,

А людская увага і ласка,

І сардэчнае шчырае слова,

І вясёлая добрая казка.

 

Чалавеку патрэбна усмешка

Незнаёмых вачэй і знаёмых,

Каб дажджамі размытая сцежка

Стала лёгкай на кручах і стромах.

 

Чалавеку не трэба спагады, -

Дабрата чалавеку патрэбна,

Каб, мінаючы прорвы і спады,

Узбірацца на стромкія грэбні,

 

Каб сяброў сустракаў клапатлівых

На дарогах, далёкіх ад дому,

І каб сам быў заўсёды шчаслівы,

Калі шчасце прыносіш другому.

 


1975