Як я жыў без цябе?
І не ведаў, што недзе на свеце,
За глухімі лясамі, за сотнямі ўзгоркаў і меж,
Не на дальнім сузор'і, а ў нас, на планеце,
Ты ў зялёным і ціхім завулку жывеш.
Як я жыў без цябе?
А маглі ж не сустрэцца ніколі,
За паўкрока адно аднаго абмінуць,
Разысціся, як сцежкі расходзяцца ў полі,
І не знаў бы за страту каго папракнуць.
Мабыць, трэба было праваліцца у пекла,
Траціць блізкіх, пакутаваць, мерзнуць, гарэць,
Ратавацца, каб лютая сцюжа не ссекла,
Каб цябе пад Палярнаю зоркай сустрэць
І пазнаць, і адразу забыцца аб крыўдзе,
Каб праменьчыкі ўбачыць у зрэнках тваіх,
Нарадзіцца ізноў і паверыць, што прыйдзе
І збавенне, і шчасце адно на дваіх.
Падабрэць, памякчэць, назаўсёды скарыцца
Непадкупнай суровай тваёй чысціні,
Каб істоты тваёй адкрываць таямніцы,
Каб душу гартаваць на высокім агні.
Час ляціць і ляціць. Завіруха завеяла скроні,
Пакідаюць насечкі гады на ілбе.
Я гляджу на цябе, я дзіўлюся і сёння,
Чым я жыў без цябе, як я жыў без цябе.
1967