Сяргей Ясенін

Адгаварыла восень залатая...

Адгаварыла восень залатая

Вясёлай мовай залатых бяроз.

І выраю, што ўдалеч адлятае.

Ужо нічый не дораг болей лёс.

 

Чым даражыць? Жыццё, як вандраванне, —

Прайшоў, зайшоў і дом пакінуў свой.

Аб адышоўшых мроіць канаплянне

З шырокім месяцам над заваддзю рачной.

 

Стаю адзін сярод раўніны голай,

А журавоў знікае чарада,

Аб маладосці думаю вясёлай,

Ды мне ў былым нічога не шкада.

 

Мне не шкада ні светлае хвіліны,

Мне не шкада пражытых марна дзён.

Гарыць агонь чырвонае рабіны,

Але нікога не сагрэе ён.

 

Не абгараць рабінавыя кісці,

Пажоўкласць не загубіць асакі.

Так, як раняе дрэва ціха лісце,

Раняю я маркотныя радкі.

 

І калі час завеяю суровай,

Як смецце, іх зграбе ў адзін грудок...

Скажыце так... што залатою мовай

Адгаварыў бярозавы лясок.



Пераклад: Аркадзь Куляшоў

Беларуская Палічка: http://knihi.com