epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Адказ

Старая, любая,

Жыві ў сваёй журбе.

І памяць, і любоў твая

Мне сэрца лецяць.

Ні кропелькі

Не зразумець табе —

Чым я жыву

І чым заняты ў свеце.

 

Цяпер у вас зіма.

І поўня маладая.

Я знаю, ты

Прымроіш не адна,

Як быццам бы

Чарэмху хто гайдае

І асыпае

Снегам ля акна.

 

Як я ў завею,

Родная,засну?

Жахліва ў коміне,

Жалліва завывае.

Спаць хочаш, бачыш

Не пасцель — труну

Настылую

І — што цябе хаваюць.

 

Нібыта тысяча

Гугнаўлівых дзячкоў,

Пяе плакідаю

Пурга-падлюга!

Кладзецца снег,

Як жменя пятачкоў,

І за труной

Ні жонкі, ані друга.

 

Найболей з усяго

Вясну люблю.

Люблю разліў

Нястрыманым патокам,

Дзе кожнай трэсцы,

Быццам караблю,

Такі абсяг,

Што не акінеш вокам.

 

Але вясну,

Каторую люблю,

Я рэвалюцыяй вялікай

Называю!

Па ёй пакутую,

Яе малю,

Яе адну

Чакаю й заклікаю!

 

Але брыда —

Халодная планета!

Яе і Сонцам-Леніным

Пакуль не растапіць!

Таму вось

З хвораю душой паэта

Пайшоў скандаліць я,

Разгульнічаць і піць.

 

Ды будзе час,

Час, родная, не дрэмле!

Ідзе яна, жаданая пара!

За зброю

Мы ўзяліся недарэмна:

Той — ля гарматы,

Гэты — ля пяра.

 

Забудзься ты на грошы

І на ўсё.

Ці раіць мне

Табе прыстойна?

Павер, не конь я,

Не карова, не асёл,

Так каб мяне

Выводзілі са стойла!

 

Я выйду сам

Насустрач барацьбе

Пальбой глухую

Разбудзіць планету,

Вярнуся — хустку

Прывязу табе,

А бацьку ўжо

Куплю я штукі гэты.

 

Пакуль — завеіцца

І тысяччу дзячкоў

Пяе плакідаю

Пурга-падлюга!

Кладзецца снег,

Як жменя пятачкоў,

І за труной

Ні жонкі, ані друга.



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.