epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Быць паэтам — не мяняць натуру...

Быць паэтам — не мяняць натуру,

Значыць, праўды існай не парушыць,

Рубцаваць сваім пачуццям скуру,

Лашчачы крывёй чужыя душы.

 

Быць паэтам — значыць, пець раздолле,

Як шчымлівы смутак завітае.

Салавей пяе — не знае болю,

Песня ж у яго адна і тая.

 

Канарэйка, што ты возьмеш з гэткай,

З голасу чужога пець не цяжка.

Трэба слова песеннае свету

Пець па-свойску, нават як люгашка.

 

Магамета хітрыкі ў каране:

Ён забараніў крутую чару,

І таму паэт не перастане

Піць віно, калі ідзе на кару.

 

І калі паэт ідзе да любай,

А яна ўжо з іншым дзеліць ложак, —

Сок жыцця яго не дасць на згубу,

Ёй у сэрца не запусціць ножык.

 

І хоць рэўнасць сцісне горла туга,

Будзе ўслых свістаць сабе да дома:

«Ну і што ж, памру, як валацуга,

На зямлі і гэта нам вядома».

 

1925



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.