epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Чорны чалавек

Дружа, дружа,

Я вельмі і вельмі хворы.

Сам не знаю, адкуль гэты жудасны боль.

Ці мо вецер гудзіць

Над пустым і бязлюдным полем,

Ці, бы ў верасні гай,

Абсыпае мазгі алкаголь.

 

Галава ўсё махае вушамі,

Бы крыламі птушка,

Ёй ногі на шыі

Няпроста далей валачы.

Чорны чалавек,

Чорны, чорны,

Чорны чалавек

Садзіцца ка мне да падушкі,

Чорны чалавек

Заснуць не дае мне ўначы.

 

Чорны чалавек

Водзіць пальцам па гнюснай кнізе

І, гугнявячы нада мной,

Як над памерлым манах,

Чытае жыццё мне

Якогась прахвоста і забулдыгі,

На душу наганяючы смутак і страх.

Чорны чалавек,

Чорны, чорны!

 

“Слухай, – кажа, –

Паслухай сюды:

Ў кнізе шмат найпрыўкрасных

І думак, і планаў.

Гэты чалавек

Марнаваў гады

Сярод самых мярзотных

Граміл-шарлатанаў.

 

У снежні ў краіне той

Снег пякельна срабрыць,

І заводзяць завеі

Свае калаўроты.

Быў чалавек той авантурыст,

Але самай высокай

Мазгоў работы.

 

Быў ён прыгожы,

Паэт да таго ж,

Хоць з невялікай,

Ды ўчэпістай сілаю,

І жанчыну якуюсь

Сарака з лішнім год

Клікаў брыдкай дзяўчынкай,

Яшчэ й сваёй мілаю”.

 

“Шчасце, – казаў ён, –

Ёсць спрытнасць мазгоў і рук.

Усе няспрытныя душы

За няшчасных адказнасць неслі.

Гэта нічога,

Што многа мук

Прыносяць зламаныя

Ды лжывыя жэсты.

 

У навальніцу,

Ці ў буру, ці ў стынь,

Пры стратах цяжкіх

І калі не стрымацца,

Здавацца ўсмешлівым і святым –

Самае высокае ў свеце мастацтва”.

 

“Чорны чалавек!

Ты не смееш гэтага!

Ты ж не на службе

Жывеш вадалазавай.

Што мне да жыцця

Скандаліста-паэта.

Другім, калі ласка,

Чытай і расказвай”.

 

Чорны чалавек

На мяне пяліць свой пагляд.

Пакрываюцца вочы

Блакітам ванітным, –

Нібы хоча сказаць мне,

Што я жулік і хват,

Бессаромна-нахабна

Абкрадваў да ніткі.

 

..................................

 

Дружа, дружа,

Я вельмі і вельмі хворы.

Сам не знаю, адкуль гэты жудасны боль.

Ці то вецер гудзіць

Над пустым і бязлюдным полем,

Ці, бы ў верасні гай,

Абсыпае мазгі алкаголь.

 

Ноч марозная.

Ціхі спакой скрыжавання.

Я адзін ля акенца,

Гасцей прытаміўся чакаць.

А зямля ўся пакрыта

Сыпучай і мяккаю тайнай,

Ну, а дрэвы, як вершнікі,

Збруяй сваёй шалясцяць.

 

Дзесьці плача

Начная злавесная птушка,

А драўляныя вершнікі

Сеюць капытлівы грук.

Вось ізноў гэты чорны

Сядае да самай падушкі,

Прыпадняўшы цыліндр,

Адкінуўшы з пыхай сурдут.

 

“Слухай, слухай! –

Хрыпіць ён, мне гледзячы ў твар,

Сам бліжэй і бліжэй

Нахіляецца.

Я не бачыў, каб хтосьці

З апошніх пачвар

Так бязглузда-наіўна

Не спаў аж да раніцы.

 

Кажаш, я памыліўся,

Бо поўня, няйнакш.

Што ж патрэбна яшчэ

Драматою спавітаму мірыку?

Можа, з тоўстымі ляжкамі

Прыйдзе яна

І ты будзеш чытаць

Сваю гнюсную млявую лірыку?

 

Ах, люблю я паэтаў!

Забаўны народ.

Я да іхніх гісторый

Міжволі вяртаюся,

Як слюнявай курсістцы

Якісь абармот

Несусвеціцу прэ,

Палавою знямогай сцякаючы.

 

Не знаю, не помню,

У месцы адным,

Можа, ў Калузе,

А можа, ў Разані,

Жыў хлопчык

І сніў сялянскія сны,

Жоўтавалосы,

З вачэй васількамі...

 

І вось стаў дарослым,

Паэт да таго ж,

Хоць з невялікай,

Ды ўчэпістай сілаю,

І жанчыну якуюсь

Сарака з лішнім год

Клікаў брыдкай дзяўчынкай,

Яшчэ й сваёй мілаю”.

 

“Чорны чалавек!

Ты брыда, агідзь!

Гэта слава даўно

Пра цябе разносіцца”.

Я раз’юшаны ўвесь,

І мой посах ляціць

Проста ў морду яго,

Ў пераносіцу...

 

............................................

 

 

Месяц знікнуў,

Світанак гарыць сінізной.

Ах ты, ноч!

Што ж ты ўсё пераблытала?

Я ў цыліндры стаю.

І нікога са мной.

Я адзін...

І люстэрка разбітае...



Пераклад: Мікола Шабовіч