epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Карова

З’еліся, выпалі зубы,

Звітак гадоў на рагах.

Біў яе выганшчык грубы

На перагонных палях.

 

Сэрца не з ласкай да шуму,

Мышы скрабуцца ў кутку.

Думае сумную думу

Аб беланогім сынку.

 

Маці не далі сына,

Першая радасць — не ў хлеў.

І на калу пад асінай

Ветрык са шкурай дурэў.

 

Хутка на ўзвеіне, злую,

З доляй сыноўняю той,

Звяжуць на шыі пятлю ёй

І павядуць на забой.

 

Сумна ў пясок сухадольны

Рогі ўвап’юцца з тугі...

Сніцца ёй гай сырадойны

І травяныя лугі.



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.