epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Ліст да мацеры

Як жывеш ты, любая матуля?

Я жывы. Паклон табе, паклон!

Хай твой домік ласкаю атуліць

Светлы вечар тых далёкіх дзён!

 

Пішуць мне, што, тоячы трывогу,

Ты сумуеш моцна аба мне,

Што ты часта ходзіш на дарогу

У сваім старэнькім каптане.

 

І табе ў вячэрнім сінім змроку

Уяўляецца шмат страшных дзіў:

Нібы нехта у карчме з наскоку

Фінскі нож мне ў грудзі усадзіў.

 

Ах, не вер, не вер! Прашу як друга.

Дрэнь не пераможа ў барацьбе.

Не такі ўжо горкі я п’янчуга,

Каб сканаць, не ўбачыўшы цябе.

 

Я такі ж, як і раней, пяшчотны,

І адно ў мяне жаданне тут,

Каб прагнаць з душы настрой маркотны

І хутчэй вярнуцца ў родны кут.

 

Я з’яўлюся, як вясна настане

І асыпле кветкамі наш сад.

Толькі ты мяне ўжо на світанні

Не будзі, як восем год назад.

 

Не будзі пагаслых летуценняў,

Не кранай няспраўджаных надзей!

Вельмі ж рана страту і стамленне

Я паспеў пазнаць сярод людзей.

 

І не прывучай мяне маліцца:

У нябыт старое адышло.

Ты адна маёй любві крыніца,

Ты адна маіх вачэй святло.

 

Супакойся ж і забудзь трывогу,

Не сумуй так моцна аба мне.

Не хадзі так часта на дарогу

У сваім старэнькім каптане.



Пераклад: Юрка Гаўрук