epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Ліст да жанчыны

Вы помніце,

Вы ўсё, вядома, помніце,

Як неспакой

Я давяраў сцяне,

Хадзілі вы, пакой трывогай поўнячы,

І нешта рэзкае

У твар кідалі мне.

 

Вы гаварылі:

Нам пара расстацца,

Што вам жыццё маё

Агоркла, як палын,

Што вам даўно пара за справу брацца,

Каціцца ўніз далей —

Мой шлях адзін.

 

Не, любая!

Мяне вы не любілі.

Не зналі вы, што ў тлумнасці людской

Быў я, нібы рысак, загнаны ў мыле,

Прышпораны натураю крутой.

 

Не зналі вы,

Што ўвесь я ў тумане,

Дзе бура звычнасць зрушыла старую,

Таму й пакутую, не ясна мне,

Куды нас лёс падзей кіруе.

 

У вочы вочы —

Не разгледзець воч.

Вялікае відней здалёку стане.

Калі ўскіпае гнеў марскі наўзбоч,

То карабель у горкім стане.

 

Зямля — наш карабель!

Ды нехта ўраз

Па новае жыццё, па славу

Яе ў гушчар завей і бур якраз

Павёў па велічнаму праву.

 

Ну, хто там з нас на палубе крутой

Не падаў, не рыгаў і не хістаўся?

Іх мала, з вопытнай душой,

Хто моцным у гайданку заставаўся.

 

Тады і я,

Пад дзікі шум,

Без клопату,

Дзе ўсе ярыгі,

Спусціўся ў карабельны трум,

Каб не глядзець людскія рыгі.

Той трум быў —

Рускаю карчмой,

Дзе я са шклянкай быў не ў звадзе,

Каб не хварэць тугой чужой,

Сябе губіў

У п’яным чадзе.

 

Адзіная!

Я мучыў вас,

У вас была туга ў вачах запалых:

Што перад вамі напаказ

Сябе растрачваў я ў скандалах.

 

Але не зналі вы,

Што ў тумане,

Дзе бура звычнасць зрушыла старую,

Таму й пакутую —

Не ясна мне,

Куды нас лёс падзей кіруе...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

І мне цяпер,

Як перайшоў гадоў імжу,

Пачуцці й думкі іншыя вядомы.

І за віном святочным я кажу:

Хвала і слава стырнавому!

 

Я сёння

У палоне пачуцця.

Згадаў тугу, што вас вітала стала.

Паведаміць

Імчу да забыцця,

Які я быў

І што са мною стала!

 

Каханая!

Сказаць прыемна мне:

Пашчасціла не ўпасці з кручы.

І я ў Савецкай старане

Цяпер упэўнены папутчык.

 

Я іншым стаў —

Засведчыць рух любы.

Не мучыў бы я вас,

Былое ўсё зламаўшы.

За сцяг

Узнёслай працы й барацьбы

Гатоў ісці хоць да Ла-Манша.

 

Даруйце...

Знаю: вы не тая больш —

З сур’ёзным, мудрым мужам

Вы жывеце;

Нашто вам нашы мітусня і боль,

І сам я вам

Навошта ў тлумным свеце.

 

Як зорка вас вядзе,—

Жывіце без бяды,

Спакой ваш смуткам не заценен.

З вітаннем,

Хто вас помніць заўсягды,

Знаёмы ваш

Сяргей Ясенін.



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.