epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Не блукаць, не мяць кустоў барвяных...

Не блукаць, не мяць кустоў барвяных,

Не шукаць у лебядзе сляды.

З вяслам валасоў тваіх аўсяных

Адасніў цябе я назаўжды.

 

Сокам ягад пунсавела цела,

Ласкай ты, прыгожая, была

На заход падобна ўружавелы

І, як снег, з праменнага святла.

 

Зерне воч тваіх асыпалася ў жалю,

Тонкае імя растала, быццам гук,

Ды застаўся ў звабных складках шалю

Водар мёду ад нявінных рук.

 

Як зара на даху часам ціхім,

Быццам котка мые лапкай рот,

Гоман пра цябе я чую слыхам

Вадзяных напеўных з ветрам сот.

 

Хай парой мне шэпча сіні вечар,

Што была ты мара і напеў,

Хто ўсё ж выдумаў твой гнуткі стан і плечы, —

Вусны светлай таямніцай разгавеў.

 

Не блукаць, не мяць кустоў барвяных

Лебядзе не давяраць сляды.

З вяслам валасоў тваіх аўсяных

Адасніў цябе я назаўжды.

 

1915-1916



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.