epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Не шчадзіш мяне ты, не кахаеш...

Не шчадзіш мяне ты, не кахаеш,

Хіба ж не прыгож я хоць на міг?

Тоіш вочы, млосны жар хаваеш,

Рукі леніш на плячах маіх.

 

З выскалам пажадным, маладая,

Не да пешчаў мне і не да згуб.

З кім, скажы мне, страсць твая рыдала?

Колькі рук ты помніш? Колькі губ?

 

Ведаю — яны прайшлі, як цені,

Не крануліся твайго агню.

Многія ты зведала калені,

На маіх сядзіш упершыню.

 

Хай твае тугой прымглёны вочы,

І ты думаеш аб некім аб другім,

Не дзяліў я сорам твой дзявочы,

Сам я — у далёкім дарагім.

 

Гэты пал назваць не ўздумай лёсам,

Легкадумнай сувязі ўскалых.

Выпадкам сустрэцца давялося,

Па шляхах разыдземся сваіх.

 

Шлях табе адзін наканаваны:

Распыляць бязрадасныя дні.

Толькі не чапай нецалаваных,

Тых, хто не гарэў, не палымні,

 

А як з іншым пройдзеш па завулку,

Менцячы па звычцы пра любоў,

Здарыцца, я выйду на прагулку

І з табой сустрэнемся мы зноў.

 

І, даверыўшы другому плечы,

Стомлена пахіленая ўніз,

Ты мне скажаш ціха: «Добры вечар!»

Адкажу я: «Добры вечар, miss».

 

І нішто душы не патрывожыць,

І дрыжаць яе не змусіць жаль.

Хто кахаў, той пакахаць не зможа,

Хто згарэў, таго не ўспаліць жар.

 

4.XII.1925



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.