epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Сёння запытаўся я ў мянялы...

Сёння запытаўся я ў мянялы,

Што дае за паўтумана па рублю,

Як сказаць мне для чароўнай Лалы

Па-персідску рускае «люблю»?

 

Запытаўся сёння я ў мянялы

Ды цішэй ад ветру, Ванскіх хваль,

Як назваць мне для чароўнай Лалы

«Пацалунак», затаіўшы жаль.

 

Запытаўся я яшчэ ў мянялы,

А пад сэрцам боязі змяя,

Як сказаць мне для чароўнай Лалы,

Як сказаць мне, што яна «мая»?

 

Адказаў мяняла з неахвотай:

Што каханне словам дакараць,

Уздыхаюць аб каханні ўпотай,

Вочы, быццам яханты, гараць.

 

І не мае назвы пацалунак,

Ён не стылы надпіс на скляпах,

Пацалунак вее ружай юнай,

Растае пялёсткам на губах.

 

Ад кахання не бяруць зарукі,

Пазнаюць з ім радасць і бяду.

«Ты — мая» прамовіць могуць рукі,

Што зрывалі чорную чадру.



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.