epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Споведзь хулігана

Не кожнаму пець запоем,

Не кожнаму дадзена яблыкам

Давярацца чужым нагам.

 

Гэта і ёсць вялікая самая споведзь,

Якой спавядаецца хуліган.

 

Я знарок іду нечасаны, як восець,

На плячах галава — газоўкай, якую можна матляць.

І Вашых душ безлісцёвую восень

Мне падабаецца ўпоцемках асвятляць.

Даспадобы, калі кляцьбён камяні ненавісныя

Градам ляцяць, як навальніцы рыглівай зырк,

Тады я мацней рукамі цісну

Валасоў маіх пахіснуты пузыр.

 

Добра ўспомніць тады, забыўшы муць,

Хрыплы звон вольхі і зарослы стаў,

Што недзе ў мяне бацька і маці жывуць,

Ім напляваць на тое, што я паэтам стаў,

Ім дораг я, як аралля і як плоць,

Як дожджык, што рыхліць рунь па вясне.

Яны б віламі прыйшлі вас закалоць

За кожны крык ваш, кінуты ў мяне.

 

Бедныя, бедныя сяляне!

Вы, пэўна, прыгажавітасць знасілі,

Таксама баіцёся бога і лазатых бед.

О, калі б разумелі вы,

Што ваш сын у Расіі

Самы лепшы паэт!

Ці ж за яго не інелі вы сэрцам няхітрым,

Як босы ступаў па калюжынах восені ў грымаках?

А зараз ходзіць ён у цыліндры

І лакіраваных башмаках.

 

Ды жыве ў ім задзіра адчайны самы

З вясковай пары тае.

Кожнай карове з шыльды мясной крамы

Ён здалёк паклон аддае.

А фурманоў сустрэне, як з даўняй былі,

Пах гною з роднага поля ўдарыць — хоць ашалей! —

І гатоў ён несці хвост кожнай кабыле,

Як сукні вянчальнай шлейф.

 

Я люблю радзіму.

Я радзіму люблю занадта!

Хоць іржавіць яе суму вярбовы накрап.

Выпацканыя лычы свіней мяне кранаюць

І ў цішыні начной званклівы голас жаб.

Пяшчотна хворы я ўспамінам маленства,

Сню вечароў красавіцкіх нахмур сыры.

 

Нібы пагрэцца, падагнуўшы каленькі,

Прысеў наш клён перад кастром зары.

О, колькі я на ім гнёздаў вароніных,

Наваяваўшыся з сукамі, абакраў!

Ці ўсё й цяпер ён той, з вярхом зялёным?

Ці цвёрдая, як і раней, яго кара?

 

А ты, мой любы,

Верны мне дварняк?!

Ад старасці звішчаўся і аслеп,

Туляешся, хвост цягнеш абы-як,

Не чуе нюх, дзе дзверы і дзе хлеў.

А шкодлівасці мне шкада да болю,

У маці кралі мы акрайчык хлеба,

Па-чэснаму адкусвалі з табою,

Ніхто нікім ні кропелькі не грэбаваў.

 

Я ўсё такі ж.

Я ў сэрцы з ласкай той жа.

Цвітуць у твары вочы, бы ў жыце васількі.

Вам, сцелючы радкоў лагодную рагожу,

Пяшчотнае сказаць хачу-такі.

 

Дабранач вам!

Усім вам добрай ночы!

Адзвінела па траве прыцемкаў зары каса...

Не церпіцца мне сёння дасхочу

Поўню з акна . . . . . . . .

 

Сіняе святло, свет гэткі сіні!

У гэтакую сінь і смерць — лухта.

Ну дык што ж, што здаюся цынікам,

Які да задніцы прычапіў ліхтар!

Стары, заезджаны Пегас, трымайся!

Нашто мне твая мяккая рысь падкоў?

Я прыйшоў, як суровы майстра,

Апець і ўславіць пацукоў.

Башка мая, як жнівень светлы,

Льецца бурлівых валасоў віном.

 

Я хачу быць жоўтым ветразем

У той край, куды мы плывём.



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.