epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Стансы

Прысвячаецца П. Чагіну

 

Аб таленце сваім

Я многа знаю.

Ясніць не цяжка

Словы дабяла.

Ды больш за ўсё

Любоў мая да краю

Мяне таміла,

Мучыла,

Пякла.

 

Радок піснуць,

Забава маладая, —

Пра поўню, зоры,

Шэпт у тумане.

Ды сэрца

Іншае чуццё глыдае,

Другія думы

Ціснуць чэрап мне.

 

Хачу быць песняром,

Грамадзянінам,

Каб кожны меў за гонар,

За давер

Быць крэўным,

Родным,

А не зводным сынам

Вялікіх штатаў СССР.

 

З Масквы надоўга збег —

Такой віны:

Міліцыя не дбала аб палёгцы —

За ўсякі мой скандал піўны

Яны мяне

Трымалі ў тыгулёўцы.

 

За дружбу дзякуй

Грамадзянам тым найперш,

Ды мулка спаць:

Бо лавы там,

Як рэйкі,

І п’яным голасам

Чытаць якійсьці верш

Пра долю клетачную

Беднай канарэйкі.

 

Я вам не кенар!

Я паэт.

Не роўня мне там нейкія ДЗЯМ’ЯНЫ.

Няхай бываю я часамі п’яны,

Але ў вачах маіх

Світае дзіўны свет.

 

Відаць мне ўсё

І ясна адчуваю,

Што эра новая —

Не світка з шарачка,

Што Леніна імя

Шуміць, вятрыць па краю,

Ход мыслям дорачы,

Як крылам ветрака.

 

Крыляйце, мілыя!

Вас не дадуць на тлум.

Я вам пляменнік,

Вы ж, дзядзькі, не у звадзе.

Давай, Сяргей,

За Маркса ціха сядзем,

Панюхаем радкоў прамудрых

Сум.

 

Мчаць ручаямі дні

Ў туманную раку,

І гарады мільгаюць

Літарамі на паперы.

Быў толькі што ў Маскве,

А зараз у Баку.

Стыхію промыслаў

Сам Чагін нам даверыў.

 

«Глянь, — кажа ён, —

За цэрквы не ляпей

Чарнеюць вышкі

Нафтавых фантанаў?

Містычных нахапаліся туманаў,

Услаў, паэт,

Што трывалей, жывей».

 

І нафта на вадзе —

Як коўдра перса,

Парассыпаў па небе вечар

Зорны куль.

Паклясціся гатоў я

Чыстым сэрцам,

Што ліхтары

Ясней ад зор Баку.

 

Аб індустрыйнай думаю уладзе,

Я чую голас чалавечых сіл.

Нябесных з нас

Даволі ўсіх свяціл —

Прасцей нам гэта

На зямлі наладзіць.

 

Кажу сабе

З пяшчотаю ў паглядзе:

«Што паўтараць лухту

Чужых раткоў? —

Давай, Сяргей,

За Маркса ціха сядзем,

Каб разгадаць

Прамудры сум радкоў».

 

1924



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.