epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Ты іншым выпіта з вясны...

Ты іншым выпіта з вясны,

Мне, зрэшты, досыць засталося:

Дым валасоў тваіх шкляны,

Вачэй прытомленая восень.

 

О, ўзрост асенні! Для мяне

Жаданей за юнацтва й лета.

Ты падабаешся ўдвайне

У яве мройлівай паэта.

 

Ніколі сэрцам не хлушу,

На голас пыхі й самазванства

Запэўніць я магу душу —

Развітваюся з хуліганствам.

 

Расстацца час настаў з крутой,

Не скоранай нікім адвагай.

Бо сэрца напілося той,

Што кроў працверажае, брагай.

 

Акенца верасень крануў

Галінаю вярбы барвянай,

Каб я сустрэў, каб агарнуў

Яго прыход сваёй пашанай.

 

Цяпер не многае кране —

Міруся без прымусу й страты.

Інакшай Русь здаецца мне,

Інакшымі — клады і хаты.

 

Ясней наўкола бачу зрух,

Ці там, ці тут, ці недзе гэта, —

Лёс даў табе, сястра і друг,

Быць спадарожніцай паэта.

 

Я праспяваць адной бы мог,

Пазбыўшыся ад ашуканства,

Табе пра прысмеркі дарог

І збытлівае хуліганства.



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.