epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Вершы

«Выткался на озере алый свет зари…»
«Задымился вечер, дремлет кот на брусе…»
«Сохнет стаявшая глина…»
«Месяц рогом облако бодает...»
«За темной прядью перелесиц…» (урывак)
«Весна на радость не похожа…»
«Даль подернулась туманом...»
«День ушел, убавилась черта...»
«Небо сметаной обмазано...»
«Гаснут красные крылья заката...»
«О красном вечере задумалась дорога...»
«Покраснела рябина…»
«Там, где вечно дремлет тайна...»
«Тучи с ожереба...»
«Колокольчик среброзвонный...»
«Снег, словно мед ноздреватый...»
«Нивы сжаты, рощи голы…»
«Пушистый звон и руга…»
«Закружилась листва золотая…»
«О боже, боже, эта глубь...»
«Душа грустит о небесах...»
«По-осеннему кычет сова…»
«Я последний поэт деревни...»
Хуліган
«Все живое особой метой...» (урывак)
«Не жалею, не зову, не плачу…»
«Да! Теперь - решено. Без возврата…» (урывак)
«Я обманывать себя не стану…» (урывак)
«Мир таинственный, мир мой древний……» (урывак)
«Пускай ты выпита другим...» (урывак)
«Снова пьют здесь, дерутся и плачут…» (урывак)
«Вечер черные брови насопил…» (урывак)
«Мне осталась одна забава...»
«Сыпь, гармоника! Скука… Скука...» (урывак)
«Отговорила роща золотая…»
«Улеглась моя былая рана...» (урывак)
Письмо матери
«Шаганэ ты моя, Шаганэ!..» (урывак)
«Мы теперь уходим понемногу…»
«Клен ты мой опавший, клен заледенелый...»
Сабаку Качалава
1 мая (урывак)
«Ну, целуй меня, целуй...»


«Выткался на озере алый свет зари…»

 

Выткаўся на возеры свет напрыканцы,

У бары са звонамі плачуцца глушцы.

 

Плача недзе івалга у нямой цішы.

Толькі мне не плачацца, светла на душы.

 

Выйдзеш ты увечары за паўкруг дарог,

Стрэнуць копы свежыя, ці пахучы стог.

 

Зацалую ў жарсці я любы першацвет,

Ап’янею ў радасці і патухне свет.

 

Ты сама, каханая, скінеш шоўк фаты,

Да світання п’яную занясу ў кусты.

 

І няхай са звонамі плачуцца глушцы.

Ёсць туга вясёлая ў дні напрыканцы.

 

1910

 

«Задымился вечер, дремлет кот на брусе…»

 

Задыміўся вечар, дрэмле кот на брусе,

Нехта памаліўся: «Госпадзе Ісусе!»

 

Сполахамі зоры, туманы над ровам,

Над маім акенцам занавес барвовы.

 

Павуціна ўецца з залатой павеці,

Недзе мыш скрабецца у пустой у клеці.

 

На лясной паляне дрэмлюць шуркі хлеба,

Елкі, быццам коп’і, востра колюць неба.

 

Сівым дымам росы сцелюцца да гаю.

У цішы бязмоўнай сэрцам спачываю.

 

1912

 

«Сохнет стаявшая глина…»

 

Грэе сонца, парыць гліна,

На пагурках гніль апенькаў.

Скача вецер па раўнінах,

Быццам ослік ён маленькі.

 

Пахне вербай і смалою,

Сінь ці дрэмле, ці уздыхае,

Ля ляснога аналою

Верабей псалмы чытае.

 

Ліст залеташні, каляны

У кустах кавалкам медзі.

Нехта ў сонечным кафтане

На асляці верхам едзе.

 

Валасоў сівых кудзелькі,

Твар яго пахмуры, цьмяны.

Ніцма сосны, ніцма елкі

І крычаць яму: «Асанна!»

 

1914

 

«Месяц рогом облако бодает...»

 

Месяц рогам воблака бадае

І гуляе ў пацерках травы.

Гэтай ноччу не, не адгадаеш,

А чаго крычалі журавы.

 

Гэтай ноччу выплыла ў затоне

З глыбіні русалка ўпатайкі,

Валасы сцякалі па хітону,

Быццам залатыя ручайкі.

 

Не прышоў – ні прыгажун, ні брыдкі...

Села яна млява на пянёк.

І ў вачах патухлі маргарыткі,

Як балотны тухне аганёк.

 

На світанку ў завітках туману

Адплыла. Крычалі журавы.

І ківаў ёй месяц з-за кургану,

Сам гуляў у пацерках травы.

 

1916

 

«За темной прядью перелесиц…» (урывак)

 

За цёмнай космай пералесіц

У неагляднай сіняве

Блішчастае ягнятка-месяц

Гуляе у блакіт-траве.

 

У ціхім возера улонні

Бадаюцца яго рагі.

І ледзь прыкметна, млява, сонна

Вада гушкае берагі.

 

А стэп пад покрывам зялёным

Узносіць ад чаромхі дым,

І за далінай, на усклонах,

Звівае полымя над ім.

 

Край кавылёў, о край пустыні!

Ты сэрцу блізкі, дарагі.

Дый на цябе находзяць плыні

Саланчаковае тугі.

 

1915-1916

 

«Весна на радость не похожа…»

 

Вясна на радасць не падобна,

І не ад сонца жоўць-пясок.

Твой твар абсівераў халодна,

Прамяніў грэчневы пушок.

 

І ля блакіту вадапою

На шышкашэрай лебядзе

Кляліся мы з табой абое,

Што не разыдземся нідзе.

 

Гусцела цемра, вечар маю

Звіваўся ў вогненнай разьбе.

Праводзіў я цябе да гаю,

Да хаты роднае твае.

 

І доўга-доўга ў цемры грэшнай

Пагляд цябе ізноў шукаў,

Пакуль з ласкаваю усмешкай

Ты шапкай з ганачку махаў.

 

1916

 

«Даль подернулась туманом...»

 

Засланіўся дзень туманам,

Чэша хмары месяц-грэбень.

Вечар-чырвань за парканам

Распасціг свой рэдкі брэдзень.

 

Пад вакном ад коўзкіх лозаў

Зломы ветраў-перапёлак.

Ціхі змрок, як ангел божы,

П’е нябесны сіні золак.

 

Хата сонна на парозе

Хлебным пахам вее слынна,

На сухой саломе ў возе

Сладзей мёду пот мужчыны.

 

Нечый мяккі лік-зародак...

Пахне вішнямі і лыкам.

Мой таварыш-аднагодак,

Памалісь каровы ўздыхам.

 

1916

 

«День ушел, убавилась черта...»

 

Дзень пайшоў і мой паменеў шанс,

Я ізноў парухаў да зыходу.

Лёгкі мах і белы рэверанс, –

Тайнаў год я разразаю згоду.

 

У блакіце лёсу не чутно трубы,

Ускіпае халаднеча пены,

І кладзецца знак палону немы,

Рыса новая ля зморшчанай губы.

 

З кожным днём раблюся я чужым

І сабе, і жыць каму згадана.

Недзе ў полі чыстым на мяжы

Цень ад цела мною адарваны.

 

Неадзеты, ён пайшоў у свет,

Галава утуленая ў плечы.

Дзе цяпер ён? Не відно здалечы,

І другому ён пяе санет.

 

Можа быць, так пяючы яму,

Пра мяне навекі ён не змеціць

І, ўзорыўшыся ў прывідны сум,

Складкі губ і роту пераменіць.

 

Ды жыве па гуку тых-жа мэт,

Што як рэха блукае гарамі.

Я цалую сінімі губамі

Чорнай ценню ціснуты партрэт.

 

1916

 

«Небо сметаной обмазано...»

 

Неба смятанай змалёвана,

Месяц – як сыру кружок.

Толькі не з ежай сканована

Сэрца, балючы бажок.

 

З’еў бы – ды толькі не гэтага,

Што так трашчыць між зубоў.

Хочу вясёлага, светлага

Сэрцам адзіным з табой.

 

Дробяць жаданні пякучыя

Хворую душу маю.

На дамавіну балючую

Стаўце крутую куццю.

 

1916

 

«Гаснут красные крылья заката...»

 

Тухне золак чырвоны, крылаты,

Ціха шэрыя дрэмлюць платы.

Не гаруй, мая белая хата,

Што ізноў я адзін, мы адны.

 

Чысціць месяц на стрэхавых вышках

Абыйманыя сінню рагі.

Не пайшоў я за ёй і не выйшаў

За глухія праводзіць стагі.

 

Годы зноўку трывогу патушаць,

Пройдзе боль, як чужая мана.

Свае вусны, нявінную душу

Для другога хавае яна.

 

Той не моцны, хто радасці рыне,

Ганарлівыя крэпка жывуць.

А другі пакамечыць, закіне,

Як аб’едзены гніллю хамут.

 

Не з тугі я свой лёс прычакаю,

Хоць так злосна завея мяла.

І ён прыдзе да нашага краю,

Каб суцішыць сваё немаўля.

 

Ён раздзенецца, шалік развяжа,

І падкіне у печку галлё,

Мне спакойна, ласкава раскажа,

Што дзіцё – падабенства маё.

 

1916

 

«О красном вечере задумалась дорога...»

 

Аб чырвань-вечары так марыла дарога,

Рабіны куст імгліць у глыбіні.

Бабуля-хата сківіцай парогу

Жуе пахучы мякіш цішыні.

 

А холад восені – ласкава і лагодна –

Крадзецца па аўсянаму гумну.

Скрозь сіньку шкла падшпарак жоўтамодны

Лупаціцца на каўчыну гульню.

 

Трубу абняўшы, бліскае ў павеці

Зялёны попел з чырвані вуглёў.

Няма кагосьці, тонкагубы вецер

Аб ім прашэпча ціха з-за вуглоў.

 

Камусьці басанож ужо не мяць па гаю

Ападак-ліст і золата травы.

Цягучы ўздых аж за душу кранае,

Цалуе дзюбу сцятае савы.

 

Гусцее хмур і хлеў спакойна дрэмле,

Дарога белая узорыць склізкі роў...

І вохкае ячменнае бярэма

Ля мокрых губ ківаючых кароў.

 

1916

 

«Покраснела рябина…»

 

Счырванела рабіна

Ля сінючай вады.

Месяц, вершнік адзіны,

Адпусціў павады.

 

Зноўку выплыў з-пад гаю

Сінім лебядзем змрок,

Цудатворна лунае

І дае нам зарок.

 

Край ты, край мой пакутны,

І араты і вой.

Быццам волат магутны

Нікнуў ты галавой.

 

Стань, загояць павевы,

Навясціў цябе Спас.

Лебядзіныя спевы

Ужо радуюць нас.

 

Надвячоркам ахвяра

Адкупіла грахі.

Свежы вецер з-за яру

Пераспеліць снягі.

 

Ды нябачныя дрожджы

Набухаюць цяплей.

Спамяну цябе ў дожджык

Я, Ясенін Сяргей.

 

1916

 

«Там, где вечно дремлет тайна...»

 

Там, дзе дрэмле тайна змовы,

Нетутэйшыя палі.

Толькі госць я выпадковы

На грудзях сырой зямлі.

 

Лес шырокі, як і воды,

Моцны ўзмах паветра крыл.

Ды вякі твае і годы

Затуманіў бег свяціл.

 

Не табой я цалаваны,

Не з табою мой зыход.

Новы шлях наканаваны

Мне з заходу на усход.

 

Дан прысуд мне спавядальны

Узляцець у немы змрок.

Я у момант развітальны

Не пакіну свой зарок.

 

Запалю у высі зорнай,

Дзе маланкі ціха спяць,

Як два месяцы над прорвай,

Я два вокі. Хай гараць…

 

1916

 

«Тучи с ожереба...»

 

Хмары з ажарэба

Ржуць, як сто кабылаў.

Плешчацца ад неба

Чырвань, чырвань крылаў.

 

Неба, быццам вымя,

Зоркі-россып свечак.

Пухне божжа імя

Ў жываце авечак.

 

Ведаю я – рана,

Ледзь святло пральецца,

Новы над туманам

Назарэт пачнецца.

 

Новыя Каляды

Стануць славіць людзі.

І як пёс заядлы

Зорка гаўкаць будзе.

 

Ды тады пачнуцца

Страшныя ускрыкі.

Людзі адракуцца

Славіць новы лікі.

 

Скрыгатам булатным

Звергнецца зямелька,

У сутонне матам

Злаецца Ямелькай.

 

Дні збягуць, як здані,

Да чужых старон,

Дзе уздыме длані

Новы Сімеон.

 

1916

 

«Колокольчик среброзвонный...»

 

Ты, званочак срэбразвонны,

Ты спяваеш? Ці мне сніцца?

Ад ружовай свет іконы

У вачах маіх іскрыцца.

 

Не падростак я рахманы

У палёце галубіным,

Сноў салодкія падманы

Не пра гэтыя мясціны.

 

Мне не трэба ўздых магілы,

Слову з тайнай размінуцца,

Навучы, каб можна была

Мне ніколі не прачнуцца.

 

1917

 

«Снег, словно мед ноздреватый...»

 

Снег, быццам мёд наздраваты,

Лёг пад прамы частакол,

Ліжа цялятка упарта

Вечару чырвань-падол.

 

Ціха ад хлебнага паху

Сніцца: прадвесне ідзе,

Кашляе бабка у лахах,

Пражу з кудзелі прадзе.

 

Рыжавалосы унучак

Мацае ў кніжцы лісты.

Ён, як бярозка над кручай,

Ён – як ля першай вярсты.

 

Мучаць бабулю варункі,

Толькі адно ёй няўцям:

Кепска рашае рахункі,

Розум згубіла дзіця.

 

З вока, з нядобрага гляду

Часам яна пад удой

Поіць святою, каляднай

Ды з нагаворам вадой.

 

І за глухія паклоны

З вобліку старчых сівін

Піша ім лічбы з іконы

Божы слуга – Дамаскін.

 

1917

 

«Нивы сжаты, рощи голы…»

 

Нівы зжаты, лясы голы,

Ад вады туман і слота.

Колам косіцца за горы

Сонца сінню без турботы.

 

Дрэмле гразкая дарога,

Ёй сягоння чуйна сніцца,

Што ужо зіма-нябога

Занавескаю свіціцца.

 

Бачыў зазімак-пачатак,

Як ішоў я верасамі,

Рыжы месяц жарабяткам

Запрагаўся ў нашы сані.

 

1917-1918

 

«Пушистый звон и руга…»

 

Пушысты звон і руга,

Пад крыжам камяні.

Мяцеліца, як пуга,

Барсае рамяні.

 

Шаманіць лес чароўны

Пра чорны лёс, тугу.

Ляжыш ты, мой шаноўны,

Як п’яны, на снягу.

 

Няхай жа фінскі ножык

Крывавіць свой клінок.

Цябе не патрывожыць

Ні пешы, ні яздок.

 

І толькі з пералесіц

Скрозь воблакаў кажух

Слязу абрыне месяц:

«Шкада, быў хлопец зух!»

 

1918

 

«Закружилась листва золотая…»

 

Закружылі лісты залатыя

На вадзе у ружовым стаўку,

Матылькі быццам белыя тыя,

Што таўкуцца вясной у раўку.

 

Закахаўся я ў казачны вечар,

Немінуча наблізіўся дол.

Вецер жартам на самыя плечы

Загаліў на бярозцы падол.

 

У душы, на палях прахалода,

Сіні змрок, як авечак гурток.

Па-за брамкаю ў сад, каля броду,

Празвініць і замоўкне званок.

 

Я ніколі заўзята, цнатліва

Так не слухаў разумную плоць.

Я хацеў бы галінкамі івы

Пакупацца ў ружовасці хоць.

 

Я хацеў бы на стог усміхацца,

Мордай месяца сена жаваць.

Дзе ты, ціхая радасць, дазнацца,

Каб любіць, ні аб чым на жадаць.

 

1918

 

«О боже, боже, эта глубь...»

Глыбіні, божа, гэтых вод –

Блакітны твой жывот.

А сонца пуп тырчыць сярод,

Глядзіцца Каспію ў рот.

 

Кручкамі зорак звіўшы ў ніць

Прамень, ты ловіш нас,

І сеткамі кідаеш дні

У непазбежны час.

 

Але у сетку рыбара

Не заплывае сом.

Не ўцягне невадам зара

Мяне ў свой ціхі дом.

 

Без портак на зямлю зыход

Зрабі і збоўтай водзь,

Смалой кіпучаю усход

На нашу вылі плоць.

 

Няхай спапеліць вуснаў пал

Людскія сорам, жарсць.

А ты мяне, як галубка,

Знясі ў пустэльны час.

 

1919

 

«Душа грустит о небесах...»

 

Мкне да нябёс душа мая,

Яна не гэтых месц жыхарка.

Люблю, як летам у гаях

Агонь зялёны ззяе палка.

 

Галіны залатых ствалоў,

Як свечкі, мгаюць перад тайнай,

І расквітаюць зоркі слоў

На лісцях іх першапачатных.

 

Зямлі мне чуцен словачын,

Але не скіну муку гэту,

Як не спыніць вясны пачын,

У небе бачную камету.

 

Так коні не змахнуць хвастамі

Свет месяца, як аваднёў.

О, каб-жа прарасці вачамі,

Як лісце гэта ў глыбіню.

 

1919

 

«По-осеннему кычет сова…»

 

Так па-восеньскі кыча сава

Над раздоллем дарожнай рані.

Аблятае мая галава,

Валасоў залатых куст вяне.

 

Палявое у стэпе “ку-гу”,

Добры дзень, залатая асіна!

Месяц кінецца ў снег на бягу,

Сядзе ў рэдкія кудзеркі сына.

 

Мне без лісцяў ужо халадзець,

Звонам зор насыпаючы вушы.

Юнакі без мяне будуць пець,

Я спакою старых не парушу.

 

Новы прыдзе з поля паэт,

Агалосіцца лес у свісце.

Так па-восеньскі сыпле ветр,

Так па-восеньскі сыпле лісце.

 

1920

 

«Я последний поэт деревни...»

 

Я апошні паэт сялянскі,

Сціплы ў песнях дашчаных мост.

Пад бярозавы шум атласны

За абедняй стаю наўпрост.

 

Жыткі грэшнай апошняя свечка

Ясным полымем дагарыць.

Лес адчыніць гадзінніку вечка

І дванаццаць гадзін прахрыпіць.

 

На блакітнага поля загоны

Хутка выйдзе жалезны госць,

І аўсу залатыя услоны

Чорнай жменяй збярэ ягамосць.

 

Не жывыя, чужыя далоні,

Гэтым песням пры вас не жыць!

Каласы – залатыя коні –

Пра былое будуць тужыць.

 

Будзе вецер ссаць іх іржанне,

Паніхідны спраўляючы пляс.

А гадзіннік хутка драўляны

Прахрыпіць мне апоўначы час.

 

1920

 

Хуліган

 

Дожджык поздзіркам-венікам чысціць

Лазнякі і пажухлы бур’ян.

Плюйся вецер ахопкамі лісцяў,

Я такі ж, як і ты, хуліган.

 

Я люблю, калі сінія гашчы,

Як з цяжкою хадою валы,

Жыватамі, ліствою хрыпячымі,

Па калені фарбуюць ствалы.

 

Вось яна, чарада мая рыжая!

Хто хваліць яе лепей мог?

Бачу, бачу змярканне як ліжа

Хутка след чалавечых ног.

 

Русь мая, дзеравінная Русь!

Я адзін твой пявец і спавеснік.

Вершаў маіх звярыных густ

Я карміў разядой на прадвесні.

 

Поўнач, раздней, месяцаў жбан

Зачарпнуць бярозавы дар.

Цягне кагосьці пад дзірван

Рукамі крыжоў цвінтар.

 

Чорны сполах валочыцца там,

Злодзея злосць імкне ў наш сад.

Толькі сам я разбойнік і хам

І па крыві начны казнакрад.

 

Бачыў хто, як ноччу кіпіць

Белапенных чаромух вязь?

Мне б у поўнач, як падае зніч,

Дзе б крадком з кісцянём стаяць.

 

Ах, завяў галавы маёй куст,

Засмактаў мяне песень палон.

Назаўсёды прысуджан прымус,

Каб я біў у паэзіі звон.

 

Ды не бойся, вар’яцкі ветр,

Плюй спакойна, як куляй наган.

Не сатрэ мяне прозва «паэт»,

Я і ў песнях, як ты, хуліган.

 

1919

 

«Все живое особой метой...» (урывак)

 

Асабовай жывое меткай

Адзначаецца іздавён.

Каб не стаў бы я паэтам,

Быў бы жулік і шаўкапёр.

 

Хударлявы і нізкарослы,

Між хлапцоў заўсёды герой,

Часцяком я з разбітым носам

Павяртаўся крадком дамоў.

 

І насустрач спалоханай маме

Я цадзіў скрозь крывавы рот:

«Спатыкнуўся, ат, аб камень,

Загаіцца усё напярод».

 

Груда слоўная, залатая,

І пад кожным удалым радком

Узлятае буясць былая

Рызыкантавых белых парток.

 

Як тады, я адважны і горды,

Толькі ноўшае мне спярша.

Мне раней білі толькі ў морду,

То цяпер у крыві душа.

 

І ужо кажу я не маме,

А ў чужы рагатлівы рот:

«Ат, нічога! Даўся аб камень,

Да вячэры загоіць бог».

 

1922

 

«Не жалею, не зову, не плачу…»

 

Не шкадую, не кляну, не плачу,

Пройдзе ўсё, як з белых яблынь дым,

Вяну я, і пазалота страчана,

Я не буду болей маладым.

 

Сэрца ўжо не гэтак будзе біцца,

Закрануў яго халодны нож.

Паркалёвы край мне не прысніцца,

Не заманіць шлындаць басанож.

 

Дух сцягачы усё меншыць, меншыць,

І не будзіць плыннасці жыцця.

О, мая загубленая свежасць,

Палкасць воч, паводка пачуцця!

 

Паскупеў цяпер я у жаданнях.

Жытка? Ты прыснілася калі?

Быццам я вясёлай гулкай ранню

На ружовым праімчаў кані.

 

Мы усе туды адыйдзем тленам,

Ціха льецца з клёнаў лісця жарсць.

Будзь жа ты навек благаслаўлена,

Што прыйшло цвісці і паміраць.

 

1921

 

«Да! Теперь - решено. Без возврата…» (урывак)

 

Так! Зрашыў я цяпер. Без вяртання

Я пакінуў радзімы палі.

Не, не будуць таполі да рання

Нада мною звінець, як чмялі.

 

Нізкі дом без мяне абсунецца,

Мой сабака-старэча здох.

На маскоўскіх крывулях-вуліцах

Мне кануе памерці бог.

 

1922-1923

 

«Я обманывать себя не стану…» (урывак)

 

Я не цешуся самападманам,

Залягла турбота ў сэрцы мглістым.

А чаго лічуся я буянам?

А чаго лічуся скандалістам?

 

Я не злодзей і не грабіў лесам,

Не расстрэліваў няшчаснага у яры.

Усяго я вулічны гарэза,

Што ўсміхаецца сардэчна тварам.

 

Я маскоўскі шабутны гуляка.

Ва усім маскоўскім акалодку

У завулках кожны звер-сабака

Ведаў маю лёгкую паходку.

 

Я хаджу ў цыліндрах не для форсу, –

З жарсцю, пыхай жыць мне не пад сілу, –

Зручна ў ім, скурыўшы папяросу,

Золата аўсу даваць кабыле.

 

Пасярод людзей сяброўства я не шыру,

Не, я не таму скарыўся царству.

Кожнаму сабаку тут на шыю

Я гатоў аддаць свой лепшы гальштук.

 

Я хваробу абыйду падманам.

Адыйшла трывога ў сэрца мглістым.

Ад таго лічуся я буянам,

Ад таго лічуся скандалістам.

 

1922

 

«Мир таинственный, мир мой древний……» (урывак)

 

Свет таемны, свет мой даўнейшы,

Ты, як вецер, прысеў у цішы.

Вось здушылі вёску за шыю

Камянёвыя рукі шашы.

 

Так спалохана ў снежную выбяль

Расшугалася жудасць на бег.

Добры дзень, ты мая пагібель,

Я насустрач выходжу табе.

 

Мускул жылісты ў д’ябальскай выі,

Ёй не цяжар чыгунная гаць.

Ну дык што ж? Бо і нам не ў навіну

І развіхтвацца і прападаць.

 

А для сэрца цягуча, колка

Песня тых звярыных спраў!

Тах палююць і гоняць воўка,

Заціскаюць колам аблаў.

 

1921

 

«Пускай ты выпита другим...» (урывак)

 

Няхай ты выпіта другім, –

Мне засталося, засталося:

І валасоў духмяны дым,

І стома воч аб нечым просіць.

 

О, восені пара твая

Юнацтва даражэй і лета!

Ты падабаешся ўдвая

Уявам палкага паэта.

 

Ніколі сэрцам не хлушу,

Малюся богу, як паганству.

Таму папраўдзе я скажу,

Што развітаўся з хуліганствам.

 

І мне у вочы стукатнуў

Кастрычнік парпурам галінкі,

Каб я сустрэў, не прамінуў

Яго прыход, свае памінкі.

 

Табе адной, адной я мог

У закаханым пастаянстве

Спяваць пра золакі дарог,

І пра былое хуліганства.

 

1923

 

«Снова пьют здесь, дерутся и плачут…» (урывак)

 

Нешта ўсімі навекі пасечана.

Май мой сіні! Бягу за табой.

Не таму так чадзіць мертвячынай

Над прапашчаю гэтай гульбой.

 

Ах, як сёння развесела росам,

Самагоннага спірту рака.

Гарманіст з расчырвоным носам

І пра Волгу пяе, й пра ЧаКа.

 

Нешта злое у глядах бязвумных,

Блытаніне прамоваў – грош.

Школа мне тых абдураных, юных,

Загубілі жыццё ні за што ж.

 

Дзе вы тыя? Прайшлі ўдалечынь?

Промняў свет безвыходна лунаў.

Гарманіст спіртам сіфіліс лечыць,

Што у стэпах афганскіх спаймаў.

 

1923

 

«Вечер черные брови насопил…» (урывак)

 

Вечар чорныя бровы насопіў.

Конь трывожна капытам грабе.

Загубіў маладосць сваю ўпропіў,

Разлюбіў ці не ўчора цябе?

 

Не хрыпі, ты спазнілася, тройка!

Не пакінула жытка сляды.

Можа, заўтра лядашчая бойка

Супакоіць мяне назаўжды.

 

Можа, заўтра да іншага дому

Я сыйду, застануся навек

Слухаць песні дажджоў і чаромух,

Чым звычайны жыве чалавек.

 

1923

 

«Мне осталась одна забава...»

 

Засталася адна забава:

Пальцы ў рот — і вясёлы свіст.

Праімчала дрэнная слава,

Што нахабнік я і скандаліст.

 

Ах! Смяхотная згуба без меры!

Многа ў жытцы смяхотных страт.

Сорам мне, што у бога не верыў.

Горка мне, што цяпер я не свят.

 

Залатыя далёкія далі!

Паліць палам жыццёвая мрэць.

І нахабнічаў я і скандаліў,

Для таго, каб ярчэй гарэць.

 

Дар паэта – і лашчыць, і шкрабаць,

Канавая на ім пячаць.

Ружу белую з чорнаю жабай

Я хацеў на зямлі шлюбаваць.

 

Хай не зладзілі, хай не спляліся

Тыя мары ружовай пятлёй.

Ды як чэрці ў душы гняздзіліся,

То й анёлы жылі у ёй.

 

Вось за вясёласць п’янае муці,

Адыходзячы на спакой,

Я хачу пры апошняй мінуце

Тых папрасіць, хто будзе са мной, –

 

Каб за ўсе мае грэшныя гулі,

За нявер’е ў божую стаць

Клалі мяне у расейскай кашулі

Пад абразы паміраць.

 

1923

 

«Сыпь, гармоника! Скука… Скука...» (урывак)

 

Сып, мелодыя. Туга і мука.

Хваляй мелодыя лье.

Пі са мной, брыдотная сука,

Пі, ды налі і мне.

 

Раскахалі цябе, разбырскалі –

Неўцярпёж.

Што глядзіш ты віннымі пырскамі?

Ці не ў морду хош?

 

Пудзіла неагароднае, нечые –

Пужаць ваўкоў.

Скатавала мяне да печані

З усіх бакоў.

 

Я з жанчынаў цябе не першую...

Не мала вас.

Ды з такою, як ты, сцерваю

У першы раз.

 

Ад любові такой сабачай

Прэч і прэч.

Дарагая, я ўжо плачу,

Рукі прэч...

 

1923

 

«Отговорила роща золотая…»

 

Адгаманілі гаю залатога

Вясёлыя распеўныя дзянькі.

І журавы курлыкаюць з тугою,

І не шкадуюць болей ні аб кім.

 

Каго шкада? У свеце мы гасцюем,

Прайдзем, зайдзем – і зноў пакінем дом.

Пра ўсіх пайшоўшых мроіць і чаруе

Шырокі месяц з зоркай маладой.

 

Стаю адзін сярод раўніны голай,

А журавоў адносіць ветру плынь.

Я аб юнацтве думаю вясёлым,

І у мінулым не шкада ані.

 

Не шкода год патрачаных не слынна,

Душы не шкода бэзавую квець.

Гарыць касцёр чырвонае рабіны,

Але не можа ён мяне сагрэць.

 

Не абгараць рабінавыя кісці,

Ад жаўцізны трава не знікне зноў.

Як дзерава абрыне ціха лісце,

Абрыну гэтак сум няўцямных слоў.

 

Калі няўмольны час вятрамі словы тыя

Закружыць і зграбе у непатрэбны рой,

Скажыце так... што гаі залатыя

Адгаманілі, любыя, сваё.

 

1924

 

«Улеглась моя былая рана...» (урывак)

 

Не шчыміць мая старая рана,

П’яны сум не глыжа сэрца мне.

Сінімі квятамі Тэгерана

Я лячу яго у чайхане.

 

Прывячай, спадару ты ахвочы.

Расквітнелі ружамі сады.

Нездарма мільгнулі тайна вочы

З-пад цяжкое чорнае чадры.

 

У Расеі дзеўчынак прыгожых

Не трымаюць жорстка ланцугі.

Пацалункам вучымся без грошай,

Без кінжальных хітрыкаў, мязгі.

 

Лі гарбату шчэ, спадар, па разе,

Я перад табою у даўгу.

За сябе сягоння я ў адказе,

За цябе адказваць не магу.

 

Ты на дзверы не глядзі трывожна,

Ёсць яшчэ і брамка у садку.

Нездарма мільгнулі тайна вочы,

Прыузняўшы чорную чадру.

 

1924

 

Письмо матери

 

Ты яшчэ жывеш, мая матулька?

Жыў і я. Прывет табе, прывет!

Над тваёй хацінаю утульнай

Хай бруіцца неказаны свет.

 

Пішуць мне, што тоячы трывогу,

Ты сумуеш вельмі без мяне.

Часцяком выходзіш на дарогу

Ў старасвецкім друзлым кафтане.

 

І табе ў вячэрняй сіні сцёртай

Часта бачыцца адно і то ж:

Быццам нехта мне ў карчомнай бойцы

Саўгануў пад сэрца фінскі нож.

 

Ды нічога, родная! Не бойся, –

Гэта толькі ўцяжлівая мрой.

На такі ўжо горкі я прапойца,

Каб памерці без цябе, старой.

 

Я такі ж, як некалі, цнатлівы,

Мару толькі аб адным і тым,

Каб хутчэй убачыць варухлівы

Па-над нашай хатай сіні дым.

 

Я вярнуся, як раскіне голле

Па-вясноваму наш белы сад.

Толькі дай ты мне ужо патолю,

Не будзі, як восем год назад.

 

Не будзі таго, што не збылося,

Не хвалюй маіх нязбыўных мар.

Вельмі рана страціць давялося,

Жытка рана кінула у вар.

 

І маліцца не вучы! Не трэба.

Да старога згублены ўжо след.

Ты адна памога мне ад неба,

Ты адна мне неказаны свет.

 

Дык забудзь жа пра сваю трывогу,

Не бядуй так моцна пра мяне.

Не хадзі так часта на дарогу

Ў старасвецкім друзлым шушуне.

 

1924

 

«Шаганэ ты моя, Шаганэ!..» (урывак)

 

Шаганэ ты мая, Шаганэ!

Да цябе шлях такі я адолеў.

Раскажу пра жытнёвае поле.

Месяц-поўня заснуў на вакне...

Шаганэ ты мая, Шаганэ!

 

Шаганэ ты мая, Шаганэ!

Там на поўначы дзеўчына годна,

На цябе яна дзіўна падобна.

Можа думае зноў пра мяне...

Шаганэ ты мая, Шаганэ!

 

«Мы теперь уходим понемногу…»

 

Адыходзім, хлопцы, мы патроху,

Свой ніколі кон у жытцы не згадаць.

Хутка, можа быць, і мне ў дарогу

Рупныя нажыткі паскладаць.

 

Любыя бярозавыя гашчы!

Ты, зямля ! Вы,рэкаў берагі!

Як нясуць нябожчыкаў – мне страшна,

Не магу схаваць сваёй тугі.

 

Я любіў усё на гэтым свеце,

Што душу абалачае ў плоць.

Мір асінам, што шугаюць веццем,

І ў ружовую глядзяцца водзь.

 

Многа дум маіх зляцела ў вырай,

Многа песень пры сабе злажыў.

І на гэтай на зямлі панылай

Шчасце меў, што дыхаў тут і жыў.

 

Шчасце меў – кахаў жанчын бязмежна,

Кветкі мяў, валяўся на траве

І звяруг, братоў нашых найменшых,

З роду я не біў па галаве.

 

Ведаю, што не цвітуць там гашчы,

Жыта не звініць там каласок...

Як нясуць нябожчыка – мне страшна,

Задрыжу, як малады лісток.

 

Ведаю, у тым краі не будзе

Поля і бліскучае раллі.

Ад таго мне дарагія людзі,

Што жывуць са мною на зямлі.

 

1924

 

«Клен ты мой опавший, клен заледенелый...»

 

Клён ты мой ападкі, клён заледзянелы,

Ты чаго нагнуўся у віхуры белай?

 

Ці ты што убачыў? Ці пачуў ты штосьці?

Быццам за ваколле выйшаў ягамосцем?

 

Як вартоўнік п’яны, стаўшы на дарогу,

Патануў у гурбе, падмарозіў ногі.

 

Ах, мяне самога кідае ў хістанкі,

Не дайду дадому з п’янае гулянкі.

 

Там сустрэў вярбу я, там сасну прыкмеціў

І пад шугавею праспяваў міжклецце.

 

Сам сабе здаваўся гэтакім-жа клёнам,

Толькі не ападкім, а зусім зялёным.

 

Сціпласць загубіўшы, адурэўшы ў дошку,

Як чужую жонку абнімаў бярозку.

 

28.ХI.1925

 

Сабаку Качалава

 

Дай, Джым, на шчасце лапу мне,

Такую лапу я не ведаў зроду,

Давай на месячык з табой брахнем

Паціху, хоць з якой нагоды,

Дай, Джым, на шчасце лапу мне.

 

І, калі ласка, не ліжыся, галубок.

Ды зразумей са мною простае самое,

Бо ты не ведаеш жыцця зарок,

Што жыць ёсць сэнс, жыццё – яно такое.

 

Гасцёў прымае шмат твой гаспадар,

Бо ён занадта добры, знакаміты.

І, смеючыся, кожны уладар

Пакратаць хоча шэрсці аксамітнай.

 

Ты па-сабачы д’ябальскі прыгож,

Прыемна нам табою любавацца.

Ты без дазволу, любы мой нябож,

Як п’яны сябра, лезеш цалавацца.

 

Мой добры Джым, сярод гасцёў было

Усякіх і неўсякіх, і шыкоўных.

Хоць раз каханую сюды не прывяло?

Выпадкам не заходзіла раптоўна?

 

Яна прыдзе, даю табе заруку.

І, узорыўшыся ў вочы, без мяне,

Ты за мяне цішком лізні ёй руку,

За ўсё: ці вінаваты я, ці не...

 

1925

 

1 мая (урывак)

 

Ёсць музыка і вершы, танцы,

Хлусня і лёсць.

Няхай клянуць мяне за «Стансы» –

А праўда – ёсць.

 

Я свята, свята маю бачыў

І здзіўлен так.

Гатовы згінуць, абыймаючы

Жанок, дзяўчат.

 

Ну як тут сэрцам гімн не высеч,

Не задрыжаць.

Гулялі ажно сорак тысяч,

Пілі – не ўняць.

 

Верш, вершыкі! Паменей «тафты»!

Прасцей, прасцей!

Пілі мы за здароўе нафты

І за гасцей.

 

І першы мой бакал лунае

Адным кіўком

Я выпіў ў гэта свята Маю

За Саўнарком.

 

І трэці мой бакал я выпіў,

Як нейкі хан,

За тое, каб не гнуўся ў хрыпе

Лёс сялян.

 

Пі, сэрца ! Толькі неўзахлёб ты,

Труба трубе.

І вось таму я піў чацвёрты

За аднаго сябе.

 

1925

 

«Ну, целуй меня, целуй...»

 

Ну, цалуй мяне, цалуй,

Да крыві хоць, хоць да болю.

Не у лад з халоднай воляй

Кіпяток сардэчных бруй.

 

Перакуляныя кубкі

Між вясёлых не для нас.

Узнімай, мая галубка,

Бо жывем мы толькі раз.

 

Аглядзіся ціха зноў ты:

Як сярод імжы сырой

Месяц, быццам воран жоўты,

Кружыць, ўецца над зямлёй.

 

Дык цалуй-жа! Тах хачу я.

Адспяваў свае я дні.

Бачна, смерць маю пачуў ён,

Той, хто ўецца ў вышыні.

 

Неўзаметкі вяне сіла!

Паміраць, дык паміраць!

Ды жанчыны губы мілай

Я хацеў бы цалаваць.

 

І каб свет над поўным кубкам

Лёгкай пенаю не згас, –

Пі, спявай, мая галубка,

Бо жывем мы толькі раз.

 

1925



Пераклад: Віктар Леаненя