epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Выткаўся на возеры ручнічок зары...

Выткаўся на возеры ручнічок зары,

І глушцы са звонамі плачуць у бары.

 

Плача дзесьці івалга у лясной цішы,

Толькі мне не плачацца — светла на душы.

 

Знаю, выйдзеш вечарам за разбег дарог,

Прымуць копы свежыя пад суседні стог.

 

Дап’яна цалуючы, нібы цвет, самну,

П’янаму ад радасці не ўлічыць віну.

 

Ты сама пад ласкамі скінеш шоўк фаты,

Занясу я п’яную да зары ў кусты.

 

Хай глушцы са звонамі плачуць у бары,

Ёсць журба вясёлая ў чырвані зары.



Пераклад: Юрась Свірка